Як сучасныя тэхналогіі дазваляюць павышаць якасць навучання

- 17:31Образование

Сучасныя навучальныя ўстановы моцна адрозніваюцца ад тых школ, у якіх вучыліся бацькі цяперашніх вучняў. Адна з галоўных іх пераваг — наяўнасць у класах сучасных камп’ютарных і мультымедыйных прылад, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” начальнік аддзела адукацыі Акцябрскага райвыканкама Марына Балынская.

— За апошнія 3 гады ва ўстановах адукацыі ўдалося значна палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу, закуплена абсталяванне для 9 кабінетаў фізікі, інфарматыкі, біялогіі і працоўнага навучання, — адзначыла Марына Балынская. — Акрамя таго, у Акцябрскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі абсталяваны кабінет інтэрактыўнага навучання, які функцыянуе ў рамках школы ранняга развіцця “АБВГДэйка”. Цэнтр аснашчаны праграмным забеспячэннем, электроннымі блокамі, якія дазваля­юць праводзіць развіццёвыя гульні, інтэр­актыўныя адукацыйныя заняткі.

Дарэчы, апошняя навінка з элементамі дапоўненай рэальнасці здзіўляе сваімі магчымасцямі: з дапамогай праектара і спецыяльнага датчыка пераўтварае падлогу ў сэнсарную паверхню. Такая разумная распрацоўка дапамагае дзецям у гульнявой форме развіваць логіку, творчае мысленне, зрокавую памяць, павышаць уважлівасць і нават фарміраваць матэматычныя ўяўленні.

— Акрамя таго, у мэтах павышэння ўзроўню ведаў навучэнцаў па пытаннях бяс­пекі на базе Акцябрскай раённай гімназіі функцыянуе раённы цэнтр па навучанні асновам бяс­пекі жыццядзейнасці, — працягвае Марына Самуілаўна. — Для юных жыхароў горада праводзяцца практычныя заняткі сумесна са спецыялістамі прадпрыемстваў энергетыкі, газазабеспячэння, лясгаса, аховы здароўя, службаў РАНС і Асвод. Знахо­дзячыся ў асяроддзі, якое імітуе надзвычайныя сітуацыі, дзеці мо­гуць на практыцы вучыцца асновам бяспекі. Гэта дапаможа ім больш упэўнена сябе адчу­ваць у любых жыццё­вых сітуацыях.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара