Як мары ператвараюцца ў рэальнасць,

- 11:25Навіны рэгіёнаў

або Парыжскае падарожжа магілёўскага навучэнца

Мара пабываць у Парыжы, сталіцы сучаснай фэшн-індустрыі, завалодвае думкамі кожнага пачынаючага мадэльера ці дызайнера адзення. Не выключэннем стаў і магіляўчанін Ігар Плятнёў, пажаданні якога ператварыліся ў рэальнасць дзякуючы ўдзелу ў Рэспубліканскім фестывалі “Млын моды — 2017”.

21-гадовы навучэнец Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа прывёз з гэтага творчага спаборніцтва дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Школа моды”, а таксама запрашэнне прэзентаваць сваю арт-калекцыю на еўрапейскіх подыумах — Францыі, Польшчы, Сербіі.

— Мы не проста прадстаўлялі свае творчыя работы замежным знаўцам моды, але і знаёміліся з іх калекцыямі, абменьваліся вопытам, прымалі ўдзел у творчых майстэрнях, — дзеліцца ўражаннямі Ігар Плятнёў, які нядаўна вярнуўся з тыднёвага падарожжа. — Канечне ж, з нецярпеннем чакалі наведвання Парыжа, у якім, дарэчы, пераважная большасць мужчын і жанчын носяць свабоднае адзенне з прамымі сілуэтамі і спрошчанымі канструкцыямі. Асобная ўвага рукавам — іх амаль што няма, а іх ролю выконваюць разнастайныя, часам даволі дзіўныя, валаны.

Акрамя таго, малады чалавек зазначыў, што еўрапейская мода больш эксцэнтрычная і яркая: вітаюцца незвычайныя тканіны, прынты і фактуры, масіўныя аксесуары, дзіўны абутак — словам, усё тое, што можа вылучыць чалавека з натоўпу. У сваю чаргу, беларусы робяць акцэнт на штодзённасць і практычнасць.

Тым не менш практычнай калекцыю магіляўчаніна наўрад ці можна ахрысціць, нават назва — “Provokator. Без твару” — гаворыць сама за сябе. Юны канструктар сцвярджае, што кожную з яго мадэлей можна смела насіць у штодзённым жыцці, але наўрад ці знойдзецца адважны, які зробіць гэта без усялякай збянтэжанасці.

Нягледзячы на тое, што мужчынская мода апрыёры больш стрыманая, мадэлі Ігара атрымаліся даволі правакацыйнымі, нават калі ўлічваць, што выкананы ў сціплай манахромнай гаме. Кожная з іх складаецца з чатырох базавых прадметаў: пінжак, штаны, кашуля і майка. Але ж калі гэта кашуля — то з дэкальтэ, калі пінжак — то шматслойны і асіметрычны, калі майка — то абавязкова з авангардным прынтам, калі штаны — то з выявамі твару. Акрамя таго, у калекцыі шмат дробных дэталей: разнастайных кішэней і гузікаў, паясоў, нашывак, люстраных адбіткаў асобных элементаў…

Па словах аўтара, ідэя стварэння такой геаметрычнай калекцыі, нібы з палотнаў Пікасо, прыйшла да яго даволі проста: аднойчы ён убачыў адлюстраванне свайго твару ў трох шклянках, якія стаялі адна ў адной.

— Маё адлюстраванне там цалкам расплылося і патроілася. Адразу прыйшла думка перанесці прынты твару на адзенне, — спрабуе растлумачыць сваё творчае бачанне Ігар Плятнёў. — Я зрабіў калаж і пачаў распрацоўваць канцэпцыю і спецыфіку будучай калекцыі. На выхадзе атрымалася ажыццявіць не ўсё задуманае, бо штосьці змянілася падчас працы, аднак галоўнай мэты я дасягнуў. Хацелася шакіраваць публіку, і гэта атрымалася.

Дарэчы, жаданне быць яркім і не падобным да іншых з’явілася ў Ігара яшчэ ў дзяцінстве. Хлопец праяўляў індывідуальнасць не праз дрэнныя звычкі, як гэта часта бывае сярод падлеткаў, а праз спасціжэнне асноў дызайну і знаёмства з моднымі тэндэнцыямі.

— Прага шыць, прыдумляць нешта цікавае і незвычайнае была ў мяне з самага маленства, — расказвае магіляўчанін. — Аднойчы я набыў акрылавыя фарбы і пачаў маляваць сабе і сваім сябрам цікавыя слоганы на майках. Але гэта не была спроба здзівіць грамадскасць, а спосаб вылучыцца з натоўпу. Дарэчы, бацькі і блізкія падтрымлівалі маё захапленне.

Пытанне з выбарам прафесіі не стаяла. Спачатку хлопец адвучыўся два гады па прафесіі краўца-закройшчыка, а потым паступіў на спецыяльнасць мадэльера-канструктара. Па яго ўспамінах, першыя крокі ў прафесіі былі вельмі нясмелымі: не ўсё адразу атрымлівалася, як хацелася б кожнаму маладому чалавеку, думкамі якога запанавала пэўная ідэя. Выратавалі асабістая ўпартасць у дасягненні мэты і працаздольнасць, а таксама дапамога вопытнага майстра вытворчага навучання каледжа Святланы Магдэнка.

— З Ігарам мы знаёмы ўжо чатыры гады. Першапачаткова ён не праяўляў сябе як таленавіты, які падае добрыя надзеі, мадэльер: быў звычайным вучнем, старанна вучыўся шыць і краіць, час ад часу задаваў нейкія пытанні, — успамінае Святлана Іванаўна. — Праз два гады навучання ён прынёс свае эскізы і сказаў, што хоча ўдзельнічаць у фестывалі “Млын моды — 2017”. Так усё і пачалося.

На першым сваім творчым выпрабаванні ён прадстаўляў дзве калекцыі — мужчынскую і жаночую. Сказаць, што яны былі незвычайнымі, — не сказаць нічога. Авангарднае, амаль што касмічнае адзенне для жанчын было падначалена абстрактнай тэме, якая змяшчалася ў словазлучэнні “кропля вады”. У сваю чаргу вопратка для мужчын мела роўныя, выразныя лініі — прамыя вуглы, вострыя каўняры, роўны ніз. Спроба пяра не прынесла Ігару і яго кіраўніку жаданай перамогі, але дала нешта больш каштоўнае — вопыт і ўпэўненасць, што наступны раз будзе больш плённым.

— Перад тым як трапіць у фінал конкурсу, кандыдат праходзіць некалькі этапаў, — патлумачыла Святлана Магдэнка. — Першы — семінар, дзе арганізатары расказваюць, як ствараецца калекцыя і што павінна ў яе ўваходзіць. На другім — эскізны тур — зацвярджаюцца малюнкі канкурсантаў. На трэцім прапанаваныя мадэлі ўвасабляюцца ў жыццё. Пасля першага этапу Ігар адчуў розніцу паміж заяўленымі патрабаваннямі і ўзроўнем выканання сваіх работ. Ён зрабіў высновы — і не застаўся без дыплома пераможцы.

Ужо ў гэтым годзе Ігар скончыць каледж і атрымае адпаведную кваліфікацыю. Далей ён плануе працягнуць навучанне па спецыяльнасці і паступіць у профільную ўстанову вышэйшай адукацыі. Яго мэта — працаваць і тварыць у сваёй краіне.

— Мой цвёрды намер — развівацца, не стаяць на месцы, ствараць новыя калекцыі і прасоўваць беларускую моду на сусветных пляцоўках, — падсумаваў суразмоўца. — У нашай краіне многа таленавітых мадэльераў, але ж яны не так актыўна рэкламуюць сябе, як замежныя.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.