Як прымяняць штучны інтэлект у рабоце з навучэнцамі, ведае настаўніца інфарматыкі Людміла Лукашэвіч

- 10:04Образование

Колькі мы ведаем пра штучны інтэлект? Хтосьці — больш, хтосьці — менш, хтосьці працуе з ім, а хтосьці не разумее, навошта штучны інтэлект (ШІ) наогул існуе ў жыцці чалавека. Аднак кожнаму з нас варта зразумець: ШІ — гэта ўсур’ёз і надоўга, і нам лепш навучыцца ўзаемадзейнічаць з ім. Асабліва калі гэта тычыцца адукацыйнага працэсу. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Нарадзілася інфарматыкам

Людміла Лукашэвіч, настаўніца інфарматыкі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 2 Докшыц, называе сябе радавым настаўнікам. Але менавіта ёй я задаю мноства пытанняў пра магчымасці штучнага інтэлекту і неабходнасць разумення яго алгарытмаў. Людміла Яўгеньеўна прымяняе штучны інтэлект у сваёй рабоце з навучэнцамі і лічыць гэта правільным у дзейнасці сучаснага настаўніка. Нядаўна яна прымала ўдзел у нарадзе на базе Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій сумесна з Міністэрствам адукацыі па пытанні штучнага інтэлекту.

У пачатку прафесійнага шляху Людміла Лукашэвіч працавала ў сельскай школе ў вёсцы Валодзькі Докшыцкага раёна настаўніцай, а пасля дырэктарам. Потым нядоўгі час была работа з моладдзю ў райкаме камсамола, адкуль яна перайшла ў сярэднюю школу № 2 Докшыц. Выкладала матэматыку, таму што інфарматыкі ў школьнай праграме ў той час яшчэ не было, працавала так да 1995 года, калі пайшла ў дэкрэтны водпуск. Вярнулася на работу ў школу настаўніцай інфарматыкі. Атрымала спецыяльнасць “Інфарматыка” ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (зараз Акадэмія адукацыі).

— Па псіхалагічных тэстах мне падыходзілі прафесіі тыпу “Чалавек — знакавая сістэма”, таму першапачаткова нават хацела пайсці працаваць інфарматыкам на завод, — дзеліцца Людміла Яўгеньеўна. — Кампазітарам чалавек нараджаецца. Лічу, што інфарматыкам — таксама. Я нарадзілася інфарматыкам.

Калі настаўніца пачынала выкладаць інфарматыку ў школе, гэта быў зусім іншы прадмет, чым зараз. Параўноўваючы мінулых навучэнцаў, “дасмартфонаўскіх”, і цяперашніх, Людміла Лукашэвіч адзначае, што сённяшнія дзеці маюць кліпавую свядо­масць. Педагог гаворыць, што складана выкладаць тэму Word, бо клавіятуры ў смартфоне і на камп’ютары розныя. Па яе меркаванні, складальнікам школьнай праграмы варта гэта ўлічыць.

Сучасным дзецям па вялікім рахунку не патрэбен камп’ютар, калі ў іх ёсць смартфон ці планшэт. Школьная праграма па інфарматыцы была напісана, каб навучыць дзяцей працаваць з камп’ютарам. Але часы змяніліся, таму праграма таксама мае патрэбу ў значных змяненнях.

Напісаць разумны промт

Як гаварылася вышэй, Людміла Яўгень­еўна ўдзельнічала ў нарадзе на базе Назіральнага савета ПВТ сумесна з Міністэрствам адукацыі па пытанні штучнага інтэлекту. Спецыялісты сабраліся, каб абмеркаваць, што такое штучны інтэлект, ці патрэбны ён у школе і калі так, то якія сэр­вісы неабходны, каб настаўнікі маглі з ім працаваць. Магчыма, трэба рыхтаваць настаўнікаў да работы са штучным інтэлектам. Дзеці актыўна карыстаюцца ШІ, таму галоўнае пытанне, як настаўніку адрозніць работу, якую выканаў штучны інтэлект, ад самастойнай дзіцячай работы.

— Маё меркаванне наступнае, — разважае Людміла Лукашэвіч. — Штучны інтэлект будзе развівацца, ад гэтага мы нікуды не дзенемся. Ужо ёсць не толькі разумныя прылады, а цэлыя разумныя дамы. Чаты ChatGPT, GigaChat, Gemini, “Аліса” — настаўнікі павінны пра іх ведаць. Неабходна праводзіць перападрыхтоўку настаўнікаў-прадметнікаў ці хаця б знаёміць іх са штучным інтэлектам. Інфарматыкам прасцей, а вось настаўнікам гуманітарных прадметаў, асмелюся сказаць, складана самім гэта вывучыць. Настаўнікі мовы і літаратуры пакутуюць больш за ўсё, бо дзеці лянуюцца самі пісаць сачыненні, а штучны інтэлект з гэтай задачай элементарна спраўляецца. Праўда, галоўнае — напісаць разумны промт. Вось тут ёсць нюанс: калі дзеці не ўмеюць гэтага рабіць, што між іншым таксама пэўны элемент сачынення, то добрае сачыненне пры дапамозе штучнага інтэлекту ў іх не атрымаецца.

Што да ўласнага вопыту, то алгарытм, напісаны штучным інтэлектам, Людміла Яўгеньеўна можа адрозніць ад алгарытму, напісанага вучнем: “Я ведаю магчымасць вучня, яго ўзровень здольнасцей. Бывае, што і на маіх уроках дзеці паспяваюць скарыстацца смартфонам і штучным інтэлектам, але пасля вучань павінен патлумачыць выкананую работу і яшчэ змяніць штосьці ў ёй. Паколькі мне лёгка даецца праграмаванне, то я магу на хаду прыдумаць заданне, якое вучню неабходна дабавіць у свой алгарытм, каб змя­ніць яго. І другі раз выкарыстаць штучны інтэ­лект ужо не атрымаецца, бо ў мяне стаіць спецыяльная праграма кантролю на камп’ютары. Многія чаты штучнага інтэлекту працуюць толькі праз VPN, што дадае складанасці ў іх выкарыстанні дзецьмі”.

Дарэчы, па словах настаўніцы, усе “рашэбы”, якімі яшчэ пару гадоў назад карысталіся дзеці, адыходзяць у нябыт, бо дзеці аддаюць перавагу штучнаму інтэлекту. Па яе меркаванні, трэба навучыць настаўнікаў распазнаваць ШІ ў дзіцячай рабоце, каб выстаўляць адэкватную адзнаку навучэнцу.

— Я лічу, што нам, настаўнікам, штучны інтэлект добра спрашчае работу. Па-першае, калі мы дасведчана склалі промт, то штучны інтэлект згенерыруе план урока, не трэба будзе на гэта траціць час. Па-другое, штучны інтэлект можна выкарыстоў­ваць пры тэставай праверцы ведаў. Я карыстаюся спецыяльнай праграмай, здольнай генерыраваць усе варыянты пытанняў: з адзіночным і варыятыўным адказамі, адказам у выглядзе лічбаў і слоў, адказам у выглядзе супастаўленняў і г.д. Закладваю ў штучны інтэлект тэкст параграфа, і ён генерыруе вялікую колькасць пытанняў, сярод якіх я выбіраю, што падыходзіць мне для ўрока. І тут важна, каб у чалавека было добра развіта крытычнае мысленне, бо ў штучнага інтэлекту ёсць схаваныя слаі і ніхто не ведае, што распрацоўшчыкі ў іх залажылі. Могуць быць нават памылкі. Задача настаўніка — іх знайсці і выправіць. Пры раздачы тэста пытанні задаюцца ў выпадковым парадку, і дзецям складана спісаць адно ў аднаго. Праўда, калі ў абодвух 9-х класах (а гэта чатыры групы) тэст у адзін дзень, то ў апошняй групе мне трэба ­стаяць і назіраць, каб вучні не спісалі. Як яны ўмудраюцца?!

На піку інтарэсу

Як педагогу Людміле Лукашэвіч хацелася б, каб Міністэрства адукацыі распрацавала пералік дазволеных для выкарыстання настаўнікамі сродкаў штучнага інтэлекту. А яшчэ ёй цікавы замежны вопыт. Ужо ёсць краіны, дзе нейронная сетка ўмее генерыраваць 3D-доследы на ўроках хіміі, фізікі, астраноміі, геаграфіі. Гэта вельмі дарэчы, калі праводзяцца доследы, напрыклад, з кіслатой, якую нельга на ўроку хіміі даваць дзецям у рукі. Яшчэ можна паказваць, як паводзіць сябе той ці іншы матэрыял на Паўночным і Паўднёвым полюсах. Астраномію ў школе вывучаюць толькі па ілюстрацыях, а з дапамогай штучнага інтэлекту можна пагружаць дзяцей у 3D-мадэлі. Думаю, нам таксама было б нядрэнна мець такі сэрвіс. У многіх школах зараз ёсць VR-акуляры, таму можна было б іх выкарыстоўваць на ўроках гісторыі: паказ­ваць дзецям тую эпоху, якую яны вывуча­юць. Настаўніца ўпэўнена, што любыя веды набываюцца на піку інтарэсу.

— З вучнямі мы актыўна выкарыстоўваем штучны інтэлект у іншых сферах. З пяцікласнікамі вывучаем Scratch плюс штучны інтэлект, выкарыстоўваем нейронную сетку, каб ства­рыць мадэль для праекта. Напрыклад, цікавы праект тычыцца жывёл Белавежскай пушчы. Спачатку мы вывучаем, якія вітаміны патрэбны розным жывёлам у зімовы перыяд. Пасля распрацоўваем праект “Разумная кармушка”. Яго сутнасць у тым, што штучны інтэлект праз камеру распазнае пэўную жывёлу ў Белавежскай пушчы, калі яна падыходзіць да кармушкі, і насыпае ў корм неабходныя менавіта гэтай жывёле вітаміны.

Педагог ганарыцца дасягненнямі сваіх вучняў у Scratch-праграмаванні: створанымі гульнямі, творчымі праектамі, прызавымі месцамі на абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах. Многія з яе вучняў выбралі інфарматыку справай свайго жыцця і зараз вучацца ў БДУІР, БНТУ, БДУ.

— Чалавечы мозг і штучны інтэлект: што можа выдаць геніяльную ідэю, зра­біць адкрыццё? Хто разумнейшы: чалавек ці штучны інтэлект? — задаю настаўніцы каверзныя пытанні.

— Я думаю, што чалавек. Таму што толькі чалавек валодае крытычным мысленнем. Штучны інтэлект можа паўтарыць штосьці, зрабіць тое, што ён умее, чаму яго навучылі. А новае ён не генерыруе.

— Ён не здольны навучацца?

— Ён здольны навучацца, але зрабіць адкрыццё ён не ў стане. Магчыма, калісьці гэта будзе рэальна. Можа, нават у блізкай будучыні, але ў гэты момант — не. Зрабіць адкрыццё можа толькі чалавек, бо ён валодае крытычным мысленнем.

Наталля КАСТЭНКА