Як малышы вясну гукалі

- 15:21Нам пішуць

Каб пазнаёміць выхаванцаў сваёй групы з абрадам “Гуканне вясны”, я паехала ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, дзе прыняла ўдзел у рэканструкцыі свята, створанай на аснове этнаграфічных звестак.

Разам з дзяўчатамі і жанчынамі я пляла вянкі, упрыгожваючы іх каляровымі стужкамі і журавінамі. Потым хадзіла ў доўгім карагодзе і спявала песні-вяснянкі. Пасля ўсе ўдзельнікі сабраліся каля вялікага вогнішча вадзіць карагоды і танцаваць народныя танцы. Тут я пазнаёмілася з цудоўнай жанчынай Надзеяй Касцяневіч, кіраўніком культурна-адукацыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Яна вучыла мяне танцаваць народныя танцы і расказала цікавыя падрабязнасці пра абрад “Гуканне вясны”, а потым завяла на майстар-клас па вырабе жаўрукоў з цеста.

Абавязковымі пунктамі ў маёй вандроўцы было гушканне на драўляных арэлях і набыццё сувеніра — саламянай птушкі шчасця.

Вярнуўшыся з вандроўкі, усе набытыя веды я скарыстала, каб правесці падобнае свята са сваімі выхаванцамі. Бацькі выхаванцаў прынеслі ўсё неабходнае для пляцення вялікага вянка. Дзеці з задавальненнем спявалі карагодныя песні, танцавалі і гулялі ў народныя гульні. Але найбольш уражанняў яны атрымалі ад вырабу з цеста жавароначкаў. Цёплае мяккае цеста так прыемна трымаць у руках, а тым больш рабіць з яго цікавых птушачак. Малыя ўважліва сачылі, каб усе птушачкі мелі вочкі з разынак або сушанай чарнаплоднай рабіны.
Закончылася свята чаяваннем з сапраўднага самавара. Дзеткі смакавалі духмяныя булачкі-жавароначкі і пілі чабаровы чай.

Так малыя далучаюцца да сваёй спадчыны, якая з’яўляецца для нас сапраўдным скарбам.

Эдзіта БРАНЦЭВІЧ,
выхавальніца дашкольнай адукацыі
другой малодшай групы ясляў-сада № 8 Смаргоні.

Фота аўтара.