Як натхніць сучасных навучэнцаў і праводзіць заняткі на ўра, ведае выкладчык Надзея Саладуха

- 14:18Столичный мастер

Выкладчык спецыяльных прадметаў Мінскага дзяржаўнага каледжа індустрыі моды Надзея Саладуха лічыць важным быць у авангардзе падзей, не спыняцца на дасягнутым, пастаянна вучыцца, бо ў час, калі развіццё тэхналогій ідзе сямімільнымі крокамі, тое, што выкладаецца сёння, заўтра ўжо становіцца ўчарашнім днём.

Аб тым, як захапіць і натхніць сучасных навучэнцаў, праводзіць заняткі на ўра, быць вынаходнікам і пры гэтым усё паспяваць, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з Надзеяй Уладзіміраўнай.

— Надзея Уладзіміраўна, як вы сталі выкладчыкам каледжа?

— Швейнай справай я захапілася яшчэ ў школьныя гады. Лялькам шыла прыгожае адзенне, і, шчыра кажучы, убораў у іх было больш, чым у мяне. Прыкладам для мяне была старэйшая сястра, якая вучылася на мадэльера-канструктара. Ды і настаўніца мастацкай працы Святлана Станіславаўна Садоўская, а я вучылася ў сярэдняй школе № 4 Маладзечна ў класе з мастацкім ухілам, умацавала цікавасць да гэтай прафесіі. Пакуль дзяўчаты вышывалі, вязалі, яна мне дазваляла шыць. Памятаю, як у 8 класе мама купіла мне вытворчую швейную машынку і на ёй я ўвасабляла ўсе свае самыя смелыя задумы. Я скончыла наш каледж, потым БДЭУ, працавала ў розных арганізацыях, але задавальнення не атрымлівала, хацелася нейкага росту і развіцця.

Сацыяльнымі сеткамі я карыстаюся рэдка, але акаўнты ў мяне ёсць з часоў студэнцтва. І вось неяк зайшоўшы ў “Аднакласнікі”, наткнулася на акаўнт свайго выкладчыка Н.Войнавай, дзе значылася: “Каледжу швейнай вытворчасці тэрмінова патрабуецца тэхнолаг”. Я патэлефанавала, і пасля субяседавання мяне ўзялі на работу. Сэнс выразу “Няма дарогі — ідзі ў педагогі” набыў для мяне станоўчае адценне. Шосты год з задавальненнем працую ў каледжы, выкладаю дысцыпліны “Канструяванне швейных вырабаў”, “Тэхнічны эскіз у CorelDRAW”,  “Макетаванне вырабаў” і “Спе­цыяльная тэхналогія”.

Першы год ва ўстанове быў вельмі складаным: работа дома над лекцыямі да позняй ночы, дрыжачыя рукі ў аўдыторыі, хваляванне. Нават падумвала сысці з установы, аднак дзякуючы намесніку дырэктара Ірыне Чарнільшчыкавай, калегам Маргарыце Цітарэнка, Святлане Мельнікавай, метадысту Ірыне Рагалевіч, якія падтрымлівалі, дапамагалі і словам, і справай, я засталася тут і не думаю аб змене месца працы.

— Чым прыцягвае работа ў каледжы?

— Найперш узаемадзеяннем з моладдзю: яна ініцыятыўная, актыўная, і ты адчуваеш сябе таксама поўнай сіл і энергіі. Прафесійная дзейнасць цікавая яшчэ і тым, што ёсць развіццё, перспектывы росту.

Я сапраўдны фанацік сваёй работы. Люблю ўсё новае, што можна выкарыстоўваць на маіх вучэбных прадметах: навінкі ў сферы IT, у інструментах і прыстасаваннях. Так, замест крэйды карыстаюся крэйдавымі маркерамі, што ўражвае навучэнцаў. Нядаўна набыла нажніцы з лазерам. А яшчэ задоўга да прыходу ў каледж распрацавала дзіцячы развіццёвы дыванок — унікальны прадукт, які сумяшчае ў сабе некалькі развіццёвых гульняў і масажную дарожку, складаецца з модуляў, якія можна камбінаваць па запыце. Плюс яшчэ ў тым, што яго можна вырабляць з міжлякальных адходаў швейнай вытворчасці. Акрамя таго, цэлымі гігабайтамі распрацоўваю электронныя тэсты, гульні, віктарыны, лекцыйныя і раздатачныя матэрыялы. Летам пад грыфам Міністэрства адукацыі пабачыў свет вучэбны дапаможнік пад маім аўтарствам “Канструя­ванне і мадэляванне швейных вырабаў”. Актыўна распрацоўваю ЭАР, сярод якіх “Вільготна-цеплавыя работы” і “Машынныя работы”. Усе старонкі гэтых ЭАР выкананы ў адным стылі і ўтрымліваюць інфармацыйны матэрыял па тэмах вучэбнай праграмы. Інфармацыю можна падзяліць на наступныя віды: тэкст, відэа, малюнкі, QR- і тэкставыя спасылкі. Гэтыя рэсурсы мэтазгодна выкарыстоў­ваць для дыстанцыйнага навучання тых, хто адсутнічаў на вучэбных занятках, для іх самастойнай работы, на факультатыўных або дадатковых вучэбных занятках. У стадыі распрацоўкі яшчэ 2 сайты, дзякуючы якім будзе вырашана праблема адсутнасці навучэнцаў па пэўных прычынах на вочных занятках (складзены заданні для выканання практычных работ, заданні творчага ўзроўню і інш.).

У суаўтарстве з метадыстам Ірынай Рагалевіч я распрацавала праект па ўкараненні ў вучэбны працэс прадмета “Канструяванне адзення ў CorelDRAW”, які адзначаны грантам Мінгарвыканкама. У некаторай ступені гэты дадатак можа замяніць дарагія САПР для невялікіх швейных прадпрыемстваў і дапамагчы зарабляць з дапамогай канструявання ў інтэрнэце.

Прыемна ўсведамляць, што мае распрацоўкі каштоўныя для сістэмы адукацыі, адчуваць сябе патрэбнай для мяне вельмі важна. Вялікі дзякуй за гэта адміністрацыі і дырэктару!

— Які ён, сучасны навучэнец каледжа? Па якіх прычынах навучэнцы выбіраюць вашу ўстанову адукацыі?

— Банальна, але сучаснага студэнта я бачу такім, якім яго бачаць і ўсе выкладчыкі: уседлівым, мэтанакіраваным, матываваным, адказным, які ўмее вучыцца і на пытанне “Гатовы?” адказвае: “Заўсёды гатовы!”. Але гэта вялікая рэдкасць, у жыцці, як правіла, усё інакш.

Абітурыенты да нас прыходзяць па абсалютна розных прычынах. Мы каледж індустрыі моды і даём адукацыю ў некалькіх кірунках. Хтосьці хоча асвоіць швейнае майстэрства, хтосьці — тонкасці манікюру, хтосьці — сакрэты візажу. Кагосьці зацікавіў наш цэнтр кампетэнцый, нехта чытаў пра каледж і ведае, што нашы навучэнцы заўсёды перамагаюць у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах (што сведчыць аб высокай прафесійнай кампетэнцыі педагогаў). Хтосьці прыйшоў, таму што яго старэйшая сястра ці нават мама вучылася тут раней. Але, на жаль, ёсць і тыя, хто прыйшоў бязмэтна, таму што блізка да дома.

— Надзея Уладзіміраўна, чаму імкняцеся навучыць сваіх выхаванцаў у першую чаргу?

— Стараюся навучыць іх найперш быць чалавечнымі, чулымі, спагадлівымі і разважлівымі, а потым ужо — канструяванню і тэхналогіі. Сярод падлеткаў вельмі шмат агрэсіі, сямейнай недалюбленасці. Гэтым дзецям хочацца паказаць, што не ўсё такое шэрае і што не ўсім абыякава іх меркаванне. Не, я не святая, я звычайны чалавек, таксама магу стукнуць кулаком па стале, крыўдую на хамства, хлусню і г.д. А потым прыходзіць разуменне, што ён ці яна хаміць не ад вялікай любові і шчасця, што дзесьці ўнутры ў падлетка закралася крыўда на ўвесь свет, што мае месца тая самая сямейная недалюбле­насць (гэта дзеці, выхаваныя ні мамай і татам, а мабільным тэлефонам, пакуль бацькі заняты сабой). Пагутарыш сам-насам з такім навучэнцам — ён табе ўсю душу гатовы выкласці. Бывае, папросім адно ў аднаго прабачэння, а далей з ім ужо, як правіла, праблем не ўзнікае.

Маё педагагічнае крэда — даць навучэнцу памыліцца аднойчы, каб наступны раз ён сам знайшоў вырашэнне праблемы. Ніколі не даю гатовых адказаў на пытанні, заўсёды задаю навадныя, каб навучэнец сам знайшоў адказ, каб зразумеў, што гэта лагічна.

Стараюся мець зносіны і працаваць з навучэнцамі як з роўнымі, часам на ўроках яны могуць нават пажартаваць з мяне, але не дазваляю парушаць субардынацыю. Люблю іх здзіўляць: гэта паварочвае навучэнцаў да мяне як да выкладчыка і да вучэбнага прадмета, павышае іх матывацыю да навучання.

Не бойцеся новага: калісьці яно стане прывычным і лёгкім. Развівайцеся, будзьце ў трэндзе, у авангардзе, дзяліцеся вопытам, не скнарнічайце! Гэта такое задавальненне — бачыць, што вашы распрацоўкі камусьці патрэбны.

— Як падтрымліваеце цікавасць да сваіх дысцыплін?

— Для ўмацавання цікавасці навучэнцаў да прафесіі часта расказваю гісторыі з жыцця нашых выпускнікоў, а сярод іх вельмі шмат паспяховых бізнесвумен і бізнесменаў. Праглядаем іх рабочыя акаўнты ў сацсетках, чы­таем інтэрв’ю на прасторах інтэрнэту. Заўсёды расказваю пра нашы вялікія прадпрыемствы, пра тое, як і колькі навучэнцы змогуць зарабляць, валодаючы пэўнай прафесіяй. Закройшчыкам і канструктарам даношу, што яны могуць зарабляць канструяваннем адзення, не выходзячы з дому. Ну і, вядома ж, калі ў Мінску праходзяць выставы, напрамую або ўскосна звязаныя з нашай індустрыяй, наведваем іх (нядаўна такая праходзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы).

Навучэнцам падабаецца работа ў групах, калі кожнай з іх прапрацоўваецца асобная частка тэмы. Напрыклад, на занятках па тэме “Канструяванне канічных спадніц на аснове круга” групы вывучаюць на практыцы розныя пашырэнні, будуюць чарцяжы, склейваюць макеты і прадстаўляюць свае вырабы.

На занятках пастаянна прымяняю IT. Выкарыстанне разнастайных сэрвісаў LearningApps,Test Pad, Plickers і інш., работа з электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі, як гатовымі, так і ўласнымі, дазваляе павышаць матывацыю навучэнцаў. Успрымаюць на ўра яны і выкарыстанне на занятках мабільных тэлефонаў. З іх дапамогай нават кантроль ведаў не напружвае і не ўспрымаецца як праверка. Гэта не толькі дазваляе прыцяг­нуць увагу навучэнцаў, але і істотна аблягчае жыццё педагога. Так, выкарыстоўваю анлайн-тэсты для кантролю дамашняга задання. Я не затрачваю час на падлік правільных адказаў і выстаўленне адзнак, за мяне гэта робіць машына. Або для падрыхтоўкі раздатачнага матэрыялу загадзя даю навучэнцам QR-спасылку для спампоўвання, пры гэтым у навучэнцаў заўсёды ёсць выбар — раздрукаваць матэрыял або ўручную начарціць і запі­саць яго. У 99% выпадкаў навучэнцы раздрукоўваюць.

— Што з’яўляецца перадумовай эфектыўных вучэбных заняткаў?

— Любыя заняткі будуць эфектыўнымі, калі выкладчык ведае свой прадмет, можа адка­заць на любое спантаннае пытанне і прывесці прыклады з жыцця, вя­дзе дыялог, выкарыстоўвае гумар, прымяняе тэхналогіі, блізкія навучэнцам. Да таго ж немалаважная і якасная падрыхтоўка да заняткаў.

Скажу шчыра, люблю заняткі спантанныя, без сцэнарыя. Яны праходзяць у разы цікавей, і ёсць момант ненавязлівага выхаваўчага ўздзеяння.

— Надзея Уладзіміраўна, як вы адпачываеце ад работы? Як праводзіце вольны час?

— “Вольны час? Не, не чула!” — гэта і жарт, і праўда адначасова. Справа ў тым, што ў выкладчыка спецыяльных прадметаў вольнага часу вельмі мала, і калі ён з’яўляецца, гэта зна­чыць, што ён нешта забыў зрабіць. Мой вольны час — гэта, напэўна, самаразвіццё: распрацоўка сайтаў, ЭАР, новыя чарцяжы, вучоба ва ўніверсітэце па спецыяльнасці “Інжынер-тэхнолаг. Інжынер-канструктар”. Не падумайце, што мяне гэта напружвае. Мне цікава! Гэта той выпадак, калі хобі яшчэ і частка прафесіі.

На жаль, не хапае часу на сям’ю ў той ступені, у якой бы хацелася. Але калі браць адпускны перыяд, то мінулым летам мы з мужам выдатна і з прыгодамі правялі час на рачным сплаве. Мой адпачынак заўсёды праходзіць у вёсцы. Я ніколі не ездзіла на мора (напэўна, варта было б, але пакуль мне мілей глухая вёсачка з птушкамі, лісамі, казулямі і іншай лясной жыўнасцю).

— А якія прафесійныя планы на найбліжэйшую будучыню?

— На працягу гэтага каляндарнага года трэба падрыхтаваць ЭАР. Зараз распрацоўваю практыкум да майго вучэбнага дапаможніка па канструяванні швейных вырабаў. Таксама хочацца сістэматызаваць усе напрацоўкі па маіх вучэбных прадметах. У наступным навучальным годзе атрымаю дыплом інжынера і хачу паступіць у магістратуру. Шмат усяго хочацца. Дзе, праўда, узяць яшчэ 12 га­дзін у сутках?..

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА