Ядвіга ПАПЛАЎСКАЯ і Аляксандр ЦІХАНОВІЧ: “Жыццё чалавека складаецца з кампрамісаў”

За сённяшнімі гасцямі рубрыкі “Мая школа” мне давялося “паляваць” даволі доўга — вядома, гастрольныя паездкі па Беларусі і ўсім былым Савецкім Саюзе, тэлевізійныя здымкі, канцэрты аднімаюць шмат часу. Старэйшае пакаленне ведае іх як салістаў агульнавядомых “Верасоў”, больш маладым яны запомніліся як дуэт “Шчаслівы выпадак”. Сёння пра свае школьныя гады і шлях на музычны алімп расказваюць народныя артысты Беларусі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч.

— Ядвіга Канстанцінаўна і Аляксандр Рыгоравіч, раскажыце, калі ласка, дзе прайшлі вашы дзіцячыя гады.
Аляксандр. Я нарадзіўся ў Мінску. Першыя гады майго жыцця прайшлі ў цэнтры горада, каля тэатра оперы і балета. Да гэтага часу памятаю наш адрас: вуліца Чычэрына, дом 12, кватэра 24. Ядзя, дарэчы, пасля пераезду ў Мінск жыла недалёка — на вуліцы Куйбышава. Мы нават у адзін дзіцячы садок хадзілі (праўда, у розны час). Потым нашы шляхі разышліся, бо я пайшоў вучыцца ў 21-ю агульнаадукацыйную школу, а Ядзя — у спецшколу пры кансерваторыі.
Ядвіга. Сапраўды, усе 11 гадоў, пакуль вучылася ў сваёй любімай сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, я кожны дзень праходзіла каля школы, у якой тады вучыўся Саша.

— Што вас прывяло ў музыку? Хто паспрыяў вашаму выбару?
Ядвіга. Гэта ўсё было настолькі натуральна. З самага ранняга дзяцінства музыка была для мяне як паветра. Калі мне было тры гады, тата перавёз усю сям’ю ў Мінск. Ён тады вучыўся ў кансерваторыі, а мы жылі ў вёсцы Далідавічы Івянецкага (зараз Валожынскага) раёна. Увогуле, тыя месцы вельмі багатыя на таленавітых людзей. Колькі там нарадзілася музыкантаў, мастакоў, скульптараў! Сярод іх быў і мой тата, Канстанцін Восіпавіч Паплаўскі. Менавіта ён заўважыў у мяне, маёй старэйшай сястры Хрысціне і малодшага брата Часлава абсалютны слых і пачаў з самага дзяцінства з намі займацца, разумеючы, што ўсё, што даў Бог, трэба развіваць. Хрысціна была вундэркіндам і ў малым узросце віртуозна іграла на фартэпіяна (у былым СССР было двое такіх дзяцей: наша Хрысціна і Аляксей Наседкін). Мяне бацька бачыў скрыпачкай, а Часлава — віяланчэлістам. Але наша сямейнае трыа не склалася — мне было фізічна цяжка іграць на скрыпцы (я была вельмі, як кажуць, дробнай і хутка стамлялася). Мяне пасадзілі за фартэпіяна.
У часы майго дзяцінства аднавяскоўцы часта збіраліся на вячоркі. І калі летам мы прыязджалі да бабулі ў вёску, то прымалі ўд зел у гэтых вясковых фэстах. Бабуля і дзядуля былі няродныя (сваіх мы ўжо, на жаль, не засталі), і мы іх называлі па прозвішчы: бабуля Чалюк і дзядуля Чалюк. Іх дачку Стафанію і іншых вясковых дзяцей бацька вучыў музычнай грамаце і ігры на акардэоне — быў першым педагогам для тых, хто да гэтага часу звязаны з музыкай.
Ён быў цудоўным харавіком-дырыжорам, працаваў і з акадэмічнымі, і з народнымі харамі, але менавіта народная песня была і на ўсё жыццё заставалася яго любоўю. Ён даваў ёй новае жыццё, збіраючы фальклор і робячы песням апрацоўкі, захоўваючы аўтэнтыку.
Вельмі добра памятаю, як я першы раз пайшла ў школу. Чакала гэтага дня вельмі моцна (дакладней, таго моманту, калі мы выйдзем адтуль, бо мне абяцалі купіць марожанае). Дырэктар школы, Ізраіль Рыгоравіч Герман, запрасіў мяне ў свой кабінет, адкрыў раяль, папрасіў адвярнуцца і стаў націскаць клавішы, а я адказвала, якія ноты ён іграе, потым нешта сыграла — і мяне ўзялі.
Калі тата працаваў у харавой капэле, якой кіраваў вядомы ўсім Рыгор Раманавіч Шырма (зараз капэла носіць яго імя), мы з Хрысцінай, прыходзячы да бацькі на работу, паміж рэпетыцыямі хору таксама ладзілі невялікія канцэрты — ігралі ў чатыры рукі на фартэпіяна.
Аляксандр. Калі я вучыўся ў 2 класе, заўважыў, што некаторыя мае аднакласнікі некуды сыходзяць падчас заняткаў. Неяк я набраўся смеласці і запытаўся пра гэта ў Аліка, свайго суседа па парце. “У нас ёсць духавы аркестр, — адказаў ён, — і нас на рэпетыцыі адпускаюць з заняткаў”. Аказалася, што Алікаў бацька, Восіп Мартынавіч Шусталік, кіраваў гэтым духавым аркестрам. Так, па пратэкцыі свайго сябра я трапіў у гэты калектыў.
Я марыў іграць у эстрадным аркестры на трамбоне (бачыў некалькі разоў выступленні эстраднага аркестра беларускага радыё і тэлебачання і загарэўся!), але, на жаль, гэтага інструмента не было. Мне прапанавалі асвойваць тэнар. Калі я прынёс трубу дадому, не мог на яе нарадавацца. Захапленне было настолькі моцным, што я нават спаў з інструментам. Мара пра трамбон так і не збылася… Неяк Восіп Мартынавіч паклікаў мяне і сказаў: “Не магу я знайсці табе трамбон, але прапаную інструмент, які ёсць у складзе і сімфанічнага, і эстраднага, і джазавага аркестраў”. Так я стаў іграць на тубе.
Як я сам лічыў, я проста іграў, бо мне гэта падабалася, але на самай справе штодзённыя заняткі, безумоўна, спрыялі нарошчванню майстэрства.
— Але ж гэта быў, у сённяшнім разуменні, проста школьны гурток, пра музычную адукацыю гаворка не ішла…
Аляксандр. Так. Але Восіп Мартынавіч быў сапраўды педагогам і змог прывіць нам любоў да музыкі. Ён прывучыў нас працаваць. Аркестр жыў актыўным жыццём: мы ігралі вельмі многа твораў з папулярнага рэпертуару, кожны год ездзілі ў піянерскія лагеры і ігралі там на лінейках, а па вечарах — на танцах.

— Суседзі не скардзіліся на вашы музіцыраванні?
Аляксандр. Тады быў крыху іншы час. Пасля вайны прайшло не так многа гадоў, людзі проста радаваліся мірнаму жыццю. Мы жылі ў невялікім двухпавярховым доме, дзе ўсе ведалі адно аднаго: можна было зайсці ў любую кватэру і папрасіцца “на тэлевізар”, сказаць “Хачу есці!” — і цябе пакармілі б. Ніхто ні ад каго не хаваўся, усе жылі адной вялікай дружнай сям’ёй. Калі даводзілася па-дзіцячы пабіцца, прымірыць і пакараць мог кожны — вось такое калектыўнае выхаванне было. Нават зараз, праз многа гадоў, часта ўспамінаю той час і, прыходзячы ў храм, стаўлю свечку за тых людзей, якія жылі побач са мной.
— Чым яшчэ вам запомніліся школьныя гады?
Ядвіга. Калі ўспамінаю свае школьныя гады, душа проста раскрываецца і спявае. У мяне ўсё было, як у “Школьным вальсе” Дунаеўскага: “Школьные годы чудесные, с дружбою, с книгою, с песнею…” — усё асветлена сонечным святлом, яркае, вясёлкавае. Цяжка ўявіць, да якой ступені настаўнікі-прадметнікі разумелі, што мы павінны быць менавіта музыкантамі. Дзякуючы нашаму найцудоўнейшаму настаўніку Ізраілю Майсеевічу Лібо, мы цудоўна ведалі матэматыку ў тым аб’ёме, які неабходны для музыканта. Так было і з іншымі прадметамі. Панавала атмасфера павагі і любові і да самых маленькіх, і да старшакласнікаў, і я бязмерна ўдзячна сваім педагогам і часта ўспамінаю пра іх з трапятаннем у душы і вялікай любоўю.
Праводзячы паралелі паміж мінулым і сучаснасцю, сустракаючыся з тымі, хто цяпер вучыцца ў музычнай школе, на жаль, разумею, што сёння кожны школьны настаўнік — матэматык, фізік, біёлаг ці філолаг — лічыць свой прадмет галоўным. А на музыку трэба вельмі многа часу. Калі я была маленькай, многа з задавальненнем займалася, разумеючы, што гэта як работа ў маіх бацькоў — мне таксама трэба працаваць за інструментам.
Колькі буду жыць, буду ўдзячна свайму тату Канстанціну Восіпавічу за тое, што ён даў нам радасць судакранання з музыкай.

— А як жа дзіцячыя гульні і свавольствы?
Ядвіга. Канечне, і ў лапту хацелася пагуляць. На ўсё гэта часу хапала з лішкам дзякуючы мамусі Стафаніі Пятроўне, якая ўзваліла на свае плечы ўсе хатнія клопаты… І каленкі былі збіты, і па платах лазілі, але я заўсёды памятала, што трэба вывучыць урокі і выканаць заданне па спецыяльнасці — была зусім іншая ступень адказнасці.

— Ці сустракаецеся са сваімі аднакласнікамі?
Ядвіга. Практычна ўсе мае аднакласнікі і школьныя сябры адбыліся як музыканты. Нехта выкладае ў кансерваторыі і ў іншых навучальных установах, нехта, як Валера Дайнэка і яго брат Гена, Ігар Палівода, Васіль Раінчык, мой брат Часлаў і іншыя пайшлі ў эстраду.
Мы час ад часу перазвоньваемся, калі атрымліваецца, сустракаемся. Пакуль была жывая наш любімы класны кіраўнік выкладчыца англійскай мовы Людміла Восіпаўна Мачуленка, мы збіраліся ў яе дома напярэдадні яе дня нараджэння на Стары Новы год. Гэта былі незабыўныя сустрэчы: радасныя, узрушаныя, душэўныя.

— Аляксандр Рыгоравіч, як вы трапілі ў сувораўскае вучылішча?
Аляксандр. На плошчы перад цэнтральным уваходам опернага тэатра штогод у красавіку, напярэдадні майскіх свят, і восенню, напярэдадні свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, курсанты сувораўскага вучылішча праводзілі рэпетыцыі. Мне падабалася назіраць за тым, як рота барабаншчыкаў і ваенны аркестр адточвалі сваё майстэрства. Гэта было цікава яшчэ і таму, што я сам іграў на духавым інструменце. Канечне, я пацікавіўся, як можна трапіць у гэты духавы аркестр. Так, скончыўшы 4 клас, у жніўні падаў дакументы ў сувораўскае вучылішча. Мяне ўзялі. Я добра іграў на тэнары, і таму пасля праслухоўвання вынікі астатніх уступных экзаменаў амаль не мелі значэння.
— Атрымліваецца, што вы ішлі ў сувораўскае вучылішча не для таго, каб зрабіць ваенную кар’еру…
Аляксандр. Гэта была магчымасць іг раць, а пра ваенную кар’еру я нават і не думаў. Хаця мой бацька, Рыгор Міхайлавіч, быў кадравым ваенным, скончыў Харкаўскае танкавае ваеннае вучылішча, падчас вайны быў паранены (у баі пад Будапештам снарад трапіў у танк, увесь экіпаж загінуў, а ён выжыў), а потым займаў пасаду намесніка камандзіра танкавай брыгады па тэхнічнай частцы. Звольніўся з арміі ў чыне падпалкоўніка. У яго быў уласны ардынарац і кухар (памятаю, калі бацька вучыў мяне гатаваць ежу, часта ўспамінаў, як гатаваў яго асабісты кухар). Бацька быў майстрам на ўсе рукі. Да гэтага часу ў доме, дзе жыла мая мама, захавалася шафа, зробленая яго рукамі.
Летам мы часта наведвалі бацькаву сястру, якая была старшынёй сельсавета ў пасёлку Смаляны Віцебскай вобласці. Тата там знаходзіў прымяненне свайму інжынернаму розуму і майстравітым рукам: даглядаў і рамантаваў гаспадарчыя будынкі, рабіў усялякія палічкі і стэлажы. На слых мог вызначыць непаладкі ў рухавіку: дастаткова было толькі завесці машыну — ён беспамылкова вызначаў, што трэба было рамантаваць.
Маці, Кацярына Ігнацьеўна, увесь час працавала ў сферы гандлю: была кантралёрам на рынку, на розных гандлёвых кропках. Быў час, калі яна каля цырка прадавала газіраваную ваду. Бывала, я прыходзіў ёй дапамагаць і, навучыўшыся, мог нават яе падмяніць на некаторы час: апранаў халат і прадаваў ваду з сіропам па 3 капейкі, звычайную — па 1 капейцы. Сябры, неяк убачыўшы гэта, сталі называць мяне газіроўшчыкам.
Увогуле, сувораўскае вучылішча — гэта іншая старонка жыцця. Сапраўднае вайсковае падраздзяленне з жалезнай дысцыплінай: пад’ём, пастраенне, зарадка, снеданне, заняткі групавыя і індывідуальныя, рэпетыцыі аркестра, самападрыхтоўка — усё па раскладзе. Многа займаліся спортам — у нас быў цудоўны стадыён. Нам, малым, нават дазвалялі падносіць мячыкі, калі афіцэры гулялі ў валейбол. Памятаю, як аднойчы здавалі нормы ГПА. Трэба было прабегчы крос. Вось бягу я і думаю: “Зараз памру”. Але гонар падраздзялення быў вышэйшы за ўсё. Нельга было падвесці таварышаў, і я ўсё ж змог фінішаваць.
Дадому адпускалі толькі на выхадныя. Для мяне навучанне не было цяжкім, бо было насычана музыкай. Акрамя таго, з’явілася шмат сяброў.

— Ядвіга Канстанцінаўна, думаю, ваша паступленне ў кансерваторыю было абсалютна натуральным і ўсвядомленым крокам…
Ядвіга. Тое, што я заканчвала спецшколу пры кансерваторыі, не азначала аўтаматычнага паступлення ў кансерваторыю. Як і ўсе, на агульных падставах мы павінны былі здаваць экзамены, бо ў мінскую кансерваторыю паступалі не толькі з Беларусі, але і з усяго Савецкага Саюза: сярод маіх аднакурснікаў былі хлопцы і дзяўчаты з Гомеля, Гродна, Ленінграда, Арла… Самым складаным было здаць гісторыю партыі, і было крыўдна, калі нехта зразаўся на апошнім экзамене, паспяхова здаўшы профільныя выпрабаванні. Помню, мы з сяброўкамі доўга рыхтаваліся, нават раніцай яшчэ разок прайшліся па ўсіх пытаннях. Калі ішлі на экзамен, да мяне прывязалася чорная кошка, якая проста хадзіла вакол мяне. Зараз бы перахрысцілася і пайшла далей, а тады вельмі расхвалявалася, а потым усё ж супакоілася — стала абсалютна ўсё роўна: што будзе, тое і будзе. Я ўдала здала экзамены і з тых часоў у прыкметы не веру.
Пяць гадоў у кансерваторыі былі цудоўнымі. Як і ўсе студэнты, ездзілі на бульбу. Уявіце сабе: піяністы, скрыпачы, духавікі корпаюцца музычнымі пальчыкамі ў зямлі. (Смяецца.) Але мы не толькі бульбу капалі. Па вечарах ладзілі канцэрты для мясцовага насельніцтва, а таксама атрымлівалі асалоду ад навакольнага асяроддзя. Зорная ноч. Мы ляжым на высачэзным стозе сена і спяваем. А ўсе ж з музычнай адукацыяй, і спяваем мы не проста так, а на 3—4 галасы! Да сённяшняга часу перад вачамі стаіць карціна: мы развялі ў лесе вогнішча, а ноч такая светлая-светлая! Месяц у паўнеба, светла так, што можна разгледзець кожную травінку, грыбочак і познія восеньскія суніцы. Зараз, калі цяжка становіцца на душы, часта ўспамінаю гэтыя моманты, і становіцца лёгка-лёгка…

— Калі вы пазнаёміліся з эстраднай музыкай і вырашылі прысвяціць сябе гэтаму напрамку музычнай культуры?
Ядвіга. Калі я вучылася ў музычнай школе, існавала неафіцыйная забарона на эстрадную музыку. Лічылася, што гэта няправільная музыка, і слухаць яе лічылася дурным густам. Не тое, каб нас за гэта каралі, проста нам не хацелася парушаць агульнапрынятыя нормы. Але ўсё роўна нам гэта было вельмі цікава: як толькі па радыё гучала якая-небудзь новая кампазіцыя, мы на слых падбіралі яе на фартэпіяна і ўжо на наступны дзень на перапынках у чатыры рукі выконвалі. Але рабілі гэта так, каб наш дырэктар не пачуў — нехта стаяў на варце і сачыў, каб у калідоры раптам не з’явіўся Ізраіль Рыгоравіч ці хто-небудзь з педагогаў.
У класе 5—6-м мы з сястрой тайком ад бацькоў купілі пласцінку “Вакол свету”, на якой былі запісы Дзіна Рыда, Элвіса Прэслі, Карэла Гота і іншых вядомых выканаўцаў капіталістычных і сацыялістычных краін. Мы вельмі баяліся, што тата знойдзе гэтую пласцінку. Як мы яе ні хавалі, бацька знайшоў-такі. Але, на наша здзіўленне, тая музыка яму спадабалася: “Ну што, дзеткі, вельмі прыемная добрая музыка, — сказаў ён, — слухайце на здароўе”.
Больш цесна з эстраднай музыкай я пазнаёмілася ў старшай школе. У складзе хору пасля прэм’еры араторыі Дзмітрыя Кабалеўскага мы паехалі ў “Артэк” (гэтым ён аддзячыў нам за супрацоўніцтва). Разам з намі ў “Артэку” жылі дзяўчаты з ФРГ, і ў адной з іх было нешта накшталт паштовак, на якія яна “малілася”. Аказалася, што гэта фотаздымкі ўдзельнікаў групы “Бітлз” (мы добра ведалі гэтую групу і былі яе фанатамі). Мне пашанцавала: тая дзяўчынка падарыла мне некалькі фотаздымкаў. Дома сяброўкі зайздросцілі: “Вось, у Ядзькі Паплаўскай ёсць паштоўкі з “Бітлз”…” (Потым у мяне іх нехта выцыганіў.)
Калі адкрыўся Палац спорту, у ім сталі праходзіць канцэрты музыкантаў з Чэхаславакіі, Венгрыі, Польшчы і нават з Амерыкі. Мы з задавальненнем хадзілі на гэтыя канцэрты. Але ў душу запала выступленне “Песняроў” у нашай філармоніі. Памятаю, сядзела я тады на галёрцы. Калі пачалі спяваць “Александрыну” (а потым і іншыя кампазіцыі), я была ўражана тым, наколькі тонка гэта ўсё гучала. У кожнай песні былі прадуманая драматургія і па-сапраўднаму — па-музыканцку — прафесійнае выкананне. Я закахалася ў “Песняроў” і яшчэ больш захварэла на эстраду.
Аляксандр. На старшых курсах сувораўскага вучылішча ў некага з хлопцаў з’явіўся радыёпрыёмнік, па якім мы па начах слухалі джазавыя праграмы, якія трансліраваліся з Гановера. А потым з’явілася група “Бітлз” — гэта было для нас абсалютна свежае і новае. Тады з’явіліся іх першыя фотаздымкі — нараджалася новае пакаленне фанатаў. У гэты час, узрушаныя поспехам ліверпульскай чацвёркі, мае старэйшыя сябры стварылі музычную групу і запрасілі мяне. Да гэтага часу, акрамя тубы, я, разумеючы, што гэты інструмент у эстрадным аркестры асабліва не запатрабаваны (хіба што ў дыксілендзе), патроху стаў асвойваць кантрабас. Мы ігралі на танцах (для гэтага мне амаль кожны раз прыходзілася збягаць у самаволку). Увогуле, многія музыканты, якія працавалі потым у вядомых групах, прайшлі праз танцы. У 1967 годзе ў мінскім Палацы спорту выступала вядомая тады польская група Czerwone gitary (“Чырвоныя гітары”). Канечне, я пайшоў на канцэрт, і гэта перавярнула ўсю маю свядомасць. І гучанне зусім іншае, і песні прыгожыя, і спявалі разам на некалькі галасоў. Мне было гэта цікава, і я запытаўся ў аднаго са сваіх сяброў, як можна спяваць на два галасы. Мы з ім падышлі да фартэпіяна. “Спявай,” — загадаў ён. Я стаў спяваць папулярную тады песню “У моря, у синего моря с тобою я, рядом с тобою…”, а ён адразу стаў у тэрцыю дастройваць другі голас. Я зразумеў, як гэта робіцца, але, каб так спяваць, трэба было займацца вакалам.
Менавіта на тым канцэрце “Чырвоных гітар” я ўпершыню ўбачыў і пачуў бас-гітару. “Таксама чатыры струны, значыць, строй такі, як у кантрабаса”, — падумаў я. Мы з хлопцамі сабралі грошы і ў майстра заказалі корпус бас-гітары, электрачастку — у знаёмых у радыётэхнічным інстытуце, знайшоўся і ўзмацняльнік ад старой кінапраекцыйнай устаноўкі. Праблема была толькі ў струнах — у кантрабаса ўсе струны былі жыльныя, струны ад звычайнай гітары таксама не падыходзілі. Я пайшоў у “Музрэмпракат”, дзе рамантавалі музычныя інструменты і намотвалі струны для фартэпіяна, і мне зрабілі чатыры струны для маёй першай бас-гітары. Так я стаў папулярнай асобай у групе.
Неяк мой сябар, Саша Бялібін (мы з ім нарадзіліся ў адзін дзень — 13 ліпеня), прапанаваў стварыць групу і іграць на танцах у пасёлку 10-га цагельнага завода (сённяшні раён вуліцы Сярова, а 10-ы цагельны завод — гэта зараз завод “Керамін”). Канкурыравалі з намі хлопцы, якія ігралі ў пасёлку 4-га цагельнага — яны былі ў лепшых умовах: з лепшымі, чым у нас, інструментамі і апаратурай. І праз некаторы час мы аб’ядналіся. Утварылася група “Факіры”, якая была вельмі папулярнай у тагачасным Мінску. Каб іграць на танцах, мне прыходзілася кожную сераду і пятніцу бегаць у самаволку (на выхадныя мяне адпускалі ў звальненне) — па карнізе другога паверха збягаў з вучылішча.На працягу некалькіх гадоў усё было добра: сябры ведалі, што я іграю на танцах, і дзяжурныя па вучылішчы позна ўначы пускалі назад. Але, як кажуць, колькі вяровачцы не віцца…
Разам з намі іграў саксафаніст — салдат тэрміновай службы, які, як і я, збягаў у самаволку. У тую нядзелю якраз былі выбары, і ўсе салдаты ў часці павінны былі прагаласаваць, а ён гэтага не зрабіў. І вось без чвэрці 12 ночы з’яўляецца патруль з урнай для галасавання, а разам з імі камандзір роты з майго вучылішча. Сябар прагаласаваў, яго ўзялі пад ручкі і павезлі ў камендатуру, а я разам са сваім камандзірам паехаў у вучылішча. Нашаму саксафаністу пагражаў дысцыплінарны батальён, але абышлося: яго проста перавялі ў аркестр штаба Беларускай ваеннай акругі. А мяне з-за гэтага выпадку выгналі з вучылішча. Да тэрміновай службы быў яшчэ цэлы год, і я ў гэты час уладкаваўся працаваць у філармонію.

— Аляксандр Рыгоравіч, ведаю, што ў вашым жыцці быў “хакейны” перыяд. Наколькі ён быў паспяховы?
Аляксандр. Так, быў пэўны час, калі я сапраўды захапіўся хакеем. Запісаўся ў хакейны клуб “Дынама”, мне выдалі варатарскую форму (катацца на каньках я асабліва не любіў, а вось на варотах пастаяць — калі ласка). Паміж музычнымі заняткамі я апранаў хакейную форму, і на лядовай пляцоўцы ўсе мае сябры кідалі шайбу мне ў вароты. Я лічыў гэта найлепшай трэніроўкай, але ў першым жа сваім афіцыйным матчы за каманду завода імя С.М.Кірава я прапусціў 13 шайб. Мне было страшэнна сорамна. Але я зразумеў, што хакей — такі ж сур’ёзны занятак, як і музыка, каб нешта атрымлівалася, трэба трэніравацца.
Пасля пэўнага часу трэніровак у наступным матчы мы выйгралі 4:1. Памятаю пачуццё гонару, калі ўся каманда пад’язджала і стукала мяне па шчытку ў знак падзякі за добрую ігру. Так я стаў даволі добрым варатаром, і мяне часта ставілі нават у асноўны склад гульцоў. Але потым наступіў момант, калі прыйшлося выбіраць паміж хакеем і музыкай.

— Якія сустрэчы ў вашым жыцці сталі лёсавызначальнымі?
Ядвіга. За жыццё было мноства сустрэч з цудоўнымі людзьмі: і простымі, як кажуць, ад зямлі, і з вядомымі асобамі. Але ўсе яны былі аднолькава каштоўнымі, бо чалавечая душа з Божай іскрай незалежна ад прафесіі і сацыяльнага статусу надзвычай многа дае падчас зносін. Такія сустрэчы часта дапамагалі мне сарыентавацца ў жыцці.Аляксандр. Раней, каб трапіць на работу ў філармонію, трэба было мець спецыяльную адукацыю (вучылішча ці кансерваторыю), але былі і выключэнні. Хаця я і не меў профільнай адукацыі, я добра паказаў сябе на праслухоўванні. Мяне ўзялі ў адну з “калгасных” брыгад.
Менавіта ў гэты час у філармоніі пачыналі рэпетыцыі “Песняры” (якія тады яшчэ называліся “Лявоны”). З некаторымі музыкантамі “Песняроў” мы былі знаёмы, у прыватнасці з флейтыстам Уладзіславам Місевічам неаднойчы перасякаліся на парадах (ён таксама іграў у ваенным аркестры). Нам, супрацоўнікам філармоніі, дазвалялі наведваць рэпетыцыі іншых калектываў, і ў мяне была магчымасць назіраць, як “Песняры” рыхтаваліся да выступленняў. Менавіта ў той час, у 1970 годзе, пасля перамогі на Міжнародным конкурсе артыстаў эстрады пра “Песняроў” сталі гаварыць усюды. Я вельмі ганарыўся тым, што ведаў гэтых хлопцаў асабіста.
Дзесьці ўнутры цеплілася амбіцыйная надзея стварыць такі калектыў, але я добра разумеў, што гэта дзяржаўная арганізацыя, усё не так проста.
Ядвіга. Калі я вучылася на чацвёртым курсе кансерваторыі, адбылася адна з самых важных падзей майго жыцця, якая пачалася з простага тэлефоннага званка. Неяк увечары мне патэлефанавала Тася Тлехуч (зараз яе прозвішча Міронава, яна з’яўляецца рэгентам дзіцячага хору пры Мінскай епархіі), якая вучылася таксама на чацвёртым курсе, але на факультэце харавога дырыжыравання: “Ясічак (так мы называлі адна адну — Ясічак і Тасічак), ведаю, што ты іграеш на гітары”. “Тася, ну якое там іграю? Крыху брынькаю, калі на бульбу ездзім, каб весялей было”. “Ёсць ідэя зрабіць такі ж ансамбль, як “Песняры”, толькі жаночы. Мы жывём у кансерваторскім інтэрнаце ў адным пакоі: я, Рая Тарасава і Таня Каралёва. Рая іграе на бас-гітары, Таня — на рытм-гітары, а я — на сола. Далучышся да нас?” Безумоўна, я была вельмі ўзрадавана гэтай прапанове і адразу пагадзілася — пачынала спраўджвацца мая мара.
На наступны дзень мы пайшлі ў філармонію. Дырэкцыя вельмі станоўча ўспрыняла нашу прапанову. Сапраўды, стаўка рабілася на прафесіяналаў, мы праходзілі праз вельмі жорсткае сіта (зараз, калі б хто-небудзь прыйшоў проста так і прапанаваў сябе, адназначна адмовілі б). Мы падрыхтавалі некалькі п’ес, і нас праслухалі. Усім мы спадабаліся, але нам прапанавалі ўзяць да сябе яшчэ адну вакалістку — Люсю Шамяткову, якая была лаўрэатам конкурсу “Алё, мы шукаем таленты!” (у тыя часы таленавітых пераможцаў конкурсаў стараліся прыстроіць, гэта зараз таленты павінны пракладаць сабе дарогу самастойна).
Праўда, была яшчэ адна ўмова: з намі павінен быў займацца Канстанцін Восіпавіч Паплаўскі. Канечне, тата мне не адмовіў, але праз некаторы час на адной з рэпетыцый ён сказаў нам: “Навошта я вам патрэбен? У вас і без мяне добра ўсё атрымліваецца. Галоўнае — у вас ёсць вялікае жаданне”. Так у 1971 годзе з’явіўся жаночы вакальна-інструментальны ансамбль “Верасы”.
У такім складзе мы працавалі да 1973 года, аднак ніяк не маглі знайсці барабаншчыцу. Нас замацавалі ў брыгаду цудоўнага спевака заслужанага артыста Беларусі Эдуарда Міцуля. Мы і іншыя артысты працавалі ў першым аддзяленні, а Эдуард Леанардавіч — у другім. І такой брыгадай мы шмат дзе пабывалі. Неяк ён сказаў нам прарочыя словы: “Ну што, дзяўчаты, вось паездзіце вы яшчэ трохі са мной, а потым, як і “Песняры” пойдзеце ў самастойнае жыццё”.
Мне вельмі запомніліся Дні культуры ў Алтайскім краі. Найперш, там вельмі прыгожыя азёры, на якія нас вазілі ў вольны час. Але самым цікавым было тое, што ў кожным горадзе, куды мы прыязджалі, былі поўныя залы. Пасля канцэртаў у нас бралі аўтографы і прасілі сфатаграфавацца на памяць. І нехта з нашай брыгады неяк запытаўся: “Скажыце, адкуль вы нас ведаеце”. “Калі мы ў афішы бачым “артысты беларускай эстрады”, мы ўсе ідзём смела, бо ўпэўнены, што канцэрт заўсёды будзе вельмі прафесійны і душэўны”.
Аляксандр. У філармоніі працавалі геніяльныя артысты, многія з якіх у свой час пацярпелі ад рэпрэсій. Сярод іх быў фенаменальны артыст размоўнага жанру Міхаіл Пісьман. І я лічу вялікім шчасцем, што мне выпала працаваць разам з ім. Ён бачыў маю цікаўнасць і раскрываў свае сакрэты: паказваў, як трэба трымацца на сцэне і размаўляць з публікай. Мы з ім былі ў адной калгаснай канцэртнай брыгадзе і ездзілі па беларускай глыбінцы з канцэртамі. Праз некаторы час я пайшоў на павышэнне — мяне перавялі ў канцэртную брыгаду заслужанага артыста БССР Мікалая Шышкіна. Гэта былі гастролі не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі і ва Украіне. І вось на адных такіх гастролях, у Харкаве (у той самы час, але ў іншай зале выступалі “Песняры”), я атрымаў тэлеграму, што мяне забіраюць на тэрміновую ваенную службу. Я быў у роспачы: зноў два гады служыць, і гэта пасля сямі гадоў сувораўскага вучылішча! У апошні дзень прызыву з абласнога ваенкамата мяне забіралі наступным чынам: прыязджае машына, у якой сядзіць ваенны аркестр, мне прывезлі форму, загадалі пераапранацца, далі ў рукі тубу, пасадзілі ў аўтобус і павезлі на выступленне. Справа ў тым, што ўсе дырыжоры, якія працавалі ў сувораўскім вучылішчы, перайшлі на павышэнне ў штабны аркестр. Служыць было лёгка: я ведаў увесь службова-страя-вы рэпертуар (столькі ўжо на парадах і святах адыграў!), ды і вольнага часу ў мяне было больш, чым у маіх саслужыўцаў. З таго часу памятаю адзін жарт. Каля казармы, дзе мы жылі, быў кабінет ваеннага дырыжора, які меў прамую тэлефонную сувязь з пастом дзяжурнага. Ішла генеральная ўборка, кожны займаўся сваімі справамі. Я зайшоў у кабінет дырыжора і па тэлефоне яго голасам прысвоіў двум салдатам званне старшага сяржанта, яшчэ аднаму — яфрэйтара. Яны, узрадаваныя, адразу кінуліся прышываць новыя лычкі на пагонах. Наступнай раніцай па пастраенні наш камандзір заўважыў у страі “павышаных у званні” і загадаў: “Знімай лычкі.” “Не буду!” — адказаў салдат. “Знімай!” — яшчэ раз паўтарыў камандзір. “Не буду! Мне патэлефанаваў падпалкоўнік і прысвоіў званне”. Камандзір здагадаўся, у чым справа: “Ціхановіч, пятнаццаць сутак арышту!” Але мяне пад арышт не пасадзілі, бо мы ў Доме афіцэраў ігралі на танцах, а без бас-гітары ніяк. Так што маё пакаранне абмежавалася пазбаўленнем звальнення. Але смяяліся мы з гэтага выпадку яшчэ доўга.
Напрыканцы маёй службы, у 1973 годзе, Валянціну Бадзьяраву дазволілі стварыць свой калектыў (ён тады ўжо не працаваў у “Песнярах”). І я папрасіўся ў армейскага начальства дазволіць мне наведваць рэпетыцыі новага калектыву, бо, як мяне ні прасілі, на звыштэрміновую службу заставацца я не збіраўся. 9 мая 1973 года мы адыгралі на парадзе, а ўжо 13 мая, звольніўшыся з ваеннай службы, я паехаў на гастролі з калектывам, які называўся “Мінск” (па аналогіі з групай “Чыкага”, бо мы таксама ігралі джаз-рок). У гэтым калектыве таксама працавалі будучы саліст “Песняроў” Валерый Дайнэка, будучы кіраўнік “Верасоў” Васіль Раінчык, барабаншчык Марык Шмелькін, трамбаніст Віктар Акінін, будучы ваенны дырыжор, трубач Віктар Баранаў — лепшыя беларускія музыканты таго часу. Напачатку было складана — армейская швабра дала пра сябе знаць. (Смяецца.) Валянцін Бадзьяраў, скрыпач па адукацыі, для кожнага інструмента аркестра пісаў вельмі складаныя партыі — нават бас-гітара іграла амаль як скрыпка. Сапраўды, было цяжка, і я падумаў, што трапіў не ў сваю каляіну, падумваў, што трэба сыходзіць у іншы калектыў. Пасля аднаго з канцэртаў нехта “накатаў” ананімку ў Міністэрства культуры, што музыка, якую мы ігралі, вельмі гучная і чужая савецкаму слухачу. І групу распусцілі, а ў гэты ж час мной зацікавілася кіраўніцтва ансамбля “Тоніка” Віктара Вуячыча.

— Як вы пазнаёміліся? Хто каго першы заўважыў?
Аляксандр. Першы раз “верасоўскіх” дзяўчат я бачыў, калі яны давалі канцэрт у Доме прафсаюзаў. Я, яшчэ салдат тэрміновай службы, перабег праз вуліцу (мы ігралі тады ў Доме афіцэраў), каб паслухаць, што яны іграюць. Калі працаваў у філармоніі, якраз фарміраваўся дзявочы ансамбль “Верасы”. Вось тады я ўпершыню на адной з рэпетыцый і заўважыў Ядзю. Другі раз мы перасякліся пасля канцэрта, які “Мінск” даваў у кансерваторыі. Дзяўчаты, тады студэнткі кансерваторыі, сустрэліся з намі пасля канцэрта ў парку каля кансерваторыі (там, дзе зараз знаходзіцца Палац Рэспублікі). І я пайшоў праводзіць дадому не Ядзю, а яе сяброўку.
Ядвіга. У 1973 годзе Эдуарду Міцулю стаў акампанаваць іншы калектыў — “Беларускі сувенір”, кіраваў якім Юрый Рымашэўскі. Мы вырашылі аб’яднацца і стварыць змешаны калектыў.
Аляксандр. Даведаўшыся пра гэта, нягледзячы на прапанову ад калектыву Віктара Вуячыча, выбраў “Верасы” (многія мяне не разумелі, бо праца з Вуячычам давала магчымасць гастраляваць не толькі па ўсім Савецкім Саюзе, але і за мяжой). Аднак я палічыў, што іграць у “Верасах” больш перспектыўна, і — галоўнае! — тут была Ядзя. І першае, што я зрабіў, калі даведаўся, што мяне ўзялі ў “Верасы”, — патэлефанаваў Ядзі, якая была музычным кіраўніком, каб паведаміць, што я буду з імі працаваць. Рэакцыя была вельмі спакойная і нават халодная: “Добра, будзеш і будзеш”. Пачаліся рэпетыцыі, і я паціху стаў абходжваць дзяўчыну сваёй мары.
— У той час набіралі папулярнасць “Песняры” і “Верасы”, таксама існавалі “Чараўніцы”. Гэта можна было назваць канкурэнцыяй?
Ядвіга. Мы ўсе працавалі пад дахам філармоніі, і заваёўваць рынак не было неабходнасці. Нашы гастролі распісвала кіраўніцтва філармоніі, і мы ездзілі туды, куды нас пасылалі. (Смяецца.)
З “Чараўніцамі” ў нас была вельмі цікавая гісторыя: мы пераманілі адтуль Надзею Мікуліч, якая потым была салісткай “Верасоў”.
Час ішоў — і дзяўчаты, якія працавалі ў “Верасах”, сталі сыходзіць з калектыву па аб’ектыўных прычынах. (Смяецца.) Першай ад нас пайшла бас-гітарыстка Рая Тарасава. Яе выбраннік быў супраць яе раз’язной работы ў калектыве. Рая стала добрым харавіком-дырыжорам і працавала ў Калінінградскай філармоніі, дзе пры жыцці заваявала вялікі аўтарытэт. Другой была Таісія Тлехуч. Яна выйшла замуж за бас-гітарыста, які працаваў у калектыве Эдуарда Міцуля. Потым пайшла з “Верасоў” і Таня Каралёва.
Я сутаргава пачала шукаць новых дзяўчат. Першую з іх — Людмілу Ісупаву — мне параіў Ігар Карасцялёў, які быў барабаншчыкам у калектыве “Залатыя яблыкі”, дзе іграў мой брат Часлаў. Акрамя таго, што ў яе быў вельмі стыльны і прыгожы голас, яна пісала песні. Таксама мы ведалі, што ў Гродне існуе самадзейны ансамбль “Чараўніцы”. Аднойчы падчас гастролей мы сустрэліся з удзельніцамі калектыву і заўважылі Надзею Мікуліч. Гэта было тое, што нам трэба, — цудоўнае сапрана і бас-гітара. Да пераманьвання Надзі ў “Верасы” далучыўся нават Эдуард Леанардавіч, які ўгаворваў яе бацькоў адпусціць сваю 18-гадовую дачку ў Мінск (бацькі доўгі час на гэта не пагаджаліся).
А “Чараўніцы” пад кіраўніцтвам Генадзя Лятынскага тады перамаглі ў конкурсе “Алё, мы шукаем таленты”. Іх таксама ўзялі ў філармонію (да гэтага яны існавалі як аматарскі калектыў).

— Па тым часе перамогі ў конкурсах адкрывалі вялікія перспектывы для любога выканаўцы і калектыву. Ці часта “Верасы” ўдзельнічалі ў конкурсах?
Аляксандр. Мы з барабаншчыкам падбівалі калектыў да ўдзелу ў конкурсе артыстаў эстрады, бо, дзякуючы яму, сапраўды можна было атрымаць вядомасць і перспектывы далейшага росту. Так мы сталі ўладальнікамі першай прэміі беларускага конкурсу артыстаў эстрады. На ўсесаюзны конкурс нас ніхто не хацеў пускаць, але кампазітар Яўген Глебаў і спявак Віктар Вуячыч, якія былі членамі журы, настаялі на тым, каб мы прадстаўлялі БССР на гэтым конкурсе. У нашы сілы мала хто верыў, а тагачасны дырэктар філармоніі Георгій Мікалаевіч Загародні нават сказаў: “Ціхановіч, калі “Верасы” на конкурсе пройдуць хаця б у другі тур, я звольнюся з работы”.
Пасля перамогі на ўсесаюзным конкурсе для нас адкрыліся вялікія перспектывы: “Верасы” сталі выпускаць грампласцінкі, удзельнічаць у прэстыжных тэлепраграмах, гастраляваць па ўсім Савецкім Саюзе.

— Якая з песень “Верасоў”, на вашу думку, самая жывучая?
Аляксандр. Шчыра кажучы, яны ўсе жывучыя. Але першая, якая “выстраліла”, была “Малінаўка”. Гісторыя ў гэтай песні вельмі цікавая. Мы запісвалі пласцінку, і па часе нам не хапала дзвюх з паловай хвілін гучання. На такі хранаметраж была толькі “Малінаўка”, і яе вырашылі проста ўставіць на гэтую пласцінку. Пасля таго як мы запісалі песню, музычны рэдактар фірмы “Мелодыя” Уладзімір Рыжыкаў праслухаў запісаны матэрыял і сказаў: “Аплявуха!” “Каму аплявуха?” — здзіўлена запытаўся я. — “Усім аплявуха!” На наш погляд, там было столькі песень, лепшых за гэту, але самай папулярнай стала менавіта “Малінаўка”. Прайшоў час — мы сталі лаўрэатамі тэлевізійнага конкурсу “З песняй па жыцці”. Нас запрасілі ў калонны зал Дома саюзаў, дзе мы ўпершыню выканалі “Малінаўку”. Праспявалі і забыліся пра яе. Але праз некаторы час на канцэртах сталі прыходзіць запіскі “Праспявайце песню са свістком”. У нашым рэпертуары была песня пра БАМ, дзе было сола на флейце, мы яе і спявалі па просьбах гледачоў.
Аднойчы ў “Ранішняй пошце” па тэлевізары ўбачыў запіс таго нашага выступлення з “Малінаўкай” у Доме саюзаў — і мяне асяніла: дык вось што за песню са свістком патрабавалі гледачы! І ўжо ўвечары на канцэрце ў Мурманску мы спявалі “Малінаўку” тройчы запар.
Потым была песня “Я у бабушки живу”, якая стала дэмаграфічным гімнам СССР, “Завіруха”, “Обломал немало веток” — любімыя народам песні, якія спявалі нават за сталом.

— Калі б вы не сталі музыкантам, кім бы вы маглі быць?
Аляксандр. Ваенным музыкантам. Без музыкі не абышлося б.

— Ваша дачка выбрала сцэнічную кар’еру. Ці ўплывалі вы нейкім чынам на яе прафесійны выбар?
Аляксандр. Насця выбірала прафесію свядома. Яна расла як дзіця закулісся, бачачы нашу работу знутры, з усімі яе цяжкасцямі і радасцямі.
Ядвіга. Яна бачыла, якой працай дасягаецца тая лёгкасць, якую нясуць са сцэны артысты. Сапраўды, чым большы прафесіяналізм артыста, тым менш на сцэне бачна яго закулісная работа. Кроў, пот і слёзы гледачы бачыць не павінны.
Аляксандр. Калі для кагосьці жыццё артыста — таямніца за сямю пячаткамі, для Насці гэта было як на далоні. Ідучы ў гэтую сферу, яна разумела, з чым ёй давядзецца сутыкнуцца ў жыцці. І калі Насця без нас (мы былі на гастролях, і яна хадзіла туды з Ізмаілам Капланавым) паступіла ў музычны каледж, мы былі вельмі рады.
Ядвіга. Насця пачынала творчую дзейнасць самастойна, старалася рабіць усё так, каб мы нават не ведалі, што і як у яе адбываецца, каб ніхто не сказаў ёй, што мы ёй дапамагалі.
Аляксандр. Калі дачка стала займацца музыкай прафесійна і яе сталі заўважаць, “добрыя людзі” ўсё роўна пастаянна намякалі, маўляў, канечне, мама з татам дапамаглі выбіцца ў людзі.
Ядвіга. Як бы там ні было, усё роўна будуць так гаварыць. І вельмі шкада, што Насця шмат часу і сіл патраціла на пераадоленне цяжкасцей і проста змарнавала час.
Аляксандр. Сёння яна стала выдатнай выканаўцай, цудоўным прадзюсарам, граматным сцэнарыстам, прычым дабілася ўсяго гэтага сваёй працай. Падспудна яна не магла быць горшай. У яе з самага пачатку была пастаўлена вельмі высокая планка, якой для нас у свoй час былі “Чырвоныя гітары”, “Песняры”, “Бітлз”.

— Ці ёсць нешта, пра што вы шкадуеце, чаго вы не зрабілі ў жыцці?
Аляксандр. Можна шкадаваць і пра зробленае, і пра нязробленае. Шмат на што не хапіла часу, шмат часу было ўпушчана, шмат памылак было зроблена. Але кожны чалавек унікальны, і пакуль не наб’е шышак, ён мала што зразумее. Каб я ў свой час слухаў бацькоў і сяброў, мог бы пазбегнуць многіх жыццёвых праблем і цяжкасцей і зрабіць значна больш.
Ядвіга. Усё жыццё атрымліваецца так, што я раблю тое, што патрэбна іншым, а на рэалізацыю сваіх задум проста не хапае часу. Думала, што, як стану старэйшай, займуся сваімі справамі, але не атрымліваецца. (Смяецца.) Я раблю аранжыроўкі то сабе, то камусьці іншаму, калі папросяць, то выконваю нейкую неабходную тэрміновую работу… А ў мяне ляжыць мноства маіх і Сашавых уласных песень, якім бы таксама даць рады, але рукі не даходзяць. Вельмі многа часу займаюць гастрольныя паездкі. А калі вяртаемся дадому, за некалькі дзён прыходзіцца рабіць тое, што звычайныя людзі робяць за месяц-два.

— Ці не спрабавалі сябе ў выкладчыцкай дзейнасці?
Ядвіга. Падчас педагагічнай практыкі ў кансерваторыі я займалася з адным вельмі старанным хлопцам. Яго маці хацела, каб ён стаў знакамітым музыкантам, а яму — я бачыла гэта ў яго вачах — гэтага так не хацелася… Яго вочы запаліліся, калі я аднойчы расказала яму, што купіла сабе фотаапарат “Змена”. Ён з такім задавальненнем дапамагаў мне разбірацца з фотаапаратам… Гэта нават было стымулам лепш рыхтавацца да заняткаў, каб мець магчымасць патрымаць у руках той фотаапарат і пафатаграфаваць.
Педагог — гэта прызванне. Відаць, я не змагла б весці педагагічную дзейнасць. І гэта не звязана з наяўнасцю, напрыклад, педагагічнай цярплівасці ці яшчэ якіх-небудзь якасцей. Я разумела, што ў гэты канкрэтны момант у мяне няма неабходнасці ў такой дзейнасці, ды і часу не было таксама. Нават калі ў Насці праявіліся музычныя здольнасці, я папрасіла сваю школьную сяброўку пазаймацца з дачкой музыкай. Я вельмі люблю дзяцей, добра іх адчуваю і кантактую з імі. Можа, каб не эстрадная кар’ера, я была б добрым педагогам ці канцэртмайстрам, таму што ў мяне ёсць рыса, прывітая маімі бацькамі, — адказнаць: калі рабіць што-небудзь, то рабіць выключна на выдатна.

— Усё ваша жыццё — гэта кампраміс і пастаянны выбар. Ці так гэта?
Аляксандр. Жыццё любога чалавека складаецца з кампрамісаў. Галоўнае — пачуць Божую падказку і прыняць правільнае рашэнне. Мы заўсёды выбіраем свой шлях з некалькіх магчымых варыянтаў.

— Дзякуй вялікі за гутарку. Ад імя чытачоў “Настаўніцкай газеты” жадаю вам здароўя, твочага плёну, новых песень і, галоўнае, удзячнай публікі.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з асабістага архіва
Ядвігі ПАПЛАЎСКАЙ і Аляксандра ЦІХАНОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *