Паважаныя чытачы! Мы пачынаем новую рубрыку — “Сталічны майстар”. Гэта наш сумесны праект з камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама.
***
Творчая і ініцыятыўная, патрабавальная і справядлівая, неабыякавая і чулая — так характарызуюць навучэнцы і калегі выкладчыка вучэбных прадметаў прафесійнага кампанента Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Алену Акуліч. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Асабісты прыклад
Алена Мікалаеўна — прафесіянал паштовай справы, крэатыўны куратар вучэбнай групы, майстар і вопытны настаўнік для маладых спецыялістаў. Ужо 25 гадоў яна выкладае ў каледжы, які калісьці заканчвала сама. Дзякуючы асабістаму прыкладу і аўтарытэту, А.М.Акуліч матывуе лепшых выпускнікоў каледжа спецыяльнасці “Паштовая дзейнасць” ісці па яе слядах і пачынаць сваю прафесійную дзейнасць менавіта ў каледжы. Выхаванкі педагога Марыя Зуеўская і Эльвіра Шостак зараз працуюць ва ўстанове майстрамі вытворчага навучання.
Як расказала А.М.Акуліч, педагогам яна стала выпадкова. У школе яе цікавілі прадметы гуманітарнай і творчай накіраванасці, дзе можна было паразважаць, выказаць сваё меркаванне, аднак зрабіць прафесійны выбар дзяўчыне было складана. Вызначыцца з першай прафесіяй дапамагла мама. Пасля заканчэння Вышэйшага прафесійнага вучылішча сферы абслугоўвання (зараз — Мінскі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання) і атрымання дыплома Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі яна пайшла працаваць аператарам на пошту. Потым педагог Алены Мікалаеўны Тамара Іванаўна Дарожка запрасіла яе ў родны каледж майстрам вытворчага навучання.
— Для мяне гэтая прапанова была нечаканай, і я некаторы час разважала: ці змагу? — адзначае мая суразмоўніца. — Мне стала цікава. Гэта быў выклік самой сабе. Выкладала прадмет “Вытворчае навучанне”, на занятках якога навучэнцы вучыліся прымяняць набытыя тэарэтычныя веды на практыцы. А пасля заканчэння Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі стала выкладчыкам. Такім чынам, выпадковасці ў жыцці невыпадковыя.
Мне падабалася і першая работа — аператарам сувязі: дзейнасць з кліентамі, пастаянныя зносіны, камунікацыя. Падабалася напрыканцы дня здаваць выручку, што сведчыла пра выніковасць маёй работы, пра тое, што я нядрэнна папрацавала.
Але калі параўнаць прафесію аператара сувязі і педагога, то настаўніцкая прафесія адкрывае ўсё ж такі больш магчымасцей для самарэалізацыі і творчасці. Я ніколі б не палюбіла руцінную работу, калі няма ніякай дынамікі, змены дзеянняў. У педагогіцы немагчыма стаяць на месцы. Нават адны і тыя ж вучэбныя заняткі ў розных групах вельмі адрозніваюцца. Кожны дзень — гэта выбух эмоцый, новыя ўражанні.
Алена Мікалаеўна працуе з навучэнцамі 2 і 3 курсаў, калі ў іх пачынаюцца прадметы прафесійнай накіраванасці. Узаемаадносіны з імі будуе на прынцыпах узаемнай павагі і даверу, бо ўсе яны — індывідуальнасці са сваімі характарам, асаблівасцямі, меркаваннямі. На занятках кожны навучэнец мае магчымасць асвоіць вучэбны матэрыял на тым узроўні, які яму неабходны, і дапамогу ў гэтым яна абавязкова аказвае.
Педагог імкнецца ацэньваць навучэнцаў максімальна аб’ектыўна, аргументавана патлумачыць ім, за што пастаўлена тая ці іншая адзнака па пэўнай тэме, даць рэкамендацыі, над чым неабходна папрацаваць і на што трэба звярнуць увагу, каб адзнака была вышэйшай.
— Прытрымліваюся прынцыпу асабістага прыкладу, — заўважае Алена Мікалаеўна. — Маё перакананне: нельга ў навучэнца штосьці патрабаваць, калі не робіш гэта сам. Калі ва ўстанове ўведзены дрэс-код у адзенні, то ў першую чаргу выкладчык павінен яго прытрымлівацца. Калі я патрабую, каб мае навучэнцы не спазняліся на вучэбныя заняткі, значыць, не павінна гэта рабіць сама. Калі ініцыіруем пэўную акцыю, то я ўдзельнічаю ў ёй разам з навучэнцамі.
Па меркаванні Алены Акуліч, самае страшнае, што можа быць у прафесіі, — гэта абыякавасць.
— Мне не ўсё роўна, што будзе з нашымі выпускнікамі: я нясу адказнасць за іх прафесійную будучыню. Мне важна, каб вучні былі паспяховымі і лёгка адаптаваліся да сваёй прафесійнай дзейнасці, — падкрэслівае педагог.
Кліент заўсёды мае рацыю
— Зараз кліент, які прыходзіць на пошту, вельмі змяніўся. Ён стаў больш патрабавальным. Ён хоча, каб усё было зроблена хутка, дакладна, аргументавана, — гаворыць Алена Мікалаеўна. — Ды і наша базавае прадпрыемства РУП “Белпошта” дыктуе свае патрабаванні да выпускніка. Ім неабходны спецыяліст, які ўмее прапанаваць і прадаць паслугу, бо кожны работнік павінен рэалізоўваць прынцып “Паслуга +1”: кліент прыходзіць за адной паслугай, а спецыяліст павінен яму прапанаваць яшчэ некалькі, такім чынам павялічыць даход.
Таму сёння неабходна падрыхтаваць спецыялістаў, якія валодаюць не толькі прафесійнымі кампетэнцыямі (ведаюць, як прадаставіць паслугу і якімі сродкамі), але і неабходнымі сацыяльна-асобаснымі кампетэнцыямі: наладзіць міжасобасную камунікацыю, патушыць канфлікт, працаваць у камандзе.
У гэтым на дапамогу А.М.Акуліч прыходзіць праблемнае навучанне, гульнявыя тэхналогіі, актыўныя і інтэрактыўныя метады. Выкарыстоўвае Алена Мікалаеўна і лічбавыя тэхналогіі: абалонку Online Test Pad, якая дазваляе ствараць узроўневыя тэсты, LearningApps і інш.
— У арсенале кожнага выкладчыка ёсць свае эфектыўныя метады і прыёмы работы. Лічу, што састарэлых, непатрэбных метадычных прыёмаў няма, — гаворыць педагог. — Кожныя вучэбныя заняткі педагог ставіць сабе пэўную мэту, і калі той ці іншы метадычны прыём дае пэўны вынік, значыць, ён мае месца быць.
Сапраўдныя паштовыя баталіі вядуць навучэнцы А.М.Акуліч на этапе замацавання новага матэрыялу, пры кантролі ведаў (гульня “Марскі бой”). З дапамогай праграмнага прадукту Neobook у электронным выглядзе ствараецца поле з сектарамі, пад літарай і лічбай кожнага падрыхтавана пытанне па тэме вучэбных заняткаў. На этапе матывацыі педагог прапаноўвае віктарыну “Веру — не веру”: навучэнцам прапаноўваюцца пытанні, якія пачынаюцца словамі: “Ці верыце вы, што…”. Іх задача — даць адказ: так ці не. Потым вучні знаёмяцца з вучэбным матэрыялам і яшчэ раз адказваюць на пытанні. Эфектыўным з’яўляецца і выкарыстанне анаграмы — слова, у якім літары памяняліся месцамі. Выкладчык прапаноўвае навучэнцам расшыфраваць анаграму і пазнаць у ёй словы, тэрміны, паняцці. А затым патлумачыць ці высветліць іх значэнне.
Выкарыстоўваючы патэнцыял вучэбнага прадмета, А.М.Акуліч стварае сітуацыі, максімальна набліжаныя да вытворчых, і паглыбляе навучэнцаў у іх. На любым этапе вучэбных заняткаў да навучэнцаў можа прыйсці кліент у асобе педагога з пэўнай праблемай ці пытаннем.
— Адна справа, калі навучэнец расказвае штосьці выкладчыку, які з паўслова разумее, што той хоча сказаць, і зусім іншая — калі ён тое ж самае расказвае кліенту, які не валодае спецыяльнымі ведамі. Паступова навучэнцы пачынаюць разумець, для чаго ім патрэбны трывалыя веды, — тлумачыць педагог.
Алена Мікалаеўна распрацавала планы-сцэнарыі вучэбных заняткаў, дзе для абагульнення і сістэматызацыі ведаў будучыя спецыялісты паштовай сувязі дзеляцца на міні-групы (імправізаваныя аддзяленні сувязі), дзе выбіраецца начальнік, прапаноўваецца шэраг заданняў, і яны вучацца аб’ектыўна сябе ацэньваць, аналізаваць сваю дзейнасць. Дарэчы, за абагульненне вопыту дзейнасці па фарміраванні прафесійных і сацыяльна-асобасных кампетэнцый навучэнцаў педагог адзначана прэміяй Мінгарвыканкама.
Імкніся наперад!
Каб зрабіць сваіх навучэнцаў сапраўднымі прафесіяналамі, каб быць ім цікавай і карыснай, педагог не стаіць на месцы, а пастаянна развіваецца. Педагагічнае крэда А.М.Акуліч: “Не думай, што ты ведаеш усё і табе больш няма да чаго імкнуцца”.
Выкладчык з’яўляецца распрацоўшчыкам вучэбна-метадычнага забеспячэння па прадмеце “Тэхналогія паштовай сувязі”: вучэбных праграм, падручніка “Тэхналогія паштовай сувязі”, вучэбнага дапаможніка “Няпрофільныя паслугі паштовай сувязі”, якія дапушчаны Міністэрствам адукацыі для выкарыстання ва ўстановах ПТА і ССА. Так, падручнік Алены Мікалаеўны ўжо тройчы перавыдадзены, аказаўся запатрабаваным не толькі ва ўстановах адукацыі, але і ў аддзяленнях паштовай сувязі.
Пад кіраўніцтвам Алены Акуліч каманда навучэнцаў каледжа на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства па спецыяльнасці “Паштовая сувязь” штогод займае прызавыя месцы. У 2023 годзе яна зноў стала лепшай у краіне.
Ды і межамі аднаго вучэбнага прадмета педагог не абмяжоўваецца. Задзейнічаны рэзерв вучэбнага часу выдзяляецца на факультатыўныя заняткі прафесійнай накіраванасці “Няпрофільныя паслугі”. Выхаванцы Алены Акуліч удзельнічаюць у віктарынах, конкурсах, акцыях прафесійнай накіраванасці, што садзейнічае дадатковай матывацыі да навучання.
“Любіце тую справу, якой займаецеся. У гэтым выпадку на яе вы не будзеце глядзець як на работу, яна стане ладам жыцця. Тады абавязкова будзе і поспех, і жаданне развівацца”, — гаворыць Алена Акуліч.
Ёсць у Алены Мікалаеўны і хобі — бісерапляценне, якім яна захапляецца ўжо больш за 10 гадоў. Любіць рабіць аб’ёмныя фларыстычныя кампазіцыі, вытанчаныя ўпрыгажэнні. Некаторыя вырабы ствараюцца паўгода і больш. Гэтае захапленне навучыла педагога цярпенню, уседлівасці, скрупулёзнасці, вельмі дапамагае ў рабоце з навучэнцамі.
— Калі да цябе прыходзяць навучэнцы з паніжанай матывацыяй навучання, у якіх ёсць зусім іншыя інтарэсы, калі ты па некалькі разоў даеш дамашнія заданні, прызначаеш кансультацыі, а ўсё не дае выніку — ты не разумееш, ці правільна ўсё робіш, і, здаецца, ужо апускаюцца рукі. А потым раптам гэты навучэнец на 3 курсе на камп’ютарным тэсце набірае 99% са 100 магчымых, дэманструючы лепшы вынік, з задавальненнем удзельнічае ў тыдні паштовай сувязі, у канферэнцыі “У свеце паштовых паслуг” і выдае крэатыўную ідэю па ўдасканаленні работы базавага прадпрыемства, а на практыцы гавораць, што гэта лепшы навучэнец, ён паступае у Беларускую дзяржаўную акадэмію сувязі, каб працягнуць адукацыю, а потым прыходзіць у каледж са словамі ўдзячнасці. Мабыць, дзеля гэтага варта працаваць. Ты разумееш, што ўсё робіцца недарма, і ў цябе з’яўляюцца ўнутраныя сілы для далейшай работы, — заўважае А.М.Акуліч.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара