Як ідэю ператварыць у прадукт

- 11:20Вышэйшая школа

БДУІР і ПВТ разам будуць вучыць студэнтаў ствараць стартапы

Днямі ў БДУІР пачаўся курс “Кіраванне стартап-праектамі”, распрацаваны на кафедры інфармацыйных тэхналогій аўтаматызаваных сістэм сумесна са спецыялістамі Парка высокіх тэхналогій.

Цікава, што першапачаткова курс прызначаўся для студэнтаў магістратуры спецыяльнасці “Сістэмны аналіз, кіраванне і апрацоўка інфармацыі”. Ён нават унесены ў вучэбны план спецыяльнасці. Але арганізатары пайшлі далей і прынялі рашэнне зрабіць згаданы курс адкрытым, каб усе жадаючыя маглі атрымаць актуальныя веды з першых вуснаў. Таму на адкрыцці курса прысутнічалі не толькі магістранты, але і студэнты першай ступені навучання, нават першакурснікі. На пытанне, у каго ёсць ідэя і хто хацеў бы стварыць уласны стартап, у аўдыторыі падняўся лес рук.

— Адна з асноўных мэт курса — даць магістрантам і студэнтам практычныя навыкі і навучыць іх ствараць уласныя стартапы, — паведаміў першы намеснік дырэктара ПВТ па маркетынгу і развіцці Аляксандр Марцінкевіч. — Сёння гэта вельмі модная тэма, усе хочуць ствараць, але, на жаль, не ўсе валодаюць тэхналогіяй. Таму мы запрасілі да выкладання лепшых ІТ-прадпрымальнікаў. Унікальнасць курса заключаецца ў тым, што мы адыходзім ад класічнага разумення навучання, калі выкладчык выходзіў да студэнтаў і надыктоўваў ім свае лекцыі. Тут выкарыстоўваецца змешаны варыянт навучання, які мы ўжо абкаталі ў нашым філіяле ў Гродне, калі заняткі праводзяць разам практыкі і выкладчыкі. Спачатку студэнтам даюцца практычныя кейсы (рэальныя сітуацыі), а потым, падчас практычных заняткаў, яны спрабуюць прымяніць атрыманыя веды. Усю тэорыю студэнты будуць вывучаць самастойна (так званы перавернуты клас), а на занятках змогуць задаваць выкладчыкам пытанні.

Аб практычнай скіраванасці курса сведчыць узровень запрошаных спецыялістаў. Напрыклад, першыя заняткі, прысвечаныя інавацыйнаму прадпрымальніцтву, правялі аўтар і распрацоўшчык некалькіх беларускіх кантэнт-праектаў, “Ментар года — 2016” Аляксандр Чэкан і ІТ-прадпрымальнік, ментар, інвестар, сузаснавальнік і дырэктар кампаніі — рэзідэнта ПВТ Дзмітрый Гурскі. Заняткі па іншых тэмах будуць праводзіць спецыялісты ў адпаведных галінах, практычныя заняткі і лабараторныя работы — выкладчыкі БДУІР.

Падчас курса студэнты разгледзяць усе этапы развіцця стартапа, інструменты і мадэлі для стварэння ідэй, шляхі пошуку крыніц фінансавання, спосабы вываду прадукту на рынак, асаблівасці фарміравання каманды, юрыдычныя пытанні, правілы правядзення прэзентацый. Атрыманыя веды могуць быць выкарыстаны для кіравання любымі інавацыйнымі праектамі.

— За час навучання мы раскажам студэнтам усё — пачынаючы з таго, як знайсці ідэю, і заканчваючы яе прэзентацыяй інвестару, — адзначыў Аляксандр Марцінкевіч. — І ў якасці атэстацыі будзе не традыцыйны залік, а падрыхтаваны стартап-праект, яго прэзентацыя, ацэнка экспертаў і рэальныя інвестыцыі.

Адметна, што ўсе матэрыялы курса, лекцыі спецыялістаў будуць знаходзіцца ў адкрытым доступе, любы жадаючы можа знайсці іх у інтэрнэце. ПВТ зацікаўлены ў масавым навучанні, бо вядома: чым больш людзей, тым больш стартапаў. У будучыні плануецца перадаць згаданы курс ва ўсе ўніверсітэты, дзе рыхтуюць ІТ-спецыялістаў, для практыка-арыентаванага навучання студэнтаў і магістрантаў.

— Мы пачынаем актыўна працаваць з сістэмай адукацыі, — заявіў Аляксандр Марцінкевіч. — Ужо ў студзені маем намер перадаць у тэхнічныя ўніверсітэты тры новыя курсы па праграмаванні. ІТ-галіна вельмі хутка мяняецца, і хацелася б, каб людзі атрымлівалі запатрабаваныя веды, якія будуць актыўна прымяняцца на практыцы.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.