“Як глыток свежага паветра…”

- 11:37Навіны рэгіёнаў

Выстава з аднайменнай назвай з’явілася нагодай для сустрэчы ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў, задзейнічаных у праектах і праграмах па сацыяльнай падтрымцы пажылых людзей. Пасля знаёмства з выставай, арганізаванай Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемаразуменне”, гаспадары і госці палаца за круглым сталом абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння розных структур у вырашэнні праблем пажылых людзей.

Дарэчы, тое, што гаспадаром мерапрыемства стала ўстанова адукацыі, — невыпадкова: пераважная большасць падобных праектаў у рэгіёне ажыццяўляецца з непасрэдным удзелам педагогаў, навучэнцаў і студэнтаў, а два рэалізоўваюцца непасрэдна на базе ўстаноў адукацыі.
— У нас больш за 20 гадоў працуе музей былых малалетніх вязняў фашысцкіх лагераў, — паведаміла настаўніца гісторыі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна кіраўнік праекта “Якія нашы гады” Наталля Лабза. — Ён ствараўся яшчэ ў савецкі час, тады ж з’явілася традыцыя 11 красавіка праводзіць сустрэчы навучэнцаў з малалетнімі вязнямі фашысцкіх лагераў на базе музея. На цяперашні час адзін з прыярытэтных напрамкаў нашай работы — рэалізацыя гуманітарнага праекта ў рамках праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”. Яго асноўная мэта — паляпшэнне сацыяльнага і псіхалагічнага становішча пажылых людзей, для якіх мы арганізавалі гурткі па інтарэсах, запрашаем на ўрокі і разнастайныя мерапрыемствы. Разам з тым трэба сказаць, што не менш важнае значэнне праект мае для гімназістаў. І найперш гэта ўнікальная магчымасць жывых зносін з тымі, чыё дзяцінства прайшло ў гады ваеннага ліхалецця. Такі дыялог пакаленняў — дзейсны рэсурс выхавання грамадзянскасці і патрыятызму. — Усё далей ад нас па часе падзеі Вялікай Айчыннай вайны, усё менш застаецца іх жывых сведак. Але памяць пакаленняў часу непадуладная. Подзвіг і ахвяры народа, які выкаваў Перамогу, ніколі не будуць забытыя, — падкрэсліла загадчык сектара навукова-тэхнічнай творчасці і інфармацыйных тэхналогій Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі кіраўнік праекта “Школа ўзаемнай чалавечнасці” Таццяна Нарубіна. — Праграма “Месца сустрэчы: дыялог” нямецкага фонду “Памяць, адказнасць, будучыня” фінансуе праекты ў Беларусі, Расіі і Украіне. Фонд вядзе актыўную работу на карысць тых людзей, хто здолеў вытрымаць жахі вайны, выстаяць і жыць далей. У Беларусі ў якасці арганізатара праграмы выступае Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемаразуменне”, якое імкнецца дапамагчы пажылым людзям весці актыўнае грамадскае жыццё. У Віцебску другі год ажыццяўляецца некалькі праектаў гэтай праграмы, у тым ліку і на базе нашага палаца.
— Сутнасць праекта найлепш адлюстроўвае яго назва — “Школа ўзаемнай чалавечнасці”. Прадстаўнікам старэйшага і малодшага пакалення ёсць што сказаць адно аднаму, і гэтыя зносіны многаму могуць навучыць, — расказала загадчык аддзела піянерскай работы і дзіцячых рухаў Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі каардынатар праекта “Школа ўзаемнай чалавечнасці” па валанцёрскай дзейнасці Наталля Шыбека. — Мы збіраем у адзін калектыў прадстаўнікоў мэтавай групы — пажылых людзей — і моладзь, навучэнцаў палаца. Праводзім масавыя мерапрыемствы па двух цыклах — “Сцежкай мужнасці” і “Бабуліны ўніверсітэты”, семінары для валанцёраў. Арганізоўваем экскурсіі, запрашаем нашых старэйшых сяброў на канцэрты і спектаклі. Паколькі ў нас вялікая сетка гурткоў эстэтычнага напрамку — і наведваем іх дома. Падрабязная інфармацыя аб праекце і ходзе яго рэалізацыі размешчана і пастаянна абнаўляецца на сайце нашай установы адукацыі. У рамках праекта дзейнічае гурток “Камп’ютарная дасведчанасць” для пажылых людзей: мы прадастаўляем ім магчымасць навучыцца атрымліваць інфармацыю і паслугі праз інтэрнэт. Дарэчы, курсы досыць запатрабаваныя, на сёння іх прайшлі тры патокі па 14 чалавек, а з 5 лютага пачнуцца заняткі на чацвёртым патоку. — Людзям старэйшага ўзросту няпроста асвойваць сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі, але гэта не азначае, што яны для іх нецікавыя і некарысныя, — пракаменціравала метадыст аддзела тэхнічнай творчасці Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Алеся Русіна. — Нашы падапечныя ўпэўнена карыстаюцца скайпам і сацыяльнымі сеткамі, без праблем праз інтэрнэт могуць узяць талон у паліклініку ці набыць білет на канцэрт. Сёння гэтыя ўменні неабходны кожнаму, аднак найлепш імі валодаюць маладыя. Яны з задавальненнем перадаюць свае веды старэйшым.
— Праект накіраваны на псіхасацыяльную падтрымку пажылых людзей і збор успамінаў пра тыя падзеі, якія гэтым людзям прыйшлося перажыць у гады Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыла педагог-псіхолаг Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Ганна Талкачова. — Нашы валанцёры любяць прыходзіць у госці да бабуль. А з якой нецярплівасцю тыя іх чакаюць! Таксама мы арганізоўваем сустрэчы, у рамках якіх абмяркоўваем цікавыя для прадстаўнікоў розных пакаленняў тэмы.
— Я валанцёр некалькіх арганізацый, у тым ліку ў Палацы дзяцей і моладзі, — падзялілася ўражаннямі навучэнка гімназіі № 1 Ганна Прусава. — Нельга сказаць, быццам пажылыя людзі толькі прымаюць нашу дапамогу. Я лічу, што праект у першую чаргу важны для нас. У маладых і пажылых розныя погляды на жыццё, непараўнальны вопыт, але іх хвалююць адны і тыя ж тэмы. Часам нашы бабулі расказваюць такія рэчы, якія не пабачыш у кіно і пра якія не пачуеш падчас музейнай экскурсіі. Яны могуць даць слушную параду, як выйсці са складанай жыццёвай сітуацыі ці проста падзяліцца сакрэтамі дамаводства або фірменным рэцэптам. Дробязі, здаецца, толькі раптоўна разумееш: на такіх вось дробязях і трымаецца жыццё. Мы вельмі ўдзячныя старэйшым сябрам за ўрокі мудрасці, шчырасці і дабрыні, душэўнай шчодрасці і невычарпальнага аптымізму.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.