Як захапіць вучня гісторыяй? Пра эфектыўныя прыёмы расказала Людміла Баранава

- 12:16Учитель года

Што дорыць педагогу адчуванне крылаў за спінай і натхняе на работу — сваімі меркаваннямі з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзялілася настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 14 Полацка Людміла Баранава.

— Вы кіруеце школьным навуковым таварыствам. Ці кожны навучэнец можа стаць даследчыкам?

— Дзіця — даследчык па сваёй сутнасці. У дарослым узросце нас вымушае развівацца, рабіць адкрыцці ўсё той жа цікаўны чамучка, які жыве ў сэрцы. Таму для педагога вельмі важна бачыць яго ў кожным вучні, заахвочваць, асцярожна накіроўваць, бесперапынна падтрымліваць зваротную сувязь. Да нас, настаўнікаў-прадметнікаў, дзеці прыходзяць у 5 класе: шчырыя, прагныя да ведаў, адкрытыя. Я зараз гавару пра пераважную большасць навучэнцаў. Калі хтосьці ўжо спрабуе замкнуцца ў сабе — гэта трывожны сігнал, бо неабходна тэрміновая дапамога, і адначасова прафесійны выклік для настаўніка. Нешта параніла душу, таму дзіця спрабуе адгарадзіцца ад свету, абараняецца тым ці іншым чынам у адказ на спробы наладзіць камунікацыю. Табе разам з калегамі трэба знайс­ці балючую стрэмку, каб пастарацца вырваць, потым за­гаіць. Увесь час вучобы ў школе ты пражываеш са сваімі вучнямі, на тваіх вачах, у тым ліку пад тваім уплывам, фарміруецца іх асоба. Да цябе дзеці даверліва прыхо­дзяць з хвалюючымі пытаннямі, з цябе бяруць прыклад, асаб­ліва калі ты класны кіраўнік, — гэта вельмі адказна. Заўсёды будую заняткі па выпрацаваных аўтарс­кіх алгарытмах, каб кожнае дзіця навучылася быць даследчыкам. З тымі хлопчыкамі і дзяўчатамі, хто выявіў схіль­насць да даследчай дзейнасці, з кім рыхтуемся да алімпіяд, сувязь яшчэ мацнейшая. Немагчыма інакш, калі сумесна дзень за днём шукаеш новыя факты, абмяркоўваеш гістарычныя і сучасныя па­дзеі, карпатліва працуеш над праектамі, удзельнічаеш у канферэнцыях рознага ўзроўню, пераадольваеш перашкоды і падзяляеш радасць першых перамог! У самастойнае жыццё мы адпраўляем юнакоў і дзяўчат не проста з пэўнымі ведамі — са сфарміраваным светапоглядам, сістэмай каштоўнасцей. Як бацькам, нам цяжка, нездарма на выпускных урачыстасцях у многіх настаўнікаў слёзы на вачах.

— З апошнім званком сувязь не перапыняецца?

— Зразумела, не. Мы з на­дзеяй сочым за выпускнікамі, працягваем зносіны з імі і іх бацькамі. Сувязь жывая, таму яна нас аб’ядноўвае. Прыемна, калі вучні ідуць па тваіх слядах, калі ім удаецца дасягнуць большага. Напэўна, у гэтым мне і бачыцца найважнейшая ацэнка педагагічнага поспеху. Гэта робіць мяне шчаслівай, натхняе на далейшую працу. Паступленне ва УВА тут значны, але неабавязковы крытэрый. Магчыма, хтосьці з вучняў не атрымаў вышэйшую адукацыю, але вырас цудоўным чалавекам — мне радасна. У горадзе я часта сустракаю сваіх выпускнікоў — яны знайшлі шчасце на малой радзіме, што ўдвая каштоўней. У нашу школу некаторыя з іх ужо прыводзяць сваіх дзяцей вучыцца, і ўнукі не за гарамі. Можна сказаць, вучнёўскія дынас­тыі складваюцца.

— Сярод вашых вучняў ёсць гісторыкі?

— Безумоўна. Прычым даволі часта радуюць такім выбарам прафесіі, і многія свядома выбіра­юць рэгіянальныя УВА. Сёлета я не выкладала ў выпускным класе, а ў мінулым годзе мой вучань паступіў на гуманітарны факультэт ПДУ імя Ефрасінні Полацкай, ён будучы педагог-гісторык. А хтосьці нават ужо працуе ў гэтым універсітэце — маёй альма-матар. Ці пайшоў вучыцца па другім маім прадметным напрамку, грамадазнаўстве. Таксама, дарэчы, многія з такіх выпускнікоў працуюць у Полацку. Хаця перад нашымі вучнямі адкрыта і магчымасць паступлення ў самыя прэстыжныя ўніверсітэты краіны: база ведаў дазволіць, усё залежыць ад жадання і працавітас­ці. Так, паспяховая вучоба на факультэце міжнародных адносін БДУ для іх не нешта недасяжнае, гэтая вяршыня ўжо скарылася адной з маіх нядаўніх выпускніц.

— Вы родам з Полацка? Былі стараннай вучаніцай і студэнткай?

— Так — на абодва пытанні. Добра вучылася, была яшчэ актывісткай, удзельніцай розных конкурсаў, канцэртаў, мера­­прыемстваў. Маё дзяцінства было напоўнена цікавымі зносінамі, пазітыўнымі ўражаннямі, музыкай. Моцна прываблівалі рытміка і школьны хор, мы многа ездзілі на харавыя фестывалі. Калі рыхтаваліся да агляду строю і песні — мяне выбіралі камандзірам, хаця дзяўчынка і па росце была невысокая. Прапаноўвалі верш прачытаць — я выходзіла на сцэну ў вобразе, папярэдне з маці дэталёва прадумвалі рэквізіт. Інсцэніроўкі любіла, тэатралізаваныя пастаноўкі. Мне падабалася арганізоўваць равеснікаў, выступаць з класам. Калі віктарына, алімпіяда па гісторыі — я адназначна прымала ўдзел. Ва ўніверсітэце больш засяродзілася на вучобе, даследчай дзейнасці. Што характэрна, нічога з набытага не страцілася, яно спатрэбілася потым. У школе жыццё бурліць. Ты жывеш па штодзённіку, дзе ўсё распісана літаральна па хвілінах. Мерапрыемствы, конкурсы — і ты пастаянна з вучнямі рыхтуеш адно, другое, трэцяе. Таму кожнае тваё ўменне — каштоўны рэсурс, уключаючы здабыткі дзяцінства і юнацтва, якія, на першы погляд, па-за прафесіяй.

— Захапленне музыкай засталося?

— І ўмацавалася. Пару гадоў назад прафсаюз праводзіў конкурс школьных харавых калектываў, на рэпетыцыі і выступленні хадзіла з задавальненнем, як у дзяцінстве. А самы любімы мой кампазітар — Шапэн, яго “Фантазія-экспромт” устаноўлена нават на дамашнім тэлефоне.

— Няпроста захапіць гісторыяй вучня, які лічыць яе нецікавым прадметам?

— У кожным выпадку трэба індывідуальна падыходзіць, універсальнай методыкі не існуе і не можа быць. З эфектыўных прыёмаў я вылучыла б квесты. У нас як агульнагарадскія культурна-адукацыйныя мерапрыемствы практыкуюцца квесты па гора­дзе. Кожная школа фарміруе сваю каманду, яны атрымліваюць заданне, маршрутны ліст і павінны знайсці па фрагметах фота, тэкставым ўрыўку, рэбусе пэўную памятную мясціну, затым сфатаграфаваць яе і адаслаць. Я азартны чалавек, разам з дзецьмі з радасцю ўдзельнічаю, удавалася і перамагаць з камандамі 7, 11 класаў. Калі з вучнямі наладжаны кантакт, то тваё захапленне ім на ўзроўні эмоцый перадаецца. Перамога ж гэты эфект замацоўвае і ператварае ў асабістую каштоўнасць. Помню, прыйшоў да мяне клас, у большасці не вельмі прыхільна настроены да гісторыі. Па-рознаму спрабавала, штосьці атрымлівалася, але па вялікім рахунку сцяна. Вырашыла трансфармаваць адукацыйную прастору — і сітуацыя кардынальна змянілася. Запрасіла вучняў-скептыкаў на квест у музей, бо школа супрацоўнічае як з нашым універсітэтам, так і з Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам. Справа была зімой, у снегапад. Вяртаючыся, мы ператварыліся ў снегавікоў. Затое які панаваў настрой! Як беражліва ў памяшканні дзеці даставалі з-пад куртак і пухавікоў атрыманыя дыпломы! Як нецярпліва пыталіся ў мяне: “Калі пойдзем яшчэ?” Падобная пазаўрочная дзейнасць таксама дапамагае выпрацоўваць даследчыя навыкі. А галоўнае, гэта выдатны інструмент выхавання. Радзіму нельга навучыць любіць па падручніку, з ёй трэба сустракацца, адкрываючы новае і ўсведамляючы важнае. Таму ў маім прафесійным актыве разам з урокамі экскурсіі, размовы з цікавымі людзьмі.

— Чаму вы вырашылі стаць настаўніцай гісторыі?

— Жывучы ў Полацку, чалавек не можа не паважаць гісторыю. І з маленства, з кожным годам усё больш усвядомлена, хацела стаць настаўніцай. Відаць, паспрыяў прыклад маіх школьных настаўнікаў, бо ў маёй сям’і я першы педагог. Быў характэрны такі выпадак, калі ўжо вучылася ў ПДУ. Выкладчык педагогікі запытаўся: “Шчыра, хто з вас не баіцца пайсці працаваць у школу?” Я, не задумваючыся, узняла руку. Праз 20 гадоў пасля заканчэння ўніверсітэта мы сустракаліся з аднакурснікамі. Разгаварыліся — і высветлілася: хтосьці пачынаў работу па спецыяльнасці і перайшоў у іншую сферу, хтосьці, наадварот, вярнуўся ў адукацыю. Заканамерна, розныя людзі — розныя лёсы. У школе ад званка і да званка з маёй групы працуюць толькі двое, я і мая калега з Расоншчыны. Праўда, яна ўжо дырэктар. А мне падабаецца менавіта настаўнічаць, у гэтым напрамку развівацца і расці.

— Як яно — працаваць настаўніцай у роднай школе?

— Гэта вялікі падарунак лёсу і ўласнае рашэнне, аб якім ніколі не пашкадавала. Калі маладым спецыялістам прыйшла ў сваю школу, тут зноў сустрэлася са знаёмымі настаўнікамі. Хвалявалася, аднак адаптавалася дастаткова хутка, бо ў калектыве мяне ведалі і вельмі добра прынялі. Запомніліся словы-разважанні намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, калі я ўладкоўвалася: “Мы табе клас добры дадзім, педагога замацуем, падтрымаем дружна, каб пачынаць было цікава і адчувала пазітыў. Усё атрымаецца, будзеш выдатнай настаўніцай”. У мяне сапраўды атрымлівалася, я захапілася працай. Цяпер працягваю эстафету, вучу моладзь, дзялюся вопытам з калегамі. З маімі настаўнікамі, дарэчы, мы пастаянна на сувязі. Яскравы прыклад: з перамогай на абласным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства мяне першай па тэлефоне павіншавала першая настаўніца, услед за ёй — настаўніца гісторыі і класны кіраўнік. Яны на заслужаным адпачынку, але сачылі, душой былі са мной! Здараюцца ў жыцці неверагодныя моманты, калі ты насамрэч адчуваеш крылы: якраз той самы выпадак. І гэтае адчуванне палёту, радасць вышыні прымнажаюцца, калі падзяляеш іх з мноствам блізкіх людзей. Сярод якіх у мяне самая надзейная група падтрымкі — педагогі, у каго вучылася, з кім працую. І сённяшнія вучні, на каго ўскладаю надзеі як на будучых калег.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара