Старажытны Полацк — гэта музей пад адкрытым небам. Знаёміцца з яго незвычайнымі экспанатамі (будынкамі мінулых стагоддзяў, помнікамі, скульптурамі, абеліскамі) можна вельмі доўга, амаль бясконца. Столькі ж часу спатрэбіцца і для знаёмства з прадметамі і калекцыямі традыцыйных у нашым разуменні музеяў, якіх у Полацку налічваецца аж 11. І гэта не ўлічваючы музеяў устаноў адукацыі. Адным з самых вядомых з’яўляецца Музей беларускага кнігадрукавання. Журналісты (работнікі друку) проста не маглі яго не наведаць.
На самым беразе Заходняй Дзвіны, у мураваным будынку XVIII стагоддзя былога жылога корпуса мужчынскага праваслаўнага Богаяўленскага манастыра, на тым самым месцы, дзе калісьці вучыўся, а потым выкладаў, складаў свае знакамітыя творы Сімяон Полацкі — месца для музея кнігадрукавання выдатнае. Прасторныя калідоры, не менш прасторныя залы — і ўсюды яе вялікасць кніга. Кнігі ХІІ стагоддзя, кнігі XVI стагоддзя, кнігі XVIІІ, ХХ стагоддзяў, кнігі ХХІ стагоддзя ў сучасным электронным варыянце. Музей беларускага кнігадрукавання — сапраўдны храм кнігі. І знаходзіцца гэты храм на малой радзіме святой Ефрасінні, славутага Францыска Скарыны, Сімяона Полацка, у горадзе, дзе ўжо ў ХІ стагоддзі пры Сафійскім саборы знаходзілася багатая бібліятэка і дзе на пачатку ХІХ стагоддзя ў Полацкім езуіцкім калегіуме налічвалася больш за 23 тысячы тамоў. Палачане ганарацца музеем кнігадрукавання. Напэўна, не знойдзецца ніводнага мясцовага навучэнца, педагога, якія хаця б разок ні азнаёміліся з унікальнымі калекцыямі.
Як паведаміла вядучы навуковы супрацоўнік Вера Яўгеньеўна Ашуева, Музей беларускага кнігадрукавання быў адкрыты ў юбілейны Скарынаўскі год, 8 верасня 1990 года, калі ўрачыста адзначалася 500-я гадавіна нараджэння нашага першадрукара. Менавіта дзеля размяшчэння будучай экспазіцыі, па рашэнні на той час Міністэрства культуры БССР, і быў адрэстаўрыраваны будынак XVIII стагоддзя. Адначасова з рэстаўрацыйнымі работамі пачаўся пошук кніжных скарбаў, якія калісьці захоўваліся ў Полацку. У фонды будучага музея перадаваліся калекцыі з бібліятэк усёй краіны, набываліся яны ў букіністычных магазінах, у прыватных асоб. Сёння 15 залаў музея змяшчаюць далёка не ўсе прадметы. Многае захоўваецца ў дапаможных фондах. Музейная экскурсія — гэта ўнікальнае падарожжа ў часе. Пачынаецца гэтае знаёмства не з ХІ стагоддзя і нават не з Х, калі на беларускіх землях пачалі з’яўляцца першыя рукапісныя кнігі. Першае сваё падарожжа наведвальнікі здзяйсняюць у часы Старажытнага Егіпта, Індыі, Блізкага Усходу.
— А пачыналася ўсё з простых матэрыялаў. Што было пад рукамі, на тым людзі і пісалі. Захоўваецца фрагмент каменя, гліняная таблічка, якая нагадвае нам пра бібліятэку старажытнага Вавілона, індыйская пальмавая кніга і папірус — першы ўніверсальны пісьмовы кніжны матэрыял. Калі мы вучням расказваем пра папірус, то згадваем і школьнае жыццё Егіпта, гаворым, як нялёгка хлопчыкам было скручваць папірус і як лёгка было выпраўляць памылкі. Пісалі ж чарнілам, а яно лёгка змывалася з папіруса вадой. Старажытнаегіпецкія вучні для зручнасці проста злізвалі памылкі языком. У канцы заняткаў настаўнік глядзеў на колер языка дзяцей. У каго язык быў самы чорны, той, значыць, больш за ўсіх зрабіў памылак. Так у жартаўлівай форме мы даводзім, асабліва малодшым школьнікам, пра важнасць чыстапісання, — паведаміла Вера Яўгеньеўна.
На беларускіх землях у старадаўнія часы пісалі на валунах (адзін з іх, знакаміты Барысаў камень, знаходзіцца каля Сафійскага сабора). Пісалі на так званых васкоўках. Самым простым і даступным матэрыялам для пісьма на нашых землях была бяроста. Кніга ў традыцыйным нашым успрыманні прыйшла разам з хрысціянствам. У якасці матэрыялу выкарыстоўваўся пергамент. Да канца XVIII стагоддзя папера рабілася з тканіны, а потым паступова асноўнай сыравінай для паперы становіцца драўніна. Падчас экскурсіі можна даведацца пра цікавае паходжанне арнаментаў. Аказваецца, узніклі яны невыпадкова. Каб прыхаваць няўдала выведзеную літару, перапісчыкі малявалі адмысловыя ўзоры, так і з’яўляліся арнаменты. Вядомы факт: для манаха-перапісчыка памылка была грахом. За кожную няправільна выведзеную літару неабходна было трымаць два дні строгага посту на хлебе і вадзе. Дарэчы, рэканструяваная рукапісная майстэрня з васковай фігурай манаха-перапісчыка найбольш уражвае вучняў-наведвальнікаў. У першыя секунды здаецца, што гэта не фігура манаха, а сапраўдны чалавек на імгненне застыў з гусіным пяром у руцэ каля кавалку пергамента.
Кожная музейная экскурсія адукацыйная, утрымлівае матэрыял, які будзе карысны пры праходжанні пэўных тэм па гісторыі, мове і літаратуры. Цэнтральная частка экспазіцыі прысвечана асветніцкай дзейнасці Францыска Скарыны. Знакамітае выданне Скарыны “Малая падарожная кніжыца” — гэта своеасаблівы смартфон XVI стагоддзя. Яе зручна было браць з сабой у дарогу. Наогул, знакаміты палачанін выдаваў Біблію не тоўстымі фаліянтамі, а больш даступнымі экзэмплярамі і па памерах, і па вазе. Скарыну гэта было зручна як выдаўцу, для пакупнікоў такія кнігі таксама былі даступнымі. Дарэчы, самы таўшчэзны музейны прадмет (стараверскае выданне 1641 года) налічвае 1185 пранумараваных старонак, а самая цяжкая кніга важыць 26 кг. Гэта апісанне каранацыі расійскага імператара, якую перадалі ў Полацк з Эрмітажа. Але школьнікам і студэнтам найбольш падабаецца вітрына з самымі маленькімі кнігамі.
Асобная зала — друкарня часоў нашага першадрукара. Яна робіць не меншае ўражанне на наведвальнікаў, чым фігура манаха-перапісчыка. Тут мы бачым, што ў друкарні працавала як мінімум двое майстроў, у кожнага быў свой абавязак, свая няпростая праца, прычым шкодная для здароўя. За наборнай касай працаваў майстар-наборшчык, які з металічных літар, адлітых са спецыяльнага сплаву свінца, набіраў тэкст. Кожная літара размяшчалася ў люстраным адбітку. Разам з літарамі часта набіралася і гравюра. Кожная старонка адбівалася 100, 200, 300 разоў, пакуль не выходзіў увесь тыраж.
— Заўсёды з цікавасцю школьнікі знаёмяцца з імправізаваным кабінетам настаўніка мінулых часоў, дзе абавязкова былі розгі, якія, як пісалі раней, “памяць узбуджаюць”. Аказваецца, калісьці дзецям не задавалі дамашняга задання, але тых, хто не старанна вучыўся, перыядычна лупцавалі розгамі (пругкімі галінкамі). Мы пытаем у сучасных дзяцей, што б яны выбралі: дамашняе заданне або розгі. Большасць чамусьці выбірае розгі, — усміхаецца экскурсавод.
Акрамя Францыска Скарыны, музейныя прадметы расказваюць пра дзейнасць яго паслядоўнікаў (Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Івана Фёдарава, Пятра Мсціслаўца, Мялеція Сматрыцкага). У музеі захоўваецца багатая калекцыя выданняў XVI — XVII стагоддзяў. Сярод рарытэтаў — “12
прамоў” Іераніма Фалецкага (выдадзены ў Венецыі ў 1558 годзе) і “Евангелле вучыцельнае” (Вільня, друкарня Мамонічаў, 1595
год). У вялікай колькасці прадстаўлены выданні беларускіх пісьменнікаў і паэтаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя (Янкі Купалы, Якуба Коласа, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Багдановіча, Цёткі, Янкі Журбы, Змітрака Бядулі і інш.), падручнікі Браніслава Тарашкевіча, Максіма Гарэцкага, Язэпа Лёсіка, слоўнікі Вацлава Ластоўскага і Яна Станкевіча, календары пачатку
ХХ стагоддзя, газеты і часопісы 1920—1930 гадоў. Супрацоўнікі музея працягваюць папаўняць калекцыю новымі прадметамі.
— Кожная
наша экскурсія абавязкова заканчваецца каля помніка-сімвала беларускай мовы. Менавіта так яго паказаў сучасны скульптар Павел Вайніцкі. Гэта яго дыпломная работа. Жаночая фігура ўвасабляе нашу родную мову. Храм у руках і
німб вакол галавы гавораць нам пра святасць мовы. Кніга ў руцэ — сімвал
адукаванасці і ведаў, кнігадрукавання.
Падзелена скульптура на дзве часткі.
Светлы бок сведчыць пра росквіт беларускай мовы, культуры, нашай дзяржаўнасці, цёмны бок — пра тыя часы, калі ўсё беларускае забаранялася, знішчалася. А што далей,
цёмнага ці светлага будзе
больш, гэта ўжо залежыць ад кожнага
з нас. Дарэчы, пра скульптуру ўсім наведвальнікам, незалежна ад нацыянальнасці, мы абавязкова
расказваем на беларускай мове, —
паведаміла Вера Яўгеньеўна.
На радзіме святой Ефрасінні і славутага Скарыны, на самым беразе Заходняй Дзвіны, у каменным будынку XVIII стагоддзя. Гэтае месца не можа не прыцягваць сваёй гістарычнасцю, таямнічасцю. Музей беларускага кнігадрукавання, яе вялікасць кніга чакаюць вас.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.