Дызайнер-мадэльер Дар’я Мугака: “Я даўно не сачу за модай. Я ствараю яе сама!”

- 12:04Культура

Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды”, які прайшоў нядаўна ў нашай краіне, заўсёды падагравае цікавасць: а што робіцца ў нашых айчынных дызайнерскіх кулуарах? Чым займаюцца нашы маладыя фэшн-дызайнеры? Чым наогул яны жывуць? Чым дыхаюць?

Дызайнер-мадэльер Дар’я МУГАКА — наш сённяшні суботні госць.

— Дар’я, для пачатку раскажыце, калі ласка, як прыйшлі да моды?

— Гэта быў неверагодна доўгі шлях. Я нарадзілася там, дзе не было такога паняцця “мода” ўвогуле. Але дзякуючы ўласным намаганням і намаганням маіх бацькоў, я пераехала ў сталіцу і паступіла ў Рэспубліканскі каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка, дзе спазнавала азы мастацтва, што ў далейшым жыцці дапамагло мне адчуць усе тонкасці дызайну адзення. Затым я атрымала вышэйшую адукацыю ў Інстытуце сучасных ведаў імя А.М.Шырокава па спецыяльнасці “Дызайнер”. Потым было мноства конкурсаў, стажыровак, падарожжаў. Так я і прыйшла да стварэння свайго брэнда MUGAKO.

— А ўвогуле, калі ў ваша жыццё ўвайшла мода?

— Я думаю, з ранняга дзяцінства, калі мая мама апранала мне сукеначкі і падбірала пад іх туфлікі і аксесуары, каб усё было гарманічна. Цяпер мая прафесія мадэльер. І я ўжо сама апранаю сваіх мадэлей на розныя імпрэзы.

— Ваша фішка — вячэрняя дзіцячая мода. Гучыць крыху экстравагантна…

— Бо гэта для мяне як карціна, дзе кожны элемент — шэдэўр. Тут няма перашкод, рамак дазволенага. Таму кожны створаны мной убор, думаю, з’яўляецца творам мастацтва.

— Калі вярнуцца да папярэдняга пытання, скажыце, Дар’я, ці быў усё-такі нейкі момант, падказаны з тэлевізара або з вуснаў іншых людзей, або нейкае перманентнае дзейства звонку — ваш прыход у свет моды?

— Гэта нараджалася падчас многіх гадоў. У пошуку сябе я зразумела, што менавіта мода — маё прызначэнне, тое, чым я хачу займацца. Мне вельмі цікава ствараць нешта новае, прыдумляць дэталі крою, дэкор. Ствараць матэрыялы для сваіх калекцый. Гэта часцінка мяне самой…

— Але ж, як вы казалі, вы прыйшлі ў моду са свету, дзе не было наогул такога ідэалу.

— Так, але мода гэта тое, што трэба проста развіваць, вучыцца гэтай самай модзе. Для кожнага яна свая. Ёсць эталон прыгажосці і ёсць правілы моды. Гэта спалучэнне, форма, эстэтыка і стыль. Я займаюся вячэрнім адзеннем для дзяцей. І ў мяне свая мода, менавіта па гэтым кірунку. Я развіваю моду сама, для сваіх жа калекцый. Я не задавалася мэтай займацца менавіта дзіцячай модай, але так ужо выйшла і я да гэтага прыйшла. Чаму вельмі рада я і мае кліенты.


— Хто вашы куміры ў свеце моды?

— Нейкіх канкрэтных няма. Я натхняюся некаторымі дэталямі высокай моды. Але, па-мойму, свет дзеліцца на яркіх асоб і іх пераймальнікаў. Для мяне ёсць мэтры, якімі я захапляюся. І, відаць, на першым месцы гэта ўсім вядомы мэтр расійскай моды Вячаслаў Зайцаў. Мне пашчасціла ў жыцці пазнаёміцца з ім асабіста. Я прымала ўдзел у варонежскім фестывалі “Губернскі стыль”, які ўзначальваюць Вячаслаў Зайцаў разам з Валянцінам Юдашкіным. Маладое пакаленне дызайнераў, мне здаецца, пакуль не дасягнула іх узроўню, іх адчування прыгожага.

Але, калі гаварыць наогул, таленавітых мадэльераў цяпер шмат, адзенне ў іх цікавае і незвычайнае.

Што тычыцца замежжа, то, вядома ж, для мяне арыенціры ў свеце высокай моды — гэта Christian Dior, Coco Chanel, Paul Poiret і г.д. Іх многа насамрэч. Яны натхняюць. І, дзякуючы ім, мы расцём.


— Калі вы шукаеце герояў з жыцця для вашых мадэлей, вы шукаеце ў іх вобразы? Што вы хочаце ўбачыць у гэтых вобразах?

— Я ствараю вобразы сама. І самы яркі вобраз дзяўчынкі для мяне — маленькая прынцэса. Як з казкі. Але гэта ўсё ў рэальнасці. З самага ранняга дзяцінства ўсе дзяўчынкі любяць прыгожа апранацца. У гэтым уся філасофія. А ўжо ў святочныя дні яны хочуць быць самымі сапраўднымі прынцэсамі.

З улікам модных тэндэнцый на вячэрнія ўборы гэтага сезона я стварыла ўнікальную калекцыю дзіцячых урачыстых сукенак. У гэтай калекцыі кожная маленькая і юная асоба на свой густ зможа знайсці для сябе святочную сукенку з дзівосным дызайнам і вытанчаным аздабленнем, з самых лепшых матэрыялаў. У калекцыі выкарыстоўваліся такія найвышэйшай якасці матэрыялы, як французскі гіпюр і атлас, пяшчотны фацін, шыфон, зіхатлівыя паеткі і бісер, рознакаляровы жэмчуг. А яшчэ — самыя сапраўдныя крышталікі Свароўскі і шыкоўнай прыгажосці стразы. Я разумею ўсе нюансы юнай прыгажосці. Якая жанчына, дзяўчына, хай зусім юная, устаіць перад гэтай прыгажосцю?

— Што вы шануеце ў свеце моды? Што з модай у нашай краіне? Моду любяць у Беларусі ці не?

— Я даўно не сачу за модай, я сама яе ствараю. А больш за ўсё радуе, што мы не стаім на месцы. Развіваюцца тэхналогіі, лёгкая прамысловасць, дзякуючы гэтаму ёсць магчымасць ствараць новае. У нашай краіне, дзякуючы таленавітым людзям, дызайнерам, мода развіваецца, яна становіцца больш даступнай для людзей. Кожны можа знайсці для сябе вартае па сваім гусце. У кожнага чалавека свой стыль, свой лад жыцця.

— Раскажыце, калі ласка, пра вашы праекты, звязаныя з модай… Ведаю, што вы ўключаеце ў гэтае мастацтва дзяцей.

— Праектаў праходзіць мноства. Я супрацоўнічаю з дзіцячымі мадэльнымі агенцтвамі. Мы выязджаем у Еўропу на вялікія подыумы, дзе паказваем свае калекцыі. Я пастаянны ўдзельнік Тыдня моды ў Беларусі. Таксама пастаянна праходзяць фотасесіі для рэклам, іміджавыя здымкі. Літаральна нядаўна я прадстаўляла сваю калекцыю на Mercedes-Benz Fashion Week Russia. Я пра гэта даўно марыла і ішла да пастаўленай мэты. А ў будучыні, думаю, паеду ў Мілан.

— Дар’я, а што такое наогул мода?

— Для мяне гэта сукупнасць густу, эстэтыкі, прыстойнасці і асобаснага ўспрымання. Мода з’яўляецца самай загадкавай з’явай сучаснай культуры. Бо гэта густы грамадства, якія пастаянна мяняюцца. Далёка не кожны разумее, што моду трэба разумець як прытрымліванне правіл, спосабаў і мер пераймання пэўных вобразаў і стыляў.

— Што асабіста для вас мода? Лад жыцця? Каханне? Прафесійная справа? Што больш?

— Я не проста люблю сваю работу. Я ёй жыву і атрымліваю асалоду ад кожнага новага створанага ўбору. Я развіваю сябе і свае здольнасці. З кожным днём дэталі крою становяцца цікавейшымі, а аўтарскі дэкор, вобраз — усё больш яркімі і эфектнымі.

Я не спыняюся на дасягнутым, а, наадварот, з кожным новым дасягненнем мэт становіцца ўсё больш. Цяжкасці ў развіцці робяць нас мацнейшымі і больш упэўненымі. Як самакрытыку мне заўсёды здаецца, што можна зрабіць больш і лепш, таму заўсёды распрацоўваю ўласную стратэгію эфектыўнасці. Свой брэнд развіваю больш за 6 гадоў. Ён становіцца ўсё больш вядомым.

А ў жыцці ў мяне ёсць самая вялікая падтрымка — мая сям’я. І яшчэ я вельмі ўдзячна сваім бацькам, якія паставілі мяне на мой шлях.

Мікола ЧЭМЕР.