Вызначаны памер аплаты за карыстанне падручнікамі

- 16:04Адукацыйная прастора, Рознае

Пастановай Міністэрства адукацыі зацверджаны кошт падручнікаў на новы 2014/2015 навучальны год. За карыстанне адным камплектам школьных падручнікаў у залежнасці ад класа бацькам навучэнцаў трэба будзе заплаціць ад 28 300 да 83 700 рублёў.

Гэта вызначана пастановай Міністэрства адукацыі ад 12 жніўня 2014 года № 126 “Аб вызначэнні кошту вучэбных дапаможнікаў для асоб, якія асвойваюць змест адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі, і камплектаў падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для асоб, якія асвойваюць змест адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі, у 2014/2015 навучальным годзе”.
Як паведамілі ў Міністэрстве адукацыі, для дашкольнікаў кошт такіх дапаможнікаў, як “Падарожжа ў свет музыкі”, “Матэматычны калейдаскоп”, “Свет вакол мяне”, вызначаны ў памеры 4 400 рублёў, рабочы сшытак да гэтых дапаможнікаў будзе каштаваць на 200—300 рублёў менш.
У адносінах да школьнікаў вызначаны агульны кошт камплекта падручнікаў і платы за карыстанне ім. Так, для навучэнцаў 1 класа плата за карыстанне падручнікамі складзе 35 700 рублёў, для 2 класа — 28 300 рублёў, бацькі трэцякласнікаў павінны будуць заплаціць 54 200, чацвёртакласнікаў — 59 тысяч рублёў. Кошт за карыстанне камплектам падручнікаў для вучняў 5 класа складзе 72 300, для вучняў 6, 7 і 8 класаў крыху менш — 44 300, 47 400 і 48 300 рублёў адпаведна. У старшых класах сумы большыя: 67 500 для дзевяцікласнікаў, 83 700 для дзесяцікласнікаў і 83 500 рублёў для навучэнцаў апошняга школьнага класа.
Пры гэтым варта адзначыць, што шэраг катэгорый сем’яў маюць ільготы пры аплаце за падручнікі. Так, ад платы за карыстанне літаратурай вызвалены бацькі, дзеці якіх навучаюцца ў спецыяльных агульнаадукацыйных школах і інтэрнатах, класах для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, агульнаадукацыйных установах санаторнага тыпу. Не трэба таксама ўносіць аплату за карыстанне падручнікамі бацькам дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія навучаюцца ў інтэграваных класах. Як і раней, бясплатна падручнікі прадастаўляюцца дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў. Акрамя таго, на 50% зніжана аплата за карыстанне вучэбнай літаратурай для бацькоў, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту.

Алена МАРКЕВІЧ.