Як школы і IT-кампаніі разам выхоўваюць камп’ютарных геніяў

- 12:08Выхаваўчая прастора

Кіраўніцтва дзяржавы ўзяло курс на лічбавую эканоміку і развіццё высокіх тэхналогій. І гэтак жа, як цяжкай прамысловасці патрэбны метал і цэгла, ІТ-сектару неабходны спецыялісты: тысячы тэсціроўшчыкаў, распрацоўшчыкаў, вэб-дызайнераў, продакт-менеджараў… Падрыхтаваць іх няпроста: веды ў гэтай сферы абнаўляюцца імгненна. На дапамогу школе прыходзяць ІТ-кампаніі. Яны як ніхто адчуваюць вектар развіцця інфармацыйных тэхналогій і патрабаванні рынку і яднаюцца, каб зарыентаваць і накіраваць наступнае пакаленне.

Больш за год назад некалькі беларускіх IT-кампаній стварылі асацыяцыю “Адукацыя для будучыні”, якая садзейнічае развіццю адукацыйных ініцыятыў у галіне дакладных навук і высокіх тэхналогій.

— Наша мэта — развіваць STEM-адукацыю: навука, тэхналогіі, інжынерыя, матэматыка, — расказвае дырэктар асацыяцыі Аляксандр Хоміч. — Мы падтрымліваем педагогаў, якія жадаюць прасоўваць высокія тэхналогіі ў школе.

ШКОЛАМ

Для ініцыятыўных настаўнікаў тут адчыняюць усе дзверы. Асабліва пашчасціла тым, хто жадае займацца праграмаваннем на мове Scratch ці робататэхнікай. Асацыяцыя ўжо адкрыла 3 STEM-цэнтры ў Барысаўскім раёне — 2 у горадзе і 1 у гімназіі вёскі Лошніца.

— Цэнтр у Лошніцы для нас асабліва цікавы, бо знаходзіцца ў адным будынку з інтэрнатам, дзе дзеці могуць застацца на ноч. Таму тут будзе зручна праводзіць, напрыклад, спецыялізаваны лагер, — тлумачыць Аляксандр Валянцінавіч. — Сюды могуць з’язджацца дзеці з суседніх вёсак.

Акцэнт на рэгіёны не выпадковы. Калі ў буйных гарадах адкрываюцца камерцыйныя школы праграмавання, то да вясковых дзяцей такі бізнес не прыйдзе: праводзіць тут курсы нявыгадна.

Кожны STEM-цэнтр атрымаў ад асацыяцыі ноўтбукі і наборы робататэхнікі “Лега Майндстормс”. Гэта базавы камплект, якога дастаткова для пачатку заняткаў. Калі вучні будуць хутка развівацца, “Адукацыя для будучыні” прапануе ў падарунак больш складаныя наборы і цікавейшае абсталяванне (напрыклад, 3D-прынтары).

— Плануецца, што ў кожнага цэнтра будзе свая спецыялізацыя: адны займаюцца беспілотнымі лятальнымі апаратамі, другія — аўтамабілямі. Хутка адкрыюцца першыя цэнтры ў Баранавічах, адзін з іх будзе прысвечаны космасу і астраноміі.

Мяркуецца, што да канца года цэнтраў стане цэлых 7, а паступова адкрыецца яшчэ 10. І так, пакуль STEM-адукацыя не “прапішацца” побач з кожным вучнем: цэнтр, пры найлепшым раскладзе, павінен быць даступны хаця б на аўтобусе.

Далучыцца да праекта вельмі проста. Па-першае, патрэбна знайсці ў школе некалькіх аматараў тэхналогій сярод дзяцей і настаўнікаў. Па-другое, прадаставіць бясплатны доступ у цэнтр вучням школы. Перавага будзе аддавацца вялікім школам ці ўстановам адукацыі, якія знаходзяцца побач з іншымі, каб далучыцца да заняткаў маглі вучні суседніх школ, гімназій, цэнтраў творчасці. Але і маленькай установе з матываванымі выкладчыкамі варта падаць заяўку на сайце асацыяцыі.

НАСТАЎНІКАМ

Зразумела, што без таленавітага настаўніка такія цэнтры не больш, чым камп’ютарны клас. Таму наступны напрамак работы асацыяцыі — падрыхтоўка педагогаў.

— Мы навучаем выкладанню Scratch і робататэхнікі сумесна з Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка, — працягвае Аляксандр Валянцінавіч. — З настаўнікамі займаюцца трэнеры, якія рыхтавалі беларускія каманды да такіх міжнародных спаборніцтваў, як Сусветная алімпіяда робатаў. У Беларусі няшмат людзей, якія могуць выкладаць такія дысцыпліны, і мы іх збіраем на курсах.

Асацыяцыя аплачвае навучанне і пражыванне ў сталіцы, але трапіць на курсы няпроста: у першую чаргу запрашаюць настаўнікаў са створаных ёй STEM-цэнтраў. Ды галоўны крытэрый адбору — гатоўнасць тут жа прымяніць атрыманыя веды. Плануецца і яшчэ адзін курс — Digital learning (даслоўна— “лічбавае навучанне”), на якім педагогаў будуць знаёміць з сучаснымі анлайн-сродкамі адукацыі.

— Іх шмат, яны карысныя і вельмі цікавыя дзецям, але настаўнікі часта баяцца іх выкарыстоўваць, — дзеліцца Аляксандр Валянцінавіч. — І ў адрозненне ад робататэхнікі, дзе важна працаваць побач, гэтыя курсы можна будзе пасля запісаць на відэа і распаўсюдзіць сярод зацікаўленых настаўнікаў.

Яшчэ адзін карысны сродак — міт-апы. Падчас сустрэч педагогі абменьваюцца вопытам, дзеляцца сваімі адкрыццямі. Часта бывае, што задачу, якая толькі паўстала перад адным настаўнікам, хтосьці з яго калег вырашыў раней.

— Настаўнікам патрэбна больш гутарыць паміж сабой. Інтэрнэт даў магчымасць праграмістам з усяго свету актыўна абменьвацца ведамі — і паглядзіце, як хутка развіваюцца тэхналогіі! Гэты вопыт патрэбна пераносіць на сферу адукацыі.

З гэтай мэтай “Адукацыя для будучыні” арганізавала канферэнцыю “PRO школу. Так можно”, якую наведалі больш за 500 настаўнікаў, многія далучыліся да анлайн-трансляцыі. Канферэнцыю плануюць паўтарыць у 2019 годзе.

Каб наладзіць пастаянны кантакт з замежнымі калегамі, на канферэнцыю запрасілі спікераў з Расіі, Украіны, Эстоніі, Швецыі. А ў маі ў Мінск прывезлі самога Мітчэла Рэзніка, стваральніка мовы праграмавання Scratch. Ён, дарэчы, быў уражаны знаёмствам з таленавітымі беларускімі школьнікамі і вельмі высока ацаніў развіццё STEM-адукацыі ў Беларусі.

Асацыяцыя праводзіць столькі мерапрыемстваў, што складана паверыць: у планах — ладзіць самастойна як мага менш актыўнасцей. Стаўку робяць на ініцыятыўнага настаўніка, якому ёсць што прапанаваць дзецям.

— У нас ужо ёсць прыклады прадуктыўнай работы з праектамі педагогаў. Напрыклад, Наталля Аляксандраўна Курсава з гімназіі № 37 Мінска праводзіць з нашай падтрымкай конкурс праграмавання на мове Scratch “Make yourself”: школьнікі самастойна ствараюць праграмы-дапаможнікі па матэматыцы і ўдасканальваюць іх разам з экспертамі. А Святлана Барысаўна Скакун з Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі звярнулася да нас, каб дапамаглі ёй развіваць праграмаванне — і зараз з дзецьмі працуе моцная каманда, навучэнцы займаюць прызавыя месцы на конкурсах рознага ўзроўню, — пералічвае Аляксандр Валянцінавіч.

Асацыяцыя гатова і дапамагчы ў арганізацыі, і падтрымаць праект матэрыяльна: абсталяваць цэлы кабінет робататэхнікі ці проста набыць падарункі для конкурсу. Усё залежыць ад настаўніка і яго прапановы.

— Перад тым, як звярнуцца да нас, вызначыцеся дакладна, у чым карысць вашага праекта і як яго магчыма рэалізаваць. Утапічную ідэю “Шчасце ўсім людзям” мы, зразумела, не падтрымаем, — папярэджвае Аляксандр Валянцінавіч, — а вось рэальны план разгледзець гатовы.

Высока ацэняць праект, які закранае шырокую аўдыторыю ці можа быць маштабіраваны, таму варта ўказаць, як іншыя настаўнікі змогуць падхапіць ці нават скапіраваць вашу распрацоўку ў іншых школах краіны. Важна, каб удзел у праекце дзеці маглі прымаць незалежна ад сацыяльнага і фінансавага становішча іх бацькоў, свайго месцазнаходжання. Практыка-арыентаванасць таксама будзе плюсам.

Як атрымаць дапамогу

1. Запоўніць заяўку з кароткім апісаннем праекта на сайце edu4future.by

2. Калі з вамі звяжуцца каардынатары, будзьце гатовы даслаць больш разгорнутую прэзентацыю з бюджэтам, каляндарным планам, а таксама патлумачыць, як будуць ацэньвацца вынікі вашага праекта.

Падказка: галоўнае падчас разгляду заяўкі — імкненне аўтара да яе рэалізацыі!

ДЗЕЦЯМ

Зразумела, усё згаданае скіравана, у рэшце рэшт, на дзяцей. Для іх — і класы са спецыяльнымі наборамі, і настаўнікі, што ведаюць, як імі карыстацца. Менавіта цікавасць дзяцей, іх дасягненні і ёсць адзіны паказчык поспеху.

— На кожных канікулах мы возім дзяцей па ІТ-кампаніях. Паказваем, што ў гэтай сферы патрэбны не толькі праграмісты: калі не атрымліваецца пісаць код, можаш стаць мастаком, аніматарам, сцэнарыстам, бізнес-аналітыкам. Для многіх гэта адкрыццё, — падкрэслівае Аляксандр Валянцінавіч.

Дзеці 2, 3 дні “прымяраюць на сябе” прафесіі, знаёмяцца з тымі, хто можа натхніць іх на доўгія гады вучобы і самаўдасканалення. За адны канікулы праз праграму праходзіць каля 500 школьнікаў ад 12 гадоў.

Зацікаўленыя дзеці могуць трапіць і ў летнік Junior Ignite Camp, дзе школьнікі паглыбляюцца ў праграмаванне і тэхнічную творчасць. Тут дапамагаюць падцягнуць замежную мову, лідарскія якасці і навыкі каманднай работы. Да дзяцей прыязджаюць лідары беларускага IT, спікеры з Парка высокіх тэхналогій. Акрамя тэматычных заняткаў, праводзяць творчыя конкурсы і майстар-класы, спартыўныя спаборніцтвы і экскурсіі.

Запрашаюць на такі адпачынак і дзяцей-сірот.

— Гэта вельмі рызыкоўная катэгорыя, бо такія дзеці менш бачаць свет, складана адаптуюцца і часта не гатовы да выбару прафесіі. Мы хочам навучыць іх базаваму валоданню камп’ютарам, — тлумачыць Аляксандр Валянцінавіч. — У мінулым годзе ўдзельнічалі дзеці з SOS-вёскі ў Бараўлянах, дзеці з Сірыі і Украіны, якія маюць статус бежанцаў. У гэтым годзе летнік пройдзе на Брэстчыне. Магчыма, нават адкрыем там STEM-цэнтр для сірот.

Канферэнцыі ProIT, якія таксама скіраваны на прафесійную арыентацыю вучняў, прайшлі ўжо ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, а таксама ў Барысаве, Баранавічах, Бабруйску і Дзяржынску і сабралі больш за 1300 удзельнікаў. А Мінскі адкрыты турнір па адукацыйнай робататэхніцы прыняў каля 400 маленькіх аматараў канструявання, якія не толькі пазмагаліся за перамогу, але і наведалі тэматычныя майстар-класы.

Зразумела, што не ўсе ўдзельнікі праграм звяжуць сваё жыццё з высокімі тэхналогіямі, але сістэмнае мысленне, уменне выкарыстоўваць тэарэтычныя веды для вырашэння практычных задач і імкненне да творчасці спатрэбяцца ў любой прафесіі. А вопыт шматлікіх конкурсаў і стасункаў з паспяховымі людзьмі дапамагае выхоўваць працавітасць і ўпэўненасць у сабе.

Дзіцячыя канферэнцыі, турніры робататэхнікі, хакатоны — усё гэта, хочацца верыць, толькі першыя крокі. Асацыяцыя шукае новыя спосабы ранняй прафарыентацыі, папулярызацыі навукі і вынаходніцтва. Што яшчэ прапануюць вучням, цалкам залежыць ад саміх настаўнікаў. Магчыма, менавіта ў вашай школе адкрыецца наступны STEM-цэнтр ці распачнецца нестандартны праект у галіне інжынернай творчасці? Калі ёсць ідэя, то найлепшы час ажыццявіць яе — зараз.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.