Як са студэнта вырасціць навукоўца

- 10:10Вышэйшая школа

У 2016—2020 гадах у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка рэалізоўвалася праграма “Кадры”. Наколькі яна была паспяховай і які створаны зачын на будучыню? Гаворым пра гэта з рэктарам БДПУ прафесарам Аляксандрам ЖУКОМ.

— Праграма “Кадры 2016—2020” стваралася як механізм сістэмнага кіравання кадравай палітыкай універсітэта. Напрыканцы 2020 года адбыўся савет універсітэта, дзе абмяркоўваліся вынікі выканання згаданай праграмы і задачы кадравай палітыкі на найбліжэйшыя 5 гадоў. Мы падрабязна прааналізавалі кадравы склад усіх кафедраў у разрэзе ўзроставых характарыстык і наяўнасці навуковых ступеней, ацанілі выкананне мерапрыемстваў па планаванні і падрыхтоўцы навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі.

У выніку паспяховай рэалізацыі праграмы “Кадры 2016—2020” падрыхтавана 6 дактароў і 43 кандыдаты навук, якія ўмацавалі кафедры БДПУ. Працэнт педагагічных работнікаў з навуковай ступенню ўзрос з 44,7% у 2016 годзе да 49% у 2020 годзе. Акрамя таго, створаны добры зачын для таго, каб нашы выкладчыкі, якія працуюць над кандыдацкімі і доктарскімі дысертацыямі, свое­часова выйшлі на абарону.

— Вопыт БДПУ паказвае, што менавіта сістэмная работа дае ўстойлівы эфект: забяспечвае пастаянны прыток маладых творчых сіл і гарантуе ўніверсітэту кадравую бяспеку. Як выбудоўваецца адзіная перспектыва прафесійнага росту ў ланцужку “студэнт — магістрант — аспірант і г.д.”?

— Адной з асноўных крыніц прытоку моладзі ў навуку з’яўляецца студэнцкая навукова-даследчая работа. За апошнія 5 гадоў ва ўніверсітэце адбылося са­праўднае адраджэнне студэнцкай навукі.

Штогод у нас праводзіцца Дэкада студэнцкай навукі, якая ўжо 3 гады мае міжнародны статус і збірае на сваіх пляцоўках звыш тысячы ўдзельнікаў. Плённа працуюць 47 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый (СНДЛ), якія аб’ядноўваюць звыш 700 студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Рэгулярна праводзіцца конкурс СНДЛ, лепшыя з якіх рэкамендуюцца да ў­дзелу ў розных конкурсах на грантавую падтрымку. Колькасць і якасць работ, якія прадстаўляюцца на Рэспубліканскі конкурс студэнцкіх навуковых работ, год ад году ўзрастае (з 62 у 2018 го­дзе да 94 у 2020 годзе). Пры гэтым звыш 95% у­дзельнікаў конкурсу становяцца лаўрэатамі, пераможцамі і прызёрамі.

Студэнты БДПУ, якія адзначыліся ў навукова-даследчай і праектна-інавацыйнай дзейнасці, ганаруюцца рознымі ўзнагародамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У 2020 годзе такая падтрымка аказана 23 студэнтам, якія атрымалі 15 стыпендый і 8 прэмій.

Сістэмная работа па прыцягненні студэнтаў да навукова-даследчай дзейнасці вядзецца пачынаючы з 1 курса. У інстытутах і на факультэтах БДПУ арганізавана педагагічнае суправа­джэнне студэнтаў, якія праявілі схільнасць да навукова-даследчай дзейнасці і матываваны на вучобу ў магістратуры і аспірантуры. Ім аказваецца адрасная педагагічная падтрымка. Ланцужок “студэнт — магістрант — аспірант” забяспечваецца шляхам пашырэння ва ўніверсітэце навуковых школ (сёння іх 18), пераемнасці навуковага кіраўніцтва і тэматыкі навуковых даследаванняў. Штогод на Дэка­дзе студэнцкай навукі ў БДПУ за сістэмную падрыхтоўку навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, пачынаючы са студэнцкай лаўкі і заканчваючы аспірантурай і дактарантурай, узнагароджваюцца лепшыя навуковыя кіраўнікі.

За апошнія гады ў БДПУ значна павысілася эфектыўнасць падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі. Калі ў 2015 годзе абарон у перыяд навучання выпускнікамі аспірантуры і дактарантуры не было, то пачынаючы з 2016 года штогод ад 7% да 24% выпускнікоў абараняюць дысертацыі ў тэрмін.

У перыяд 2016—2020 гадоў са 173 выпускнікоў 23 чалавекі (13%) абаранілі дысертацыі ў перыяд навучання і 46 чалавек (27%) — у найбліжэйшыя гады пасля заканчэння аспірантуры і дактарантуры.

— У навуцы прыцягвае не толькі перспектыва абараніцца, а найперш цікавая даследчая праца, захапляльны навуковы пошук. Як ва ўніверсітэце фарміруецца праблемнае поле прыярытэтных псіхолага-педагагічных даследаванняў?

— Праблемнае поле прыярытэтных даследаванняў фарміруецца зыходзячы з актуальнай тэматыкі і востра запатрабаванай у сучасных сацыякультурных умовах навуковай прадукцыі. Выклікі адукацыі XXI стагоддзя: глабалізацыя, лічбавізацыя, змена тыпу пераймання культурнай спадчыны і віду рацыянальнасці, зрух парадыгмы, антрапалагічны і экалагічны крызісы і інш. — патра­буюць пераасэн­савання метадалагічных асноў псіхолага-педагагічнай навукі, тэорыі і методыкі навучання і выхавання.

Змяніўся свет — змяніліся дзеці. Перш чым іх выхоўваць, трэба ўсё пра іх ведаць. Таму запатрабаваны эмпірычныя даследаванні і тэарэтычнае абгрунтаванне новай узроставай перыядызацыі развіцця навучэнцаў ва ўмовах пазітыўнай і негатыўнай трансфармацыі адукацыйнага асяроддзя; распрацоўка кампетэнтнасных мадэлей выпускнікоў усіх ступеней адукацыі, што вызначаюць адукацыйныя стандарты; навукова-метадычнае забеспячэнне фарміравання функцыянальнай пісьменнасці дзяцей і навучэнскай моладзі, працэсаў адукацыйнай інклюзіі, інфарматызацыі адукацыі і інш.

Праблемнае поле прыярытэтных даследаванняў не ствараецца раз і назаўсёды. Па меры таго, як пэўныя навуковыя праблемы атрымліваюць сваё вырашэнне, яны адыхо­дзяць на другі план, у той час як жыццё падкідвае нам усё новыя пытанні і дылемы. Таму, каб захоўваць сваё стратэгічнае прызначэнне, праблемнае поле псіхолага-педагагічных даследаванняў штогод актуалізуецца, карэкціруецца і абнаўляецца.

— Важны аспект у сістэме падрыхтоўкі кадраў — дастатковая метадалагічная падтрымка саіскальнікаў і іх навуковых кіраўнікоў. Многія дысертацыі не даходзяц­ь да абароны толькі таму, што не хапіла неабходнага вопыту (хтосьці ўпершыню піша дысертацыю, хтосьці ўпершыню кіруе). Як дапамагаеце пачынаючым навукоўцам не спыніцца і не кінуць усё на паўдарозе?

— Мы шмат працуем з кафедрамі. Стараемся павысіць калектыўную адказнасць кафедраў за падрыхтоўку аспірантаў, за работу з імі ў перыяд паміж атэстацыямі. Часта карыснай бывае камандная работа з удзелам вопытных навуковых кіраўнікоў, якія маюць свае навуковыя школы. У хо­дзе калектыўнага абмеркавання ёсць магчымасц­ь і аспіранту, і яго навуковаму кіраўніку справіцца з цяжкасцямі і вызначыцца ў далейшай рабоце над дысертацыяй.

Атэстацыі аспірантаў і дактарантаў на кафедрах і на пасяджэннях атэстацыйных камісій праходзяць нефармальна, у выглядзе навуковых семінараў. У выніку саіскальнікі вучоных ступеней атрымліваюць магутнае метадалагічнае падсілкоўванне, павышаецца іх адказнасць у рабоце над дысертацыяй.

Акрамя таго, у БДПУ арганізавана работа метадалагічных семінараў для магістрантаў, аспірантаў і дактарантаў, якія выконваюць навуковыя даследаванні па педагагічных і псіхалагічных навуках. Гэта істотна дапамагае ў напісанні дысертацый.

У 2016—2020 гады ў 4 саветах БДПУ (2 доктарскіх — па педагагічных і псіхалагічных навуках і 2 кандыдацкіх — па філалагічных і гістарычных навуках) абаранілі дысертацыі 94 чалавекі, 28 з іх — работнікі БДПУ. Яшчэ 21 супрацоўнік універсітэта абараніўся ў саветах іншых устаноў і арганізацый: БДУ, НАН Беларусі і інш.

Калі гаварыць пра дынаміку абарон дысертацый работнікамі БДПУ, то кульмінацыя была дасягнута ў 2018 годзе — 17 абарон, у той час як у 2016 годзе было 10 абарон, а ў 2015 годзе — 5. Працэнт педагагічных работнікаў з вучонай ступенню ўзрос з 44,7% у 2016 годзе да 49% у 2020 годзе.

— На якіх этапах ажыццяўляецца кантроль за падрыхтоўкай і абаронай дысертацый аспірантамі і дактарантамі? Якую экстранную дапамогу можа прапанаваць універсітэт, калі нешта пайшло не па плане?

— Для кантролю асваення зместу адукацыйных праграм пасляўніверсітэцкай адукацыі аспіранты, дактаранты, саіскальнікі праходзяць бягучую атэстацыю ў форме справаздачы аб выкананні індывідуальнага плана работы. Бягучая атэстацыя прахо­дзіць два разы на год у два этапы: на пася­джэнні кафедры, а затым на пасяджэнні атэстацыйнай камісіі. Акрамя таго, на падставе рашэння савета ўніверсітэта штоквартальна на пасяджэннях кафедраў заслухоўваюцца прамежкавыя справаздачы аспірантаў і дактарантаў дзённай формы атрымання адукацыі.

На асаблівым кантролі ў кіраўніцтва ўніверсітэта — абароны дысертацый у перыяд навучання аспірантамі — уладальнікамі стыпендыі прэзідэнта. Пачынаючы з 2015 года штомесяц стыпендыяты прадстаўляюць справаздачу аб выкананні індывідуальнага плана работы на кафедру, штоквартальна — на рэктарат. За 2015—2020 гады з 27 выпускнікоў аспірантуры — уладальнікаў стыпендыі прэзідэнта абаранілі дысертацыі 19 чалавек (70%). Гэта нядрэнна. Але мы спрабуем у найбліжэйшай будучыні давесці гэты паказчык да 100%, таму старанна падыходзім да вылучэння кандыдатур на гэты конкурс, ажыццяўляем бесперапынны маніторынг вынікаў работы над дысертацыяй, а таксама аказваем усялякую падтрымку і дапамогу ў своечасовым выхадзе стыпендыята на абарону. Гэта тычыцца і пошуку доследна-эксперыментальнай базы, і маштабаў апрабацыі і ўкаранення, і публікацый. Калі ёсць неабходнасць, то ўніверсітэт прадастаўляе аспіранту магчымасць навуковай стажыроўкі, у тым ліку за мяжой, аплачанай камандзіроўкі для работы ў архіве і інш.

— Праграма “Кадры” фармальна завершана. Як гэтая работа прадоўжыцца ў будучыні? Што яшчэ неабходна ўдасканаліць, каб прыток навукова-педагагічных кадраў быў устойлівым і якасным?

— Устойлівасць далейшага развіцця кадравага патэнцыялу ўніверсітэта бу­дзе забяспечвацца шляхам выверанага планавання абарон дысертацый, стымулявання і кантролю своечасовага выканання штогадовых планаў.

Зразумела, што чалавечы фактар — рэч непрадказальная. Тым не менш у 2021 годзе мы чакаем абароны 2 док­тарскіх дысертацый, у 2022 годзе — 7 доктарскіх. Калі мы цалкам выканае­м план абарон на 2021—2025 гады, то штат БДПУ папоўніць 101 чалавек з вучонай ступенню, з іх 75 кандыдатаў і 26 дактароў навук.

Што яшчэ трэба ўдасканаліць? На наш погляд, варта ўдасканаліць наборы ў аспірантуру і дактарантуру. Адбіраць лепшых — тых, хто праявіў сябе ў сферы навукова-даследчай дзейнасці, мае пэўны вопыт, партфоліа дасягненняў, “зачын” па дысертацыі ў выглядзе апублікаваных работ, праведзенай доследна-эксперыментальнай работы, сабраных матэрыялаў і інш. Тады пры наяўнасці моцнага жадання і мэтанакіраванасці саіскальніка дысертацыя будзе не толькі напісана ва ўстаноўленыя тэрміны, але і паспяхова абаронена. Гэта і вызначае якасць і ўстойлівасць прытоку навукова-педагагічных кадраў.

Інтэрв’ю ўзяла Галіна СІДАРОВІЧ.