Вытокі духоўнасці

- 15:31Навіны рэгіёнаў

Жыровічы… Пры згадванні гэтага населенага пункта Беларусі адразу ўспамінаюцца Свята-Успенскі манастыр, Мінская духоўная семінарыя, якія з’яўляюцца цэнтрамі духоўнага жыцця краіны. А як жыве побач са славутымі месцамі школа, як выкарыстоўвае гэтае суседства ў выхаванні дзяцей? Пра гэта сёння гутарым з дырэктарам Жыровіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна Святланай Генадзьеўнай АПАНОВІЧ.

Дзеці малююць манастыр.

— Святлана Генадзьеўна, што лічыце самым галоўным ў маральным выхаванні дзяцей?

— Самая складаная і адказная справа ў жыцці кожнага чалавека — выхаванне дзіцяці. Яшчэ больш складаная — выхаванне любові і дабрыні ў душы гэтага дзіцяці, якое расце ў сучасным свеце з яго ўстаноўкамі і нормамі. Утрымаць, зберагчы дзіця ад згубных спакус, навучыць супрацьпастаўляць міла­сэрнасць жорсткасці, дабро — злу, маральнасць — бездухоўнасці — наша першачарговая задача.

Школа, сям’я і дзяржава зацікаўлены ў тым, каб са сцен навучальнай установы выходзіла асоба высокаадукаваная, духоўна развітая, маральна ўстойлівая. Толькі такая асоба можа ўзяць на сябе адказнасць за сваю краіну, Айчыну і рабіць на гэтай зямлі тое, што павінна: выконваць свой грамадзянскі і патрыятычны абавязак. Сёння вельмі актуальная задача — адрадзіць фундаментальныя агульначалавечыя каштоўнасці праваслаўнай культуры, якая захоўвае ў сабе сапраўдныя ідэалы мінулага. На іх прыкладзе можна выхаваць асобу, у якой прысутнічае гармонія ўчынкаў з агульначалавечымі каштоўнасцямі, у аснове якой ляжыць патрэба служыць людзям і Айчыне, пастаяннае імкненне да самаўдасканальвання.

Менавіта таму педагагічны калектыў нашай установы адукацыі прыярытэтным напрамкам выхаваўчай работы лічыць духоўна-маральнае выхаванне школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа, якое ажыццяўляецца ў рамках рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой.

У школе ўжо склалася пэўная сістэма работы ў гэтым кірунку. З 2005 года ўстанова працавала ў рэжыме эксперыментальнай пляцоўкі. Затым былі рэалізаваны тры рэспубліканскія інавацыйныя праекты па духоўна-маральным выхаванні.

С.Г.Апановіч (злева) з удзельнікамі семінара па інавацыйнай дзейнасці.

— Супрацоўніцтва з якімі ўстановамі дапамагае ў выхаваўчым працэсе на праваслаўных традыцыях беларускага народа?

— Наладжана цеснае супрацоўніцтва з Рэспубліканскім цэнтрам праваслаўнай асветы прападобнай Ефрасінні Полацкай, аддзелам рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Навагрудскай епархіі. Падпісаны дагавор аб супрацоў-ніцт­ве школы з праваслаўным прыходам Казанскай іконы Божай Маці Навагрудскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Існуе сувязь з выпускніцай Жыровіцкай школы 1974 года, ігуменняй гродзенскага Раства-Багародзічнага жаночага манастыра Гаўрыілай, якая не забывае сваю малую радзіму і родную школу. Тое, што на тэрыторыі аграгарадка Жыровічы знаходзяцца Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр, Мінская духоўная семінарыя, стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця ў нашых школьнікаў духоўна-маральных якасцей.

— Якія ўмовы створаны ў школе для рэалізацыі мэт духоўнага выхавання дзяцей?

— Для работы па гэтым кірунку вызначана творчая група настаўнікаў, якія маюць высокія прафесійныя якасці. Гэта лю­дзі, неабыякавыя да выбранай дзейнасці, якія імкнуцца жыць па праваслаўных традыцыях, кіруюцца маральнымі ідэаламі. Настаўнікі, што працуюць па згаданым кірунку, лічаць галоўнай мэтай сваёй працы фарміраванне ў навучэнцаў сістэмы каштоўнасцей, матывацыі ўчынкаў, характэрных для праваслаўнай культуры і заснаваных на галоўным прынцыпе: “… палюбі блізкага твайго, як самога сябе…”

Недастатковы ўзровень ведаў педагогамі школы асноў праваслаўнага выхавання ліквідаваўся шляхам самаадукацыі, метадычнай вучобы і супрацоўніцтва з прадстаўнікамі праваслаўнага прыхода. 

У рамках метадычнай вучобы праведзены круглыя сталы, практычныя і праблемныя семінары. Нашы настаўнікі пастаянна ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх навукова-практычных семінарах і канферэнцыях.

У рэсурсным цэнтры.

У школе створаны кабінет духоўна-маральнага выхавання, у якім сабраны матэрыялы, што дапамагаюць педагогам у рабоце па духоўна-маральным выхаванні: нарматыўна-прававая база, літаратура, распрацоўкі сцэнарыяў, методыкі па вывучэнні асобы навучэнцаў і класнага калектыву, банк мультымедыйных прэзентацый пазакласных мерапрыемстваў, ёсць медыятэка, праваслаўныя камп’ютарныя гульні. Акрамя таго, у сваёй рабоце мы выкарыстоўваем і раім навучэнцам і іх бацькам матэрыялы сеткі інтэрнэт, а таксама перыядычныя выданні: навукова-асветніцкія часопісы, духоўна-асветніцкія газеты для настаўнікаў, бацькоў і дзяцей. У школьнай бібліятэцы арганізавана
пастаянна дзеючая выстава літаратуры “Непагасная лампада духоўнасці”. Педагогі і навучэнцы школы маюць магчымасць наведваць бібліятэку і музей Мінскай духоўнай семінарыі.

Формы выхаваўчай работы з навучэнцамі выбіраюцца з улікам індывідуальных магчымасцей кожнага дзіцяці. Створаны аб’яднанні па інтарэсах і клубы духоўна-маральнай накіраванасці.

— Раскажыце, калі ласка, пра работу рэсурснага цэнтра, які дзейнічае ў школе.

— Назапашаны на працягу доўгага перыяду вопыт работы па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа паспрыяў таму, што на базе нашай установы адукацыі ў 2015 годзе быў адкрыты рэсурсны цэнтр сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці “Духоўна-маральнае выхаванне вучняў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”. Мэты і задачы яго работы заключаюцца ў ажыццяўленні інфармацыйна-метадычнай падтрымкі педагогаў устаноў адукацыі вобласці па ўкараненні актыўных форм і метадаў работы па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа.

Для таго каб рэсурсны цэнтр стаў сапраўдным цэнтрам фарміравання інфармацыйнай культуры асобы, важным з’яўляецца прафесійная гатоўнасць педагогаў, якая прадугледжвае валоданне не толькі традыцыйнымі прыёмамі і метадамі, але і сукупнасцю інфармацыйных ведаў і ўменняў, уключаючы засваенне новых тэхналогій. Педагогі нашай установы адукацыі з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі інфармацыйных тэхналогій у адукацыі.

Супрацоўнікі рэсурснага цэнтра праводзяць семінары, абменьваюцца вопытам, удзельнічаюць у мерапрыемствах па павышэнні кваліфікацыі не толькі ў рамках школы і раёна, але і вобласці. У рэсурсным цэнтры створаны электронны метадычны кабінет з мноствам метадычных матэрыялаў у дапамогу настаўнікам па духоўна-маральным выхаванні школьнікаў. Нашы педагогі пабывалі ў Мастоўскім, Карэліцкім, Навагрудскім раёнах, у Гродне. Да нас прыязджалі педагогі Зэльвен­шчыны і Дзятлаўшчыны.

На фестывалі рэсурсных цэнтраў Гродзенскай вобласці наш рэсурсны цэнтр быў прадстаўлены як адзін з лепшых і атрымаў дыплом І ступені.

У рэпертуары вакальнай групы школы шмат рэлігійных твораў.

— Назапашаны вопыт і бачанне перспектыў дазволілі аб’яднаць намаганні ўсіх прадстаўнікоў адукацыйнага асяроддзя Жыровіч і падняць работу па духоўна-маральным выхаванні на новы ўзровень. Раскажыце, як вы працуеце ў новым навучальным годзе.

— У 2018 годзе мы выступілі з ініцыятывай аб’яднаць намаганні ўсіх адукацыйна-культурна-сацыяльных структур Жыровіч у адзіны сацыякультурны кластар. З верасня пачалі рэалізацыю новага інавацыйнага праекта па тэме “Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара”.

У кластар увайшлі педагогі-інаватары Жыровіцкай сярэдняй школы, Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, Жыровіцкага ясляў-сада, Жыровіцкай дзіцячай школы мастацтваў, прадстаўнікі аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Навагрудскай епархіі, Мінскай духоўнай семінарыі, Жыровіцкага цэнтра культуры.

Супрацоўніцтва ў рамках кластара мае на ўвазе фарміраванне адзінай інфармацыйнай прасторы, правядзенне масавых сумесных мерапрыемстваў, рэалізацыю праектаў, патрыя­тычную, краязнаўчую, даследчую работу. Жыццядзейнасць насычана цыклам традыцыйных спраў, што спрыяе арганізаванай занятасці моладзі ў вольны ад вучобы час. Дзеці разам з дарослымі актыўна ўдзельнічаюць у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах і праектах, развіваючы творчыя здольнасці, выяўляючы свае таленты. Педагогі абменьваюцца вопытам у рамках сумесных семінараў, канферэнцый, майстар-класаў і інш.

Прымяненне разнастайных форм работы, стварэнне пэўных арганізацыйна-педагагічных умоў дазволіла павысіць эфектыўнасць духоўна-маральнага выхавання. Гэтаму спрыяе арганічная сувязь тэорыі з практыкай, што павышае матывацыю навучэнцаў, падахвочвае іх да самаадукацыі і самаразвіцця.

Выніковасць духоўна-маральнага выхавання адлюстравана паказчыкамі станоўчай дынамікі міжасобасных адносін у калектыве навучэнцаў, эмацыянальна-псіхалагічнага клімату калектыву, псіхалагічнага камфорту кожнага навучэнца, станоўчых параметраў асобасных профіляў, а таксама назіраецца зніжэнне колькасці злачынстваў сярод навучэнцаў.

Партнёрства з бацькамі навучэнцаў рэалізоўваецца праз тэматычныя вечары, святы, паломніцкія паездкі, выставы. Традыцыйнымі сталі Калядныя сустрэчы, фестывалі “Хрыстаславы”, “Велікодны перазвон”, аперацыя “Вербачка”, свята сям’і і школы “Дарыце радасць дзецям”.

Сёння мы маем актыў зацікаўленых бацькоў, якія ахвотна прымаюць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных на­дзённым праблемам моладзі. Гэта спрыяе фарміраванню дружнага калектыву дзяцей і дарослых, а таксама цеснаму супрацоўніцтву з сем’ямі, вопыт якіх у сучаснай сітуацыі разбурэння традыцыйных сямейных каштоўнасцей з’яўляецца прыкладам для пераймання.

Работа па выхаванні не абмяжоўваецца толькі навучальным годам. Падчас канікул мы сумесна з Мінскай духоўнай семінарыяй арганізоўваем аздараўленчы лагер “Выток” духоўна-маральнай накіраванасці. Са слоў навучэнцаў, у выніку дзейнасці лагера яны набылі сацыяльныя веды, атрымалі вопыт перажывання і пазітыўнага стаўлення да агульначалавечых каштоўнасцей. Вучні з нецярпеннем чакаюць лета, калі новы “Выток” з’явіцца на святой жыровіцкай зямлі.

Наперадзе шмат добрых спраў. У 2020 годзе нас чака­юць святкаванні 550-годдзя Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзя Жыровіцкага манастыра. Шмат будзе зроблена па добраўпарадкаванні аграгарадка. Не застанемся ўбаку і мы. Вельмі хочацца, каб Жыровічы сталі ўтульным куточкам, куды захочацца вяртацца зноў і зноў не толькі  землякам, але і шматлікім гасцям.

Задача кожнага нашага педагога — закласці падмурак у фарміраванні духоўна-маральнай асобы вучня, а  святая жыровіцкая зямля толькі спрыяе гэтаму!

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.