Выпрацоўваць сучасны стыль кіравання

- 14:19Актуально, Апошнія запісы, Рознае

На гэтых днях адбылося прадстаўленне калектыву Міністэрства адукацыі першага намесніка міністра адукацыі. Па ўзгадненні з кіраўніком дзяржавы на гэтую пасаду быў назначаны Вадзім Анатольевіч Богуш. Супрацоўнікам міністэрства яго прадставіў міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч.

Міністр адукацыі С.А.Маскевіч адзначыў імклівасць прафесійнага росту Вадзіма Анатольевіча і звярнуў увагу на асноўныя этапы яго працоўнай дзейнасці, звязаныя з навуковымі даследаваннямі ў сферы сучасных інфармацыйных тэхналогій. Выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Анатольевіч у 2000 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю і стаў працаваць ва ўніверсітэце дацэнтам па спецыяльнасці “Электроніка і мікраэлектроніка”. За свае навуковыя работы малады вучоны быў удастоены стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Навуковыя адкрыцці Вадзіма Анатольевіча знайшлі сваё месца ў доктарскай дысертацыі, якую ён паспяхова абараніў у 2007 годзе і атрымаў ступень доктара фізіка-матэматычных навук.

В.А.Богуш некаторы час загадваў кафедрай у БДУІР, а потым стаў працаваць прарэктарам у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Апошняя яго пасада перад новым назначэннем — намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
В.А.Богуш з’яўляецца аўтарам шматлікіх навукова-даследчых работ, вучэбна-метадычных дапаможнікаў, навуковым кіраўніком магістарскіх дысертацый. Асноўная тэматыка яго навуковых даследаванняў — стварэнне сучасных інфармацыйных сістэм. Пад кіраўніцтвам Вадзіма Анатольевіча створана інфармацыйная база Нацыянальнага статыстычнага камітэта, якая сёння эфектыўна ўкараняецца. Акрамя таго, сфера дзейнасці В.А.Богуша прадстаўлена распрацоўкай і прымяненнем інфармацыйна-камунікацыйных сістэм у галіне кіравання, адукацыйным працэсе і навуковай дзейнасці.
— Як бачна, Вадзім Анатольевіч валодае тымі механізмамі, якія сёння вельмі актуальныя для сістэмы адукацыі, — заўважыў С.А.Маскевіч. — Таму спадзяюся, што ўсе набытыя веды ён будзе эфектыўна ўкараняць у тых напрамках сваёй дзейнасці, якія будуць яму даручаны.

В.А.Богуш расказаў, што ён будзе курыраваць сферу вышэйшай школы і навукі, а таксама прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Гэтыя кірункі сёння знаходзяцца пад пільнай увагай кіраўніка нашай дзяржавы, грамадства і непасрэдна сацыяльна-эканамічнага комплексу. Сістэме адукацыі належыць місія падрыхтоўкі высокакваліфікаваных рабочых і спецыялістаў, якія павінны адпавядаць запытам нашай эканомікі і рынку працы. Таму першачарговай задачай павінен стаць пастаянны маніторынг якасці адукацыі, прафесійнага кампанента навучання з улікам навуковых даследаванняў, новых метадаў і сучасных тэхналогій. Значная роля ў фарміраванні прафесійнай кампетэнтнасці будучых кадраў павінна належаць выкладчыцкаму складу і кіраўніцтву навучальных устаноў. Сярод асноўных задач таксама далучэнне практыкаў у адукацыйнае асяроддзе, выбудоўванне індывідуальнай траекторыі развіцця асобы, пастаяннае ўдасканаленне ведаў і прафесійных навыкаў з улікам мабільнасці рынку працы.
— Усе гэтыя задачы магчыма паспяхова вырашаць пры сучасным эфектыўным стылі кіравання, здольным вывесці нацыянальную сістэму адукацыі на новы ўзровень, каб яна займала дастойнае месца ў сусветнай адукацыйнай супольнасці і адпавядала патрабаванням нашага грамадства і эканомікі, — адзначыў Вадзім Анатольевіч. — І над гэтым мы будзем працаваць.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.