Як скіраваць падлеткаў на бяспечны і здаровы лад жыцця? У Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці прафілактыкай займаюцца сумесна з зацікаўленымі і па розных кірунках. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Вынікі прафілактыкі шмат у чым залежаць ад умення падаць навучэнцам інфармацыю ў нестандартнай, але зразумелай ім форме, — адзначыла Святлана Сушкова, дырэктар Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. — Напрыклад, арганізаваць асяроддзе, якое дазволіць наведвальнікам віртуальна трапіць у імітаваныя жыццёвыя сітуацыі і прайсці іх эмацыянальна. Падлеткам такія наглядныя сустрэчы з праблемамі цікавыя. Альтэрнатыву яны бачаць адразу.
Наведвальнікі “Альтэрнатывы” — за правільны выбар
Лепш адзін раз убачыць…
Як вядома, паняцце “інтэрактыўны” прынята адносіць да віртуальнай рэальнасці. У цэнтры прафілактыкі “Альтэрнатыва” інтэрактыўны свет цалкам рэальны. Выставачна-дэманстрацыйная зона цэнтра падзелена на тэматычныя пляцоўкі, дзе на свае вочы можна ўбачыць вынік добраахвотнага камп’ютарнага палону, ужывання алкагольнай ці наркатычнай атруты. Між іншым параўнаць муляжы мозга, нырак, печані залежнага і здаровага чалавека і не зрабіць высновы проста не атрымаецца. Лепш зразумець, што бывае, калі ўжываць псіхаактыўныя рэчывы, дапамагаюць QR-коды з інфармацыяй аб наступствах. Палепшыць якасць успрымання інфармацыі дапамагаюць фотаздымкі, тэматычныя фоташпалеры. Так, партрэт маладога і прыгожага чалавека з разумным позіркам… і яго ж фатаграфічнае адлюстраванне з цягам часу, калі ён стаў ужываць небяспечныя для здароўя рэчывы. Такі кантраст дазваляе адчуць разбуральную сілу шкодных звычак і задумацца. У гэтым выпадку сэнс выказвання “Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць” становіцца яшчэ больш зразумелым. З дапамогай камп’ютарнага дадатку FaceApp наведвальнікі ў рэальным часе могуць убачыць, як зменіцца іх знешнасць праз некалькі гадоў, калі яны стануць заўзятымі курцамі. Адным словам, эфект нагляднай прафілактыкі дасягаецца праз эмацыянальнае ўспрыманне інфармацыі.
Погляд у такое люстэрка кожнага матывуе задумацца
Не губляцца, а дзейнічаць
Як пазбегнуць надзвычайных здарэнняў і іх незваротных наступстваў, вучыць пляцоўка “Бяспека ўсюды і ва ўсім”. Вывучэнне правіл бяспечных паводзін у побыце, у лесе, ля вадаёмаў, падчас навальніцы адбываецца пры наведванні тэматычных зон, а распрацаваная дапоўненая рэальнасць на пляцоўках дапамагае максімальна рэалістычна змадэляваць надзвычайную сітуацыю. Адпрацаваць навыкі эвакуацыі з задымленага памяшкання дазваляе пакой-трэнажор “Лабірынт”. Наведвальнікі цэнтра асвойваюць простыя дзеянні, якія могуць выратаваць жыццё. Навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі адпрацоўваюцца на спецыяльных манекенах-трэнажорах.
У зоне “Грамадская бяспека” адразу становіцца зразумела, колькі небяспек існуе ў нашым жыцці, дзе праходзіць мяжа паміж свавольствамі і супрацьпраўнымі ўчынкамі. Навучальныя пляцоўкі па крымінальнай бяспецы, бяспецы ў пад’ездзе, на дарозе, вуліцы, у грамадскіх месцах дапамагаюць адпрацаваць неабходныя дзеянні ва ўмовах, набліжаных да рэальных, і сфарміраваць мадэлі паводзін у небяспечных сітуацыях.
Завяршаецца працэс навучання ў пакоі кантролю ведаў і выкліку экстранных службаў, кабінеце псіхалагічнай разгрузкі. Назва “Альтэрнатыва” выбрана невыпадкова. “Аналізуй! Вырашай! Выбірай! А выбар ёсць заўсёды!” — так гучыць дэвіз цэнтра. І над гэтым наведвальнікі працуюць у выніковай зоне.
У канферэнц-зале гасцям прапаноўваецца дыялог са спецыялістамі ўстаноў аховы здароўя, правапарадку, іншых ведамстваў. Дзеці могуць задаць любыя пытанні і атрымаць на іх адказы, паразважаць над праблемай і выказаць уласнае меркаванне.
Разам за будучыню
“Альтэрнатыва” — новая мадэль нагляднай прафілактыкі. Спецыялісты сістэмы адукацыі, культуры, аховы здароўя, сацыяльнай сферы, раённых аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый разам скіроўваюць падлеткаў на здаровы і бяспечны лад жыцця. Цэнтр прафілактыкі працуе ў рамках адукацыйнага праекта “Здаровая і бяспечная “Альтэрнатыва” на аснове графікаў мерапрыемстваў, даведзеных да ведама кіраўніцтва ўстаноў адукацыі. Прычым адно з іх праводзіцца пад эгідай камісіі па справах непаўналетніх Віцебскага аблвыканкама і прадугледжвае наведванне цэнтра навучэнцамі розных падулікавых катэгорый.
Стваралі “Альтэрнатыву” ўсім светам. Дарэчы, пры падтрымцы Чашніцкага райвыканкама. На рамонтныя работы, афармленне і тэхнічнае абсталяванне цэнтра прафілактыкі было затрачана каля 50 тысяч беларускіх рублёў з розных пазабюджэтных крыніц.
Задзейнічаны пазабюджэтныя сродкі Чашніцкага РЦДіМ і сярэдняй школы № 1 Новалукомля імя Ф.Ф.Дуброўскага, спонсарскія сродкі грамадскіх і прафсаюзных арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў. Пры садзейнічанні ЦЗН былі арганізаваны другасная занятасць моладзі і грамадскія работы насельніцтва. Акрамя гэтага, пасля адкрыцця ў 2021 годзе тагачасны міністр адукацыі Ігар Карпенка, наведаўшы цэнтр у рамках рабочай паездкі па Чашніцкім раёне, зрабіў істотны падарунак — мультыборд. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Мартынаў падарыў тэлевізар. Віцебскі абласны выканаўчы камітэт і Віцебскі абласны Савет дэпутатаў выдзелілі 5000 рублёў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. І гэта далёка не поўны пералік тых, хто ўнёс свой уклад у стварэнне і тэхнічнае абсталяванне цэнтра прафілактыкі.
Па вопыт — у “Альтэрнатыву”
За перыяд функцыянавання цэнтра прафілактыкі яго наведалі каля 3 тысяч навучэнцаў з розных раёнаў Віцебскай вобласці.
— Эфект ад старанна спланаванай прафілактыкі ёсць, — адзначыла Алена Выдрэнка, намеснік старшыні КСН Чашніцкага райвыканкама. — У раёне стабілізавана крымінагенная сітуацыя сярод непаўналетніх. Сярод навучэнцаў няма тых, хто б ужываў або распаўсюджваў наркотыкі. Па такім шляху захавання фізічнага, псіхалагічнага і сацыяльнага здароўя падрастаючага пакалення трэба рухацца і далей. Варта адзначыць работу па папярэджванні дзіцячага траўматызму, якая дазволіла не дапусціць гібелі дзяцей ад знешніх прычын.
Спецыялісты “Альтэрнатывы” актыўна дзеляцца вопытам. Дарэчы, рашэннем Віцебскага аблвыканкама даручана разглядзець пытанне аб стварэнні ў рэгіёне падобных цэнтраў. І гэтая работа ўжо вядзецца ў многіх раёнах. Вельмі важна навучыць дзяцей рабіць правільны выбар.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК