Як з дзіцяці выгадаваць тытулаванага спартсмена, ведаюць трэнеры Чачэрскай ДЮСШ

- 14:40Образование

Сакрэтамі паспяховай падрыхтоўкi спартсменаў з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” дзеляцца трэнеры самых папулярных секцый Чачэрскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па футболе і дзюдо.

Ключ да поспеху

Перад бацькамі часта паўстае пытанне: чым заняць сына ці дачку? Відаў спорту шмат, але важна трапіць у рукі добрага трэнера. Можна шмат чаго дасягнуць, калі ве­рыць у сябе і ў свайго настаўніка, лі­чаць у ДЮСШ, бо трэнер — ключ да пос­пеху, які можа дапамагчы вучню раскрыць яго талент.

У Чачэрскай ДЮСШ 296 юных спартсменаў паспяхова займаюцца футболам, баскетболам, вольнай барацьбой, лёгкай атлетыкай, плаваннем і дзюдо. Трэнеры-выкладчыкі робяць усё магчымае, каб спартыўныя дасягненні выхаванцаў заўсёды былі на вышыні.

У Чачэрскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе самымі папулярнымі секцыямі сярод дзяцей з’яўляюцца дзюдо, футбол і вольная барацьба. На спаборніц­твах падлеткі паказваюць добрыя вынікі. Напрыклад, поспех спартсмена Андрэя Селіванава — кандыдата ў майстры спорту па дзюдо і па самба — лічыцца самым значным дасягненнем гэтага года.

— У Ізраілі на сусветным першынстве Еўропы па самба Анд­рэй Селіванаў заняў 2-е месца, — з гордасцю адзначае дырэктар ДЮСШ Аляксандр Цвірко. — Нашай спартсменцы Ганне Бураковай няма роўных на спаборніцтвах, дзяўчына — майстар спорту па дзюдо, член нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь. Сёстры Валерыя і Вераніка Максіменка — майстры спорту па дзюдо, выдатна валода­юць прыёмамі самага займальнага віду баявога мастацтва.

Гэтых спартсменаў падрыхтавала прафесiянал сваёй справы — трэнер-выкладчык па дзюдо Алена Картозія. Менавіта яна дапамагае выхаванцам спасці­г­аць філасофію адзінаборства, дасканала вывучаць прыёмы. Да сваіх падапечных трэнер ставіцца вельмі ўважліва і педантычна, яна шмат душэўнай энергіі ўкладвае ў кожнага вучня, наладжана работа і з бацькамі. Сярод усіх трэнераў ДЮСШ Алена Вітальеўна самая папулярная, да яе ў секцыю запісваюцца як хлопчыкі, так і дзяўчынкі.

Паводле слоў трэнера-выкладчыка, залог поспеху — у індывідуальным падыходзе і правільна складзенай праграме трэніровак:

— Самае галоўнае — быць на адной хвалі з дзецьмі. Смела магу сказаць, што я — фанат дзюдо і сапраўды не ўяўляю свайго жыцця без гэтага захапляльнага і відовішчнага віду спорту. Вядома, пачы­наць спасцігаць асновы неабходна з базавых правіл, гэта дазваляе пазбегнуць памылак падчас бою і дае спартсмену магчымасць з часам выйсці на прафесійны ўзровень.

Спартыўная школа ў Чачэрску была адкрыта ў 1970 годзе і сёння славіцца сваімі поспехамі і дасягненнямі. Тут рыхтуюць выдатных спартсменаў, якія пакараюць вяршыні п’едэсталаў.

Аўчынка вартая вырабу

Школьнікамі футбол успрымаецца як забаўка. Для трэнера Міхася Канцавога ў прыярытэце любоў дзяцей да футбола. Калі яны трапляюць да яго на заняткі, то не толькі развіваюць каардынацыю рухаў, сілу, вынослівасць і ўменне ўзаемадзейнічаць у камандзе, але і забываюць аб сваіх гаджэтах. Акрамя таго, яго падапечныя з зайздроснай рэгулярнасцю трапляюць у склад нацыянальнай зборнай па футболе. Міхаіл Валер’евіч працуе трэнерам у ДЮСШ больш за 10 гадоў і за гэты час многім таленавітым выхаванцам дапамог ажыццявіць мару, раскрыўшы іх патэнцыял. Напрык­лад, Уладзіслаў Балотнікаў, Мікіта Казлоў падпісалі кантракты з ФК “Белшына”, хлопцы гуляюць у асноўным складзе футбольнай каманды. Уладзіслаў Балотнікаў задзейнічаны ў нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе U-19, яго брат Кірыл, а таксама Ілья Семінар сёлета падпісалі кантракты з ФК “Белшына”, гуля­юць за дубль “Белшына”. 14-гадовага Анатоля Ястачкіна лічаць вельмі перспектыўным футбалістам, цэнтральны нападаючы зараз у скла­дзе каманды ФК “Дынама-Мінск”. Аматары футбола гавораць, што такіх юных і таленавітых гульцоў яшчэ не сустракалі.

Несумненна, высокіх вынікаў хлопцы дабіліся дзякуючы зла­джанай рабоце ў тандэме з трэнерам, які ўсіх зараджае сваёй актыўнасцю, ведае кожнага свайго калегу і перспектыўнага гульца рэгіёна і краіны, яму давяраюць і заўсёды звяртаюцца па дапамогу. Яго фішка ў адкрытасці, шчырасці і ўпэўненасці ў тым, што ён робіць. Разам з дзецьмі Міхаіл Валер’евіч удзельнічае ў трэніровачным працэсе, каб выхаванцы хутчэй засвойвалі інфармацыю.

— Самае галоўнае ў маёй рабоце — любіць дзяцей і выхоў­ваць у іх дысцыпліну, прывіваць любоў да спорту, вучыць пава­жаць старэйшых і быць дастойнымі грамадзянамі нашай краіны, — падкрэслівае Міхаіл Канцавы. — Мне падабаецца адчуваць, што я ўсё зрабіў якасна. Перакананы, што вучыцца можна бясконца і ніколі не варта спыняцца на дасягнутым.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота з архіва Чачэрскай ДЮСШ