XI Педагагічны марафон

- 12:20Навіны рэгіёнаў

Шасцідзённы педагагічны марафон у сталічным рэгіёне прайшоў пад назвай “Адзінства, грамадзянскасць, патрыятызм — ключавы рэсурс развіцця адукацыі Міншчыны”. Удзел у ім прынялі больш за восем тысяч педагогаў з розных куткоў вобласці. Сярод педмарафонцаў — спецыялісты адукацыі рознага профілю: педагогі-прадметнікі, выхавальнікі дзіцячых садоў, педагогі-псіхолагі, супрацоўнікі бібліятэк, метадысты, кіраўнікі сістэмы адукацыі і інш. Усе яны сабраліся, каб падзяліцца найлепшым вопытам, абмеркаваць хвалюючыя пытанні, намеціць новыя адукацыйныя мэты і задачы.

Гаворка аб галоўным

Традыцыйна кожны дзень педмарафону быў прысвечаны пэўнай тэме і праходзіў у форме ўрока, віктарыны, ток-шоу, дыскусіі, дзелавой гульні, віртуальнай экскурсіі, творчай майстэрні, брыфінгу, брэйн-рынга, круглага стала, майстар-класа, выставы, канферэнцыі і інш. Многія з яркіх і запамінальных мерапрыемстваў адбыліся ў відэафармаце. Усе падзеі марафону прайшлі пад знакам Года народнага адзінства, а тэма патрыятызму і духоўна-маральнага выхавання была ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва Мінскай вобласці.

На дыялогавай пляцоўцы ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых су­стрэліся кіраўнікі ўпраўленняў па адукацыі раёнаў і ўстаноў адукацыі Міншчыны, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абл­выканкама Мікалай Башко адзначыў:

— Узгадаваць, сфарміраваць маральна спелую, духоўна развітую асобу, адказнага грамадзяніна-патрыёта, здольнага ўсведамляць адказнасць за сябе, сваіх блізкіх, а ў будучыні і за краіну — агульная задача школы і сям’і. У вобласці створана даволі эфектыўная сістэма духоўна-маральнага выхавання з выразна пастаўленымі мэтамі і задачамі, а таксама добра апрабаванымі формамі і метадамі работы.

Сёння ў рэгіёне працуюць 19 рэсурс­ных цэнтраў па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў: тры абласныя і шаснаццаць раённых. Факультатыўныя заняткі па асновах праваслаўнай культуры і духоўна-маральным выхаванні, што выкладаюцца з гэтага навучальнага года ў 5—6 класах, наведваюць больш за тры тысячы школьнікаў. Таксама на Міншчыне рэалізуецца абласны праект “Духоўнасць. Гармонія. Прыгажосць”, які садзейнічае ўмацаванню інстытута сям’і на аснове праваслаўных традыцый.

— Фарміруючы светапогляд дзіцяці, яго стаўленне да праблемы дабра і зла, мы павінны вучыць, не гаворачы, як трэба ці не трэба, не прымушаючы, але паказваючы лепшыя бакі свету і навакольнага жыцця, — зазначыў у сваім відэазвароце да прысутных протаіерэй Фёдар Поўны. — А калі не прыкладаць намаганняў, то дзіцячая душа зарасце пустазеллем, пакрыецца брудам, якога з лішкам зараз вакол нас.

Папулярнасцю сярод навучэнцаў Міншчыны карыстаюцца экскурсіі ў межах праваслаўнага краязнаўства. Дарэчы, у вобласці вядзецца работа па стварэнні інтэрактыўнай карты храмаў, якая будзе знаёміць дзяўчат і хлопцаў з гісторыяй іх малой радзімы, лёсамі мясцовых жыхароў. Турыстычна-экс­курсійная і краязнаўчая дзейнасць, дапамагаючы спазнаць і палюбіць беларускую культуру, з’яўляюцца выдатным сродкам фарміравання грама­дзянскасці і патрыятызму.

Як заўважыў напрыканцы сустрэчы Мікалай Башко, патрыёт — гэта той, у каго багаты ўнутраны свет, хто ведае гісторыю і культуру сваёй краіны, народа, хто ганарыцца імі.

Педагогі-дашкольнікі вучаць

У анлайн-сустэчы педагогаў-дашкольнікаў удзельнічалі 605 чалавек. Педагогі ўстаноў дашкольнай адукацыі Валожынскага раёна анлайн прэзентавалі свой вопыт па фарміраванні асноў грамадзянскасці і патрыятызму з выкарыстаннем магчымасцей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Выхавальнікі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці ў Івянцы перакананы, што, знаёмячыся з ткацтвам, ганчарствам, салома­пляценнем, разьбой па дрэве, зацікавіўшыся імі, старэйшыя дашкольнікі пачынаюць паважаць родны край, яго гісторыю, працу людзей, традыцыі беларускага народа.

Як заўважылі выхавальнікі са Стоўбцаў, фарміраванню ў дзецей любові да малой радзімы спрыяюць і віртуальныя экскурсіі па родным горадзе. У дзіцячым садзе № 4 Стоўбцаў створана інтэрактыўная карта-даведнік па знакамітых мясцінах горада, выхаванцы могуць адправіцца ў віртуальнае падарожжа ў любое надвор’е, не выходзячы з цёплага памяшкання. Іх чакаюць 20 цікавых пешых маршрутаў на любы густ: фізкультурна-аздараўленчыя, экалагічныя, культурна-гістарычныя і пазнавальныя.

Педагогі-дашкольнікі Лошніцкага ясляў-сада Барысаўскага раёна адзначылі адметную ролю гульні ў далучэнні дзетак да беларускай нацыянальнай культуры і прадэманстравалі аўтарскія настольна-друкаваныя і інтэрактыўныя гульні. Выхавальнікі Навасёлкаўскага ясляў-сада Мінскага раёна, дзе ёсць традыцыйны беларускі тэатр — батлейка, упэўнены, што тэатральныя і музычныя заняткі далучаюць малых да дзедаўскай спадчыны і спрыя­юць выхаванню патрыятызму.

Патрыятызм — каштоўнасць мінулага, сучаснасці і будучыні

Чацвёрты дзень педмарафону быў прысвечаны ваенна-патрыятычнаму выхаванню. У Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы кіраўнікі адукацыйнай прасторы Міншчыны азнаёміліся з гісторыяй і традыцыямі ўстановы адукацыі, наведалі майстар-класы па падрыхтоўцы да ваенізаванай эстафеты, убачылі фрагменты ўрокаў беларускай і англійскай мовы. Падчас круглага стала госці абмеркавалі прыярытэтныя напрамкі ваенна-патрыятычнага выхавання і далейшага супрацоўніцтва.

Ва ўстановах адукацыі Смалявіцкага раёна адбыліся спаборніцтвы “Трапны, моцны, хуткі”. Ва Усяжскай сярэдняй школе вызначалі лепшага стралка, у Зеленаборскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе прайшла ваенна-спартыўная эстафета, а навучэнцы Прылепскага дзіцячага сада — сярэдняй школы вучыліся страляць з пнеўматычнай вінтоўкі.

Эфектыўныя ўрокі

На дыстанцыйных семінарах у Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі 82 настаўнікі беларускай і рускай мовы, літаратуры, чый прафесійны стаж меншы за пяць гадоў, азнаёміліся з актуальнымі напрамкамі развіцця методыкі выкладання прадметаў, метадамі і прыёмамі работы, неабходнымі для фарміравання прадметных кампетэнцый вучняў, а таксама з сучаснымі тэхналогіямі адукацыі, якія забяспечваюць эфектыўнасць адукацыйных вынікаў у кантэксце вучэбных заняткаў. Педагогі атрымалі абгрунтаванне важнасці асноўных патрабаванняў і крытэрыяў эфектыўнасці, якія сёння прад’яўляюцца да арганізацыі ўрока, а таксама атрымалі метадычныя рэкамендацыі па рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў моўнай і літаратурнай адукацыі.

Яшчэ 139 настаўнікаў замежнай мовы, чый працоўны стаж меншы за пяць гадоў, шукалі адказы на пытанні, як ацэньванне на ўроках замежнай мовы зрабіць паспяховым, якія асноўныя спосабы, сродкі кантролю і ацэньвання выкарыстоўваць. На семінары настаўнікі азнаёміліся з модульнай і рэйтынгавай сістэмамі ацэнкі якасці ведаў, кампетэнтнаснаарыентаванымі і практыка-арыентаванымі заданнямі, вучэбным партфоліа, а таксама пачулі, як важна стварыць сітуацыю поспеху і свабоднай псіхалагічнай атмасферы ў вучэбным працэсе, якая матывуе вучняў да спазнання замежнай мовы.

Дзень школьнага бібліятэкара

Бібліятэчныя супрацоўнікі раёнаў анлайн дзяліліся з калегамі вопытам прымянення эфектыўных стратэгій далучэння дзяцей да чытання кніг.

 — Кіраўнік метадычнага аб’яднання бібліятэкараў Уздзенскага раёна Ірына Бельская прадставіла вопыт работы літаратурнага тэатра як элемента выхаваўчай сістэмы школьнай бібліятэкі, — расказала Алёна Белая, начальнік аддзела інфармацыйнага забеспячэння бібліятэчнай работы і падрыхтоўкі медыярэсурсаў Мінскага абласнога ІРА. — Такія цікавыя формы работы, як інтэрактыўныя кніжныя выставы, бібліятэчны квілт, буктрэйлер, прадставіла бібліятэкар маладзечанскай сярэдняй школы № 9 Вера Стахоўская. Таццяна Бельская, кіраўнік метадычнага аб’яднання бібліятэкараў устаноў адукацыі Стаўбцоўскага раёна, прадставіла школьную бібліятэку як асяроддзе для развіцця адукацыйнай, творчай і сацыяльнай актыўнасці дзяцей і падлеткаў. Унікальны вопыт работы — інтэрактыўны кантэнт #БиблиоPlaneta сеткавай супольнасці школьных бібліятэк Барысаўшчыны — прадставіла Юлія Старавойтава, кіраўнік метадычнага аб’яднання бібліятэкараў устаноў адукацыі Барысаўскага раёна.

Бібліятэкары Мінскага раёна азнаёмілі калег з такімі формамі работы, як гутарка з элементамі віртуалізацыі, клуб сямейнага чытання, а Астрашыцка-Гарадоцкая сярэдняя шко­ла прадставіла праект інавацыйнага развіцця бібліятэкі як краіны дабра, дзе ў эмацыянальна-камфортным асяроддзі рэалізуецца творчы патэнцыял навучэнцаў. Наталля Амётава, загадчыца бібліятэкі, дала старт новай абласной сеткавай акцыі “Будзь там, дзе тваё сэрца. Падарожжа на далоньцы: 100 інтэрактыўных месцаў Мінскай вобласці, дзе павінен пабываць кожны”.

Будучы прафесіянал фарміруецца сёння

У Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа навучэнцы каледжа і профільных педагагічных класаў вобласці сустрэліся з прызнанымі прафесіяналамі педагагічнай галіны вобласці, паразважалі пра значныя для прафесіі настаўніка якасці асобы, завастрылі ўвагу на іміджы сучаснага педагога як грамадзяніна, прафесіянала, патрыёта.

Шосты дзень педмарафону быў прысвечаны спорту і здароваму ладу жыцця. У Жодзіне кожны жадаючы мог пазаймацца армрэслінгам, гіравым спортам, цяжкай атлетыкай, шахматамі, шашкамі, хакеем, скандынаўскай хадзьбой. У Валожыне адбыўся лёгкаатлетычны крос. У Слуцкім раёне прайшлі спаборніцтвы па футболе, велатурызме, валейболе. Спартыўна-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы прайшлі і на Любаншчыне.

Марына КУНЯЎСКАЯ.