Як у школе №180 Мінска працуе клуб маладых выбаршчыкаў, расказала дырэктар

- 14:33Моя гражданская позиция

“Сёння, на мой погляд, задача школы і задача кожнага педагога — выхаваць грамадзяніна з каштоўнаснымі і маральнымі арыен­цірамі, мысленнем і паво­дзінамі”, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” дырэктар сярэдняй школы № 180 Мінска Наталля Нарбунтовіч.

У міралюбівай і неканфліктнай краіне

Сёння мы маем магчымасць жыць у міралюбівай і неканф­ліктнай краіне. Беларусь — краіна спакойная, прыгожая, цывілізаваная, сацыяльна арыентаваная. У нашай дзяржаве створаны ўсе ўмовы для паспяховага і якаснага жыцця людзей, нараджэння, выхавання і адукацыі дзяцей: будуюцца і мадэрнізуюцца медыцынскія ўстановы, школы і дашкольныя ўстановы адукацыі, развіта сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, існуе сацыяльная падтрымка дзяцей-інвалідаў, мнагадзетных сем’яў. І сёння, на мой погляд, задача школы і задача кожнага педагога — выхаваць грамадзяніна з каштоўнаснымі і маральнымі арыен­цірамі, мысленнем і паво­дзінамі.

Дыялог з моладдзю

Сёння ў школах краіны комплексна рэалізуюцца ўсе напрамкі выхаваўчай і ідэалагічнай работы. Мы не выключэнне. Хацелася б адзначыць найбольш цікавыя мерапрыемствы, якія ў нас праводзяцца. Найперш гэта скейтынг “Моладзь. Адзінства. Вынік”. Гэты праект быў створаны ў 2021 годзе для актыўнага дыялогу моладзі з прадстаўнікамі розных сфер: грамадскімі і дзяржаўнымі дзеячамі, пісьменнікамі, гісторыкамі, журналістамі, артыстамі, спартсменамі. Такія сустрэчы даюць дзецям магчымасць атрымаць дакладнае ўяўленне аб матэрыяльных і духоўных дабротах нашага народа, дасягненнях і поспехах, гісторыка-культурнай спадчыне, прафе­сійным і народным мастац­тве, аб рэалізацыі грамадскіх і творчых ініцыятыў і г.д.

Клуб маладых выбаршчыкаў

Нам, педагогам, выключна важна, якім будзе чалавек будучыні, у якой меры ён асво­іць дзве важныя са­цыяльныя ролі — грамадзяніна і пат­рыёта. З мэтай павышэння актыўнасці і зацікаўленасці мола­дзі ў вывучэнні выбарчага права і выбарчага працэсу, павышэння ўзроўню прававой культуры мола­дзі, яе грамадзянскай адказнасці і актыўнасці ў школе створаны клуб маладых выбаршчыкаў “Наш выбар — наша будучыня”, якім кіруе настаўніца гісторыі Ірына Сяргееўна Рыбак. Дыялогавыя пляцоўкі “Ра­зам мы адзіныя”, “Я — грамадзянін, я — патрыёт”, урок мужнасці “Адвага. Мужнасць. Гонар”, праект выбарчай кампаніі актыву школы “Галасуй! Ваш выбар важны!” спрыя­юць набыццю дзецьмі вопыту дэма­кратычных адносін, грамадзянскага і асабістага сама­вызначэння.

Маладзёжны савет

У школе функцыянуе маладзёжны савет “Пакаленне”. Кіруе ім педагог-арганізатар Настасся Фёдараўна Зданюк, якая з’яўляецца актыўным членам маладзёжнага савета пры адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска. Савет — гэта добрая пляцоўка для таго, каб заявіць пра сябе, атрымаць новы вопыт, карысныя веды. Вучні выступа­юць ініцыятарамі многіх ідэй, напрыклад, праектаў “Экспанат для музея”, “Назад у мінулае”, мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне ўмоў для самарэалізацыі, творчага развіцця, пераўтварэння свайго класа, школы, раёна: “Бухта часу, або Што аб’ядноўвае пакаленні”, “Футурум. Якія мы ўчора і якія мы сёння”, “Патрыятызм. Ці мае патрэбу ён у прапагандзе?”.

Вялікай папулярнасцю ў школе карыстаецца рэалізацыя прынцыпу “роўны ву­чыць роўнага”, калі важная інфармацыя перадаецца праз даверлівыя зносіны на роўных падрыхтаваных валанцёраў з аднагодкамі. Фарматы перадачы інфармацыі мо­гуць быць наступныя: комплекс вучэбных заняткаў “Аб правах чалавека”, семінар “У рамках прававога поля і…”, акцыі “Сябруем з законам”, гутаркі, трэнінг “Не дай канфлікту адбыцца”.

Шмат увагі ўдзяляецца фарміраванню ў падрастаючага пакалення пачуцця гордасці за сваю краіну, свой народ. Рэалізацыя турыстычна-краязнаўчага праекта “ИСТОКи#страны” і праекта па рэалізацыі прамысловага турызму “Беларусь прамысловая”, які быў ініцыіраваны навучэнцамі школы і актывам БРСМ, ужо даў магчымасць дзецям наведаць шклозавод “Нёман”, фабрыку “Камунарка”, МАПІД, МТЗ, горад Магілёў, мемарыяльныя комплексы “Буйніцкае поле”, “Трасцянец” і іншыя значныя месцы.