Як нетрадыцыйныя аплікацыі спрыяюць развіццю дробнай маторыкі

- 15:36Образование

Працуючы з рознымі матэрыяламі, дзеці набываюць практычныя ўменні, карысныя для развіцця дробных і дакладных рухаў кісцей рук.

Дзеці з дрэнна развітой маторыкай нялоўка трымаюць лыжку і аловак, не могуць зашпі­ліць гузікі, зашнураваць чаравікі. Яны адмаўляюцца на занятках ляпіць і рабіць аплікацыі, часта адчуваюць сябе нягеглымі ў элементарных дзеяннях, даступных равеснікам. Гэта ўплывае на эмацыянальны стан малышоў і іх сама­ацэнку. Таму ў дашкольным узросце неабходна рэгулярная работа па развіцці дробнай маторыкі і каардынацыі рухаў рук.

Аплікацыя — адзін з любімых відаў выяўленчай дзейнасці дзяцей. Займаючыся ёй, яны набываюць практычныя ўменні, карысныя для агульнага развіцця, у тым ліку для развіцця дробных і дакладных рухаў кісцей рук.

Працуючы з малышамі, я заўважыла, што некаторыя з іх адчуваюць няўпэўненасць і скаванасць у дзеяннях і адказах на пытанні, разгубленасць пры выкарыстанні способаў нестандартнай творчасці і эксперыментавання з матэрыяламі, цяжкасці ў самастойным творчым пошуку і маляванні, не могуць засвоіць тэхнікі і прыёмы работы з паперай, а таксама выканаць пераймальныя рухі і дзеянні па ўзоры. Для вырашэння гэтай праблемы я распрацавала алгарытм, які ўтрымліваў шэраг задач: ствараць у групе неабходныя ўмовы для свабоднага, самастойнага разнапланавага эксперыментавання з мастацкімі матэрыяламі, абагачаць веды і ўяўленні дзяцей аб прадметах і матэрыялах, іх уласцівас­цях і спосабах прымянення, фарміраваць выяўленчыя навыкі і ўменні, назіральнасць, эстэтычнае ўспрыманне і эмацыянальную чуласць, развіваць дробную маторыку рук і тактыльнае ўспрыманне.

Трэба адзначыць, што для развіцця творчых здольнасцей і дробнай маторыкі недастаткова стандартнага набору выяўленчых матэрыялаў і традыцыйных спосабаў перадачы атрыманай інфармацыі. Таму я вырашыла разнастаіць практычную дзейнасць дзяцей у рамках існуючай ву­чэбнай праграмы з дапамогай нетрадыцыйнай аплікацыі. Гэта патрабавала арганізацыі адпаведнага прадметна-развіццёвага асяроддзя.

Аплікацыя — найбольш просты і даступны спосаб стварэння мастацкіх работ. Выконваючы іх, да­школьнікі не толькі набываюць новыя веды, але і замацоўваюць уяўленні, атрыманыя на іншых занятках: даведваюцца пра розныя матэрыялы, знаё­мяцца з іх уласцівасцямі і магчымасцямі, вучацца працаваць з імі і некаторымі прыладамі. 

Каб захапіць хлопчыкаў і дзяўчынак, звяртаю­ся да нетрадыцыйных матэрыялаў, якія прыцягва­юць нязвыкласцю і прымушаюць здзіўляцца. У выніку ў малышоў з’яўляецца цікавасць да эксперымента, што падштурхоўвае да самастойнасці, а таксама добра развівае дробную маторыку рук. Больш за тое, нетрадыцыйная аплікацыя не толькі не стамляе дзяцей, але і захоўвае іх высокую актыўнасць пры выкананні заданняў.

Дасягаю пастаўленых мэт шляхам паступовага развіцця ручной умеласці, якая дасягаецца ў выніку пераходу ад простага да складанага. Імкнуся, каб дзейнасць дашкольнікаў была паспяховай і каб заняткі прыносілі толькі станоўчыя эмоцыі. А для гэтага абавязкова ўлічваю індывідуальныя асаблівас­ці кожнага дзіцяці, яго ўзрост, настрой, жаданні і магчымасці.

Выкарыстоўваю нескладаныя, але адначасова цікавыя віды аплікацыі: модульную і абрыўную аплікацыю, аплікацыю з камякоў сурвэтак, круп, засушаных раслін, шарсцяных нітак, ваты, паралону.

Толькі сумесныя намаганні педагога і бацькоў дапамогуць малышам лягчэй і хутчэй дасягнуць жаданага выніку. Таму знаёмлю мам і татаў з нетрадыцыйнымі тэхнікамі аплікацыі, іх роляй у развіцці навыкаў дробнай маторыкі, падбіраю пазнавальную літаратуру, рыхтую памяткі, праводжу індывідуальныя гутаркі, арганізоўваю кансультацыі “Віды нетрады­цыйнай аплікацыі для развіцця дробнай маторыкі”, “Такія розныя матэрыялы для аплікацыі” і “Аплікацыя з прыроднага матэрыялу”, тэматычныя бацькоўскія сходы пра асаблівасці развіцця дробнай маторыкі рук дашкольнікаў, майстар-класы “Здольнас­ці дзяцей — на кончыках пальцаў”, афармляю папкі-перасоўкі “Аплікацыя рознымі спосабамі” і куток “Развіваемся гуляючы!”.

Сістэмная работа ў гэтым кірунку дазволіла дасягнуць станоўчых вынікаў. Дзеці сталі больш сканцэнтраванымі, самастойнымі і ўважлівымі, а іх работы набылі ўсвядомлены, асэнсаваны і мэтанакіраваны характар. Заданні пачалі выконвацца хутчэй і без намаганняў. Ствараючы прыгожыя аплікацыі сваімі рукамі, да­школьнікі адчуваюць станоўчыя эмоцыі, а работа з паперай і іншымі матэрыяламі дазваляе праявіць цярпенне, настойлівасць, фантазію і густ.

Наталля ПЕТРАВЕЦ,
выхавальніца дзіцячага сада № 4 Ляхавіч