У сучасным свеце быць падлеткам няпроста. Пра тое, як падрастаючаму дзіцяці ўліцца ў грамадства і знайсці сваё месца ў жыцці, гутарым з педагогампсіхолагам сярэдняй школы № 5 Навагрудка Вольгай Бахар.
— Вольга Георгіеўна, якія праблемы найбольш часта назіраюцца ў сучасных падлеткаў? Якія з іх яскрава выяўляюцца ў школе, на ваш погляд як педагога-псіхолага?
— Падлеткавы ўзрост ва ўсе часы быў няпростым жыццёвым этапам. Такім ён з’яўляецца і цяпер, аднак больш пашыраныя асабістыя межы, свабода і дэмакратычнасць у выхаванні далі свой плён — пераходны ўзрост стаў працякаць у большасці дзяцей больш цяжка і балюча. Вядома, асноўная прычына хаваецца ў грамадстве, якое жыве і думае зусім па-іншаму, чым гэта было раней.
З пачаткам пераходнага ўзросту падлетак часцей за ўсё закрываецца — у яго з’явіліся выразныя асабістыя межы. Сакрэтаў можа быць шмат, як правіла, гэта закаханасць, амаральныя зносіны (нецэнзурная лексіка) сярод аднагодкаў, праяўленні булінгу ў класным калектыве і па-за ім, цяжкасці ў вучобе, курэнне, вэйпінг, алкаголь і г.д.
Асноўныя праблемы сучаснага падлетка — раздражняльнасць, агрэсія, стрэс; адчуванне самастойнасці і “даросласці”; замкнёнасць і адсутнасць сяброў, нешчаслівае каханне, дрэнныя адносіны з бацькамі. Частая сітуацыя, калі бацькі занадта настойлівыя і праяўляюць татальны кантроль, не даючы свабоды выбару свайму дзіцяці.
Пошук недахопаў і непрыняцце сябе — распаўсюджаная асаблівасць падлеткаў. Абцяжарваюць яе навязаныя грамадствам стэрэатыпы. Сучаснае падрастаючае пакаленне вельмі крытычнае: любыя фізічныя / візуальныя / разумовыя недахопы або асаблівасці тут жа будуць падняты аднагодкамі на парадак дня. Узлаванасць некаторых дзяцей часам дасягае максімуму.
Сярод праблем можна назваць асноўную залежнасць у падлетка XXI стагоддзя — гэта смартфон.
— Ведаю, што вы ўдзельнічалі ў школьным інавацыйным праекце па праблеме дэсацыялізацыі падлеткаў. Як праяўляецца дэсацыялізацыя ў падлеткаў?
— Галоўнай асаблівасцю падлеткавага ўзросту з’яўляецца асобасная нестабільнасць. Менавіта ў гэты час падлетак заяўляе пра сябе як пра Асобу з вялікай літары: супрацьлеглыя рысы, імкненні, тэндэнцыі суіснуюць і змагаюцца адно з адным, вызначаючы супярэчлівасць характару і паводзін. Менавіта гэта часцей за ўсё і становіцца найбольш канфліктным бокам пры зносінах падлеткаў як са старэйшым пакаленнем, так і паміж сабой. У падлеткаў адбываецца адаптацыя да сацыяльна ўстойлівых уяўленняў пра мужчыну і жанчыну, стратэгіі паводзін у грамадстве, з аднагодкамі, з бацькамі.
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі
У гэтым узросце адбываецца часовае псіхалагічнае аддаленне падлетка ад сям’і і школы, іх значэнне ў станаўленні асобы падлетка зніжаецца, тады як уплыў аднагодкаў узмацняецца. Падлеткі капіруюць любыя адносіны. Напрыклад, калі ў сям’і не паважаюць маці, бацьку, то гэтак жа будзе рабіць і сын ці дачка. Дзіця проста будзе адлюстроўваць, як люстэрка, праблемы сямейных узаемаадносін.
Знешні выгляд падлетка — яшчэ адна крыніца канфлікту. Мяняецца паходка, манеры, знешняе аблічча — такім чынам у падлеткаў выяўляецца патрэбнасць у бяспецы: не вылучацца сярод іншых, інакш засмяюць. А дзеці бываюць вельмі жорсткія да не такіх, як усе. Немалую ролю ў фарміраванні асобы падлетка адыгрывае падлеткавае грамадства — значная для падлетка група, чые погляды ён прымае. Менавіта яна можа ўплываць на яго паводзіны і адносіны з іншымі: да меркавання членаў гэтай групы падлетак будзе прыслухоўвацца, у ёй ён будзе спрабаваць зацвердзіцца.
Такім чынам, працэс парушэння сацыялізацыі непаўналетніх адбываецца тады, калі асоба адчувае пэўныя негатыўныя ўплывы асяроддзя.
— Наколькі своечасовым быў інавацыйны праект вашай установы адукацыі па прафілактыцы дэсацыялізацыі падлеткаў? Раскажыце пра яго вынікі.
— Інавацыйны праект “Укараненне мадэлі арганізацыі індывідуальнай прафілактычнай работы з навучэнцамі на ранняй стадыі выяўлення прыкмет дэсацыялізацыі” рэалізоўваўся на працягу 2020—2023 гадоў. У рамках работы прафілактычнага цэнтра “Пазнай сябе” спецыялісты СППС распрацавалі і рэалізоўвалі праграму асобаснага росту для дзяцей ускладненых паводзін. Праграма была накіравана на стварэнне ўмоў для фарміравання імкнення да самапазнання, паглыблення ў свой унутраны свет і арыентацыі ў ім; пашырэнне ведаў удзельнікаў аб пачуццях і эмоцыях; стварэнне ўмоў для развіцця здольнасці безацэннага іх прыняцця, фарміравання ўмення кіраваць сваімі пачуццямі і эмацыянальнымі рэакцыямі і г.д.
Класныя кіраўнікі арганізавалі 100%-ную пазаўрочную і канікулярную занятасць навучэнцаў. Падлеткі былі ўключаны ў дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах, у экскурсійную, турыстычную, працоўную і валанцёрскую дзейнасць. Так, напрыклад, прыцягваючы дзяцей да работы ў валанцёрскім атрадзе “Адкрытыя сэрцы”, удалося сабраць дабрачынную дапамогу і наведаць прытулак для жывёл “Хутар”.
Адным з асноўных прыёмаў уздзеяння на падлеткаў у рамках прынцыпу “роўны вучыць роўнага” з’яўлялася правядзенне раз у чвэрць класных сходаў, у якіх актывісты школьнага самакіравання праводзілі разбор праблемных сітуацый у класным калектыве.
У выніку правільна выбудаванай стратэгіі ўзаемадзеяння педагогаў, класнага кіраўніка і педагога-псіхолага ўдалося дасягнуць пэўных асобасных зрухаў у непаўналетніх, якія ўдзельнічалі ў праекце. Так, у падлеткаў прыкметна палепшыліся паводзіны, яны сталі больш стрыманымі эмацыянальна, маглі смела выказваць сваё меркаванне, паважліва ставіцца да дарослых і аднагодкаў. З боку бацькоў наладжаны больш цесны кантакт з установай і ўмацаваны эмацыянальныя адносіны з дзецьмі.
— Наколькі важным у сучасных умовах з’яўляецца партнёрства сям’і і школы?
— Упэўнена, што без сумеснай працы сям’і і школы немагчыма выхаваць асобу, якая мае сваю пазіцыю, якая ўмее расстаўляць прыярытэты, вызначаць значнасць сваіх учынкаў, знаходзіць уласны сэнс у жыцці, прымаць рашэнні, браць адказнасць на сябе, усведамляць сябе і ў выніку знайсці сваю справу. Мы з вамі павінны адысці ад дэкларатыўнага пастулата “Дзіця — суб’ект выхавання” і прыйсці да метадычна забяспечанай сістэмы “САМА-”: гэта значыць дапамога ў самавызначэнні, самарэалізацыі, самарэарганізацыі і самарэабілітацыі.
Дзіця, сталеючы, проста жыве, дзейнічае, гуляе, мае зносіны, нешта даведваецца, бегае з мячом, удзельнічае ў конкурсах, спектаклях, глядзіць фільмы, не задумваючыся над тым, што гэта дае для яго развіцця. Але ж дзейнічае само. Але развіваецца само! Усе поспехі і цяжкасці, якія яно перажывае, становяцца актам яго самасвядомасці. Калі дзіця спраўляецца з праблемамі — добра. Калі не — чалавеку трэба дапамагчы. Тут і набывае сілу педагагічная падтрымка. А якой будзе гэтая падтрымка, залежыць ад асобы настаўніка.
Працэс узаемадзеяння ўстановы адукацыі з бацькамі забяспечыць станоўчы вынік у выхаванні і навучанні дзяцей, калі не будзе ажыццяўляцца эпізадычна, час ад часу, а будзе глыбока прадуманым працэсам і будзе насіць сістэмны характар. Толькі сумеснымі намаганнямі, падтрымліваючы і дапаўняючы адна адну, школа і сям’я могуць дасягнуць жаданых вынікаў. І ў бацькоў, і ў педагогаў мэта адна — дабрабыт дзяцей, іх паўнавартаснае і гарманічнае развіццё.
— Хто можа стаць для падлетка, які парушыў закон, значным дарослым, акрамя бацькоў?
— На мой погляд, значным і аўтарытэтным дарослым для падлетка, які заблытаўся, можа стаць псіхолаг або класны кіраўнік, бо менавіта яны большую частку дня таксама праводзяць у школе. Гэта знаёмыя дарослыя, якім дзіця можа даверыцца і атрымаць падтрымку ў складанай сітуацыі. Бацькі, на жаль, не заўсёды з прычыны асабістай занятасці на рабоце, стомленасці або нежадання ўнікнуць у перажыванні дзіцяці здольны ў поўнай меры падтрымаць і даць дасведчаную прававую падтрымку. Менавіта таму СППС установы, адміністрацыя і класны кіраўнік з’яўляюцца найбольш уцягнутымі ў праблемную сітуацыю падлетка і яго актуальны псіхаэмацыянальны стан, каб своечасова супакоіць, падтрымаць і даць параду.
Свой жыццёвы шлях павінны выбраць самі ўжо дастаткова дарослыя і псіхалагічна сталыя для гэтага падлеткі, а наша задача як бацькоў і педагогаў іх падтрымаць у пачынаннях і накіраваць у патрэбнае рэчышча.
Наталля КАСТЭНКА