Як у сярэдняй школе № 1 Ляхавіч рэалізуецца праект «Па дарозе да прафесіі»

- 17:23Образование

У сярэдняй школе № 1 Ляхавіч рэалізуецца праект “Па дарозе да прафесіі”, які ахоплівае ўрокі працоўнага навучання і пазакласную дзейнасць ужо з 5 класа.

Выбар будучай прафесіі — адна з важных задач, якую даводзіцца выра­шаць кожнаму чалавеку.

Прафарыентацыя ў школе прадугледжвае пераважна работу са старшакласнікамі. Але вучняў 5—8 класаў таксама нельга пакідаць без увагі, бо псіхалагічная гатоўнасць да прафесійнага выбару, матывацыя і каштоўнасныя адносіны да працы фарміруюцца змалку.

У невялікіх Ляхавічах адчуваецца значны недахоп рабочых. А наша ўстанова адукацыі з’яўляецца апорнай у раёне па навучанні дзяцей з АПФР і іх арыентацыі на рабочыя спецыяльнасці.

Адметнасць заняткаў праекта “Па дарозе да прафесіі” ў тым, што на іх раскрываюцца ўсе бакі розных прафесій з апісаннем умоў працы. Так, пры вывучэнні метадаў апрацоўкі драўніны дзеці даведваюцца аб прафесіі сталяра, цесляра, фанероўшчыка, лесаруба, рамшчыка, токара і свідравальшчыка, а пры вывучэнні метадаў апрацоўкі металу — слесара-бляхара, слесара-інструментальшчыка, слесара-рамонтніка, слесара-зборшчыка, токара, тэрміста, пракатчыка, сталявара і інш.

Вялікую ролю ў прафарыентацыйнай рабоце адыгрываюць экскурсіі на вытворчасць, якія дазваляюць паглядзець на арганізацыю працы, пагаварыць са спецыялістамі, убачыць тэхналогію вырабу прадукцыі. Сталі традыцыйнымі сустрэчы вучняў з наватарамі вытворчасці і выпускнікамі школы, занятымі ў ёй.

Віртуальныя экскурсіі дапамагаюць завочна пабываць на буйных прамысловых і  сельскагаспадарчых прадпрыемствах краіны, азнаёміцца са спецыфікай іх работы. У бягучым навучальным годзе школьнікі наведалі  Ляхавіцкі кансервавы завод, мясцовую цырульню “Фантазія”, магазін “Птушка”, аддзяленне “Белпошты”, дзе ўбачылі, як працуюць прадавец, цырульнік, слесар, грузчык, сартавальнік газет, паштальён… Дзякуючы гэтаму, вучні могуць супаставіць свае магчымасці і здольнасці з запытамі рынку працы.

Практыка паказвае, што многія выхаванцы вызначаюцца з будучай прафесіяй ужо ў 5 класе, а пасля 9-га паступаюць ва ўстановы прафесійнай адукацыі. Школьнікам падабаюцца рабочыя спецыяльнасці, бо гэта ўдалы пачатак самастойнага жыцця, прафесійнага і кар’ернага шляху, хуткага набыцця практычнага вопыту.

Таццяна АБРАЖЭВІЧ, 
настаўніца працоўнага навучання
сярэдняй школы № 1 Ляхавіч