Я той чалавек, мары якога спраўдзіліся

- 10:56Людзі адукацыі, Рознае, Спецыяльная адукацыя

“Гаварыце свабодна, я вас добра разумею!” — так звярнуўся да мяне Уладзімір Фёдаравіч Мелехавец. Пагадзіцеся, пачуць такія словы ад чалавека, які не чуе, — поўная нечаканасць! Уладзімір Фёдаравіч — настаўнік жэставай мовы спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 13 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху. Аднойчы пра яго сказалі, што ён — “першы глухі настаўнік Беларусі”. Амаль усё сваё прафесійнае жыццё мой суразмоўца прысвяціў абароне правоў людзей з парушэннем слыху на навучанне жэставай мове, на выкарыстанне яе нароўні з вусным маўленнем. Уладзімір Фёдаравіч — настаўнік-наватар і эксперыментатар, аўтар інавацыйных адукацыйных праектаў, навукова-даследчых публікацый, удзельнік міжнародных канферэнцый і сімпозіумаў па праблемах жэставай мовы, гісторыі глухіх, уладальнік грантаў і прэміі Мінгарвыканкама, лаўрэат і дыпламант шматлікіх конкурсаў.

Бацькі не патуралі мне

“Мае бацькі былі медыкамі. Дагэтуль у памяці белы халат маёй мамы, пах эфіру ў бальніцы. Маленькім часта бегаў па калідорах хірургічнага аддзялення. Прачынаўся, калі маму па начах выклікалі на складаныя аперацыі. Магчыма, і я стаў бы ўрачом, калі б не страціў у маленстве слых. У два гады і тры месяцы захварэў на запаленне лёгкіх і антыбіётык (стрэптаміцын), які мне калолі, даў ускладненне: узнік неўрыт слыхавых нерваў. У выніку — страта слыху. У той час, на жаль, не было выратавальнай сывараткі (гама-глабуліну), якую ўводзяць з мэтай папярэджання такіх ускладненняў”.

…Мама маленькага Валодзі не магла змірыцца з думкай, што яе сын не зможа рэалізаваць дадзеныя яму ад нараджэння магчымасці. Яшчэ дашкольнікам яна вадзіла яго да лагапеда, які карэкціраваў маўленне хлопчыка і рыхтаваў да школы. Вучыўся Уладзімір у Кобрынскай спецыяльнай школе для дзяцей, якія слаба чуюць. Гэты маленькі заходні горад Беларусi стаў для яго па-сапраўднаму родным. Ён з цеплынёй успамінае сваіх школьных педагогаў. У той час адбор навучэнцаў у спецшколы праходзіў на вельмі строгай медыка-педагагічнай аснове. Уладзіміру Мелехаўцу рэкамендавалі навучанне ў другім аддзяленні спецшколы з дзецьмі, якія мелі трэцюю і чацвёртую ступень тугавухасці. Але яго мама прыклала ўсе намаганні, каб сын трапіў у першае аддзяленне і займаўся разам з дзецьмі, якія мелі першую і другую ступень тугавухасці.

“Бацькі не вельмі патуралі мне, наадварот, прад’яўлялі да мяне ўзмоцненыя патрабаванні, — расказаў Уладзімір Фёдаравіч. — Кожны дзень я павінен быў глядзець і слухаць па Цэнтральным тэлебачанні iнфармацыйную праграму “Час” і пераказваць бацькам тое, што зразумеў. Тата набыў для мяне навушнікі з узмацняльнікам вялікай магутнасці (якасных слыхавых апаратаў тады не было). Iнфармацыйную праграму “Час” вялі дыктары з дакладна выражанай артыкуляцыяй. Гэта былі дыктары моцнай савецкай школы “эпохі Левітана”. Яны былі для мяне своеасаблівымі настаўнікамі па фарміраванні навыкаў артыкуляцыі (чытанне з вуснаў). Бацькі строга сачылі за тым, каб я выконваў арфаэпічныя нормы. Калі вымаўляў нешта няправільна — яны тут жа папраўлялі. Маю памылку іншы раз “узнагароджвалі” гучным смехам. З часам я зразумеў, як шмат зрабілі для мяне бацькі. Дзіця — люстэрка найбліжэйшага акружэння. І ў першую чаргу сям’я павінна займацца яго развіццём.

Я настойліва імкнуўся апярэдзіць сваіх аднакласнікаў, хацелася даказаць, што я не горшы за тых, хто меў добрую захаванасць слыху і мог, у адрозненне ад мяне, пісаць тыя ж дыктоўкі, гледзячы ў сшытак, а не на настаўніцу. Жэставая мова ў школах у той час была пад строгай забаронай. Мы павінны былі вучыцца гаварыць уголас, счытваць суразмоўцу з вуснаў, пры гэтым дапускалася выкарыстанне дактыльнага маўлення (ручная азбука). Але ва ўсіх сем’ях людзей з парушэннем слыху размаўлялі на жэставай мове, яна беражліва перадавалася з пакалення ў пакаленне. І мы, вучні, як толькі настаўніца выходзіла з класа, пачыналі цішком адно з адным кантактаваць з дапамогай жэстаў”.

Уладзімір Фёдаравіч паспяхова скончыў школу і Гомельскі машынабудаўнічы тэхнікум, што дазволіла яму паступіць на гістфак педагагічнага інстытута (цяперашняга БДПУ імя Максіма Танка) — самы папулярны ў той час факультэт ва ўстанове. Асаблівага абітурыента не адразу дапусцілі да экзаменаў. Парушэнне слыху з’яўлялася супрацьпаказаннем для навучання на гэтым факультэце. І абітурыент быў вымушаны звярнуцца да тагачаснага міністра асветы БССР М.Г.Мінкевіча. Гэта быў апошні дзень прыёму дакументаў. Той сказаў юнаку на прыёме: “Не разумею, у чым прыёмная камісія бачыць праблему? Вы гаворыце — і я вас разумею, вы таксама добра разумееце мяне”. Так юнак атрымаў допуск да экзаменаў на агульных падставах. Іспыты былі здадзены Уладзімірам на выдатна.

“Якія бліскучыя педагогі-прамоўцы, вучоныя-гісторыкі выкладалі нам на факультэце! — успамінае мой суразмоўца. — У іх была дакладная артыкуляцыя, іх лекцыі былі мне зразумелымі. Вельмі дапамагала ўменне чытаць па вуснах, сфарміраванае ў Кобрыне, я мог адрозніваць тэмп і інтанацыю маўлення. Нават калі не разумеў адно ці два словы, сказаныя лектарам, сэнс паведамлення быў зразумелы. У інстытуце шмат працаваў над сабой, цікавіўся ўсім: і інтарэсамі, і звычкамі, і культурай людзей, якія чуюць, імкнуўся быць падобным да іх. Вельмі ўдзячны сваім аднакурснікам, якія падтрымлівалі мяне ва ўсіх маіх пачынаннях”.

Крыху гісторыі

На Міланскім міжнародным кангрэсе па адукацыі глухіх (ICED), які адбыўся ў 1880 годзе, было прынята рашэнне, якое, на жаль, мела негатыўныя наступствы. Жэставая мова была выключана з адукацыйных стандартаў і праграм навучальных устаноў для навучэнцаў з парушэннем слыху. Пачалася эпоха панавання чыстага вуснага метаду, якая доўжылася аж 130 гадоў! Для таго каб уявіць, якія догмы адносна жэставай мовы існавалі ў савецкія часы, варта згадаць выступленне на Усерасійскай нарадзе сурдапедагогаў І.В.Сталіна, які назваў жэставую мову “ручной мовай глуханямых”, сказаў, што “гэта не мова і нават не сурагат мовы”. Нягледзячы на тое, што маўленне з дапамогай жэстаў было пад забаронай, выдатны вучоны-педагог з сусветным імем Л.С.Выгоцкі і іншыя навукоўцы праводзілі клінічныя і эксперыментальныя даследаванні на прадмет двухмоўя (жэставай і слоўнай моў) і прыйшлі да навуковага пераканання, што жэставая мова — адзін з эфектыўных камунікатыўных сродкаў, які садзейнічае развіццю слоўнай. У наступныя дзесяцігоддзі на Міжнародным кангрэсе па адукацыі глухіх (ICED) спецыялісты прыйшлі да высновы, што чысты вусны метад не дае жаданых вынікаў. У 80-я гады мінулага стагоддзя з’явіўся новы білінгвістычны падыход да навучання дзяцей з парушэннем слыху адразу дзвюм мовам — слоўнай і жэставай.

“На II Міжнароднай канферэнцыі “Лінгвістычныя правы глухіх” у Маскве ў 2014 годзе я слухаў выступленне свайго калегі — глухога выкладчыка-даследчыка, лінгвіста жэставай мовы са Швецыі, які дакладна патлумачыў, што тры дзесяцігоддзі выкарыстання білінгвістычнага падыходу да навучання глухіх у яго краіне прынеслі значныя вынікі, паказчыкі ўзроўню і якасці адукацыі дзяцей з парушэннем слыху павысіліся, — паведаміў Уладзімір Фёдаравіч. — Такі падыход дазволіў, у прыватнасці, павялічыць колькасць такіх студэнтаў у Стакгольмскім універсітэце. Многія спецыялісты з парушэннем слыху сталі запатрабаванымі на рынку працы, на рынку сучасных тэхналогій, паколькі валодалі як слоўнай, так і роднай для іх жэставай мовай”.

У нашай краіне мову жэстаў прызналі на заканадаўчым узроўні толькі ў 1991 годзе. З 1993 года пачалося яе ўкараненне ў якасці карэкцыйнага кампанента “Развіццё жэставага маўлення” у праграму ўстаноў спецыяльнай адукацыі для дзяцей з парушэннем слыху (у ІІ аддзяленні). Вучэбны прадмет “Жэставая мова” прыйшоў у школы значна пазней, у 2010 годзе.

“Падчас урока я нібы зноў нараджаюся”

З білінгвістычным метадам выкладання Уладзімір Фёдаравіч упершыню пазнаёміўся ў 1991 годзе ў Маскве на Міжнароднай канферэнцыі па білінгвістычным навучанні глухіх, якая праходзіла па ініцыятыве прафесара Галіны Зайцавай. Ён паступова пачаў укараняць гэтую сістэму ў сваю практыку. У 2000 годзе настаўнік атрымаў грант Мінгарвыканкама за работу па тэме “Мультымедыйная анімацыйная жэставая камунікацыя”. Яму пашчасціла ста ць педагогам-наватарам, калі ў спецыяльнай школе № 13 з 2007/2008 па 2011/2012 навучальны год дзейнічала Рэспубліканская эксперыментальная пляцоўка Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па апрабацыі вучэбна-метадычнага і вучэбна-праграмнага забеспячэння навучання жэставай мове навучэнцаў з парушэннем слыху. Уладзімір Фёдаравіч як настаўнік-эксперыментатар займаўся распрацоўкай метадычных рэкамендацый і праграм па жэставай мове. Пасля паспяховага завяршэння эксперымента яна была афіцыйна ўключана ў дзяржаўны стандарт як адзін з прадметаў у спецыяльных агульнаадукацыйных установах краіны. Яе вывучаюць навучэнцы з парушэннем слыху 6—12 класаў (ІІ аддзялення). Навучэнцы І аддзялення, дзе мова жэстаў адсутнічае ў вучэбнай праграме, таксама маюць магчымасць яе вывучаць. Акрамя таго, спецыяльна для бацькоў, якія жадаюць асвоіць мову жэстаў, таксама арганізаваны заняткі.

У 2008 годзе Уладзімір Фёдаравіч атрымаў дыплом (з адзнакай) выкладчыка-перакладчыка мовы жэстаў. У гэтым жа годзе яго работа па тэме “Білінгвістычны падыход у працэсе навучання навучэнцаў з парушэннем слыху” была ўдастоена прэміі Мінгарвыканкама.

“Напрацаваны вопыт прывёў мяне да пераканання, што білінгвізм здольны забяспечыць найбольш спрыяльнае педагагічнае асяроддзе для развіцця глухога дзіцяці, у якім мова жэстаў — адзін з асноўных сродкаў зносін, разам са слоўнай мовай, — падкрэслівае мой суразмоўца. — Мэтай сваёй прафесійнай дзейнасці лічу фарміраванне ў вучняў білінгвальнага ўсведамлення дзвюх высокаразвітых лінгвістычных сістэм, стварэнне ўмоў для павышэння лінгвістычнай і камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў праз выкарыстанне сучасных адукацыйных падыходаў і тэхналогій”.

У 2015 годзе Уладзімір Фёдаравіч быў атэставаны як настаўнік-метадыст. У аснове яго выкладання — тэхналагічныя карты, электронныя версіі ўрокаў, аўтарскі фонд даследаванняў па лінгвістыцы мовы жэстаў, распрацоўкі ўрокаў, якія выкарыстоўваюцца пры дыферэнцыраваным падыходзе ў навучанні дзяцей з розным узроўнем лінгвістычнай і камунікатыўнай кампетэнцыі і г.д. На заняткі да настаўніка часта прыходзяць слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, і ён дзеліцца з калегамі сваімі напрацоўкамі. Настаўнік вядзе метадычнае кіраўніцтва педагагічнай практыкай і практыкумы са студэнтамі.

“Урок павінен быць насычаным, прыгожым, з багатым сэнсавым напаўненнем, але па-свойму спецыфічным і ўнікальным, — разважае педагог. — Падчас урока я нібы зноў нараджаюся як настаўнік, прапускаю праз сябе шмат эмоцый, перажыванняў, думак. Заўсёды спадзяюся, што кожная мая наступная сустрэча з вучнямі будзе лепшай за папярэднюю. У педагога павінна заставацца незадаволенасць сабой. Калі ён не будзе ўвесь час працаваць над сабой, то страціць індывідуальнасць, сваё педагагічнае крэда. Ніколі не варта забываць, што ты не проста настаўнік — ты своеасаблівая сацыяльная мадэль для пераймання. Дзеці чытаюць цябе як кнігу і капіруюць літаральна ўсё, што ты сабой уяўляеш, а не толькі інфармацыю, якую ім выкладаеш. Скажу больш, што педагог, як урач і як святар, за свае словы і дзеянні ў адказе перад Богам”.

Педагог з гонарам адзначае, што многія яго вучні — выпускнікі спецыяльнай школы № 13 — паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, напрыклад, у БДПУ імя Максіма Танка, БДУ, Белдзяржуніверсітэт фізкультуры, Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя М.Э.Баўмана.

Уладзімір Фёдаравіч плануе паступіць у аспірантуру гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка. Плануе стварыць інавацыйную пляцоўку на базе сваёй школы, якая дасць карысны матэрыял для навуковай працы і напісання дысертацыі па гісторыі Беларускага таварыства глухіх. Настаўнік паспяхова рэалізуе новы адукацыйны праект, за які атрымаў грант Мінгарвыканкама, — “Вывучэнне міжнародных жэстаў як умова паспяховай сацыялізацыі навучэнцаў з парушэннем слыху ў сусветную супольнасць”. Ён сабраў вялікі фонд матэрыялаў па міжнародных жэстах — рэдкія электронныя слоўнікі, метадычныя выданні на замежных мовах, стварыў праграмны прадукт — вучэбны лінгвістычны курс “Міжнародныя жэсты”.

Бліжэй пазнаёміцца з ідэямі і распрацоўкамі ўнікальнага педагога, з субкультурай глухіх можна на асабістым сайце Уладзіміра Фёдаравіча Мелехаўца па адрасе vm.iatp.by.

Заставацца сабой

“Мы жывём у эпоху роўнасці, супрацоўніцтва, узаемаразумення, — адзначае педагог. — Цікавасць да жэставай мовы расце ў краінах Еўропы, Амерыкі, яна становіцца моднай нават сярод людзей, якія чуюць. Валодаючы слоўнай і жэставай мовамі, высокаадукаваны чалавек зможа паспяхова інтэгравацца ў грамадства, ён будзе запатрабаваны ва ўмовах развіцця сучасных інфармацыйных тэхналогій. Наша грамадства таксама змянілася ў сваім стаўленні да глухіх людзей. Успамінаю, як адносіліся да іх раней, як успрымалі на вуліцы, у транспарце, часта на іх нават паказвалі пальцам. Глухія імкнуліся пазбягаць жэставай мовы на людзях.

Якія б намаганні мы, глухія людзі, не прыкладалі для таго, каб далучыцца да свету людзей, якія чуюць, да макрасоцыуму, мы бясспрэчна — прадстаўнікі мікрасоцыуму са сваёй багатай гісторыяй і культурай, і адным з найбагацейшых і своеасаблівых лінгвістычных сродкаў — жэставай мовай, якую мы любім і якой ганарымся. Я валодаю слоўнай мовай, свабодна чытаю па вуснах, пастаянна ўдасканальваю сваё маўленне, практыкую чытанне ўголас. Але ж роднай застаецца жэставая мова, таму што я на ёй думаю, адчуваю, перажываю і радуюся… Памятаю, як на Міжнароднай канферэнцыі па білінгвістычным навучанні ў Маскве ў 1991 годзе на сцэну выйшла маці адной дзяўчыны, якая не чуе, і сказала: “Я так хацела б, каб мая дачка размаўляла, прыклала для гэтага ўсе намаганні, але прыйшла да высновы, што гэта не галоўнае ў жыцці. Калі дачка вырасла, то сказала мне: “Мама, ты хацела зрабіць мяне падобнай на сябе, але я — іншая. І я — шчаслівая! У мяне ёсць любімы муж, сябры, свая культура і жэставая мова”. Завяршаючы сваё выступленне маці-педагог са слязамі прамовіла: “Не паўтарайце маіх памылак!”.

Аднойчы ўжо ў сталым узросце, незадоўга да сыходу ў іншы свет, мама спытала ў мяне: “Скажы, сынок, шчыра, ты на мяне НЕ крыўдуеш?” “Не думай пра гэта, — адказаў я. — Будзь шчаслівая да канца сваіх дзён і ўпэўненая, што я той чалавек, мары якога спраўдзіліся, я стаў такім, якім ты хацела мяне бачыць”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.