Якія заняткі прапануюць школьнікам вядучыя дзяржаўныя музеі краіны?

- 15:06Образование

Семінар «Музейная педагогіка: праекты, спецыфіка, вопыт» прайшоў у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж». У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі вядучых дзяржаўных музеяў краіны. У якасці гасцей прысутнічалі выкладчыкі Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.

Яшчэ на стадыі падрыхтоўкі да семінара было вырашана адмовіцца ад абмеркавання шматлікіх тэарэтычных пытанняў і засяродзіцца на абмене практычным вопытам. Тут сапраўды ёсць чым падзяліцца. Разнастайныя формы інтэрактыўнай работы сталі неад’емнай часткай дзейнасці музеяў. Іх тэматыка вызначаецца перш за ўсё профілем установы.

Так, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры праводзяцца заняткі «Загадкі дзеда Кандрата» (паводле твораў Кандрата Крапівы), «Азбука гарадоў» (паводле кнігі Уладзіміра Ліпскага), «Нізка беларускіх казак». Вялікую цікавасць у дзяцей выклікаюць сустрэчы з пісьменнікамі.

Адукацыйныя праграмы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы звязаны з творамі класіка і эпізодамі яго біяграфіі. У прыватнасці, падчас мерапрыемства «Калядкі ў Купалавым доме» можна не толькі павадзіць карагоды з казой ды адгадаць загадкі Снягурачкі, але і даведацца пра пераклад вядомай навагодняй песні «В лесу родилась ёлочка» – «Узышла ў лесе елачка», які зрабіў Янка Купала.

Супрацоўнікі замкавага комплексу «Мір» падзяліліся асаблівасцямі правядзення заняткаў «Таямніцы кафляных люстэркаў», на якіх дзеці могуць самастойна вырабіць і расфарбаваць кафляныя пласціны, а таксама расказалі пра сямейны квест «Легенды і паданні Мірскага замка».

У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, што недалёка ад Мінска, можна паўдзельнічаць у святкаванні Каляд, Масленіцы, гукання вясны і інш. Тут наведвальнікаў чакаюць і персанажы беларускай міфалогіі, у якіх пераўвасабляюцца супрацоўнікі музея.

Цікавыя метады знаёмства з калекцыяй археалогіі выкарыстоўваюць у музеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля (у яго фондах знаходзіцца адна з самых вялікіх археалагічных калекцый нашай краіны – звыш 100 тыс. прадметаў). Пачынаючы з 2016 г. кожнае лета, у чэрвені, дзейнічае праект «Лета ў археалогіі», разлічаны на школьнікаў 6–14 гадоў.

Заняткі ў Нацыянальным мастацкім музеі прадказальна звязаны з творамі мастацтва. Так, асобныя заняткі раскрываюць сакрэты вядомай карціны В. Волкава «Мінск. 3 ліпеня 1944 года». На іх можна не толькі даведацца пра гісторыю легендарнага твора, але і паспрабаваць узнавіць біяграфіі яго персанажаў. А праграма «Каляднымі сцежкамі» дае магчымасць азнаёміцца з асаблівасцямі святкавання Каляд і Новага года ў акружэнні партрэтаў магнатаў і старадаўніх абразоў.

Супрацоўнікі музея-запаведніка «Нясвіж» таксама падзяліліся вопытам правядзення экскурсій для дзяцей і падлеткаў, расказалі пра гульні-экскурсіі, якія ствараюцца пад найбольш значныя выставачныя праекты, і прапанавалі выканаць некаторыя іх заданні. Таксама ўвазе гасцей была прадстаўлена новая метадычная распрацоўка, якая дазваляе сямейным групам самастойна знаёміцца з экспазіцыяй Нясвіжскай ратушы. І на завяршэнне мерапрыемства ўдзельнікі прайшлі квест «Карта сямі каралеўстваў». На працягу 40 хвілін каманды настойліва шукалі адказы на пытанні, каб атрымаць у якасці ўзнагароды фрагменты старадаўняй карты. Для гэтага ім прыйшлося не толькі праявіць назіральнасць, кемлівасць і эрудыцыю, але і ў літаральным сэнсе пабегаць: давялося і падымацца на гарышча ратушы і спускацца ў яе падвал.

На семінары быў узняты шэраг актуальных пытанняў. Як знайсці баланс паміж забаўляльнай і адукацыйнай функцыямі музеяў? Як зрабіць так, каб беларускасць у музейнай дзейнасці не асацыіравалася толькі з фальклорам і архаікай? Як наладзіць эфектыўнае супрацоўніцтва музеяў з установамі адукацыі?

Галоўным вынікам семінара стала рашэнне праводзіць такія сустрэчы рэгулярна з большым ухілам на практычную частку. Было выказана пажаданне запрашаць да ўдзелу ў падобных мерапрыемствах прадстаўнікоў школ, ліцэяў, гімназій, што дазволіць выпрацаваць больш эфектыўную сістэму супрацоўніцтва паміж дзвюма сферамі.

Андрэй БЛІНЕЦ,
вучоны сакратар музея-запаведніка «Нясвіж»
Фота з архіва арганізатараў і ўдзельнікаў семінара