Сёння аднымі з самых запатрабаваных на рынку працы з’яўляюцца будаўнічыя спецыяльнасці. Мантажнік, муляр, бетоншчык, цясляр, плітачнік, электразваршчык, маляр, тынкоўшчык — гэта толькі пачатак вялікага пераліку спецыялістаў, у якіх адчуваецца патрэба. Мазырскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў дае магчымасць выпускнікам агульнаадукацыйных устаноў атрымаць гэтыя прафесіі.
У новым навучальным годзе ліцэй адчыніў дзверы для 138 навучэнцаў 1 курса. Самай папулярнай сярод юнакоў аказалася прафесія муляр, мантажнік будаўнічых канструкцый; электразваршчык ручной зваркі, па якой праводзіўся конкурс на аснове сярэдняга бала пасведчання аб базавай адукацыі.
Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце ліцэя Аляксандра Фёдаравіча Барысенкі, сістэма арганізацыі набору залежыць ад патрэб заказчыкаў кадраў у асобе будаўнічых арганізацый. Каб адкрыць вучэбную групу па любой прафесіі, патрэбны заяўкі арганізацый, якія потым возьмуць на работу выпускнікоў. Пад кожную спецыяльнасць і кваліфікацыю заключаюцца адпаведныя дагаворы. З улікам гэтага ў 2020 годзе ліцэй ажыццяўляе набор навучэнцаў пасля 9 класаў на 3 гады навучання па кваліфікацыях “мантажнік тэхналагічнага абсталявання і звязаных з ім канструкцый; электрагазазваршчык”, “муляр, мантажнік будаўнічых канструкцый; электразваршчык ручной зваркі”, “тынкоўшчык, абліцоўшчык-плітачнік, маляр (будаўнічы)”, пасля 11 класаў — на 1 год па кваліфікацыі “цясляр-бетоншчык; электразваршчык ручной зваркі”.
Выбар будучай прафесіі — вельмі важнае і адказнае пытанне, якое ўзнікае ў кожнага школьніка. Каб дапамагчы вучням зрабіць правільны прафесійны выбар, а таксама адшукаць матываваных і зацікаўленых абітурыентаў, ліцэй праводзіць змястоўную прафарыентацыйную работу. Сярод яе асноўных задач — пашырыць уяўленні навучэнцаў аб свеце прафесій, паглыбіць іх веды аб будаўнічых спецыяльнасцях, павысіць пазнавальную актыўнасць маладых людзей пры выбары будучай прафесіі. У ліцэі працуе кансультацыйны цэнтр “Я выбіраю прафесію”. Акрамя традыцыйных дзён адкрытых дзвярэй, прафарыентацыйных выязных мерапрыемстваў, праводзяцца арганізацыйныя экскурсіі, майстар-класы ў вучэбна-вытворчых майстэрнях ліцэя, сустрэчы з бацькамі. Так, у майстэрнях ліцэя былі праведзены прафесійныя пробы “Умовы аптымальнага выбару прафесіі”, майстар-класы “Зварка арматуры”, “Выраб ручкі на малаток”, “Габлёўка драўніны” і інш. Госці ліцэя не проста гледачы, але і самі могуць пад наглядам майстроў вытворчага навучання ўзяць у рукі працоўны інструмент і паспрабаваць свае сілы.
На аказанне дапамогі ў прафесійным самавызначэнні выпускнікоў школ з улікам іх схільнасцей, здольнасцей, на павышэнне эфектыўнасці прафарыентацыйнай работы накіраваны інавацыйны праект “Укараненне мадэлі прафарыентацыйнай дзейнасці на аснове PR-тэхналогій”, што рэалізоўваецца ў ліцэі ў гэтым навучальным годзе. У межах праекта ўкараняюцца новыя формы і метады прафарыентацыйнай работы: вулічныя PR-акцыі, стварэнне прома-ролікаў, правядзенне анлайн-кансультацый і апытанняў, стварэнне форумаў па розных тэматыках і інш.
Як расказаў А.Ф.Барысенка, сёння асноўная задача ўстановы — падрыхтаваць канкурэнтаздольнага, запатрабаванага на рынку працы спецыяліста, выхаванага, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, грамадзяніна, патрыёта, а таму на пачатку педагогам важна ўсяліць веру ў сілы навучэнца, навучыць не баяцца цяжкасцей і ісці да пастаўленай мэты.
Для арганізацыі вучэбнага працэсу ліцэй мае вучэбны і вытворчы карпусы, у якіх абсталяваны вучэбныя кабінеты, камп’ютарны клас, 12 вучэбна-вытворчых майстэрняў, аснашчаных неабходнымі прыстасаваннямі, абсталяваннем, інструментамі, матэрыяламі, нагляднымі дапаможнікамі. Дарэчы, удзельнікі прэс-туру наведалі вытворчыя майстэрні і змаглі пабачыць, як навучэнцы вучацца класці цэглу, укладваць керамічную плітку як на гарызантальную, так і на вертыкальную паверхню, працаваць з дрэваапрацоўчым станком, праводзіць зварачныя работы.
Вытворчае навучанне пачынаецца з 1 курса ў майстэрнях, а на 2 і 3 курсах вытворчую практыку навучэнцы праходзяць на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна, якія часта становяцца іх першымі рабочымі месцамі. Прычым практыка арганізоўваецца на платнай аснове, што стымулюе маладых людзей да далейшай работы. Навучэнцы добра ведаюць: як сябе з самага пачатку зарэкамендуеш, такім аўтарытэтам будзеш карыстацца ў далейшым.
Сёння ліцэй будаўнікоў выпускае сапраўдных прафесіяналаў, якія дастойна зарэкамендавалі сябе не толькі на будаўнічых прадпрыемствах і ў арганізацыях Мазыршчыны, але і на прасторах усёй нашай краіны. Установа працуе ў цеснай звязцы з прадпрыемствамі горада і раёна. Найбольшая колькасць працаўладкаваных выпускнікоў прыпадае на ААТ “Мазырпрамбуд”, ААТ “Палессебуд”, ПК “Мазырбуд” і інш.
Ліцэй неаднаразова займаў прызавыя месцы ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, прафесійнага майстэрства, мастацкай самадзейнасці, спартыўных спаборніцтвах. Летась, напрыклад, установа атрымала дыплом І ступені ў абласных спаборніцтвах па міні-футболе сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджана Валерыя Стацэнка ў намінацыі “Мая непаўторная малая радзіма” ў раённым этапе конкурсу работ маладых журналістаў “Залатое пяро “Белай Русі” — 2019”. У сёлетнім навучальным годзе на Нацыянальным студэнцкім форуме “У аб’ектыве — моладзь” у адкрытым конкурсе блогераў “Блогасфера 1.0” 1-е месца заняў Максім Лісавой у намінацыі “Як табе такое, Ілан Маск?”. Па выніках 2017 года ліцэй быў занесены на Дошку гонару Гомельскай вобласці як лепшая ўстанова прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Ужо больш за 5 гадоў ліцэй прымае ўдзел у Міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus. І небеспаспяхова. Некалькі гадоў назад на рэспубліканскім этапе конкурсу WorldSkills, які праходзіў у Мінску, у кампетэнцыі “Сталярная справа” навучэнец 1 курса Яўген Маліноўскі заняў 3-е месца. Сёлета навучэнцы ліцэя таксама рыхтуюцца прыняць удзел у гэтых спаборніцтвах у кампетэнцыях “Малярная справа” і “Сталярная справа”. Пажадаем ім поспехаў і ўдачы!
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.