Вызначыць прафесійную пазіцыю

- 11:13Навіны рэгіёнаў

Больш за 180 навукоўцаў і спецыялістаў у галіне адукацыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Малдовы, Казахстана прынялі ўдзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Асоба. Адукацыя. Грамадства”, якая адбылася ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Традыцыйная штогадовая канферэнцыя на гэты раз была прысвечана праблемам сучаснай адукацыі, яе тэорыі, метадалогіі і практыцы.

— Удзельнікамі канферэнцыі сталі прадстаўнікі больш як ста арганізацый сістэмы адукацыі рознага ўзроўню, — расказвае дырэктар ГрАІРА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Святлана Антонаўна Сяргейка. — Менавіта неабходнасць узмацнення практыкаарыентаванасці сучасных навуковых і навукова-метадычных даследаванняў, інтэграцыя навукі і практыкі абумовіла формы работы канферэнцыі. Гэта былі не толькі традыцыйныя пленарныя выступленні, работа секцый, майстар-класы, але і педагагічны форум, фестываль рэсурсных цэнтраў па выхаваўчай рабоце. Упершыню ў канферэнцыю ўключаны секцыі для педагогаў устаноў прафесійнай адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Нестандартным быў і пачатак работы канферэнцыі. Удзельнікам прадставілі “Педагагічны аўтограф Гродзеншчыны”, з якім выступілі фіналісты Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2017” і прадэманстравалі высокі прафесійны ўзровень педагогаў вобласці, разнастайнасць іх метадычных напрацовак і інавацыйных прыёмаў работы.

На канферэнцыі абмяркоўваліся пытанні сучасных тэндэнцый у навуцы і адукацыі, прафесійнай пазіцыі, самарэалізацыі і канкурэнтаздольнасці педагога, педагагічнай творчасці як фактару фарміравання прафесійных кампетэнцый навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі, стварэнне міжкультурнай адукацыйнай прасторы як фактару развіцця асобы ў бесперапыннай адукацыі.

Гродзенская вобласць была пачынальнікам стварэння педагагічных профільных класаў. Назапашаны вопыт, а таксама актуальнасць такой падрыхтоўкі вучняў стала нагодай правядзення ў межах канферэнцыі педагагічнага форуму “Тэндэнцыі развіцця профільнага педагагічнага навучання ў Беларусі: вопыт, інавацыйныя падыходы”, мэтай якога было абагульненне і ўкараненне перадавога вопыту работы ў профільных педагагічных класах. І гэтая частка канферэнцыі пачалася нестандартна: была прадстаўлена педагагічная дынастыя Рубцэвічаў. Дырэктар ліцэя № 1 Ліды Ірына Іванаўна Рубцэвіч і дырэктар Дварышчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лідскага раёна Васіль Аляксандравіч Рубцэвіч разважалі аб праўдзе і міфах наконт прафесіі педагога.

Разнастайнасць педагагічнага майстэрства ў сістэме профільнага навучання была прадстаўлена падчас круглага стала “Панарама педагагічнага майстэрства ў сістэме профільнага навучання”. Аб асаблівасцях сучаснай профільнай адукацыі, ролі самаадукацыі ва ўдасканаленні прафесійнага майстэрства педагога гаварылі выкладчыкі вышэйшых навучальных і агульнаадукацыйных устаноў Беларусі і Украіны.

Фестываль рэсурсных цэнтраў “Патэнцыял поспеху” пачаўся з работы выставы метадычных матэрыялаў і педагагічнага вопыту.

Як расказала намеснік начальніка Цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы ГрАІРА Людміла Кіўлюк, фестываль быў арганізаваны ў рамках абласнога педагагічнага марафону “Ідэалагічнае выхаванне навучэнцаў як адказ на пагрозы і выклікі сучаснага свету” і паспрыяў ўкараненню наватарскіх метадаў у дзейнасць рэсурсных цэнтраў па выхаваўчай рабоце, атрыманню яго ўдзельнікамі эфектыўных ідэй, абмену вопытам, падтрымцы творчага патэнцыялу кіраўнікоў рэсурсных цэнтраў.

Удзельнікам фестывалю расказалі аб выкарыстанні сучасных інструментаў маркетынгавых адукацыйных паслуг для запуску стартапа на мэтавую педагагічную аўдыторыю. Таксама было прадстаўлена 12 стартапаў і праведзена 11 майстар-класаў кіраўнікоў рэсурсных цэнтраў.

— Упершыню на адной пляцоўцы сабраліся прадстаўнікі ўсіх дзеючых у вобласці рэсурсных цэнтраў па выхаваўчай рабоце. І гэта дало магчымасць атрымаць шмат карыснай інфармацыі, — сказала загадчык Зэльвенскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Жанна Кедала. — Мы прадставілі на фестывалі дзейнасць чатырох рэсурсных цэнтраў раёна. Дамовіліся аб супрацоўніцтве з Дзятлаўскім і Ваўкавыскім раёнамі, гімназіяй № 3 Гродна.

Удзельнікі фестывалю выказалі жаданне праводзіць такое мерапрыемства адзін раз у тры гады, а праз год прыняць удзел у традыцыйным абласным фестывалі “Інавацыйная школа: інфармацыйны і аналітычны партрэт”. Для падтрымкі кіраўнікоў рэсурсных цэнтраў па выхаваўчай рабоце на афіцыйным сайце ГрАІРА будзе створаны інфармацыйны рэсурс.

Канферэнцыя — гэта не толькі абмен думкамі, але і новыя кантакты, і новае супрацоўніцтва. Так, Гродзенскі інстытут развіцця адукацыі і Уманскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Паўла Тычыны (Украіна) падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.