Вызначаны парадак дня сесіі

- 11:18Суразмоўца

2 кастрычніка пачалася трэцяя сесія дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Па традыцыі наша газета звярнулася ў Пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, каб даведацца, якія законапраекты падрыхтаваны камісіяй для разгляду на сесіі і які ўвогуле заканадаўчы партфель будзе прадстаўлены ў Авальнай зале. Пра дэпутацкія будні расказвае намеснік старшыні профільнай камісіі Т.Р.ЯКУБОВІЧ.

— Таццяна Раманаўна, хочацца даведацца, якія законапраекты ваша камісія выносіць на абмеркаванне дэпутатаў у гэтую сесію?

— У цэлым на сесію будзе вынесена больш за 40 законапраектаў, якія прадугледжваюць змяненні і дапаўненні ва ўжо існуючае заканадаўства. Гэта тычыцца пытанняў тэрарызму, абароны дзяржаўных сакрэтаў, крэдытных гісторый, пенсіённага забеспячэння і шэрага іншых пытанняў, якія найбольш цікавяць наша грамадства. Акрамя таго, мы будзем займацца ратыфікацыяй дакументаў аб супрацоўніцтве ў той ці іншай сферы з іншымі краінамі.

Калі гаварыць аб тых дакументах, якія распрацоўваюцца непасрэдна ў нашай камісіі, то перш-наперш гэта праект Закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. Ён будзе вынесены на сесію ў першым чытанні.

— Якія змяненні і дапаўненні плануецца ўнесці ў гэты законапраект?

— З існуючага закона будуць выключаны палажэнні аб рэгіянальных філіялах Нацыянальнай акадэміі навук. У той жа час НАН пакідае за сабой права ў будучыні ствараць рэгіянальныя філіялы для развіцця і каардынацыі навукі ў рэгіёнах нашай краіны, калі такая неабходнасць з’явіцца. Акрамя таго, у новым законапраекце ўдакладняецца тэрміналогія ў частцы статусу арганізацый НАН.

Закон аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі плануецца дапоўніць кірункамі, звязанымі з арганізацыяй маніторынгу жывёльнага свету і комплекснага маніторынгу натуральных экалагічных сістэм на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях у рамках Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена навуковаму забеспячэнню вядзення дзяржаўных кадастраў расліннага і жывёльнага свету, ведамаснаму кантролю, правядзенню адзінай дзяржаўнай палітыкі, каардынацыі і дзяржаўнаму рэгуляванню дзейнасці арганізацый у галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах, за выключэннем планавання, размеркавання і эфектыўнага выкарыстання радыёчастотнага спектра.

Таксама новаўвядзеннем у гэтым законе з’яўляецца прывядзенне асобных норм у адпаведнасць з тэрміналогіяй Закона “Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным устройстве Рэспублікі Беларусь”. Ставіцца задача замацаваць у законе наяўнасць у арганізацый НАН маёмасці не толькі на праве аператыўнага кіравання, але і на праве гаспадарчага вядзення.

Адметна і тое, што ў законе плануецца замацаваць права НАН выбіраць ганаровымі членамі акадэміі замежных грамадзян, якія ўнеслі значны асабісты ўклад у развіццё навукі і тэхнікі і якія спрыяюць фарміраванню і рэалізацыі міжнародных навукова-тэхнічных праектаў. Акрамя таго, праз законапраект будзе ўдакладнены склад Прэзідыума НАН Беларусі і парадак назначэння на пасаду акадэміка-сакратара аддзялення НАН.

— Над якім яшчэ дакументам вялася работа ў камісіі?

— Я з’яўляюся адказным дэпутатам па распрацоўцы законапраекта “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб патэнтах на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры”. Так, у ходзе работы над ім сумесна з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў пералік вынаходстваў, не прызнаных патэнтаздольнымі, плануецца дапоўніць, уключыўшы ў яго метады медыцынскай дыягностыкі, а таксама тэрапеўтычныя і хірургічныя метады лячэння людзей. Гэта абумоўлена неабходнасцю не дапускаць магчымасці для асобных юрыдычных альбо фізічных асоб атрымаць на падставе выдадзенага патэнта манапольнае права на правядзенне пэўнага роду аперацый альбо прымянення пэўных метадаў лячэння. Акрамя таго, пашыраецца пералік асоб, за якімі прызнаецца права на атрыманне патэнта.Таксама прапаноўваецца пашырыць аб’ём прававой аховы, які прадастаўляецца прамысловаму ўзору. Адметна, што ў законапраект мяркуецца ўнесці новы артыкул, які будзе прысвечаны вызначэнню залежных вынаходстваў і карысных мадэлей, пашырэнню магчымасці прымянення прымусовых ліцэнзій. Новы законапраект плануецца дапоўніць нормай, якая прадастаўляе магчымасць выкарыстання дадатковага спосабу абароны маёмасных інтарэсаў патэнтаўладальніка.

Згаданы законапраект будзе разглядацца на гэтай сесіі ў другім чытанні.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.