Вывучай эканоміку і асвойвай ІТ

- 10:51Суразмоўца

Што сілкуе крыніцу прадпрымальніцкіх ідэй

Факультэт лічбавай эканомікі — самы малады ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Створаны летам 2019 года, сёння ён забяспечвае сучасную міждысцыплінарную адукацыю і ставіць перад сабой новыя амбіцыйныя задачы. Пра інфармацыйныя тэхналогіі ў эканоміцы, факультэцкую стартап-школу і прадпрымальніцкае мысленне гутарым з дэканам Дзмітрыем МАРУШКАМ.

— Дзмітрый Аляксандравіч, факультэт ствараўся з мэтай інтэгра­ваць эканоміку і інфармацыйныя тэхналогіі. Стаўка рабілася менавіта на міждысцыплінарнасць. Як удаецца рэалізоўваць задуманае?

— Сапраўды, мы імкнёмся даваць нашым студэнтам міждысцыплінарную пад­рыхтоўку (гэта бачна нават па вучэбных планах). З аднаго боку, яны становяцца спецыялістамі ў галіне эканомікі, а з другога — экспертамі ў прадметных галінах, звязаных з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Нездарма дэвіз нашага факультэта — Dig IT and Learn Economу (асвойвай ІТ і вывучай эканоміку).

Арыентуем студэнтаў на тое, што ІТ-сфера — гэта найперш бізнес. А бізнес павінен быць паспяховым! Каб гэтага дасягнуць, трэба быць добрым эканамістам і разбірацца ва ўсіх тэхналагічных нюансах.

Сёння мы вядзём падрыхтоўку па трох спецыяльнасцях: “Эканамічная інфарматыка”, “Эканамічная кібернетыка” і “Статыстыка” (два гады назад яны перайшлі да нас з іншых факультэтаў). Дзякуючы фундаментальным ведам і развітым ІТ-кампетэнцыям, нашы выпускнікі паспяхова канкурыруюць на рынку працы.

—  Куды пераважна ідуць выпускнікі?

— У нашага факультэта ёсць місія: мы арыентаваны на падрыхтоўку спецыялістаў, якія ўдзельнічаюць у працэсах лічбавай трансфармацыі нацыянальнай эканомікі. Усе нашы выпускнікі так ці інакш працуюць на будучыню краіны.

Вядома, большая частка студэнтаў хацела б пайсці ў ІТ-сферу, бо гэта інавацыі, дынаміка, магчымасць працаваць у мультынацыянальным асяроддзі, высокія даходы. Аднак у ходзе навучання многія могуць пераасэнсоўваць свае жаданні. Напрыклад, камусьці падабалася праграмаванне, але пасля практыкі ці стажыроўкі раптам высвятляецца, што яму цікавей займацца аналізам даных ці бізнес-аналітыкай. Такіх выпадкаў многа.

Інфармацыйныя тэхналогіі настолькі глыбока праніклі ва ўсе сферы дзейнасці, што, нават калі наш выпускнік ідзе не ў ІТ-кампанію і займае не ІТ-пасаду, ён усё роўна мае дачыненне да ІТ. Міждысцыплінарныя веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, робяць яго экспертам, на якім бы баку ён ні апынуўся — на баку распрацоўшчыка праграмнага прадукту ці на баку заказчыка, спажыўца. У любым выпадку наш спецыяліст бачыць і разумее бізнес-працэсы глыбей, чым проста эканаміст ці проста айцішнік.

— Ці плануеце адкрываць новыя спецыяльнасці?

— Так, мы працуем над гэтым. Адна з надзённых задач — адкрыць падрыхтоўку на англійскай мове. Пакуль гаворка ідзе пра магістратуру, але гэта актуальна і для першай ступені адукацыі.

Рынак адукацыйных паслуг распальваецца. У сувязі з дэмаграфічнай сітуацыяй беларускіх абітурыентаў становіцца ўсё менш, частка з іх увогуле з’язджае вучыцца за мяжу. І калі 5—10 гадоў назад ніхто асабліва не клапаціўся пра канкурэнцыю, то зараз універсітэты канкурыруюць не толькі паміж сабой, але і з іншымі краінамі.

 Усё большую цікавасць да англамоўнай адукацыі праяўляюць беларускія студэнты. Па-першае, гэта звязана з акадэмічнай мабільнасцю. Англійская мова адкрывае доступ да многіх еўрапейскіх праграм, можна паехаць у магістратуру любога замежнага ўніверсітэта. Такія адукацыйныя абмены даюць вельмі карысны прафесійны і жыццёвы вопыт. А па-другое, англамоўная адукацыя дазваляе выпускнікам хутка інтэгравацца ў бізнес, дзе рабочай мовай з’яўляецца англійская (гэта практычна ўся ІТ-сфера, і не толькі). Наша краіна экспартна арыентаваная, і многія беларускія кампаніі, па сутнасці, з’яўляюцца міжнароднымі. Валодаючы тэрміналогіяй, прадметнымі ведамі, спецыялістам значна прасцей уключыцца ў работу на глабальным рынку. Англійская мова з’яўляецца тут не толькі канкурэнтнай перавагай, але ў многіх выпадках і прафесійнай неабходнасцю.

Запуск англамоўных праграм на першай і другой ступенях дазволіць нам таксама пашырыць свой экспартны патэнцыял. Адзін з асноўных рынкаў для беларускіх універсі­тэтаў — Кітай. Гэтая краіна, як бы яна ні старалася, не можа задаволіць адукацыйныя патрэбы мільёнаў сваіх грамадзян. Мы прапаноўваем ім якасную адукацыю, але менавіта англамоўныя праграмы з’яўляюцца найбольш прывабнымі для кітайскай моладзі.

Цяпер замежнікі, каб паступіць на 1 курс ва ўніверсітэт, цэлы год вывучаюць рускую мову на падрыхтоўчых аддзяленнях. Хтосьці пагаджаецца на такі варыянт, а хтосьці — не. Сем’і лічаць грошы і думаюць: ці варта аплачваць лішні год, калі сын ці дачка бу­дзе вывучаць не прафесію, а мову, якая можа і не спатрэбіцца ў будучыні? Магчыма, лепш асвоіць нейкую прадметную галіну, вывучыць спецыяльную тэрміналогію, якая патрэбна для работы?

Зразумела, для нашых універсітэтаў лішні год навучання замежніка — гэта выгадна, але з пункту гледжання самога замежніка часта гэта марнаванне часу. Напрыклад, не ўсе кітайцы маюць схільнасці да рускай мовы, яна для іх складаная і не заўсёды патрэбная. Студэнт прыязджае з Кітая, каб вывучыцца і вярнуцца назад, — яго патрэба ў рускай мове мае часовы характар. Глабальнай мовай адукацыі, навукі, інфармацыйных тэхналогій для яго з’яўляецца англійская.

Такім чынам, мы хочам прыцягнуць на вучобу студэнтаў і магістрантаў, якія не ведаюць рускай мовы і не хочуць яе вывучаць. А такіх вельмі многа! Дзякуючы англамоўным праграмам, яны сэканомяць цэлы год, змогуць хутчэй атрымаць вышэйшую адукацыю і пачаць працаваць.

Англамоўныя праграмы — гэта яшчэ і значны рэсурс для развіцця нашай сістэмы адукацыі. Так, мы атрымаем магчымасць запрашаць замежных прафесараў, вучоных і іншых спецыялістаў, якія здольны ўзбагаціць вучэбны працэс сваёй экспертызай. Гэта дасць нам значныя канкурэнтныя перавагі.

— Ведаю, што на вашым факультэце створана ІТ-інфраструктура, якая дазваляе працаваць у новым сучасным фармаце. Маю на ўвазе платформу “Бітрыкс 24”. Раскажыце пра гэта падрабязней.

— Сапраўды, кампанія “1С: Бітрыкс” перадала нам ліцэнзію на камерцыйную версію прадукту, і наш факультэт, па сутнасці, жыве на гэтай платформе.

У пачатку станаўлення мы пратэсціравалі розныя сэрвісы, але яны не ў поўнай меры адпавядалі нашым патрабаванням. Хацелася, каб адна платформа дазваляла вырашаць мноства розных задач, такіх як электронны дакументаабарот, забеспячэнне камунікацый паміж выкладчыкамі і студэнтамі, камунікацыі са знешнім светам і г.д. Эфектыўным рашэннем стала платформа “Бітрыкс 24”, якая ператварылася ў лічбавую экасістэму для нашага факультэта і дапамагае нам якасна развівацца.

Трэба сказаць, што ў рабоце са студэнтамі мы спрабуем выбудоўваць кліент-арыентаваны падыход. Студэнт — гэта кліент універсітэта, адпаведна, у яго ёсць розныя патрэбы. Каб эфектыўна іх задавальняць, перш за ўсё іх трэба разумець і апрацоўваць. Паколькі раней падобныя платформы ва ўніверсітэтах не выкарыстоўваліся, збор заўваг, прапаноў, рэкамендацый, іншай інфармацыі аб патрэбах студэнтаў быў дэцэнтралізаваны, а таму даволі складаны. Хтосьці камусьці дасылаў інфармацыю праз Telegram, Viber, электронную пошту; паведамленні захоўваліся на розных акаўнтах, на розных рэсурсах. Не было магчымасці ажыццяўляць іх цэнтралізаваны збор і апрацоўку. Зараз у нас сітуацыя прынцыпова іншая.

Дзякуючы платформе “Бітрыкс 24”, на якой зарэгістраваны ўсе супрацоўнікі і студэнты нашага факультэта, мы атрымалі пляцоўку для вельмі эфектыўнага ўзаемадзеяння. Праз чат-боты ва ўсіх папулярных месенджарах, праз віджэт на нашым сайце, праз электронную пошту ўсе запыты паступаюць у адзіны кантакт-цэнтр. Пасля хуткай апрацоўкі кожны запыт накіроўваецца адпаведнаму адрасату (ці адрасатам) — загадчыку кафедры, куратару групы, выкладчыкам, студэнтам. Платформа зручна інтэгравана з тэлефаніяй, напрыклад, можна зрабіць галасавую рассылку праз мабільную і нават стацыянарную сувязь. Ёсць магчымасць стварыць базу ведаў па тыповых пытаннях, з ёй працуе ўжо інтэлектуальны чат-бот, які ўспрымае чалавечую мову. Інструментаў для эфектыўнай камунікацыі мноства.

Калі інфармацыя прадастаўляецца дэцэнтралізавана, патрэбны дадатковыя тэхнічныя намаганні і час, каб яе сістэматызаваць. А навошта марнаваць час на руціну, калі можна патраціць яго на вырашэнне больш творчых задач?

Па сутнасці, платформа “Біт­рыкс 24” выконвае задачу адзінага інфармацыйнага цэнтра факультэта. Яна дапамагае нам выбудоўваць усе адміністрацыйныя працэсы, рабіць іх больш дакладнымі, празрыстымі, зразумелымі для кожнага карыстальніка. Такі падыход дазваляе ўлічваць усе пажаданні студэнтаў, і іх лаяльнасць да факультэта і ўніверсітэта ў цэлым узрастае. А поспех на рынку адукацыйных паслуг (як і на любым рынку) вызначаецца ў тым ліку і лаяльнасцю. Калі студэнт атрымаў ва ўніверсітэце добрыя веды, зафіксаваў добрае стаўленне да сябе, то і сваім знаёмым ён парэкамендуе такі ж шлях.

— Факультэт лічбавай эканомікі  вельмі малады, і гэта здорава. Традыцыі часта зазямляюць, а перад вамі — прастор і новыя магчымасці. У той жа час быць на перадавой няпроста — гэта значыць, трэба пастаянна асвойваць сучасныя веды, вывучаць тэхналогіі, якія няспынна абнаўляюцца. Ваша каманда гатова падтрымаць той тэмп, які выбралі спачатку і ў якім жывяце ўжо амаль два гады?

— Па-першае, я хачу абараніць традыцыі. Яны павінны быць у кожнага факультэта, і мы таксама пачынаем іх ствараць. Вельмі спадзяюся, што дух інавацый назаўсёды пасяліўся на нашым факультэце, а ён арыентаваны на пастаяннае развіццё і змены.

Мы не павінны калі-небудзь спыняцца на дасягнутым, трэба рухацца наперад і заставацца на вастрыі развіцця навукі і тэхналогій. Нельга забяспечыць падрыхтоўку па сучасных спецыяльнасцях, калі факультэт сам не з’яўляецца сучасным. Паўнавартасна вучыць студэнтаў інфармацыйным тэхналогім можна, толькі калі сам выкарыстоўваеш іх у сваёй рабоце. Гэта ідэалогія, якой мы прытрымліваемся.

Што да каманды, то сярэдні ўзрост нашых выкладчыкаў — 46—48 гадоў. Гэта значыць, што ёсць і зусім маладыя — 30-гадовыя, і людзі за 60. Зрэшты, пытанне ўзросту  непрынцыповае. Сталы ўзрост не заўсёды азначае, што чалавек не з’яўляецца сучасным. Я ведаю шмат пажылых людзей, якія дадуць фору маладым. Яны цягнуцца да інавацый, няспынна самаўдасканальваюцца, разумеюць сучасныя трэнды і здольны даць студэнтам перадавыя веды і, што не менш важна, свой каштоўны вопыт.

— Дзмітрый Аляксандравіч,  у канцы 2019 года на факультэце пачала дзейнічаць стартап-школа. Што за гэты час удалося ажыццявіць?

— Стартап-школа працуе ў розных фарматах і адрозніваецца гібкасцю ў дачыненні да патрэб студэнтаў. Нядаўна быў зменены фармат яе адміністравання. Калі раней стартап-школай кіравалі супрацоўнікі факультэта (гэта было важна ў пачатку дзейнасці), то цяпер усю работу пры нашай ментарскай падтрымцы забяспечваюць самі студэнты.

У рамках стартап-школы мы праводзім гасцявыя лекцыі (на пляцоўках універсі­тэта і дыстанцыйна). Геаграфія нашых гасцей вельмі шырокая: стартап-школу наведалі ўжо эксперты з ЗША, Германіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Украіны, Расіі і іншых краін. Студэнты займаюцца на асобных вучэбных курсах і інтэнсівах па бізнес-мадэляванні, пошуку фінансавання для стартап-праектаў, SMM.

С самага пачатку арыентуем студэнтаў на тое, што яны не павінны быць наёмнымі работнікамі. Зразумела, што для атрымання вопыту давядзецца папрацаваць у буйных і дробных кампаніях. Але мы імкнёмся развіваць у студэнтаў прадпрымальніцкае мысленне, каб у перспектыве яны стваралі ўласны бізнес.

У стартап-школе студэнты атрымліваюць неабходныя навыкі па генерыраванні розных прадуктовых ідэй і канвертацыі гэтых ідэй у рэальныя праекты. Такая дзейнасць павышае ўзровень іх прафесіяналізму, развівае творчае мысленне, фарміруе набор неабходных кампетэнцый. Нездарма інвестары ўкладваюць грошы найперш у каманду, а пасля ўжо — у саму ідэю. Таму мы стараемся зрабіць наш факультэт больш бізнес-арыентаваным, каб тут уладарыў дух прадпрымальніцтва, а студэнты заўсёды імкнуліся да большага.

Дзе, як не ва ўніверсітэце, студэнт можа сустрэцца з бізнесменам, інвестарам, экспертам сусветнага ўзроўню, з першых вуснаў даведацца, як робіцца вялікі бізнес, задаць пытанні? Універсітэт здольны запрасіць такіх людзей на сваю пляцоўку, прывесці іх у студэнцкую аўдыторыю (наўпрост ці віртуальна), каб паказаць моладзі высокія арыенціры. Гэта робіць адукацыйны працэс дынамічным, натхняе і матывуе студэнтаў. Гэта тое, што і называецца Універсітэтам 3.0: веды, навука і інавацыі сілкуюць крыніцу прадпрымальніцкіх ідэй.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.