Вывучаць, даследаваць, зберагаць

- 14:57Вышэйшая школа

У ГрДУ імя Янкі Купалы прайшлі VI Заалагічныя чытанні

Навуковы форум упершыню адбыўся ў 2012 годзе і раз на два гады збірае вучоных Беларусі і іншых краін, каб абмеркаваць праблемы захавання біяразнастайнасці, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, сучасныя аспекты правядзення фаўністычных даследаванняў.

Кожны навуковы форум прысвячаецца вядомаму даследчыку ці значнай падзеі. Заа­лагічныя чытанні — 2021 былі прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння доктара біялагічных навук прафесара Анатолія Уладзіміравіча Фядзюшына, які лічыцца за­снавальнікам заалагічнай школы ў Беларусі. Менавіта жыццёваму і навуковаму шляху А.У.Фядзюшына быў прысвечаны першы даклад чытанняў. Загадчык кафедры агульнай экалогіі і методыкі выкладання біялогіі Белдзяржуніверсітэта прафесар Васіль Грычык прадставіў разгорнуты і вельмі цікавы матэрыял аб прафесары Фядзюшыне, які працаваў у БДУ з першых дзён яго заснавання, быў першым загадчыкам кафедры заалогіі біялагічнага факультэта, стваральнікам заалагічных музеяў пры БДУ і Акадэміі навук БССР, аб яго шматлікіх экспедыцыях па вывучэнні фаўны Беларусі.

— Сёлета ў Заалагічных чытаннях прымаюць удзел супрацоўнікі навуковых арганізацый і ўніверсі­тэтаў з Беларусі, Расіі, Польшчы і Украіны. Было заяўлена больш за 300 дакладаў, — паведаміў дэкан факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі.

Арганізатарамі Заалагічных чытанняў выступаюць факультэт біялогіі і экалогіі ГрДУ, Гродзенскі заалагічны парк. Суарганізатары — Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, БДУ, навуковыя ўстановы і ўніверсітэты Ра­сіі і Польшчы. Дарэчы, Заалагічныя чытанні — 2019 былі прысвечаны 90-годдзю Гродзенскага заапарка. І сёлета ўдзельнікі навуковага форуму яго наведалі. Для іх была арганізавана экскурсія “Заапарк знутры”. Цеснаму супрацоўніцтву факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ і заапарка спрыяе і стварэнне тут філіяла кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл.

— Тэматыка прадстаўленых даследаванняў рознабаковая — ад тэарэтычных да практычных распрацовак, — расказвае загадчык кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл ГрДУ Вольга Віктараўна Янчурэвіч. — У выступленнях закрануты сучасныя аспекты фаўністычных даследаванняў, маніторынгу і кадастра жывёльнага свету, захавання біяразнастайнасці, рацыянальнага выкарыстання і аховы рэсурсаў жывёльнага свету. Асаблівую ўвагу навукоўцы-заолагі ўдзялілі актуальным праблемам папуляцыйнай экалогіі жывёл ва ўмовах росту антрапагеннага ўплыву і глабальных змяненняў асяроддзя пражывання, сучасным метадалагічным падыходам у выкладанні біялагічных дысцыплін ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй адукацыі, у тым ліку з прымяненнем лічбавых тэхналогій.

Сёлета Заалагічныя чытанні прайшлі ў вочна-дыстанцыйнай форме. Такі фармат усе адзначылі як вельмі паспяховы і доўгачаканы, бо для ўдзельнікаў мерапрыемства было важна сустрэцца ў Гродне, непасрэдна абмеркаваць актуальныя пытанні, паўдзельнічаць у дыскусіях. Да чытанняў у анлайн-фармаце далучыліся навукоўцы з Архангельска, Тулы, Санкт-Пецярбурга, Дагестана. На форум запрасілі студэнтаў,

а таксама настаўнікаў. Так, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 7 Гродна Настасся Жылко прадставіла сваё даследаванне, прысвечанае таму, як можна ажыццяўляць ацэнку біяразнастайнасці ва ўмовах урбанізаваных тэрыторый падчас школьных экскурсій на ўроках біялогіі.

Актуальным пытанням захавання біяразнастайнасці пры прамысловай вытворчасці было прысвечана выступленне спецыяліста з НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Руслана Навіцкага. Свой даклад ён назваў “Брытва Акама” пры распрацоўцы прырода­ахоўных мерапрыемстваў і эканамічнае стымуляванне захавання біяразнастайнасці”. На прыкладзе некалькіх вытворчасцей ён паказаў вынікі паспяховых экалагічных рашэнняў.

Каб такая работа вялася абгрунтавана і свет захоўваў сваё прыроднае багацце, і праводзяць свае даследаванні навукоўцы. Пра фактары змяненняў экасістэмы азёр у выніку засялення іх раслінаяднымі рыбамі паведаміў загадчык навукова-даследчай лабараторыі гідраэкалогіі біялагічнага факультэта БДУ Барыс Адамовіч; пра перспектывы выкарыстання рыбкі даніа-рэрыа ў медыка-біялагічных даследаваннях — загадчык кафедры іхтыялогіі і рыбаводства Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Мікалай Барулін; пра членістаногіх фітафагаў ва ­ўрбацэнозах гродзенскага Панямоння — дацэнт кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл ГрДУ Аляксандра Рыжая; пра веснавую міграцыю паўночных гусей на еўрапейскай частцы Расіі — супрацоўнік МДУ імя М.В.Ламаносава Рыгор Яромкін.

Першыя Заалагічныя чытанні былі прысвечаны вучонаму-натуралісту педагогу Станіславу Баніфацыю Юндзілу, які жыў і працаваў у Беларусі і ў 1785—1786 гадах выкладаў батаніку ў школе піяраў у Шчучыне. Там жа заснаваў батанічны сад. Станіслаў Баніфацый Юндзіл з’яўляецца адным з пачынальнікаў курса ветэрынарыі ў Літве. У 1802 годзе ён стаў першым прафесарам батанікі і заалогіі ў Віленскім універсітэце, загадваў кафедрай прыродазнаўчых навук. За працу “Прыкладная батаніка”, куды ўвайшло апісанне літоўскай флоры, узнагароджаны залатым медалём караля Станіслава Аўгуста.

Так ад навукоўцаў мінулага і іх практычных дасягненняў працягваюцца традыцыі і ўклад сучасных навукоўцаў і практыкаў у вывучэнне і захаванне прыродных багаццяў нашай краіны.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.