“Высокі ўзровень адукацыі, творчы патэнцыял асобы — нашы найважнейшыя каштоўнасці”

- 16:31Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Высокі ўзровень адукацыі і творчы патэнцыял асобы з’яўляюцца найважнейшымі каштоўнасцямі для Беларусі. Гэта адзначыў прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка ўчора на традыцыйнай майскай сустрэчы з навучэнцамі — пераможцамі міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, стыпендыятамі спецыяльных фондаў прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтамі і таленавітай моладдзю. Урачыстае мерапрыемства праходзіла ў Палацы Незалежнаcці.

“Напэўна, вы як ніхто іншы ведаеце, што такое перамагаць. Гэта актуальна для сённяшняга дня, асабліва з улікам нашых спартыўных мерапрыемстваў. Вы ведаеце, якую мэтанакіраванасць трэба мець, каб у патрэбны момант сабрацца, выйсці наперад, перамагчы. І гэта ўменне не раз спатрэбіцца вам у жыцці, бо на вас ускладаюцца самыя вялікія надзеі. У нашай краіне да маладых талентаў асаблівае стаўленне. Высокі ўзровень адукацыі, творчы патэнцыял асобы — нашы найважнейшыя каштоўнасці”, — адзначыў прэзідэнт.
“Менавіта па вашых поспехах судзяць аб тым, якія нацыянальныя навуковыя школы эфектыўна развіваюцца, у якіх сферах наша краіна мае высокі патэнцыял”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што многія гады беларускія школьнікі стабільна займаюць вядучыя пазіцыі па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, хіміі, біялогіі — па тых вучэбных прадметах, якія вызначаюць падмурак навукі.

Так, за апошнія пяць гадоў юныя прадстаўнікі Беларусі сталі ўладальнікамі 27 медалёў розных вартасцей у названых дысцыплінах. Не адзін год у Беларусі дзейнічае дзяржпраграма па падтрымцы таленавітай моладзі, і гэта прыносіць свае вынікі. Больш за 250 спецыялістаў, якія займаюць кіруючыя пасады ў розных арганізацыях, былі стыпендыятамі і лаўрэатамі спецфондаў прэзідэнта. За апошнія тры гады прадстаўнікі таленавітай моладзі абаранілі 114 кандыдацкіх і 6 доктарскіх дысертацый.
“На ўсю краіну вядомы імёны тых, хто звярнуў на сябе ўвагу неардынарным талентам і велізарнай працавітасцю, — зазначыў кіраўнік дзяржавы. — Сёння ўсе яны працуюць на карысць Беларусі. Гэта людзі годныя, але яны не спачываюць на лаўрах, бо перад імі стаяць адказныя задачы, таму і патрабаванні да іх асаблівыя — яны служаць прыкладам і арыенцірам для тых, хто ідзе ўслед за імі”.
“І вам, юныя сябры, яшчэ шмат чаго трэба зрабіць: завяршыць адукацыю, вызначыцца з выбарам прафесіі. Але я ўпэўнены, што ўжо ў недалёкай будучыні вы будзеце прадстаўляць нашу навуку, умела і аператыўна ўвасабляць перадавыя ідэі і тэхналогіі ў практыку, падымаць на новыя вышыні нашу нацыянальную культуру”, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да ўдзельнікаў сустрэчы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі дзяржава робіць усё, каб можна было шчасліва жыць пад мірным небам і развіваць свае таленты, не ведаючы жахаў вайны. Пры гэтым прэзідэнт заклікаў не забываць урокаў гісторыі. “Бо ўсё, што мы маем цяпер, і ўсё тое добрае, што створым у будучыні, аплачана дарагой цаной”, — сказаў ён.

Асобныя словы ўдзячнасці за поспехі моладзі прэзідэнт адрасаваў педагогам. “Менавіта асоба настаўніка фарміруе жаданне вучыцца і ствараць”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да моладзі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праз некалькі дзён закончыцца навучальны год. Ён пажадаў поспехаў усім, хто будзе здаваць экзамены, а астатнім цікава правесці доўгачаканыя канікулы. У прыватнасці, параіў бліжэй пазнаёміцца з нашай краінай, паглядзець на яе прыродную прыгажосць.
А затым заўважыў, што сам часта бывае ў розных кутках Беларусі, але ў асноўным перамяшчаецца па паветры. “Заўчора я сам праехаў 600 км на ўсход і назад, правяраючы нашы дарогі, як яны эксплуатуюцца, і са здзіўленнем для сябе адзначыў, што наша прырода, калі едзеш на аўтамабілі ці выходзіш, — нейкі лясок, рэчка — зусім іншая, чым глядзець на яе зверху. Таму я вам раю таксама пабываць у самых прыгожых кутках нашай зямлі, і вы зразумееце, што лепшага адпачынку, чым на роднай зямлі, нідзе няма”, — сказаў прэзідэнт.
“Любіце Беларусь, цаніце яе і ганарыцеся ёю, беражыце яе незалежнасць і суверэнітэт. Яна перадаецца ў вашы рукі. Вучыцеся заўважаць тое добрае, што ёсць вакол вас. Гэта паслужыць вам крыніцай натхнення для новых адкрыццяў і перамог. І няхай побач з вамі заўсёды будуць надзейныя сябры, клапатлівыя настаўнікі і бацькі, цікавыя і разумныя кнігі”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Затым Аляксандр Лукашэнка ўручыў пасведчанні, нагрудныя знакі і дыпломы навучэнцам і студэнтам — лаўрэатам спецыяльных фондаў прэзідэнта Беларусі, уладальнікам залатых медалёў міжнародных алімпіяд, першых месцаў міжнародных конкурсаў і фестываляў, фіналістам дзіцячага тэлевізійнага конкурсу “Я спяваю!”

Грашовыя прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў з уручэннем нагруднага знака лаўрэата фонду атрымалі:
Лізавета Даўгяла, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, уладальніца залатога медаля 2-й Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды сярод дзяўчат.
Настасся Жыркевіч, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, уладальніца залатога медаля 2-й Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды сярод дзяўчат.
Варвара Кузьміцкая, навучэнка 11 класа Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, уладальніца залатога медаля 2-й Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды сярод дзяўчат.
Сяргей Кулік, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, уладальнік залатога медаля 25-й Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы.
Xрысціна Неўдах, навучэнка 11 класа ліцэя Лунінца, уладальніца залатога медаля 7-й Міжнароднай алімпіяды экалагічных праектаў.
Аляксандр Рыжоў, студэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, уладальнік залатога медаля 11-га Міжнароднага адкрытага конкурсу па вэб-дызайне і камп’ютарнай графіцы.

Гранд-прэміі і званне лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі з уручэннем нагруднага знака лаўрэата фонду былі ўручаны:
Яне Войцік, студэнтцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, уладальніцы залатога медаля Восьмых адкрытых маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў — удзельніц СНД.
Аляксандры Дзенісені, студэнтцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, уладальніцы залатога медаля Восьмых адкрытых маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў — удзельніц СНД.
Лідзіі Куксік, студэнтцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэату Х Міжнароднага конкурсу цымбалістаў.
Міхаілу Радунскаму, студэнту Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэату першай прэміі 3-га Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на струнных смычковых інструментах імя М.Ельскага.
Кацярыне Семечцы, студэнтцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, уладальніцы залатога медаля Восьмых адкрытых маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў — удзельніц СНД.
Уладзіславу Хандогаму, вучню Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэату першай прэміі 5-га Міжнароднага конкурсу юнацкага выканальніцкага мастацтва імя Г.Свірыдава.

Па рашэнні кіраўніка дзяржавы дыпломамі былі ўзнагароджаны пераможца і фіналісты дзіцячага тэлевізійнага музычнага конкурсу “Я спяваю!”:
Аляксандра Адаська, вучаніца сярэдняй школы № 19 Баранавiч, Мілана Бародка, навучэнка гімназіі № 17 Мінска, Вікторыя Арлова, вучаніца сярэдняй школы № 13 Оршы, Дзмітрый Стасюк, навучэнец сярэдняй школы № 25 Брэста, Вераніка Цыкунова, вучаніца сярэдняй школы № 42 Мінска.
Затым да прэзідэнта і прысутных звярнуліся навучэнцы. Xрысціна Неўдах адзначыла, што такая сустрэча з’яўляецца знамянальнай у жыцці кожнага ўдзельніка, бо “сёння адчуваем асаблівую павагу і паважанне”. Багдан Гілевіч, студэнт Белдзяржуніверсітэта, уладальнік бронзавага медаля 54-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды, адзначыў, што ў матэматычных алімпіядах удзельнічае даўно, а паказаць сябе на міжнароднай арэне было запаветнай марай. І вось яна спраўдзілася. “Спачатку ўсё гэта здаецца недасягальным, але ўпартая праца, імкненне да перамогі і трошкі ўдачы заўсёды прыносяць вынікі”, — заўважыў юнак.
Багдан, як і Xрысціна, падзякаваў за падтрымку кіраўніку дзяржавы, сваім педагогам, якія натхняюць творчым падыходам у навучанні, і бацькам, для якіх поспехі дзяцей заўсёды радасць. Да слоў Багдана ў сваім выступленні далучылася і Вікторыя Ждановіч.
Ад педагагічнай грамадскасці слова трымаў Юрый Іосіфавіч Вільчэўскі, настаўнік інфарматыкі Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Юрый Іосіфавіч адзначыў, што настаўнікі выхоўваюць не толькі пераможцаў алімпіяд, конкурсаў, спаборніцтваў, але і маладое, здаровае пакаленне, гатовае працаваць на карысць Беларусі.

 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.