Вызначыць самых матываваных і дастойных абітурыентаў

- 11:48Інфармацыйная гадзіна

Гутарку для паступаючых у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь плануецца ўвесці ў 2019 годзе. Пра гэта ў інтэрв’ю газеце “СБ. Беларусь сегодня” расказаў рэктар Акадэміі кіравання, доктар педагагічных навук, прафесар Генадзь Пальчык.

“У Акадэміі кіравання былі розныя варыянты конкурснага адбору: і прафесійна-псіхалагічная гутарка, і псіхалагічнае тэсціраванне. Ужо ў наступным годзе як дадатковы крытэрый адбору мы плануем увесці такую форму іспыту. Прычым як для паступаючых на першы курс вышэйшай адукацыі, так і на перападрыхтоўку, а магчыма, і на павышэнне кваліфікацыі”, — сказаў Генадзь Пальчык.

Цяпер гэтае пытанне дэталёва прапрацоўваецца, аналізуецца ў тым ліку і замежны вопыт. “Думаю, у найбліжэйшы час будзе ўзгоднены фармат гэтага дадатковага іспыту. Паколькі для нас вельмі важна, акрамя сертыфікатаў ЦТ з высокімі баламі, убачыць асобу, патэнцыял абітурыента”, — дадаў рэктар.

Для школьнікаў праводзіцца вялікая прафарыентацыйная работа, створаны школьныя акадэміі кіравання, што дапамагае арыентаваць перспектыўных дзяцей ужо са школьнай парты. У найбліжэйшы час у якасці эксперымента плануецца праводзіць мэтавыя алімпіяды для старшакласнікаў. Так можна будзе выявіць найбольш здольных і таленавітых вучняў — патэнцыяльных абітурыентаў Акадэміі кіравання. Паводле слоў Генадзя Пальчыка, неабходна зацікавіць тых, хто мае пэўныя лідарскія якасці, цікавіцца грамадскім і валанцёрскім рухамі, пытаннямі дзяржаўнага кіравання. Тых, хто, зыходзячы са сваіх унутраных перакананняў, гатовы працаваць з людзьмі.

Што тычыцца сістэмы дадатковай адукацыі дарослых, акадэмія працуе з людзьмі, якія ўжо маюць прафесійны вопыт і веды, знаходзяцца ў рэзерве кіруючых кадраў. У такога чалавека павінны быць асабістая адказнасць і матывацыя. У акадэміі ўжо некалькі гадоў працуе сістэма конкурснага адбору: праводзяцца гутарка па спецыяльнасці і пісьмовы тэст па замежнай мове. Рэктар установы ўпэўнены: і ў дзяржорганах, і ў арганізацыях павінны адказна падыходзіць да накіравання работнікаў на навучанне ў прэзідэнцкую акадэмію, арыентуючыся толькі на самых дастойных і перспектыўных, з улікам іх прафесійных і лідарскіх якасцей, і, безумоўна, высокапрыстойных людзей.