Як ажывае гісторыя на ўроках Людмілы Гурыновіч

- 11:26Учитель года

Убачыць жывую гісторыю, адчуць яе і прапусціць праз сябе вучыць сваіх выхаванцаў настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 31 Мінска імя К.Т.Мазурава, настаўнік-­метадыст, кіраўнік гарадской дыялогавай пляцоўкі для настаўнікаў­-прадметнікаў “Урокі майстра” Людміла Гурыновіч. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Людміла Міхайлаўна родам з педагагічнай сям’і, гарызантальнай дынастыі, у якой бацькі, дзядзькі і цёткі, брат і сёстры — настаўнікі. Нягледзячы на гэта, дзяўчынай яна нават і не задумвалася пайсці па педагагічным шляху. Л.Гурыновіч прызнаецца, што заўсёды любіла атрымліваць веды сама, а не камусьці іх перадаваць. Многім захаплялася, шмат чытала. Яе цікавіла і біяграфія Чкалава (і тады з’яўляліся чарцяжы самалётаў), і “Займальная мінералогія” Ферсмана. А калі ў школе захапілася хіміяй, то вырашыла паступаць на хімічны факультэт БДУ. І перад дзяўчынай паўстаў выбар: падаваць дакументы на вытворчае аддзяленне ці педагагічнае. Неяк інтуітыўна яна вымавіла: “Педагагічнае”.

— Што тычыцца гісторыі, я не задумвалася аб занятках ёй, бо, калі дыхаеш паветрам, не задумваешся, што яно табе патрэбна, — тлумачыць настаўніца. — Гісторыя была проста часткай майго жыцця. З 5—6 гадоў я чытала гістарычныя раманы. З “Айвенга” і “Як загартоўвалася сталь” пазнаё­мілася ў 8 гадоў. Падабалася думаць, разважаць, аналізаваць. І ўжо праз год пасля заканчэння хімфака паступіла завочна на гістарычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педуніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Пасля там жа cкончыла магістратуру, абараніла магістарскую дысертацыю.

Першыя гады работы ў Белавежскай сярэдняй школе Камянецкага раёна, у якой, дарэчы, педагог працавала 30 гадоў, паказалі, што гісторыя — гэта тое, што сапраўды цікава маладой настаўніцы і чым яна хоча займацца ў далейшым.

— Мае першыя ўрокі праходзілі ў 11 класе, і мне хацелася правесці іх так, каб дзецям было цікава, — расказвае Людміла Міхайлаўна. — Калі вучні мне задавалі пытанні, на якія на той момант я не ведала адказу, то шчыра гаварыла пра гэта і абяцала даць адказ на наступным уроку. Па водзывах выпускнікоў, ніколі не падманула іх. Як у кожнага маладога настаўніка, не хапала вопыту, ведання таго, якія тэмы найбольш складаныя для ўспрымання дзяцей, як іх лепш пада­ваць і якія метадычныя прыёмы выкарыстоўваць. Пазбавіцца гэтых цяжкасцей дапамаглі мае баць­кі, да якіх я звярталася ў самых складаных выпадках, і атрымлівала добрую практычную параду.

У рабоце з навучэнцамі педагога і зараз прыцягвае вечна змяняльны і захапляльны свет дзіцяці, разнастайнасць: кожны ўрок, нават калі ён праводзіцца па адной і той жа тэме, заўсёды не падобны на папярэдні: зусім іншыя школьнікі, іх пытанні, цікавасць да таго, што робіць настаўнік.

— З цягам часу мы ўсе мяняемся, гэта натуральны пра­цэс, — адзначае Людміла Міхайлаўна. — Аднак дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі. Такія ж дапытлівыя і цікаўныя, шчырыя і адкрытыя. З’яўляюцца нейкія адрознівальныя знешнія рысы, антураж. Напрыклад, калі я пачынала працаваць, не было гаджэтаў, паведамленні пісалі ад рукі, аднак цікавасць да свету, да жыцця ў школьнікаў заставаліся і застаюцца цяпер.

Людміла Гурыновіч — суаўтар вучэбна-метадычнага дапаможніка для настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”, дыдактычнага дапаможніка “(Не)забытыя ахвяры вайны”, вучэбна-метадычных комплексаў для правядзення факультатыўных заняткаў па гісторыі.

Сярод прынцыпаў работы Людмілы Гурыновіч — павага да асобы дзіцяці, яго меркавання, уменне выслухаць, аказаць дапамогу, калі яна патрэбна, а таксама ўсведамленне пачуцця адказнасці за тое, што робіш і што кожнае слова настаўніка ідзе ў душы дзяцей, адгукаючыся там. Для педагога адзнака — гэта ацэнка ведаў вучня ў цяперашні момант, а не ацэнка яго самога. Важным лічыць Людміла Міхайлаўна не заставацца на месцы, не страчваць інтарэсу да таго, што адбываецца вакол, а знаходзіцца ў пастаянным пошуку і развіцці. Тады настаўнік па-ранейшаму будзе заставацца цікавым вучням.

Дзяцей з пачатку вывучэння прадмета захапляе менавіта падзейны пласт — сама гісторыя, аповеды настаўніка. Так, у 5 класе пры вывучэнні Старажытнага Егіпта і Старажытнай Грэцыі педагог расказвае міфы. І год ад году гучыць дзіцячае “А сёння міфы будуць?”. Паступова Людміла Міхайлаўна паказвае навучэнцам, што яе прадмет — гэта не толькі аповед пра тое, што было, а найперш — чаму было: устанаўленне прычынна-выніковых сувязей, разбор падзей, персаналізацыя, каб яны ўсвядомілі, што гісторыя — гэта не радкі ў падручніку з прозвішчамі, імёнамі, якія трэба прачытаць, адказаць і забыць, гэта жывыя лю­дзі са сваімі марамі, жаданнямі, памк­неннямі, якія часта жывуць у няпростыя часы.

Для гэтага ў метадычнай скарбонцы настаўніцы назапашаны элементы розных педагагічных тэхналогій: праблемнага навучання, развіцця крытычнага мыслення, пошукава-даследчых. Дарэчы, на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” Людміла Гурыновіч будзе прадстаўляць педагагічны вопыт па тэме “Выкарыстанне метадычных прыёмаў фарміравання гістарычнай памяці для развіцця даследчай кампетэнцыі навучэнцаў 5—11 класаў на ўроках гісторыі”.

— Калі гаварыць аб персаналізацыі, то адзін з прыёмаў, які прымяняецца ў старшых класах, — гэта “Дзённік з мінулага”, — расказвае настаўніца. — Калі мы вывучаем тэмы па Вялікай Айчыннай вайне, то разам з дзецьмі імкнёмся ўявіць жыццё іх равеснікаў у тыя часы. І калі ёсць жаданне ў вучняў, прапаную ім напісаць дзённік. Першая такая работа “Дзённік з гета” была напісана ад асобы 15-гадовай мінчанкі, якая трапіла ў гета і выратавалася з яго (аўтар вучаніца 11 класа Белавежскай сярэдняй школы Марыя Янюк). Гэта была мастацкая работа, заснаваная на рэальных гістарычных фактах. За яе на міжнародным конкурсе “Халакост: памяць і папярэджанне” ў Маскве дзяўчына адзначана дыпломам ІІІ ступені.

На сваіх уроках педагог прапануе вучням паставіць сябе на месца таго ці іншага чалавека і падумаць, як бы яны дзейнічалі ў той ці іншай сітуацыі.

Яшчэ адзін прадукцыйны прыём “Імя, вобраз, чалавек”, які прымяняецца з 5 па 11 клас. Педагог прапануе вучням дзве ці больш візуальныя крыніцы інфармацыі. Напрыклад, даваеннае фота Андрэя Кіжаватава — героя Брэсцкай крэпасці, фота яго сям’і (жонкі, траіх дзяцей і маці), мастацкія крыніцы: кадры з фільма “Брэсцкая крэпасць” і скульптурная кампазіцыя “Героям-пагранічнікам”. Навучэнцы атрымліваюць кароткія біяграфічныя звесткі аб гістарычнай асобе, а затым імкнуцца параўнаць, як яна адлюстравана ў дакументальных і мастацкіх крыніцах. Арганізуецца дыя­лог з класам наконт таго, якім быў гэты чалавек, чаму аўтары мастацкіх твораў адлюстравалі яго менавіта такім.

— Гэты прыём нельга строга алгарытмізаваць, бо ў кожным класе абмеркаванне ідзе па-свойму, настаўнік накіроўвае работу школьнікаў. Але мы ўсё роўна выходзім на вобраз абаронцы, захавальніка спакою нашай Радзімы, — тлумачыць Людміла Міхайлаўна. — Гэты прыём можна прымяняць пры вывучэнні многіх тэм. Напрыклад, пры вывучэнні Вялікай французскай рэвалюцыі, калі навучэнцам прапануюцца два партрэты Марыі-Антуанеты: парадны, дзе яна адлюстравана з дзецьмі, і карціна, калі яна прыкрывае сабой дзяцей ад натоўпу, які ўварваўся ў турму. Тут адкрываецца добрая магчымасць паразважаць аб мацярынскай любові.

Водгук у сэрцы вучняў знахо­дзіць і прыём “Дзеці і вайна, сям’я і вайна”, калі прапануецца разгле­дзець успаміны дзяцей пра пэўныя падзеі вайны. Гэтыя ўспаміны падбіраюцца ў адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі навучэнцаў, з тым зместам, які хоча данесці настаўнік. Гэта можа быць цытата, напрыклад, вязніцы мінскага гета. У працэсе размовы вучні адказваюць на пытанні: чаму ў вайну дзеці рана сталелі; чаму часта станавіліся адзінымі здабытчыкамі ў сям’і; чаму былі неабароненымі катэгорыямі? Школьнікам прапануецца ў думках перанесціся ў часе і адчуць, якія эмоцыі перажывалі дзеці вайны.

Са сваімі выхаванцамі Людміла Гурыновіч займаецца і пошукава-даследчай дзейнасцю. З дапамогай матэрыялаў сайтаў obd-memorial.ru, “Памяць народа”, “Подзвіг народа” яны вядуць пошукавую работу па звестках аб салдатах — родных і блізкіх вучняў і педагогаў. А сёлета дзесяцікласнікі праводзілі даследаванне па жыццёвым шляху пра­дзеда аднаго з вучняў Аляксея Глябовіча.

— У кожнай беларускай сям’і захоўваецца памяць пра салдат вайны, пра загінуўшых падчас нацысцкай акупацыі. Хаця гэта і адыходзіць у мінулае па храналагічнай лініі, памяць застаецца. І калі вучні штосьці даведваюцца, звязваюць знойдзеныя матэрыялы з гісторыяй сваёй сям’і, гэта становіцца часткай і іх памяці. Прайшло 80 гадоў, але боль не заціх, — гаворыць настаўніца.

Глыбей пагрузіцца ў гісторыю навучэнцам дапамагае адукацыйная прастора кабінета, распрацаваная па задумцы дырэктара гімназіі Алены Мазуркевіч, дзе прадстаўлена панарама ваеннага часу, у якой адлюстраваны баявыя дзеянні, партызанская вайна, падпольная барацьба, гады нацысцкай акупацыі, тэма генацыду беларускага народа і вызваленне.

Захапленні Людмілы Гурыновіч з’яўляюцца лагічным працягам работы: гісторыя, чытанне фантастычных раманаў, дэтэктываў, тэатр, музыка… А яшчэ — збор успамінаў людзей, якія жылі ў 30—40-я гады мінулага стагоддзя. Ведаючы такую цікавасць настаўніцы, калегі прапанавалі ёй стаць суаўтарам дыдактычнага дапаможніка па Другой сусветнай вайне. Ён уключае 14 брашур, кожная з якіх прысвечана адной з катэгорый ахвяр вайны (остарбайтары, вязні канцлагераў, ваеннапалонныя, дзеці): “Насілле як частка жыцця”, “Нумары замест імён”, “Без суда і следства” і іншыя. У кожнай брашуры — і вусныя ўспаміны, і дакументы, і матэрыял, які можна выкарыстоўваць на ўроках, пачынаючы з 9 класа. Акрамя таго, распрацаваны 50 біяграфічных картак, на якіх — звычайныя людзі, вядомыя асобы.

У планах педагога — аб’ехаць усе райцэнтры Беларусі і даследаваць іх. А потым выкарыстоў­ваць матэрыялы на сваіх занятках. Дарэчы, сёлета ў Людмілы Міхайлаўны — пяцікласнікі. З прыўзнятым настроем сустрэла педагог 1 верасня цікаўныя вочы новых выхаванцаў, для якіх прыйдзецца адкрываць таямніцы жывой гісторыі. Ды і наперадзе яшчэ адно выпрабаванне — конкурс.

— Конкурс для мяне — гэта магчымасць даведацца штосьці новае, падзяліцца вопытам, праверыць сябе ў незвычайных абставінах, пазнаёміцца з цудоўнымі людзьмі. І самае галоўнае — адчуванне работы ў камандзе: падтрымка і дапамога калег вельмі значныя, за што я ім вельмі ўдзячна. Хачу паказаць сябе на конкурсе па максімуме, і няхай пераможа наймацнейшы! — адзначае Людміла Гурыновіч.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА