Якія формы работы выкарыстоўвае педагог-псіхолаг у сваёй дзейнасці па пытаннях псіхалагічнага здароўя

- 17:36Образование

Мадэлі паводзін, набытыя ў дзяцінстве, як правіла, суправаджаюць людзей усё далейшае жыццё. Каб гэтыя мадэлі былі здаровымі, бацькі павінны не толькі быць для дзяцей станоўчым прыкладам, але і валодаць хаця б мінімальнымі псіхалагічнымі ведамі.

Вядома, усе мамы і таты не могуць стаць сямейнымі педагогамі-псіхолагамі, але навучыцца праводзіць гульнявыя заняткі са сваімі дзецьмі, пабудаванымі на тэхніках, якімі карыстаецца такі спецыяліст, цалкам рэальна.

У нашай установе дзейніча­юць 12 груп, у тым ліку 3 спецыяльныя для дзяцей з цяжкімі парушэннямі развіцця і 2 групы інтэграванага навучання і выхавання. Штогод педагог-псіхолаг праводзіць бацькоўскую гасцёўню, якая ўключае псіхолага-педагагічныя заняткі з элементамі трэнінгу, анкетаванне па стварэнні псіхалагічнага камфорту ў дашкольных групах, майстар-клас для бацькоў па развіцці дробнай маторыкі дзяцей, арт-тэрапеўтычныя заняткі па карэкцыі дзіцяча-бацькоўскіх адносін і інш. Усё гэта прыносіць карысць.

Падчас заняткаў разбураюцца стэрэатыпы пра тое, што задача баць­коў — купляць дзецям модныя цацкі і гаджэты. Галоўнае — навучыць мам і татаў будаваць здаровыя адносіны з дзецьмі, разумець іх, адэкватна рэагаваць на іх паво­дзіны, паважаць іх жаданні і ча­каць таго ж ад дзяцей. Бацькі павінны падтрымліваць іх, але без эмацыянальнага зліцця з імі, пакідаючы асабістую прастору для абодвух бакоў.  

Вялікая ўвага ўдзяляецца асветніцкай дзейнасці: рэгулярна абнаўляецца інфармацыйны стэнд “Куток псіхолага”, распрацоўваюцца буклеты “Вельмі важныя парады бацькам”, “Дзіцячы псіхолаг ра­іць”, “Як праводзіць з дзіцем вольны час”, “Гатоўнасць дзіцяці да школы” і інш.

Пяты год ва ўстанове рэалізуецца комплекс карэкцыйных медыка-гігіенічных мерапрыемстваў “Здаровы дзіцячы сад”, накіраваных на першасную прафілактыку развіцця функцыянальных адхіленняў і захворванняў у выхаванцаў. Яго мэта — захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей шляхам фарміравання здароўезберагальнага асяроддзя ў дашкольнай установе і дома.

Рабочы план гэтых мерапрыемстваў штогод зацвярджаецца Ганцавіцкім раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Акрамя таго, вызначаецца склад каманды па яго рэалізацыі з ліку ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу і іншых зацікаўленых асоб. 

У сваёй дзейнасці па пытаннях псіхалагічнага здароўя педагог-псіхолаг выкарыстоўвае розныя формы работы: анкетаванне бацькоў па стварэнні псіхалагічнага камфорту ў дашкольных групах, маніторынг адаптацыі выхаванцаў першых малодшых груп да дзіцячага сада, індывідуальныя і групавыя карэкцыйна-развіццёвыя заняткі з малышамі, у тым ліку асаблівымі, тэматычныя мерапрыемствы, інфармацыйныя лісты для бацькоў “Небяспека курэння”, анкетаванне педагогаў па ацэнцы сацыяльна-псіхалагічнага клімату ў калектыве, тыдні псіхалогіі, падрыхтоўка для мам і татаў навукова-метадычнай літаратуры, памятак і буклетаў па пытаннях псіхагігіены стомленасці, зняцця псіхаэмацыяльнага напружання і інш. Усе гэтыя мерапрыемствы праводзяцца пры падтрымцы спецыялістаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія заўсёды аказваюць педагогам інфармацыйную і практычную дапамогу.

Трэба адзначыць, што комплекс карэкцыйных медыка-гігіенічных мерапрыемстваў “Здаровы дзіцячы сад” з’яўляецца адзіным на Брэстчыне. Работа ў гэтым напрамку будзе працягвацца.

Дзякуючы ёй, мамы і таты пад кіраўніцтвам педагога-псіхолага ператвараюцца ў псіхатэрапеўтаў і вучацца праводзіць з дзецьмі адпаведныя заняткі, падчас якіх ра­зам развіваюцца. Бацькі павінны атрымліваць задавальненне ад выхавання дзяцей.   

Лілія КНУРЭНКА,
педагог-псіхолаг дзіцячага сада № 4 Ганцавіч