Выратаванне сініцы

- 16:26Нам пішуць

Сапраўдную аперацыю па выратаванні сінічкі правялі навучэнцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Скідзеля падчас працы прышкольнага лагера.

З надыходам халадоў сінічкі цягнуцца да чалавечага жытла. Побач з чалавекам заўсёды можна знайсці сабе пражытак. Драпежныя птушкі могуць напасці на сваю здабычу нават паблізку жылля чалавека. Так і адбылося ў нашым выпадку. Каршун спудзіў групку сінічак, і адна з іх, ратуючыся, моцна ўдарылася аб шкло нашага акна. Птушачка ляжала, звесіўшы галоўку, і не варушылася. Балюча было глядзець на маленькае, бездапаможнае стварэнне.

Мы адкрылі акно і ўзялі яе ў клас. Саша Ярашэўская сагрэла цяплом сваіх далонек гэтую бездапаможную малечу. Сашу здзівіла, наколькі яна лёгкая, далікатная, у яе былі халодныя лапкі. Паступова птушачка стала ажываць. Яна падняла галоўку, але варушыцца не хацела. Нам гэта дазволіла яе агледзець і сфатаграфаваць. Абагрэўшыся ў дзіцячых руках, птушачка стала праяўляць незадаволенасць. Бо яе родны дом – гэта прырода.

Мы адкрылі акенца і чакалі моманту, калі сінічка сама выпырхне з нашых рук. Ляці, маленькая птушка! Мы цябе не забудзем і будзем падкормліваць птушак. Дзеці вырашылі змайстраваць кармушкі і назіраць за паводзінамі птушак. Пазней у бібліятэцы навучэнцы даведаліся, што выратавалі лазораўку.

Марына МІХАЛЬЧУК,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Скідзеля.