Як аказаць дзейсную практычную дапамогу педагогам, ведаюць у Бярозаўскім раёне

- 9:00Главная, Образование

Як аказаць дзейсную практычную дапамогу педагогам, ведаюць у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Пра найбольш запатрабаваныя формы работы, школу стажора і інавацыйную дзейнасць карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з загадчыкам вучэбна­-метадычнага кабінета Таццянай Анохінай. 

— Таццяна Аляксандраўна, назавіце, калі ласка, напрамкі работы, якія для ВМК з’яўляюцца вызначальнымі?

— Асноўнай мэтай метадычнай службы мы бачым стварэнне ўмоў для ўдасканалення прафесійнай культуры і кампетэнтнасці настаўнікаў і іншых катэгорый педагагічных работнікаў. У першую чаргу наша дзейнасць накіравана на арганізацыю і наладжванне работы раённай метадычнай сеткі. У сёлетнім навучальным годзе арганізаваны 47 метадычных фарміраванняў для кіраўнікоў і педагогаў устаноў адукацыі з улікам іх кваліфікацыйнага ўзроўню, прафесійных інтарэсаў і адукацыйных патрэб, уключаючы вучэбна-метадычныя аб’яднанні для настаўнікаў, школы для маладых спецыялістаў, школы перадавога вопыту і ўдасканалення педагагічнага майстэрства, творчыя групы і інш.

Мы арганізоўваем метадычнае суправаджэнне атэстацыі педагагічных работнікаў. Адзначу, што ў 2023 годзе паспяхова здалі кваліфікацыйны экзамен пры праходжанні атэстацыі на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі 45 педагогаў раёна. Сёлета, дарэчы, таксама больш за 40 педагогаў уключаны ў графікі здачы кваліфікацыйнага экзамену. ­Займаемся выяўленнем і распаўсюджваннем эфектыўнага педагагічнага вопыту. Арганізуем і праводзім семінары, круглыя сталы і іншыя навукова-практычныя мерапрыемствы ў асноўным практычнага характару для педагогаў. 

На базе раёна праходзяць абласныя і рэспубліканскія мерапрыемствы. Так, у лістападзе на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы адбыўся абласны савет дырэктараў па тэме “Актуальныя напрамкі развіцця інавацыйнага адукацыйнага асяроддзя ў мнагапрофільных установах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэсцкай вобласці”. У межах семінара метадыст Ірына Жук прадставіла вопыт работы па тэме “Інтэрнэт-праекты па пытаннях грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў”.

У снежні на базе раёна сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў праведзены двухдзённы семінар-практыкум для настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя па тэме “Павышэнне эфектыўнасці і якасці фізічнага выхавання навучэнцаў праз выкарыстанне перадавога і сучаснага вопыту ў адукацыйным працэсе”, які сабраў больш за 300 кіраўнікоў і педагогаў з усёй краіны.

Мы забяспечваем таксама арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне раённых адукацыйных, спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых, культурна-масавых мерапрыемстваў, алімпіяд, конкурсаў, турніраў, фестываляў і іншых мерапрыемстваў з удзелам навучэнцаў.

Сёлета ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прынялі ўдзел 4 вучні (Аліна Лычык, Настасся Марголь — па беларускай мове, Марыя Жук — па хіміі, Павел Краўчук — па біялогіі). У рэспубліканскім этапе конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў будуць прадстаўлены 2 даследчыя работы: Ганны Кузняцовай па беларускай мове і Ірыны Валошчык па англійскай мове.

З мэтай падтрымкі маладых талентаў 25 студзеня быў праведзены i раённы баль для адораных навучэнцаў Бярозаўскага раёна, якія дасягнулі поспехаў у вучобе, творчасці, спорце, грамадскай дзейнасці па выніках папярэдняга года. Спа­дзяёмся, што гэтае мерапрыем­ства стане традыцыйным.

Для павышэння метадычнага ўзроўню педагогаў, выяўлення і распаўсюджвання інавацыйнага вопыту плануем і арганізуем удзел педагагічных работнікаў у конкурсах прафесійнага майстэрства. Прыемна адзначыць, што ў 2023 го­дзе педагог сацыяльны Сігневіцкай ­сярэдняй школы Вольга Басалай стала пераможцай абласнога конкурсу “Педагог сацыяльны года”.

Юбілейны фестываль

— На ваш погляд, якая роля адводзіцца сёння метадысту ў сістэме адукацыі?

— Думаю, роля метадыста ў сучаснай сістэме адукацыі вельмі шматгранная, бо дыяпазон дзейнасці даволі шырокі. У першую чаргу дзейнасць метадыста накіравана на вывучэнне і аналіз адукацыйных патрэб педагогаў і аказанне ім практычнай метадычнай дапамогі. У той жа час метадысты займаюцца арганізацыяй і правядзеннем сістэматычнага назірання за станам сістэмы адукацыі, дынамікай вынікаў, умовамі ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці, рыхтуюць інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы па пытаннях арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі раёна.

— Якія найбольш запатрабаваныя формы метадычнай работы ў раёне вы б назвалі?

Педагог — гэта перш за ўсё практык, таму найбольш запатрабаванымі формамі метадычнай работы з’яўляюцца практычныя мерапрыемствы, такія як семінары-практыкумы, майстар-класы, трэнінгі і іншыя. Таксама, як гэта ні парадаксальна, у наш век інфармацыйных тэхналогій і віртуальных зносін усё больш актуальнымі ­становяцца сумесныя мерапрыемствы ў фармаце жывых зносін, таму арганізуем для кіраўнікоў і педагогаў экскурсіі, паездкі, сустрэчы з калегамі з іншых раёнаў. Так, была арганізавана сумесная сустрэча кіраўнікоў нашых устаноў адукацыі з кіраўніцкім корпусам Івацэвіцкага раёна.

У нашым раёне ўжо традыцыйнай формай метадычнай работы стала правядзенне фестывалю педагагічных ідэй. У сакавіку прайшоў V юбілейны фестываль. У яго межах было прадстаўлена 29 майстар-класаў, аб’яднаных агульнай тэмай “Праз практыка-арыентаванае навучанне да якасці адукацыі”. Тэма выбрана невыпадкова, бо знакавай адукацыйнай па­дзеяй гэтага навучальнага года стала правядзенне ў лістападзе 2023 года Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі, а 2024 год аб’яў­лены Годам якасці.

Фестываль развіваецца і пашырае свае межы. Прыемна адзна­чыць, што ў ім прымаюць удзел вопытныя настаўнікі-метадысты з іншых раёнаў вобласці: Таццяна Гар­дзіеўская, настаўнік-метадыст па фізічнай культуры і здароўі, і Ірына Кузенька, настаўнік-метадыст па рускай мове і літаратуры. З кожным годам расце колькасць і ўдасканальваецца якасць прадстаўленых стэндавых прэзентацый (сёлета іх было 47), якія адлюстроўваюць лепшы вопыт і дасягненні ўстаноў адукацыі.

За 5 гадоў фестываль педагагічных ідэй стаў неад’емнай часткай сістэмы выяўлення і распаўсюджвання лепшага педагагічнага вопыту і пашырэння прафесійных гарызонтаў.

— Наколькі актыўна педагогі прымаюць удзел у інавацыйнай дзейнасці?

— У бягучым годзе ва ўстановах адукацыі Бярозаўскага раёна рэалізуюцца 9 інавацыйных праектаў па розных актуальных напрамках, такіх як фарміраванне чытацкай дасведчанасці ў вучняў, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне на аснове гісторыі і традыцый беларускага народа, карэкцыйна-педагагічная работа з навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, кіраванне якасцю адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і інш.

Інавацыйны праект “Укараненне мадэлі бяспечных паводзін у сетцы Інтэрнэт суб’ектаў адукацыйнага працэсу”, які рэалізуецца ў гімназіі Белаазёрска, накіраваны на выхаванне навучэнца як дасведчанага карыстальніка сеткі Інтэрнэт, які валодае навыкамі самастойнага і адказнага спажыўца інфармацыйнай прадукцыі. Можна з упэўненасцю сказаць, што інавацыйная дзейнасць ва ўстанове стала адным са складнікаў работы педагагічнага калектыву, што дазволіла ўдасканальваць навыкі педагагічнага даследавання, павысіць прафесійны ўзровень педагогаў, набыць устойлівую патрэбнасць у далейшым прафесійным росце. Тым самым былі створаны канкурэнтныя перавагі, высокая матывацыя кадраў і ўмовы для павышэння якасці адукацыі і выхавання ў цэлым. На прамежкавым этапе праекта створана інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе, якое стымулюе і падтрымлівае інавацыйную дзейнасць яе ўдзельнікаў, выпрацаваны механізмы адаптацыі новых ідэй да ўмоў і магчымасцей установы адукацыі.

У сярэдняй школе № 3 Белаазёрска рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі этнічнай сацыялізацыі і фарміравання полікультурнай кампетэнтнасці асобы навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”. Яго сутнасць заключаецца ў аналізе і абагульненні назапашанага вопыту ў патрыятычным выхаванні папярэдніх пакаленняў, распрацоўцы адукацыйных сітуацый, педагагічных метадаў, форм сацыяльнага партнёрства і ўплыву па адраджэнні і выкарыстанні нацыянальных традыцый. Педагогі ўстановы пастаянна знаходзяцца ў творчым пошуку. Актыўна працу­юць Ірына Радзівонава, Святлана Чаховіч. На базе ўстановы створаны раённы рэсурсны цэнтр па пытаннях духоўна-маральнага выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі.

Школа стажора

— Таццяна Аляксандраўна, а якая метадычная падтрымка аказваецца маладым педагогам?

— Мэта работы з маладымі спецыялістамі — стварэнне ўмоў для іх прафесійнага станаўлення і самарэалізацыі. Адной з найбольш эфектыўных форм работы з’яўляецца настаўніцтва. На раённым узроўні штогод арганізоўваецца школа стажора для маладых спецыялістаў першага года работы, якую ўзначальвае вопытны настаўнік-метадыст Галіна Руціч. Таксама працуюць школы маладых педагогаў са стажам работы да 5 гадоў па розных напрамках. У мэтах знаёмства і згуртавання маладых спецыялістаў, арганізацыі іх вольнага часу рэгулярна праводзім інтэлектуальныя гульні, спартыўныя спаборніцтвы, экскурсіі і іншыя мерапрыем­ствы. На працягу 2 апошніх гадоў на канікулах практыкуем правядзенне інтэлектуальнай гульні “Эрудыты” па пэўнай тэматыцы з выхадам у розныя ўстановы адукацыі.

Штогод у раён прыбываюць каля 30 маладых спецыялістаў.

— Што неабходна зрабіць для павышэння эфектыўнасці работы метадычнай службы?

— Лічу, што работа метадычнай службы павінна насіць апера­джальны характар і быць накіравана на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў па актуаль­ных для сістэмы адукацыі пытаннях. Не менш важнай з’яўляецца работа па павышэнні прэстыжу прафесіі педагога і фарміраванні станоўчага стаўлення да настаўніка ў грамадстве.

***

Бярозаўскі раённы ВМК — калектыў кампетэнтных, адказных і захопленых справай людзей. На чале з Таццянай Анохінай творча працуюць метадысты Алена Каташэвіч (курыруе работу педагогаў-псіхолагаў і педагогаў сацыяльных), Юлія Завадзіч (каардынуе дзейнасць прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў, працуе з замяшчальнымі сем’ямі), Ганна Жуковіч (займаецца прафілактыкай шкодных залежнасцей і прапагандай здаровага ладу жыцця), Ірына Жук (курыруе дзейнасць педагогаў-арганізатараў), сакратар Кацярына Левашэвіч. Метадычнае суправаджэнне настаўнікаў па вучэбных прадметах ажыццяўляюць Валянціна Венгерчук, Алена Казак, Таццяна Якушык, Таццяна Брэнька, Наталля Закупоўская. Дзейнасць педагогаў-дашкольнікаў каардынуе Людміла Лайтар. Гэта сапраўды прафесіяналы сваёй справы, якія веда­юць, як захапіць настаўнікаў пэўнай ідэяй, павесці за сабой, уключыць іх у актыўную дзейнасць.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара