Выплывем з дыслексіі

- 15:06Якасць адукацыі

Выбіраем адукацыйны маршрут для дзіцяці

Распрацоўка індывідуальнага маршруту развіцця дзіцяці, вылучэнне псіхафізіялагічных прычын дысграфіі і дыслексіі і шляхоў іх пераадолення, правядзенне нейрапсіхалагічнай дыягностыкі і карэкцыі дзяцей 3,5—12 гадоў — асноўныя кірункі навуковай і практычнай дзейнасці Наталлі Васільеўны Аўсянік, кандыдата псіхалагічных навук, дацэнта. Яна аўтар навукова-даследчых работ, больш за 60 публікацый, з іх тры манаграфіі па праблеме навучання чытанню і пісьму, 17 дапаможнікаў для бацькоў і педагогаў з серыі “Навучанне дашкалят”, удзельніца міжнароднага праекта “100 кніг для дзяцей з дыслексіяй”.

У рабоце з дзецьмі Наталля Аўсянік выкарыстоўвае методыку казачна-гульнявога трэнінгу, якая была апрабавана і надрукавана. Яна асвойвае новыя методыкі, якія могуць максімальна дапамагчы дзецям (метад пераадолення дыслексіі Р.Дэйвіса, казкатэрапія, нейрапсіхалагічная дыягностыка і карэкцыя, метад Floor Time). Падрыхтавала курсы лекцый для педагогаў і псіхолагаў “Выплыві з дыслексіі” і “Казказнаўства”, якія з бягучага навучальнага года чытае ў РІВШ.

— Наталля Васільеўна, раскажыце аб пачатку вашага прафесійнага шляху.

— Родам я з Расіі, з Арэнбургскай вобласці. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Чэлябінскім дзяржаўным універсітэце — дыплом філолага, выкладчыка рускай мовы і літаратуры і дзіцячага практычнага псіхолага. У год майго паступлення ва ўніверсітэце ажыццяўляўся эксперыментальны набор адразу па дзвюх спецыяльнасцях. Пераддыпломную практыку праходзіла ў Чэлябінскім абласным дыягнастычным цэнтры — унікальнай установе, дзе з дзецьмі з АПФР ад 1 да 18 гадоў працуе мультыдысцыплінарная каманда спецыялістаў (псіхіятры, псіхолагі, неўролагі, дэфектолагі, лагапеды, сацыяльныя педагогі). Першая скрыпка ў гэтым аркестры ў педыятра, да яго далучаюцца астатнія спецыялісты і дзейнічаюць узгоднена і ва ўзаемадзеянні з бацькамі. Перш чым займацца пытаннямі адукацыі і развіцця дзіцяці, трэба ўпэўніцца, што з саматычным здароўем у яго ўсё ў норме. Пры зніжаным імунітэце, напрыклад, работа па выпраўленні парушэнняў маўлення не будзе эфектыўнай. Першы крок у сваю спецыялізацыю (дзеці з асобым тыпам прыняцця і перапрацоўкі інфармацыі) я зрабіла, пазнаёміўшыся з вучнем пачатковых класаў Вовачкам, які праходзіў абследаванне ў Чэлябінскім цэнтры. Ён не спраўляўся з агульнаадукацыйнай праграмай, і яму прапанавалі вучыцца ў школе для дзяцей з рэзка зніжаным інтэлектам. Папярэдні дыягназ — “разумовая адсталасць”. У хлопчыка адначасова былі дыслексія і дыскалькулія, назіраліся вялікія цяжкасці пры чытанні і пісьме і поўная няздольнасць да матэматычных аперацый. Праблемы ў вучобе раслі як снежны камяк. Тым не менш Вовачка добра іграў на скрыпцы, чаго пры разумовай адсталасці не магло быць. Каманда спецыялістаў цэнтра вызначыла структуру парушэнняў у хлопчыка, звязаную з фарміраваннем паўшар’яў галаўнога мозга. Для яго была складзена асобая праграма навучання і карэкцыі. Праз два гады пасля інтэнсіўнай карэкцыі Вова змог вучыцца даволі паспяхова па праграме агульнаадукацыйнай школы.

У Беларусь я прыехала ў 1999 годзе за мужам-ваенным. Скончыла аспірантуру ў АПА па педагагічнай псіхалогіі, абараніла дысертацыю па тэме “Уплыў перакрыжаванай латэраліты на працэс авалодання пісьмом дзецьмі 5,5—7-гадовага ўзросту”. Сваю прафесійную дзейнасць у Мінску пачала з выкладання ў Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці і работы ў ЦКРНіР Партызанскага раёна. Працавала ў НІА, дзе выконвала навукова-даследчую праграму і займалася распрацоўкай ВМК для педагогаў-псіхолагаў дашкольных устаноў, які ўключае дапаможнікі і рабочыя сшыткі з інструментарыем, неабходным для пабудовы індывідуальных адукацыйных маршрутаў дзяцей, выпусціла “Даведачную кнігу педагога-псіхолага”. Наступны этап прафесійнага жыцця — работа на кафедры педагагічнай псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка. Выкладанне курсаў па гісторыі псіхалогіі, перынатальнай псіхалогіі ва ўніверсітэце сумяшчала з прыватнай псіхалагічнай практыкай (ёсць ліцэнзія Міністэрства аховы здароўя). Як дактарант універсітэта на працягу трох гадоў праводзіла даследаванне ў рамках навуковай работы “Псіхалагічнае суправаджэнне дзяцей з функцыянальнай нясталасцю мозга”. У выніку распрацавала дыягнастычную мадэль, якая дазваляла выяўляць магчымыя цяжкасці пры навучанні ў школе яшчэ ў дашкольным узросце. А карэкцыйна-развіццёвая праграма дапамагла пераадолець існуючыя дэфіцытарныя функцыі. Эксперыментальнай базай для правядзення даследавання сталі 4 дашкольныя ўстановы і 5 школ. Вынікі эксперымента надрукаваны ў навуковых артыкулах і манаграфіі.

— Каму вы ў першую чаргу аказваеце дапамогу — дзецям, іх бацькам або педагогам? З якімі праблемамі да вас звяртаюцца?

— На практыцы я сутыкнулася з запытам бацькоў на паслугу па мадэрацыі (падборы) адукацыйных праграм, якія дапамогуць дзецям справіцца з іх праблемай. Напрыклад, паспрыяюць развіццю матэматычных здольнасцей. Для таго каб выбраць правільны адукацыйны маршрут для дзіцяці, трэба правесці шматбаковую дыягностыку яго здольнасцей і магчымасцей і паспрабаваць у рабоце з ім розныя методыкі. Але якімі б добрымі гэтыя методыкі не былі, на 100 працэнтаў і ва ўсіх сітуацыях яны не спрацуюць.

Мой прынцып — працаваць з тым, хто да мяне прыйшоў. Прыйшло дзіця з трывожнасцю — дапамагаю яму, прыйшло дзіця з парушэннямі маўлення — займаюся з ім. Звяртаюцца і з праблемамі дзяцей у вучобе. Многія бацькі і настаўнікі, на жаль, не ведаюць пра дыслексію, саромеюцца яе, і не здагадваюцца пра магчымасці, якія ёсць на сучасным рынку адукацыйных паслуг для дзяцей з такім парушэннем. І тут важна, каб спецыяльныя педагогі і псіхолагі інфармавалі настаўнікаў, бацькоў і саміх дзяцей аб гэтай праблеме. Дзеці, якія не могуць лёгка асвоіць чытанне/пісьмо/матэматыку ў пачатковай школе, знаходзяцца ў сітуацыі “вялікай несправядлівасці”: іх абвінавачваюць у ляноце, а на самай справе дзеці і баць­кі трацяць каласальныя намаганні, каб асвоіць праграму. Хтосьці не можа пераказваць тэкст (гэта таксама прыкмета дыслексіі), тады дзіця вучыць на памяць (!!!) цэлы параграф. І вельмі хвалюецца, калі яго просяць дапоўніць расказ іншага вучня. Калі настаўнік не ведае аб гэтых асаблівасцях, то ўбачыць, што дзіця разгублена, і вырашыць, што яно не падрыхтавала дамашняе заданне. Дарэчы, вылуча­юць 5 асноўных тыпаў дыслексіі (яны могуць спалучацца і ўскладняцца іншымі парушэннямі), ёсць і спалучэнні некалькіх тыпаў гэтага парушэння.

Перад тым як пачаць карэкцыю, я высвятляю ў дзіцяці, ці ёсць у яго любімая справа, хобі, ці не ахвяруе яно гэтай справай, прыходзячы да мяне на заняткі. Важна, якім матывам пры гэтым кіруецца не толькі дзіця, але і бацькі. Калі яны жадаюць толькі выпраўлення адзнакі ў школе, такая карэкцыя не прынясе карысці. Я за тое, каб карэкцыйны працэс ладзіўся ў мяккіх і павольных умовах і закранаў захапленні дзіцяці, падтрымліваў яго станоўчую самаацэнку. Часам даю рэкамендацыі школьным педагогам, у якіх займаецца мой маленькі кліент. Для педагогаў апісваю моцныя і слабыя бакі дзіцяці (з дазволу бацькоў), паказваю мадэль, як можна аблегчыць працэс навучання ў школе, напрыклад, матэматыку прасцей асвойваць на лістах з друкаванай асновай, гісторыю — праз графічныя канспекты. Прапаную пералік функцыянальных цяжкасцей-памылак, якія вучань дапускае па прычыне дыслексіі, а не таму, што не вывучыў. З баць­камі выпрацоўваем стратэгію дапамогі дзіцяці на пэўным этапе. Камусьці, напрыклад, неабходна карыстацца падручнікам на планшэце з праграмай для тых, хто слаба бачыць, бо яна агучвае тэкст. Ёсць вучні, якім на асэнсаванае чытанне аднаго параграфа можа спатрэбіцца некалькі гадзін, з вялікім заданнем яны проста не справяцца. Даводзіцца іншы раз пісаць вялікія тлумачальныя лісты дырэктарам школ, аргументуючы неабходнасць пераводу вучня на індывідуальнае навучанне.

— А што тычыцца работы з дзецьмі з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці?

— Работа з дзецьмі са складанымі парушэннямі павінна быць глыбока дыферэнцыраванай і індывідуальнай. Калі вы ведаеце адно дзіця з аўтызмам, то вы ведаеце адно дзіця з аўтызмам. У дзіцяці з ДЦП назіраецца парушэнне прасторавага ўспрымання. Яму неабходна больш часу на тое, каб выканаць заданні з лабірынтамі або з геаграфічнымі картамі. Ёсць дзеці з дыспраксіяй (парушэннем адчування ўласнага цела ў прасторы), са звужаным полем зроку: дзіця, як гаворыцца, тут бачыць, а тут — не, таму пастаянна пераправярае заданні, што выканала ў сшытку. Карэкцыйныя заняткі павінны быць комплекснымі. Немагчыма працаваць толькі з эмоцыямі, не закранаючы інтэлект, і наадварот. Для таго каб дзіця перапрацавала негатыўныя пачуцці, мне неабходна ўключыць яго розум. Мы не выправім памылкі на пісьме, калі будзем звяртацца толькі да эмоцый. Чытанне, пісьмо і матэматыка — гэта не навыкі, якія трэніруюць, гэта функцыі, якія складаюцца са многіх кампанентаў. Дзецям з дыслексіяй надзвычай цяжка даецца чытанне. У алфавіце 33 літары, але іх напісанне зводзіцца да 13 элементаў, якія прасторава перасякаюцца адзін з адным. Як вылучыць літару “п” з разнастайнасці літар? Яна складаецца з трох элементаў (палачак). Але столькі ж палачак і ў літары “н” і ў вялікай “А”. Калі ў дзіцяці парушана аператыўная (рабочая) памяць, то за год навучання ў 1 класе яно можа вывучыць усяго 7 літар, і гэта пры захаваным інтэлекце. Пасля таго як вучань запомніў спалучэнні палачак на пісьме (візуальны рад), трэба пераходзіць на іншую мадальнасць — гукавую. Дапусцім, што з аператыўнай памяццю ў вучня ўсё добра, толькі маторыка падводзіць: рука не сябруе з языком, і дзіця вымаўляе адну літару, а піша іншую. Цяжкасці ўзнікаюць з напісаннем літар, якія ў словах не чуюцца, а таксама з напісаннем і чытаннем слоў, дзе побач знаходзяцца аднолькавыя літары.

— Якімі вы карыстаецеся методыкамі, праграмамі і дапаможнікамі ў сваёй рабоце?

— Асноўны мой метад у рабоце з дзецьмі — казачна-гульнявы трэнінг. З яго дапамогай вызначаю індывідуальны маршрут развіцця дзіцяці і фармірую неабходныя для кожнага ўзроставага этапу функцыі з апорай на існуючыя. Казачна-гульнявая інтрыга дапамагае дзіцяці пераадольваць псіхалагічныя цяжкасці. Падрыхтоўку ў кірунку практычнай псіхалогіі па метадзе казкатэрапіі я атрымала ў Міжнародным інстытуце казкатэрапіі ў Англіі. Там жа асвоіла і метад карэкцыі дыслексіі Рональда Дэйвіса. Усе распрацаваныя мной праграмы заняткаў убудаваны ў казачна-гульнявую інтрыгу. Дзіця само выбірае героя, лінію паводзін (уласную або свайго героя) і спосабы пераадолення выпрабаванняў. У праграме актыўнага навучання дзяцей пры паступленні ў школу “Прыгоды слонапатамчыкаў у казачнай краіне” мае героі (Слонапатамчыкі са Слонапатаміі) увасабляюць асноўныя пачуцці, з дапамогай якіх мы пазнаём свет. “Глазастик” робіць гэта праз візуальны рад, “Рукастику” да ўсяго трэба дакрануцца, “Нюх-нюху” — панюхаць, а “Ушастику” — пачуц­ь. Хто ваша дзіця? Аўдыял, візуал або кінестэтык? Калі яно пры зносінах не любіць гля­дзець у вочы, а больш слухае, значыць, аўдыял. Калі актыўна жэстыкулюе — перад вамі кінестэтык, які вершы на памяць бу­дзе расказваць з выкарыстаннем жэстаў. Калі ж настаўнік забароніць жэстыкуляваць, вучань можа не згадаць паэтычныя радкі. Настаўнік можа не ведаць пра нюансы ва ўспрыманні інфармацыі ў канкрэтнага вучня. Педагогу павінен дапамагчы разабрацца ў гэтым псіхолаг. У сучасных дзяцей слаба сфарміравана ўспрыманне на слых (аўдыяльная мадальнасць). Бывае, што дзеці нібыта не чуюць, што гавораць ім дарослыя, перапытваюць. У той жа час школьнікі перагружаны візуальнай інфармацыяй. Бацькі, рыхтуючы дзіця да школы, вучаць яго толькі літарам і лічбам. У той час, як школьная сістэма на 90 працэнтаў пабудавана на аўдыяльнай інфармацыі, калі педагог гаворыць. Таму для некаторых вучняў вучэбныя заняткі можна параўнаць з плаваннем у басейне. Вучань пачуў, што настаўнік пачаў урок з размовы пра трохвугольнік і пагрузіўся ў свае думкі (“нырае”). На наступным уроку ўключаецца ў рабочы працэс і слухае ўжо пра скланенне.

Яшчэ адна мая праграма, якая распрацоўвалася і была надрукавана ў рамках навукова-даследчай работы, — “Гуляем. Пазнаём. Тлумачым. Даказваем” для дзяцей 4—5 гадоў. Яна пабудавана на адзіным казачным сюжэце і прапануе дзіцяці спасцігнуць законы свету праз эксперыментаванне. Праграма “Прыгоды Элі ў Ізумрудным горадзе” — казачна-гульнявы курс для першакласнікаў, накіраваны на фарміраванне базавых складнікаў псіхічнага развіцця, якія ляжаць у аснове эфектыўнага навучання чытанню і пісьму. Змест праграмы “Дыслексія. Гульні” заснаваны на галоўнай здольнасці дзяцей — уменні “думаць вобразамі”. Праграма “Код выжывання ў сацыяльным свеце” прысвечана таемнаму шрыфту казак пра жывёл. Я выкарыстоўваю методыку С.Ю.Шышковай “Букваграма”, накіраваную на агульнае псіхічнае развіццё дзяцей, праграму нейраматорнай карэкцыі “Баламетрыкс”, распрацаваную доктарам Фрэнкам Белгау ў пачатку 60-х гадоў, мэта якой — навучыць мозг правільна апрацоўваць інфармацыю, атрыманую ад органаў пачуццяў. Доктар прапанаваў комплекс практыкаванняў на балансіровачнай дошцы. Да сваіх праграм я ствараю дапаможнікі для педагогаў і бацькоў, а таксама развіццёвыя сшыткі з практыкаваннямі для дзяцей. Акрамя таго, праводжу курсы для спецыялістаў па казкатэрапіі, паспяховым навучанні дзяцей рускай мове, правапаўшарным маляванні. У курсе “Займальнае казказнаўства” бацькі навучацца не проста ўважліва чытаць казкі дзецям, але і развіваць іх сацыяльны і эмацыянальны інтэлект.

— Раскажыце, калі ласка, пра новы праект “100 кніг для дзяцей з дыслексіяй”, у якім вы ўдзельнічаеце.

— Для людзей з дыслексіяй Крысціян Боэр распрацаваў спецыяльны шрыфт, які аблягчае распазнаванне друкаванага тэксту. Палічыўшы гэта патрэбнай і добрай справай, Аляксандр Мінц адаптаваў шрыфт да кірыліцы. Асаблівасці яго такія, што дазваляюць больш хутка вылучыць асобную літару з агульнага тэксту, распазнаць яе аднаварыянтную выяву. Паміж словамі ў радках захоўваецца аднолькавая адлегласць. Узнікла група спецыялістаў, бацькоў дзяцей з дыслексіяй і дарослых людзей, якія адчуваюць цяжкасці пры чытанні, зацікаўленых у распрацоўцы і распаўсюджванні літаратуры шрыфтам Боэра. Да гэтай справы далучылася і я. Мы пачалі адаптаваць мастацкія творы да ўспрымання лю­дзьмі з дыслексіяй, аздабляць іх піктаграмамі і коміксамі. Зараз, напрыклад, выходзіць кніга Яўгеніі Пастарнак і Андрэя Жвалеўскага “Час заўсёды добры”, над адаптацыяй якой я працавала. У рамках праекта мы падрыхтавалі спецыяльны ўкладыш для “Паласатай газеты”. Думаю, што ў будучыні дашкольнікам і школьнікам, якія маюць праблемы з чытаннем, стануць даступнымі вучэбныя дапаможнікі ў шрыфце Боэра. А ідэя аб неабходнасці развіцця індывідуальных здольнасцей дзяцей праз хобі будзе асновай для паспяховага навучання ў школе.

Надзея ЦЕРАХАВА.