Як навучыцца чуць, чаго хочуць дзеці? Адказ на гэтае пытанне карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” дапамагла знайсці псіхолаг Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Інстытута псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ілляна Мацвіенка.
— Ілляна, з якога ўзросту ў расклад дзіцяці можна ўносіць дадатковую адукацыю?
— Бацькам важна разумець і не забываць, што дадатковае развіццё — гэта цудоўна ў любым узросце. Але трэба ўлічваць узроставыя і індывідуальныя асаблівасці свайго дзіцяці. Агульнапрынята лічыць, што ўжо з трох гадоў малыша можна вадзіць на заняткі, якія звязаны з рухальнай актыўнасцю, творчасцю, а таксама спрыяюць агульнаму развіццю.
Не трэба забываць, што навучанне становіцца вядучай дзейнасцю ў жыцці дзіцяці, пачынаючы з малодшага школьнага ўзросту. Да гэтага часу ў малога вядучай дзейнасцю з’яўляецца гульнявая. Пра гэта трэба помніць, аддаючы дзіця на любыя дадатковыя заняткі. Разам з тым не варта чакаць ад малога нейкіх поспехаў ці дасягненняў: яно яшчэ не здольна засвойваць веды, яму больш важны сам працэс заняткаў, а не яго вынікі.
— Выбіраючы гурток для школьніка, на што павінны арыентавацца бацькі?
— Гэта здасца банальным і відавочным, але найбольш правільна ў першую чаргу арыентавацца на інтарэсы дзіцяці, выбіраючы для яго гурток. Вельмі часта бацькі самі будуюць планы, у іх свае погляды на тое, чым павінен займацца іх маленькі школьнік або падлетак. Але часта гэта не супадае з характаралагічнымі і індывідуальнымі асаблівасцямі дзіцяці, з яго фізічнымі здольнасцямі і вынослівасцю, калі гэта тычыцца спартыўных секцый. У такім выпадку адбываецца сутыкненне патрэб і інтарэсаў бацькоў і дзіцяці. Напрыклад, малы хоча ўзаемадзеяння з равеснікамі, зносін з імі, творчай самарэалізацыі. Тым часам бацькі чакаюць ад яго выніковасці, набыцця новых ведаў. У гэтым выпадку атрымліваецца так, што школьнік не рэалізуе чаканні бацькоў, не апраўдвае іх надзеі. Як вынік, узнікаюць канфліктныя сітуацыі. Перажываючы іх, дзіця страчвае цікавасць да пэўных відаў дзейнасці і ў прыватнасці да дадатковых заняткаў.
Таму важна размаўляць са сваім дзіцем, каб зразумець яго. Усё гэта ў большай ступені датычыцца старэйшых школьнікаў і падлеткаў. Калі гаворым пра дашкольніка, то яго матыў — гэта захапляльнасць працэсу. Малышы атрымліваюць задавальненне і ад яго, і ад той зваротнай сувязі, якую ім даюць педагогі і бацькі.
У гэтым пытанні важная роля належыць і здольнасцям дзіцяці. Калі бацькі бачаць іх, то аддаюць дзіця ў гурток вызначанага кірунку. У такой сітуацыі, у асноўным у падлеткаў, адносна нейкага віду дзейнасці могуць быць супярэчлівыя пачуцці. Напрыклад, дзяўчынка добра танцуе, у яе ўсё выдатна атрымліваецца. Бацькі настойваюць на тым, што трэба працягваць танцаваць. А падлетак хоча паспрабаваць іншае, бо ведае, што з танцамі ўсё і так добра. Калі бацькі дазволяць дакрануцца да рознай дзейнасці, гэта ў тым ліку дапаможа дзецям лепш спазнаць сябе, свой унутраны свет.
— Ці трэба загадзя абмяркоўваць з дзіцем, што рабіць, калі яму не спадабаецца наведваць дадатковыя заняткі? Колькі часу на адаптацыю да новай дзейнасці трэба даваць школьніку?
— Да новага калектыву, да новых відаў актыўнасці дзіця можа прывыкаць ад 1 да 6 месяцаў. Таксама многае залежыць ад індывідуальных асаблівасцей дзіцяці, ад калектыву, у якім яно апынулася, ад таго, наколькі часта праходзяць заняткі. Чым больш паміж імі часу, тым даўжэй будзе прывыкаць дзіця.
У такой сітуацыі малому варта дапамагаць. Важна цікавіцца тым, як праходзяць заняткі, як завуць педагогаў, дзяцей. Магчыма, у групе, дзе дзіця займаецца, існуюць свае рытуалы, якія выконваюцца на кожным уроку і з’яўляюцца спосабам прывыкання да абстаноўкі, да дзяцей, якія знаходзяцца побач пэўны час.
Цудоўна, калі бацькі абмяркоўваюць са сваімі дзецьмі сітуацыі, якія дазваляюць наведваць гурткі або не хадзіць на іх. Гэта дае магчымасць падстрахавацца і дамовіцца аб колькасці заняткаў, якія наведвае дзіця, зразумець, ці падабаецца яму ў той сферы, якую яно выбрала.
Калі мы нешта вывучаем, гэта не заўсёды можа быць цікава. Таму тое, што існуе цыклічнасць цікавасці, нармальна. Заняткі выклічуць розныя эмоцыі, інтарэс будзе з’яўляцца і знікаць. Чаго дакладна не варта рабіць дарослым, дык гэта прымушаць дзяцей хадзіць на дадатковыя гурткі. Калі так адбываецца, узнікае агрэсія. Шчаслівым ад такіх заняткаў ніхто не будзе.
Важна прагаварыць, колькі заняткаў можна прапусціць, узяць тайм-аўт, каб вярнуцца з новымі сіламі да набыцца ведаў. Гэта трэба абмяркоўваць да таго, як з’явяцца новыя захапленні. Праз некалькі месяцаў трэба перагледзець дамоўленасці, даведацца, ці ўсё добра, магчыма, трэба перагледзець правілы наконт пропуску заняткаў. Магчыма, нейкія прычыны са спіса знікнуць, але могуць дабавіцца новыя. Сярод іх могуць быць дрэннае самаадчуванне, вялікая нагрузка ў школе, стомленасць, адсутнасць настрою. Дзіця павінна дакладна разумець, чаму хочацца прапусціць заняткі. Калі яно проста лянуецца, то гэта не аргумент, а калі насамрэч стамілася, то іншая справа.
— Некаторыя бацькі максімальна нагружаюць дзяцей, дапаўняючы школьны расклад не адным і нават не двума гурткамі. Чым можа пагражаць празмерная нагрузка?
— Развіццё дзіцяці і набыццё ім ведаў, авалоданне пэўнымі навыкамі — гэта цяжкая праца. Дарослым трэба гэта разумець. Так, у дзяцей і падлеткаў навучанне нечаму новаму адбываецца праз узаемаадносіны з равеснікамі, і ім гэта падабаецца. Тым не менш за ўсім гэтым хаваецца празмерная нагрузка на арганізм, у тым ліку на псіхіку. У дзяцей і падлеткаў, акрамя дадатковай адукацыі, многа задач, на якія патрабуюцца сілы і час. Сюды адносіцца навучанне ў школе, набыццё пэўных бытавых ведаў і навыкаў. Калі гаварыць пра малодшы школьны ўзрост, дзеці ў ім у тым ліку асвойваюць новыя сацыяльныя ролі. Самая галоўная з іх — роля вучня. Для падлеткаў такая роля заключаецца ў разуменні самога сябе і ўзаемадзеянні з іншымі.
Арганізоўваючы празмерную нагрузку для дзяцей і падлеткаў, у адказ можна сутыкнуцца з рознымі рэакцыямі, пачынаючы з нежадання наведваць гурток і заканчваючы псіхасаматычнымі рэакцыямі. У загружанага школьніка можа пачаць балець жывот, узнікаюць прастудныя захворванні. Яму пагражаюць эмацыянальнае, псіхічнае, фізічнае знясіленне. Гэта яшчэ раз пацвярджае той факт, што бацькі павінны ведаць індывідуальныя асаблівасці свайго дзіцяці. Частая гісторыя, калі дзіця або падлетак запісваецца на вялікую колькасць гурткоў і дадатковых заняткаў, бо не можа вызначыцца, чаго яму больш хочацца ў пэўны момант. У такім выпадку трэба прагаварыць з дзіцем, што не абавязкова хадзіць на ўсё, куды яно запісалася. З цягам часу колькасць выбраных захапленняў адфільтруецца: школьнік будзе бачыць, што яму больш цікава, а куды хадзіць зусім не хочацца.
Ёсць яшчэ адзін важны момант — тэмп жыцця. Для дзяцей з нізкім тэмпам, які патрабуе доўгага ўключэння ў працэс, аднаго або двух гурткоў будзе больш чым дастаткова. Для іншых і пяць гурткоў — аптымальны варыянт. Аднак калі ў школьніка 17 гадзін у тыдзень, акрамя школы, займаюць дадатковыя заняткі, ці можна гэта лічыць правільным? Гэта рэальны выпадак, які мы разглядалі з адной сям’ёй. У дзіцяці быў настолькі шчыльны графік, што часу на адпачынак ад нагрузкі ў яго не было, не гаворачы пра зносіны з сябрамі і сям’ёй.
Калі падсумаваць, то бацькам і дзецям важна знаходзіць баланс паміж “трэба”, якога патрабуюць дарослыя, і “хачу”, якім адказваюць дзеці. Падлеткам разуменне таго, чаго яны хочуць, дапаможа правільна размяркоўваць час на актыўнасці. Таксама гэта з’яўляецца асновай паспяховага выбару прафесіі.
— Дадатковыя заняткі, якія любяць дзеці, дарослыя могуць прымяняць як інструмент шантажу: атрымаў дрэнную адзнаку — на плаванне не пойдзеш. Чым небяспечны такі падыход?
— Адназначна, гэта негатыўна адбіваецца на дзіцяці. Такі падыход пагражае тым, што яно можа страціць цікавасць да заняткаў, якія пачнуць асацыіравацца з пакараннем. Таксама гэта можа стаць падставай для маніпуляцый. Калі дарослы пачне маніпуляваць дзіцем, а інакш гэта не назавеш, то наступны раз само дзіця адмовіцца ад усяго, што наведвала. Хобі — гэта частка жыцця, якая дапамагае развівацца. Выкарыстоўваць яго як пакаранне — рабіць горш самому дзіцяці, пазбаўляць яго развіцця і цікавых зносін.
Тым не менш бацькі могуць абмяркоўваць з дзіцем складанне графіка, размеркаванне сіл у дачыненні да ўсяго, чым яно займаецца. Калі мама бачыць, што з наведваннем нейкай актыўнасці ў школьніка рэзка зніжаецца паспяховасць, то яна пачынае гаварыць з ім пра тое, што неабходна пераразмеркаваць час і сілы, зрабіць усё магчымае, каб вярнуцца да балансу, які існаваў. Атрымліваецца, у дарослых ёсць магчымасць выраўняць сітуацыю, разабрацца ў ёй, даць дзіцяці ці падлетку магчымасць самастойна пераструктураваць сваю занятасць, правільна расставіць прыярытэты, каб зразумець, што яму больш важна і як з усім справіцца.
Што яшчэ цікава, калі дарослыя ў адказ на дрэнныя адзнакі будуць забараняць дзіцяці наведваць любімыя дадатковыя заняткі, яно можа пачаць прагульваць школу.
— Што наконт падлеткаў, якім усё нецікава? Як ім дапамагчы знайсці любімае хобі?
— Тут важна ўлічваць меркаванне падлеткаў, а таксама дапамагчы ім пабудаваць ланцужок тых заняткаў, якія ім падабаюцца і могуць даць магчымасць рэалізавацца ў пэўным кірунку. Таксама з падлеткамі важна размаўляць, як і з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту. Будзе цудоўна, калі знойдуцца такія хобі і дадатковыя заняткі, якія звязаны з пэўнай прафесійнай сферай. Напрыклад, дзіця хоча звязаць сваю будучыню з тым кірункам, дзе неабходна ўмець маляваць. У такім выпадку можна прапанаваць яму выбраць студыю, дзе вучаць маляванню. Калі падлетак хоча стаць дызайнерам, ад гэтай прафесіі будуем ланцужок і шукаем гурткі, якія звязаны з акрэсленай сферай дзейнасці, напрыклад, па мадэляванні і канструяванні адзення.
Таксама з падлеткамі можна абмяркоўваць тэмы наведвання майстар-класаў, разавых заняткаў. Гэта важна, бо секцыі і гурткі павінны гарманічна ўпісвацца ў рытм жыцця падлетка, а не быць дадатковай бескарыснай нагрузкай, якая не дазваляе праяўляць сябе і пазбаўляе таго, чым сапраўды падабаецца займацца.
— Ілляна, ці праўда, што для гарманічнага развіцця асобы дзіцяці трэба спалучаць наведванне творчых, інтэлектуальных і спартыўных дадатковых заняткаў?
— Ва ўсім трэба ўлічваць баланс. Часта той актыўнасці, якая ёсць у дзяцей, ім хапае. Прыслухайцеся да дзіцяці: чаго яно хоча, у чым развівацца? Важна падбіраць тыя гурткі і секцыі, якія дапамогуць адчуваць сябе лепш, будуць спрыяць праяўленню асобы дзяцей, іх самарэалізацыі. Гаварыць пра тое, што для гарманічнага развіцця адзін гурток павінен быць творчым, а другі — спартыўным, нельга, бо гэта вельмі абагульняюча, усе дзеці розныя.
Гармонія развіцця дасягаецца не роўнай колькасцю гурткоў, а той колькасцю актыўнасцей, якая па вызначаных кірунках ужо існуе ў жыцці школьніка, і яго задаволенасцю.
Падсумоўваючы, хочацца заклікаць дарослых дапамагаць дзецям падбіраць сабе актыўнасці. Важна, каб бацькі праяўлялі цікавасць не толькі да іх дасягненняў, але і да самога працэсу заняткаў. Назіраючы за гэтым, можна ўбачыць, як дзіця ці падлетак мяняецца дзякуючы заняткам. Гэта трэба адзначаць і заахвочваць. Неабходна таксама падтрымліваць дзіця, калі ўзнікаюць цяжкасці, і нагадваць, што гэта нармальна, калі ад усяго хочацца адпачыць. Калі раптам падлетак рэзка мяняе інтарэсы, то гэта таксама нармальная гісторыя: у такім узросце цікавасць можа быць няўстойлівай, што нястрашна. Калі інтарэсы змяніліся і свет падлетка стаў больш цікавым, яркім і багатым, то гэта проста цудоўна. Нельга, каб свет дзіцяці звужаўся і факусіраваўся на нечым адным, ушчамляў іншыя сферы яго жыцця і негатыўна ўплываў на самаадчуванне. У такім выпадку трэба задумацца: каму важна наведванне гурткоў, якія выклікаюць такія рэакцыі? І самае важнае правіла. Ці ведалі вы, што падлеткі вельмі ўважлівыя да бацькоў і назіраюць за імі? Яны бачаць, чым захапляюцца дарослыя. Калі ў мамы ёсць свае хобі, дзякуючы якім яна адпачывае, калі яна танцуе, займаецца спортам ці малюе, то дзіця будзе разумець, што гэта правільна, што так і павінна быць. Падлетак будзе пераймаць такія мадэлі паводзін, што дапаможа яму расці ў гармоніі з сабой.
Наталля САХНО