Як сабраць трэндавы букет і аформіць фотазону — сакрэты фларыстыкі Галіны Івановай

- 13:17Столичный мастер

“Знайдзі сабе работу па душы, і табе не прыйдзецца працаваць ні дня ў сваім жыцці” — гэтыя словы Канфуцыя вельмі добра падыходзяць майстру вытворчага навучання Мінскага дзяржаўнага каледжа рамесніцтва і дызайну імя М.А.Кедышкі Галіне Івановай. Педагог атрымлівае задавальненне ад любімай працы і з вялікім энтузіязмам і натхненнем вучыць сваіх выхаванцаў тонкасцям фларыстыкі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагогіка плюс творчасць

Як прызнаецца Галіна Іванова, у педагагічную прафесію яе прывяла творчасць. З дзяцінства дзяўчынка захаплялася дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, маляваннем. Спачатку яе цікавіў традыцыйны жывапіс, потым — сучасны (абстрактны). І ў сям’і гэта падтрымлівалася. Таму паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на спецыяль­насць “Выяўленчае мастацтва. Чарчэнне”. Пасля яго ­заканчэння некаторы час працавала педагогам дадатковай адукацыі, настаўнічала ў школе.

— Калі пяць гадоў назад прыйшла працаваць у каледж, то зразумела, што гэта маё і мне цікава ўзае­мадзейнічаць з больш дарослымі навучэнцамі, якія адказна падыходзяць да справы, усведамляюць, чаго хочуць дасяг­нуць, — гаво­рыць Галіна Рыгораўна. — У маёй прафесіі арганічна спалучаюцца і педагогіка, і мастацтва, і творчасць. Для мяне важна атрымліваць ад выхаванцаў зваротную сувязь, пэўны эмацыянальны водгук, адчу­ваць, што ім сапраўды патрэбны тыя ці іншыя веды. Тады хочацца старацца працаваць і далей. Здаецца, што крылы вырастаюць за спінай, калі навучэнцы самі прапаноўваюць пэўную ідэю для рэалізацыі.

Мужчынская прафесія?

Сёння на рынку працы з’яўляецца ўсё больш творчых прафесій. У пералік запатрабаваных творчых заняткаў уваходзіць фларыстыка, бо кветкі — прыгажосць па-за модай, часам, прасторай, а атрымліваць букеты заўсёды прыемна, як і сузіраць іх у інтэр’еры, на сваім прысядзібным участку ці гарадскіх вуліцах і парках.

З гэтага навучальнага года ў каледжы пачалі рыхтаваць абітурыентаў па спецыяльнасці “Фларыстычны дызайн”, а прафесію ўключылі ў агульнадзяржаўны класіфікатар спецыяльнасцей і кваліфікацый. Прычым, каб быць канкурэнта­здольнымі на рынку працы, навучэнцам прапаноўваецца асвоіць адразу некалькі спецыяльнасцей. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі яны не толькі атрымаюць кваліфікацыю фларыста 5-га разраду, але і набудуць навыкі кантралёра-касіра і кветачніцы, а на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі — кваліфікацыю фларыста 4-га разраду і навыкі выканальніка мастацка-афарміцельскіх работ.

— Паколькі мне падабаецца працаваць з кветкамі, ствараць букеты і кампазіцыі, афармляць фотазоны, уваходныя групы і г.д., мне прапанавалі выкладаць вучэбныя прадметы па гэтай спецыяльнасці, — расказвае педагог. — Фларыст — гэта спецыяліст у асаблівай галіне, якая аб’ядноўвае прадметны дызайн і дызайн прасторы. Ён працуе як з жывымі, так і са штучнымі кветкамі, матэрыяламі і прадметамі дэкору: збірае кветкавыя кампазіцыі, афармляе памяшканні і расстаўляе візуальныя акцэнты.

Фларыстыка — гэта не толькі прафесія, але і сапраўднае мастацтва, якое спалучае творчасць, веданне раслін і здольнасць ствараць непаўторныя кветкавыя кампазіцыі. Фларысты ажыўляюць і пераўтвараюць прастору.

У гэтым навучальным го­дзе першапраходцамі ў фларыстычным дызайне сталі больш за 75 дзяўчат, былі сфарміраваны тры групы. Прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва, на жаль, не праявілі цікавасці да гэтай прафесіі, хаця ў Еўропе, Расіі самыя папулярныя фларысты менавіта мужчыны. Гэта фізічна цяжкая работа. Па-першае, трэба працаваць стоя­чы. Па-другое, часта даводзіцца зачышчаць кветкі ў халадзільніку. Па-трэцяе, каб сабраць трэндавы букет, аформіць фотазону альбо ўваходную групу, неабходна прыкласці немалую фізічную сілу.

Для арганізацыі якаснага адукацыйнага працэсу ў каледжы адкрыта новая вучэбна-вытворчая фларыстычная майстэрня. Яна мае сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу для практычнай падрыхтоўкі будучых фларыстаў. Тут ёсць усё неабходнае: правільна падабраная мэбля, халадзільнікі для кветак, спецыяльнае абсталяванне (секатары, фларыстычныя нажы і інш.). Аснашчэнне дазваляе ра­біць навучанне цікавым і арыентаваным на практыку.

Як у любой іншай прафесіі, у фларыстыцы вылучаюцца свае напрамкі: падзейная, інтэр’ерная, вясельная фларыстыка, дызайн букетаў і інш. Таму ў фларыстычнай майстэрні работа вядзецца не толькі з жывымі кветкамі, але і са штучнымі (з паперы, фаамірану), з сухацветамі, часта па ініцыятыве навучэнак вырабляюцца розныя аксесуары (у межах гуртка, які праводзіць Г.Р.Іванова).

Важныя нюансы

Па словах Галіны Івановай, каб стаць высокакваліфікаваным фларыстам, неабходны веды і навыкі ў шэрагу галін і ўменне гэтымі ведамі аперыраваць.

Спецыялісту па фларыстыцы спатрэбяцца веды па каларыстыцы і кампазіцыі, матэрыялазнаўстве (веданне фізічных уласцівасцей упакоўкі і ўменне працаваць з тканінамі, пенапластам, гіпсам, металам, пенаполістыролам і рознымі іх формамі), па асновах батанікі і садаводства, па догля­дзе кветак і падборы правільных раслін пад тэмпературу і вільготнасць паветра ў памяшканні, дзе яны будуць знаходзіцца. А яшчэ фларысту не абысціся без здольнасці вывучаць кантэкст і выбі­раць адэкватныя яму візуальныя рашэнні, без крэатыўнасці, увагі да дэталей, акуратнасці, навыкаў камунікацыі і прэзентацыі, якаснага кліенцкага сэрвісу і ра­зумення, як яго выбудоў­ваць і развіваць, без асноў продажу і маркетынгу, асабліва ведання таго, як працаваць з мэтавай аўдыторыяй.

Гібкія навыкі — soft skills — важныя не менш за прафесійныя. Задача фларыста — дапамагчы кліенту зрабіць выбар і ства­рыць прадукт, які будзе адпавя­даць сітуа­цыі, жаданням і патрэбам кліента. І для гэтага спецыялісту неабходна ўмець размаўляць, аналізаваць і нават суперажы­ваць. Фларыстам важна быць у курсе апошніх тэндэнцый у свеце кветак, прычым як у дызайне, так і ў імкненні захаваць прыроду і экалогію.

— Высакакласны фларыст павінен ведаць шэраг нюансаў і важных дробязей: як пры­няць пастаўку, правільна апраца­ваць і заха­ваць кожную кветку, бо розныя віды раслін патрабу­юць адмысловага падыходу, — тлумачыць суразмоўніца. — Ружы падразаюцца пад вуглом 45 градусаў, далікатныя кветкі з крохкімі сцёбламі — пад вуглом 90 градусаў. Адны кветкі можна захоўваць у халадзільніку, іншыя, напрыклад, экзатычныя, — нельга. Антурыумы ў букетах псуюцца ў халадзільніку. Цюльпаны можна захоўваць увогуле без вады, у цёмным месцы ў халадзільніку. Яны могуць знаходзіцца ў такіх умовах цэлы месяц. Каб купленыя кветкі прастаялі даўжэй, не варта іх размяшчаць на акне ля ацяпляльнай батарэі або каля тэлевізара.

Фларыст 4-га разраду будзе ўмець вырабляць круглыя каскадныя сіметрычныя букеты з жывых зрэзаных кветак і іншага расліннага матэрыялу ў спіральнай і паралельнай тэхніцы. А фларыст 5-га разраду зможа распрацоўваць дэкаратыўныя структурныя букеты з жывых зрэзаных кветак, сухацветаў, штучных кветак і іншага расліннага матэрыялу нестандартных форм.

Быць у трэндзе

На сваіх занятках Галіна Іванова прымяняе тэхналогіі візуалізацыі, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, аддае перавагу практыка-арыентаванаму навучанню. Часта педагог праводзіць інтэграваныя заняткі (напрыклад, па дысцыплінах “Спецтэхналогія” і “Матэрыялазнаўства”): навучэнцы даведваюцца, як правільна правесці аранжыроўку кветак, як іх падабраць, апраца­ваць перад пастаноўкай у кампазіцыю, якія матэрыялы выкарыстаць, чым падрэ­заць (секатарам або фларыстычным нажом і інш.), як потым стварыць кампазіцыю.

— Павышаюць матывацыю навучэнцаў майстар-класы (апошні быў праведзены педагогам па стварэнні кветкі з фаамірану), дэманстрацыя работ практыкуючых фларыстаў, зварот да іх старонак у сацыяльных сетках (Вольга Гайдукевіч, Грэгар Лерш, Андрэй Фаменка, Фрэдэрык Дзюпрэ і інш.). Вельмі эфектыўныя і матывуючыя гутаркі. Напрыклад, пра тое, як фларыстычныя салоны прымяня­юць розныя падыходы ў сваёй рабоце, — дзеліцца педагог. — У ружы ёсць так званы кашульны ліст. У некаторых салонах прынята яго абрываць, каб кліенты не ўспрымалі ружы нясвежымі. Некаторыя ж лічаць, што калі пры­браць гэты ліст, то разумны кліент, наадварот, з недаверам аднясецца да кветкі. А яшчэ хтосьці прыбірае шыпы, а хтосьці — не. Некаторыя фларысты прыбіраюць лісты цалкам, бо чым больш лістоў, тым марудней вада паступае да бутона. Аднак не ўсе кліенты гэта разумеюць і лі­чаць, што калі з кветкі прыбралі лісце, то яна старая.

Матывуюць дзяўчат да творчасці і гісторыі поспеху іншых навучэнцаў каледжа, іх удзел у конкурсным руху. Так, у мінулым годзе Соф’я Гамола на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus у намінацыі “Фларыстыка” заняла 3-е месца. Дарэчы, адміністрацыя каледжа на чале з яго дырэктарам Ганнай Бойка падтрымлівае і заахвочвае ўсе ініцыятывы навучэнцаў і педагогаў. Нядаўна Галіна Іванова са сваімі выхаванкамі пабывалі на стажыроўцы па фларыстыцы ў Санкт-Пецярбургу, дзе ўзбагаціліся вопытам і напрацоўкамі расійскіх калег.

— Многа трэндаў прыхо­дзіць апошнім часам з азіяцкай фларыстыкі (ва ўпакоўцы, афармленні фларыстычных вырабаў, падборы кампазіцыі, колераў). Сучасныя трэнды накіраваны на экалагіч­насць: менш упакоўкі, крафтавая папера. Выкарыстоўваюцца пяшчотныя колеры, паўпразрыстыя ці матавыя плёнкі. Яшчэ адзін сучасны трэнд — какідама. Гэта шар з зямлі, у які высаджваецца расліна і які абкручваецца мохам. Шар можна падвешваць, ставіць у падстаўкі, — заўважае Галіна Рыгораўна. — Мне часта задаюць пытанне, якія кветкі ў мяне самыя любімыя. Зараз мне больш цікавыя экзатычныя расліны, напрыклад, архідэі (ванда, цымбідыум, фаленопсіс і іншыя). Вельмі люблю гаршковыя расліны, бо яны растуць, мяняюцца, развіваюцца. У нашай лабараторыі, дарэчы, усе падаконнікі застаўлены геранню, якая хутка будзе высаджвацца ў адкрыты грунт.

У рабоце педагог выкарыстоўвае вучэбныя дапаможнікі па фларыстыцы расійскіх аўтараў (“Фларыстыка” Д.Г.Брашнова), ра­зам з калегамі распрацоўвае вучэбныя праграмы па спецыяльных прадметах. Падумвае Галіна Іванова і аб стварэнні айчыннага дапаможніка па фларыстыцы.

Ужо летам выхаванцаў Галіны Рыгораўны чакае вытворчая практыка на базе прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў: ТАА “РозыБелгруп” і Мінскага парнікова-цяплічнага камбіната. Падчас практыкі яны атрымаюць вопыт работы фларыста ў рэальных умовах. А з новага навучальнага года ў каледжы плануюць ажыццяў­ляць пад­рыхтоўку па спецыяльнасці “Фларыстычны дызайн” абітурыентаў з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара