Вырастуць спрытнымі, спартыўнымі

- 14:52Нам пішуць

Праводзіць раённыя спартландыі для выхаванцаў дашкольных устаноў Іўеўскага раёна стала добрай традыцыяй. У спартыўнай зале Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы прайшлі спаборніцтвы “Моцным, спрытным вырастаю” сярод дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту.

Дзеці і дарослыя разам з казачным героем Карлсанам акунуліся ў свет спорту. Праграма была даволі насычанай і разнастайнай. На працягу ўсіх спаборніцтваў спартыўны запал і жаданне дасягнуць перамогі не пакідалі маленькіх удзельнікаў. Усе імкнуліся прыйсці да фінішу першымі.

Падчас падвядзення вынікаў радасную атмасферу свята дадавалі канцэртныя нумары выхаванцаў сярэдняй групы нашай установы. Арганізатары не забыліся пра балельшчыкаў і гледачоў, з якімі Карлсан правёў гульню ў выглядзе жартоўных загадак пра здаровае харчаванне.

Напрыканцы спаборніцтваў фартуна ўсміхнулася камандзе “Непаседы” Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы, якая і стала пераможцай спартландыі. Усе ўдзельнікі мерапрыемства былі ўзнагароджаны прызамі, каштоўнымі падарункамі, граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму Іўеўскага райвыканкама.

Таццяна ДЗЯДУЛЬ,
выхавальнік старшай групы
Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы Гродзенскай вобласці.