Як выгадна прадаць тавар і задаволіць патрэбы спажыўца — сакрэты прафесіі ад Алены Сяргеевай

- 15:15Столичный мастер

“Роля педагога заключаецца ў тым, каб адкрываць дзверы, а не ў тым, каб прасоўваць туды вучняў” — гэтыя словы А.Шнабеля сталі педагагічным крэда намесніка дырэктара па вучэбна-­вытворчай рабоце выкладчыцы спецыяльных прадметаў “Эканоміка арганізацыі”, “Камерцыйная дзейнасць”, “Асновы маркетынгу”, “Асновы менеджменту” Мінскага дзяржаўнага каледжа гандлю і камерцыі Алены Сяргеевай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагогіка і эканоміка

— Па першай спецыяльнасці я эканаміст-менеджар, пачынала свой прафесійны шлях у Ваўкавыскім аграрным каледжы выкладчыцай інфармацыйных тэхналогій, — расказвае Алена Пятроўна. — Потым чатыры гады адпрацавала ў сферы гандлю менеджарам магазіна, дзе знутры ўбачыла ўсе плюсы і мінусы прафесіі, таму зараз на ўласным прыкладзе з практыкі магу расказваць навучэнцам пра нюансы гэтай работы. Здавалася, мяне ўсё задавальняла, аднак хацелася вярнуцца назад у каледж да навучэнцаў. І калі, пераехаўшы ў сталіцу, я ўбачыла аб’яву, што патрабуецца педагог у каледж гандлю і камерцыі, не раздумваючы, прыйшла ўладкоўвацца на работу. Прайшла перападрыхтоўку і выкладаю навучэнцам эканамічныя дысцыпліны, з’яўляюся спецыялістам па дыстанцыйным навучанні.

МДК гандлю і камерцыі ажыццяўляе пад­рыхтоўку спецыялістаў як на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай, дзе навучэнцы атрымліваюць кваліфікацыю “прадавец 4-га разраду”, “кантралёр-касір 4-га разраду”, так і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з атрыманнем кваліфікацый “спецыяліст па маркетынгавых паслугах”,  “таваразнавец”.

— Чым прываблівае каледж абітурыентаў? У нас практыка-арыентаванае навучанне, вельмі многа вытворчай практыкі (летам — у студэнцкіх атрадах). Навучэнцы амаль адразу, з 1 курса, паглыбляюцца ў прафесію і ра­зумеюць, для чаго яны вучацца, — тлумачыць А.Сяргеева. — Прычым практыка ў нас аплачваецца. А, як вядома, першая матывацыя для моладзі — атрыманне ўласных грошай. Акрамя таго, у каледжы бурліць цікавае, насычанае жыццё па-за вучэбнымі заняткамі. Навучэнцы маюць магчымасць навед­ваць аб’яднанні па інтарэсах, якія задаволяць нават самыя патрабавальныя густы: джаз-бэнд, танцавальная студыя, фітнес-зала і інш. Нашы навучэнцы з’яўляюцца актыўнымі ўдзель­нікамі спаборніцтваў рознага ўзроўню, актыўна наведваюць мерапрыемствы, якія ладзяцца ў сталіцы. Будучыя спецыялісты ра­зуме­юць, што прафтэх — гэта толькі маленькая прыступка, ад якой можна адштурхнуцца і ісці далей: пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі ёсць магчымасць паступіць на скарочаны тэрмін навучання ва УВА. І гэтым правам карыстаюцца многія. Улічваючы ўсё гэта, сёлета падчас уступнай кампаніі ў нас быў дастаткова высокі конкурс. Напрыклад, на спецыяльнасць “Маркетынгавая дзейнасць” — тры чалавекі на месца.

Быць канкурэнтаздольнымі

Алена Пятроўна імкнецца стварыць спрыяльную атмасферу для рэалізацыі магчымасцей кожнага навучэнца, даць выхаванцам трывалыя веды, каб на рынку працы яны былі канкурэнтаздольнымі, запатрабаванымі. А зараз да спецыяліста гандлю прад’яўляюцца вельмі высокія патрабаванні. Ён павінен ве­даць нарматыўныя дакументы, якія рэгулююць парадак работы прадпрыемстваў гандлю і продажу асноўных груп тавараў, спажывецкія ўласцівасці, гандлёвыя характарыстыкі, прыметы класіфікацыі, парадак фарміравання асартыменту тавараў у аптовым і рознічным гандлі, правілы прыёмкі тавараў па колькасці і якасці, а таксама парадак і тэрміны іх рэалізацыі, праг­рэсіўныя формы гандлю і метады актывізацыі продажу тавараў, віды гандлёвых паслуг, прыёмы і метады абслугоўвання пакупнікоў, метады вывучэння пакупніцкага попыту і інш.

— Каб паспяхова прадаць тавар, неабходна, па-першае, размаўляць без памылак, па-другое, ведаць, што гаварыць пра тавар (гэта сфера таваразнаўства), па-трэцяе, валодаць інфармацыйнымі тэхналогіямі, — адзначае Алена Пятроўна. — Ды і прадаць — гэта адно, а задаволіць патрэбы спажыўца — зусім іншае. А таму на дапамогу прыходзіць маркетынг — філасофія бізнесу. Часта ў гандлёвых цэнтрах мы не засяроджваем увагі на шматлікіх момантах, так званых маркетынгавых пастках, а сапраўдны прафесіянал павінен іх ведаць і карыстацца ў рабоце. Так, калі мы ўваходзім у магазін, то звычайна не заўва­жаем, якая плітка пакладзена на падлозе. Мы ведаем, што тавары першай неабходнасці ­стаяць у самым далёкім кутку: пакуль пакупнік да іх дойдзе, пакладзе сабе ў цялежку шмат іншых тавараў. Гэта маркетынгавы ход. Але калі пакупнік гэта ведае, то бярэ цялежку і ідзе туды, куды яму неабходна. Аднак плітка на падлозе такая, што цялежка пачынае падскок­ваць і пакупнік замаруджвае ход. У выніку ў цялежцы можа апынуцца незапланаваны тавар.

Педагог будуе ўзаемадзеянне з навучэнцамі на роўных: не ставіць сябе вышэй за іх. Узамен атрымлівае любоў, павагу і давер, пра што яскрава сведчаць анкетаванні, якія праводзяцца ў каледжы, і частае пытанне ад калег “А як вам гэта ўдаецца?”.

— Імкнуся навучыць кожнага выхаванца ва ўсіх сітуацыях заставацца чалавекам, даць яму жыццёвыя арыенціры, якія абавязкова спатрэбяцца ў будучыні, а таксама навучыць быць сапраўдным спецыялістам-прафесіяналам. Гавару маладым людзям: калі вы прыйшлі на работу таваразнаўцамі — не сядзіце за сталом, выйдзіце ў гандлёвую залу, паўзае­мадзейнічайце з пакупнікамі і прадаўцамі, і вы будзеце ведаць абстаноўку, якая склалася ў калектыве, па-іншаму глянеце на многія рэчы. Варта не забываць, што мы працуем з людзьмі і ў кожнага свой характар, асаблівасці. Не, не трэба пад кожнага падстройвацца, але варта не забываць пра чалавечыя адносіны, бо менавіта мікраклімат у калектыве вельмі важны. Чалавек захоча прыйсці на работу, калі ў калектыве ўсё добра, — тлумачыць А.П.Сяргеева.

Вельмі многа прыкладаў, калі навучэнцы прыходзяць у каледж з невысокай паспяховасцю, але ўжо напрыканцы 3 курса па спецыяльных прадметах маюць высокія балы, а па заканчэнні другой ступені навучання атрымліваюць чырвоныя дыпломы і застаюцца працаваць у каледжы майстрамі вытворчага навучання або паспяхова паступаюць ва УВА.

На адным дыханні

На занятках Алена Пятроўна выкарыстоўвае праблемнае навучанне, тэхналогію “роўны вучыць роўнага”, арганізоўвае даследчую дзей­насць (навучэнцы даследуюць канкурэнтаў, спажыўцоў, прадукт, яго кошт і інш.). Так, на 3 курсе прадмет “Асновы эканомікі” заканчваецца складаннем бізнес-плана. Для гэтага навучэнцы право­дзяць маркетынгавыя даследаванні, выліч­ваюць, ці атрымаюць прыбытак, і тым самым дэманструюць, як быў засвоены прадмет, як яны зразумелі асноўныя паняцці (прыбытак, рэнтабельнасць, заработная плата і інш.). Напрыклад, навучэнцы “адкрывалі” кафэ, манікюрны салон, начную бібліятэку і інш. Яны ўбачылі, што пачаць сваю справу не так проста.

Эфектыўнымі з’яўляюцца і кейс-тэхналогіі. Вырашыць кейс — гэта значыць даследаваць тую ці іншую праблемную сітуацыю, са­браць і прааналізаваць інфармацыю, прапана­ваць магчымыя варыянты дзеянняў і выбраць з іх больш пераважны варыянт. Прыклад бізнес-кейса можа быць такім: кампаніі неабходна распраца­ваць стратэгію прасоўвання новага прадукту на рынак. Для гэтага трэба прааналізаваць галіну, канкурэнтаў, правесці аналіз мэтавай аўдыторыі, дапрацаваць прадукт, каб ён задавальняў патрэбы спажыўцоў і валодаў канкурэнтнымі ўласцівасцямі, прадумаць маркетынгавую кампанію, скласці план работы і ацаніць рызыкі і фінансавыя паказчыкі праекта.

Шмат заданняў педагог дае на апярэджанне. Так, у курсе “Асновы маркетынгу” навучэнцы атрымліваюць заданне: стварыць новы прадукт (хтосьці змешвае пэўныя інгрэдыенты, хтосьці выпякае), правесці даследаванне (прааналізаваць рынак), а потым на практычных занятках прадставіць гэты прадукт і свае напрацоўкі.

На думку А.П.Сяргеевай, эфектыўныя вучэбныя заняткі — тыя, якія прайшлі лёгка, на адным дыханні, на якіх ёсць зваротная сувязь і аддача ад навучэнцаў, на якіх вучэбны матэрыял добра засвойваецца, што дэманструюць розныя формы кантролю. Прычым педагог заўважыла, што заўсёды прасцей успрымаецца складаны матэрыял, які падмацоўваецца прыкладамі з жыцця.

На сайце каледжа размешчаны “Віртуальны кабінет навучэнца”, створаны Аленай Сяргеевай. На ім сабраны ўсе 23 дысцыпліны, якія вывучаюцца на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. І вучні, дзе б яны ні знаходзіліся — у транспарце ці дома на канапе, могуць адкрыць лекцыю і падтрыхтавацца да заняткаў. Праз QR-коды можна зайсці і паглядзець відэалекцыі педагога.

Для практыкумаў і не толькі

А.П.Сяргеева з’яўляецца аўтарам шэрага вучэбных дапаможнікаў па спецыяльных прадметах, якія яна выкладае. Дарэчы, за абагульненне вопыту па тэме “Фарміраванне і развіццё фінансавай і эканамічнай адукаванасці навучэнцаў шляхам распрацоўкі і ўкаранення аўтарскіх вучэбных дапаможнікаў” яна адзначана прэміяй Мінгарвыканкама. А пачалося ўсё з яе работы старшынёй цыклавой камісіі, якая працавала ў той час над інавацыйным праектам пад назвай “Стварэнне вучэбна-метадычнага комплексу па спецыяль­насці “Камерцыйная дзейнасць”.

— Менавіта якасць арганізацыі практычных заняткаў з’яўляецца адной з асноўных умоў фарміравання і развіцця эканамічных кампетэнцый навучэнцаў на прадметах эканамічнага профілю, — адзначае Алена Пятроўна. — Аналіз навукова-метадычнага забеспячэння выявіў адсутнасць такіх вучэбных выданняў для будучых спецыялістаў гандлю. У выніку спачатку быў распрацаваны і выдадзены вучэбны дапаможнік “Эканоміка арганізацыі. Практыкум”, потым з’явіліся “Асновы эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці. Практыкум”, “Прававое забеспячэнне камерцыйнай дзейнасці. Практыкум”, рабочы сшытак “Асновы менеджменту” (у суаўтарстве з Н.А.Суравай), накіраваныя на фарміраванне і развіццё фінансавай і эканамічнай адукаванасці навучэнцаў. А сёлета пабачыў свет рабочы сшытак “Асновы маркетынгу”. Створаныя вучэбныя выданні дапамагаюць больш эфектыўна арганізоўваць засваенне вучэбнага матэрыялу, дыферэнцыраваць і індывідуалізаваць навучанне, удасканальваць кантроль і самакантроль, вызваляць час для творчай і даследчай работы.

У цяперашні час педагог вядзе работу па адкрыцці ў каледжы новай спецыяльнасці на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Менеджар па продажах”. Установа заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве з Санкт-Пецярбургскім тэхнічным каледжам кіравання і камерцыі, і ў хуткім часе А.П.Сяргеева разам са сваёй калегай паедзе туды для наладжвання сувязей і пераймання вопыту. У планах педагога — працягваць распрацоўваць друкаваныя і электронныя вучэбныя дапаможнікі. Апошнія будуць размешчаны ў віртуальным кабінеце навучэнца і на адукацыйных інтэрнэт-платформах (“ПРОФБиблиотека.by”, do.minsk.edu.by).

 Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара