Як выклікаць цікавасць да ўрока: вопыт настаўніцы біялогіі Валянціны Лялюк

- 17:14Знак качества, Образование

Для таго каб выклікаць цікавасць да ўрока, настаўніца біялогіі гімназіі Іванава Валянціна Лялюк прымяняе розныя спосабы арганізацыі заняткаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Шлях у педагогіку ў Валянціны Лялюк быў празаічны: гледзячы на сваю маму, настаўніцу біялогіі, а потым дырэктара школы, маленькая дзяўчынка хацела быць падобнай да яе, працаваць з дзецьмі. Гэтае жаданне не змянілася і тады, калі Валянціна Лялюк заканчвала школу.

“Калі я вучылася ў старшых класах і прыйшоў час вызначыцца з будучай прафесіяй, мяне прывабіла цікавая спе­цыяльнасць, якая на той час была адкрыта ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна, — “Псіхолаг. Настаўнік біялогіі”. Мне гэты кірунак здаўся цікавым, таму аддала яму перавагу і паступіла”, — дзеліцца сваёй гісторыяй настаўніца.

Пасля заканчэння ўніверсітэта малады спецыяліст па размеркаванні пачала працаваць псіхолагам. Пастаянныя зносіны з дзецьмі і бацькамі, дапамога ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу ў вырашэнні складаных сітуацый… Работа цікавая і патрэбная, але адчуванне, што нечага не хапае для поўнай рэалізацыі, не пакідала педагога.

“Нягледзячы на тое, што пастаянна камунікавала з дзецьмі, мне хацелася большага, — прызнаецца Валянціна Андрэеўна. — За той час, пакуль была псіхолагам, зразумела, што хачу весці ўрокі біялогіі. Праз восем гадоў работы псіхолагам я пачала выкладаць свой любімы прадмет”.

Змена прыярытэтаў, творчы падыход да выкладання, уласна выпрацаваная сістэма работы з адоранымі дзецьмі — гэта тое, да чаго на працягу 17 гадоў стажу ў школе імкнулася настаўніца і чаго яна дасягнула. Сёння Валянціна Андрэеўна — трэнер раённай каманды навучэнцаў па падрыхтоўцы да трэцяга і заключнага этапаў Рэс­публіканскай алімпіяды па біялогіі, удзельнік абласной творчай групы нас­таўнікаў біялогіі. Дарэчы, на працягу апошніх пяці гадоў навучэнцы В.Лялюк вяртаюцца з абласных алімпіяд з дыпломамі І і ІІ ступені. Толькі ў мінулым навучальным го­дзе вучні прывезлі ў гімназію чатыры дыпломы І ступені і адзін дыплом ІІ ступені.

“У рабоце настаўніка біялогіі я навучылася ба­чыць галоўнае, — адзначае Валянціна Андрэеўна. — Калі працую з адоранымі і матываванымі навучэнцамі, імкнуся да таго, каб яны атрымалі добрыя, фундаментальныя веды, каб ішлі здаваць ЦТ і не хваляваліся, што нечага не ведаюць”.

Настаўніца працуе таксама з дзецьмі, якія выбралі фізіка-матэматычны ці лінгвістычны кірунак.

“Дакладна разумею, што гэтыя дзеці павінны вынесці для сябе з урокаў біялогіі, — дадае Валянціна Лялюк. — Самае галоўнае — ім трэба разу­мець базавыя рэчы, напрыклад, ведаць асновы фотасінтэзу, разумець, чаму яны нарадзіліся з карымі вачыма, чаму маюць не тую групу крыві, што іх бацькі, умець самастойна чытаць аналізы крыві і разумець, што з імі рабіць далей”.

На пытанне, ці цікава настолькі дэталёва вывучаць прадмет тым, хто не вучыцца ў профільным класе, Валянціна Лялюк запэўнівае, што так. Педагог гаворыць, што біялогія сама па сабе захапляльная навука. Каб зацікавіць клас, неабходна падабраць найбольш эфектыўныя спосабы і метады падачы інфармацыі. Напрыклад, настаўніца вялікую ролю на ўроках адводзіць фарміраванню мэты.

“Мы сумесна фармулюем мэту, прычым я толькі падказваю, накіроўваю, а дзеці пасля прымаюць яе за сваю, — тлумачыць Валянціна Андрэеўна. — Калі дзіця ідзе па сваім шляху са сваёй мэтай, то, безумоўна, яно яе дасягне намнога хутчэй, чым калі гэта будзе навязаная мной ідэя”.

Асаблівую ўвагу падчас урокаў настаўніца гімназіі ўдзяляе матывацыйнай частцы: якраз яна і абу­джае цікавасць да вывучэння біялогіі.

Пытанні “Навошта нам гэта ведаць?”, “Дзе можна прымяніць атрыманыя веды?” педагог задае кожны раз, калі вывучаецца новы параграф. В.Лялюк адзначае, што гэта трэба ра­біць, каб дзеці задумаліся, каб прааналізавалі словы настаўніка і зрабілі правільныя вывады. Што тычыцца матываваных вучняў, то яны самі ведаюць, навошта прыходзяць на ўрокі і чаму вывучаюць біялогію на паглыбленым узроўні. Дарэчы, у гімназіі Іванава створана трывалая база і добрыя ўмовы для падрыхтоўкі дзяцей да ЦЭ. У межах павышанага ўзроўню вывучэння біялогіі, згодна з праграмай, навучэнцы гімназіі вывуча­юць прадмет чатыры гадзіны ў тыдзень.

“Акрамя гэтага, па суботах у нас працуе факультатыў, які праводзім з настаўнікам хіміі, — расказвае пра сістэму падрыхтоўкі матываваных дзяцей Валянціна Лялюк. — Атрымліваецца, што і ў шосты школьны дзень навучэнцы 10 і 11 класаў вывучаюць біялогію дзве га­дзіны, а пасля столькі ж часу прысвячаюць хіміі. Падчас гэтых заняткаў падрабязна вывучаем праграму для паступаючых ва УВА. Што тычыцца падрыхтоўкі да ЦЭ, то да яго рыхтуемся ў першую чаргу падчас урокаў”.

Падрыхтоўка да алімпіяды — гэта асобная гісторыя, якая патрабуе таго, каб над ёй працавалі ўвесь час.

“Калі рыхтуемся да алімпіяд, працуем з тымі падручнікамі, якія вывучаюць студэнты нашых УВА, — працягвае педагог. — Таксама слухаем лекцыі, якія размешчаны на тых рэсурсах, што прапануюць УВА Расіі. Акрамя гэтага, добрую базу ведаў для падрыхтоўкі да рэспубліканскіх алімпіяд дае ўдзел у інтэрнэт-алімпіядах БДУ. Выкладчыкі гэтай установы адукацыі таксама расказваюць пра відэарэсурсы, у якіх право­дзіцца аналіз заданняў рэс­публіканскіх прадметных спаборніцтваў”.

Тым навучэнцам, якія падчас вучобы ў гімназіі прымалі ўдзел у алімпіядах, ва УВА вучыцца лягчэй. Да такіх высноў Валянціна Лялюк прыходзіць, размаўляючы са сваімі былымі выпускнікамі, а сёння — будучымі правізарамі, урачамі. Педагог лічыць, што ў першую чаргу гэта можна растлумачыць тым, што за гады падрыхтоўкі і ўдзелу ў алімпіядах вучні навучыліся працаваць з вялікім аб’ёмам інфармацыі.

“Са сваімі вучнямі я заўсёды на сувязі, нават калі яны заканчваюць гімназію і паступаюць ва ўніверсітэты, атрымліваюць прафесію, — прызнаецца Валянціна Анд­рэеўна. — Для мяне як для педагога вельмі каштоўна, што пасля заканчэння гімназіі тыя, каго я вучыла, не забываюць мяне, дзеляцца сваімі поспехамі, раяцца, просяць парады. Напэўна, гэта і ёсць сэнс настаўніцт­ва — заставацца для вучняў тым педагогам, які дапамог адкрыць іх таленты і ўдала іх прымяніць”.

Наталля САХНО
Фота аўтара