Для таго, каб нашы вучні больш даведаліся пра высакародную, але вельмі цяжкую і небяспечную работу ратавальнікаў, у Рэплеўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе прайшло мерапрыемства “За бяспеку разам!”
Дзецям паказалі відэафільмы пра работу ратавальнікаў, пра складаныя сітуацыі, з якімі ім даводзіцца сутыкацца штодня, нагадалі, што прычына многіх трагедый, траўмаў — небяспечныя гульні.
Інспектар прапаганды МНС Ваўкавыска Наталля Віктараўна Шыман патлумачыла, у якіх выпадках трэба выклікаць ратавальнікаў, якімі нумарамі трэба карыстацца.
Была праведзена віктарына па тэме сустрэчы, а малодшыя школьнікі з задавальненнем паглядзелі мультфільм “Чароўная кніга”. У заключэнне першай часткі мерапрыемства выступілі навучэнцы нашай школы з невялікім віншавальным канцэртам да Дня ратавальніка.
Другая частка сустрэчы прайшла на пляцоўцы перад школай, куды пад’ехала пажарная машына. Тут ратавальнікі прадэманстравалі дзецям дзеянні падчас тушэння пажару і прапанавалі ім самім адчуць сябе пажарным, трымаючы рукаў і кіруючы патокам вады.
Можна з упэўненасцю сказаць, што такое мерапрыемства застанецца ў памяці дзяцей надоўга і тэлефоны службаў выратавання не забудуцца. Вось толькі вельмі хацелася б, каб падстаў набіраць гэтыя нумары ў нашых дзяцей не было.
Наталля СЫЧЭЎНІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Рэплеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.