Якой быць інклюзіі?

Днямі ў Мінску прайшла Міжнародная канферэнцыя “Інклюзіўныя працэсы ў адукацыі”. Праграма канферэнцыі прадугледжвала выступленні міжнародных экспертаў у сферы інклюзіі, навукоўцаў, якія займаюцца распрацоўкай праблем інклюзіўнай адукацыі, спецыялістаў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку педагагічных кадраў, педагогаў-практыкаў, якія рэалізоўваюць тэхналогіі інклюзіўнай адукацыі, а таксама іншых зацікаўленых спецыялістаў.

Ад імя міністра адукацыі нашай краіны ўдзельнікаў канферэнцыі вітала яго намеснік Раіса Станіславаўна Сідарэнка. Яна адзначыла, што ў Беларусі пытанні арганізацыі навучання дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці знаходзяцца пад пільным кантролем, навучэнцы з АПФР маюць магчымасць атрымліваць і асноўную, і дадатковую адукацыю, для іх ствараюцца спецыяльныя ўмовы, якія ўключаюць разнастайныя віды педагагічнай, медыцынскай, сацыяльнай і іншай дапамогі. За апошнія гады зроблены шэраг крокаў у кірунку інклюзіўнай адукацыі: зацверджана Канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з АПФР, выконваюцца мерапрыемствы па рэалізацыі канцэпцыі на 2016—2020 гады. Гэты від адукацыі прадугледжвае не толькі адукацыю асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, ён забяспечвае роўныя магчымасці ў атрыманні адукацыі навучэнцаў з рознымі адукацыйнымі патрэбамі: адораных і таленавітых дзяцей, прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей, дзяцей з дэвіянтнымі паводзінамі, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, мігрантаў і г.д. Пачынаючы з 2014/2015 навучальнага года ва ўстановах адукацыі нашай краіны рэалізоўваецца рэспубліканскі эксперыментальны праект па апрабацыі мадэлі інклюзіўнай адукацыі, у якім прымаюць удзел 8 сярэдніх школ. У бягучым навучальным годзе па гэтым праекце працуе 20 эксперыментальных інклюзіўных класаў.

Як падкрэсліла Раіса Станіславаўна, асноўныя ўмовы, пры якіх магчыма рэалізацыя інклюзіўных падыходаў, патрабуюць наяўнасці належнага нарматыўнага, метадычнага і кадравага забеспячэння, а таксама гатоўнасці ўсяго грамадства, бацькоў да паспяховага ўкаранення такіх падыходаў. Неабходна зрабіць больш эфектыўнай работу па ўдасканаленні прававога і навукова-метадычнага забеспячэння, па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і (ці) павышэнні кваліфікацыі педагагічных кадраў для работы ва ўмовах інклюзіі, а таксама праводзіць адпаведную работу з бацькамі, ствараць безбар’ернае асяроддзе ва ўстановах адукацыі. Сёння мы гаворым аб распрацоўцы прынцыпова новых дакументаў, якія рэгулююць пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з улікам інклюзіўных падыходаў, правядзення атэстацыі навучэнцаў, што адносяцца да розных катэгорый. У цэлым комплекс умоў, шляхоў і сродкаў развіцця інклюзіўных падыходаў у адукацыі будзе садзейнічаць вырашэнню задачы павышэння якасці адукацыі.

Бар’еры і цяжкасці пры навучанні, з якімі сутыкаюцца вучні з АПФР у агульнаадукацыйных школах, узнікаюць іншы раз з-за недасканалай арганізацыі вучэбнага працэсу, а таксама з-за ўстарэлых метадаў навучання, якія не адпавядаюць пераменлівым працэсам рэальнасці. Пры інклюзіўным падыходзе неабходна не адаптаваць вучняў з цяжкасцямі ў навучанні да існуючых патрабаванняў і стандартаў, а шукаць педагагічныя падыходы да іх навучання, якія б найбольш поўна ўлічвалі асаблівыя адукацыйныя патрэбы.

Прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Рашэд Мустафа Сарвар падкрэсліў, што наша краіна з’яўляецца адной з перадавых у пытанні даступнасці адукацыі — яна даступная ўсім дзецям. Сістэма спецыяльнай адукацыі развівалася тут на працягу многіх гадоў, з часам сталі практыкаваць інтэграваную адукацыю. Сёння на парадку дня — інклюзія. Усе дзеці павінны вучыцца разам. Як гэтага дасягнуць, павінны думаць у першую чаргу спецыялісты і бацькі. Некаторыя разва-жаюць: асаблівыя дзеці не паспяваюць у вучобе за звычайнымі школьнікамі. А ці ва ўсіх звычайных школьнікаў аднолькавая паспяховасць, ці ўсе з іх — выдатнікі? Нам патрэбны не толькі пілоты і касманаўты, але і спецыялісты розных прафесій. Трэба знайсці адпаведныя падыходы для таго, каб рэалізаваць права ўсіх дзяцей на адукацыю.

Канвенцыя ААН аб правах інвалідаў, якую ў мінулым годзе падпісала Беларусь, не ўводзіць новыя правы для людзей з абмежаваннямі, але яна ўдакладняе стандарт у адносінах да інклюзіўнасці, асабліва ў дачыненні да людзей з інваліднасцю, і прадугледжвае дадатковыя абавязкі краін, якія падпісваюць канвенцыю. Аб гэтым нагадала ў сваім выступленні рэгіянальны саветнік па пытаннях інлюзіўнай адукацыі Рэгіянальнага бюро ЮНІСЕФ Сярэдняй і Усходняй Еўропы, краін СНД і Сярэдняй Азіі (Турцыя) Нора Шабані. Краіны, адпаведна, трымаюць справаздачы аб зробленай рабоце. Але важна пачуць інфармацыю не толькі ад афіцыйных яе прадстаўнікоў, але і ад саміх людзей з інваліднасцю. Артыкул 24 канвенцыі прысвечаны менавіта пытанню інклюзіўнай адукацыі. У верасні гэтага года камітэт, што займаецца рэалізацыяй дакумента, прыняў агульны каментарый па гэтым артыкуле, які змяшчае больш чым 20 старонак. Чаму такі вялікі каментарый? Таму што неабходна даць тлумачэнні ўсім урадам адносна таго, што ўяўляе сабой інклюзіўная адукацыя, як яна павінна арганізоўвацца. У каментарыі ёсць тлумачэнне, чым інклюзіўная адукацыя адрозніваецца ад неінклюзіўнай. Напрыклад, такі момант: калі ў школе асобна арганізаваны заняткі асаблівых і звычайных дзяцей — гэта не інклюзіўнае навучанне. Нават калі на занятках вучні знаходзяцца разам, але пры гэтым не створаны ўсе неабходныя ўмовы для іх сумеснага эфектыўнага навучання, то гэта таксама не інклюзіўнае навучанне. У каментарыі сказана таксама аб прагрэсіўным падыходзе да рэалізацыі канвенцыі, аб тым, што павінна рабіць дзяржава, якая падпісала гэты дакумент.

“Раней адзіным заказчыкам у сістэме адукацыі была дзяржава. А сёння бацькі дзяцей прад’яўляюць да яе свае патрабаванні. Адначасова яны і крытыкі нашай сістэмы, — падкрэсліў дырэктар Інстытута карэкцыйнай педагогікі Расійскай акадэміі адукацыі акадэмік Мікалай Мікалаевіч Малафееў. — У мінулым ранняя комплексная дапамога дзецям з АПФР аказвалася не заўсёды, бацькі не заўсёды разумелі яе важнасць. Дагэтуль ёсць краіны, дзе дзяцей з праблемамі ў развіцці не паказваюць спецыялістам да 3—4 гадоў. Але ўсё мяняецца, калі бацькі становяцца ініцыятарамі найбольш поўнага развіцця свайго дзіцяці, калі яны набываюць веды па пытаннях выхавання, адукацыі і рэабілітацыі дзіцяці. Сёння спецыялісты так гавораць бацькам: “У вашага дзіцяці ёсць праблема, але толькі вы можаце дапамагчы нам у яе выпраўленні”. Пры эфектыўным удзеле бацькоў у выхаванні асаблівых дзяцей вялікі працэнт іх нават да школы выходзіць на норму ў развіцці”.

Начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніна Міхайлаўна Змушко расказала пра ўмовы для атрымання адукацыі навучэнцамі з АПФР у нашай краіне, прывяла некаторыя статыстычныя даныя, якія сведчаць аб нашых дасягненнях на шляху да інклюзіі.

“Інклюзіўная адукацыя — гэта перш за ўсё новае светаўспрыманне, тая сістэма адносін, у якой прыярытэтнымі лічацца не акадэмічныя поспехі вучняў, а іх здольнасці жыць у свеце, дзе прызнаецца і паважаецца разнастайнасць, цэніцца ўнікальнасць кожнага чалавека. Гэта выклік нашым устарэлым звычкам і традыцыям, — адзначае Антаніна Міхайлаўна. — Само з’яўленне інклюзіўнай адукацыі сведчыць аб неабходнасці пераходу ад медыцынскай да сацыяльнай мадэлі паняцця інваліднасці, пры якой у цэнтры ўвагі — не праблемы і дэфекты дзіцяці, а яго патэнцыял і магчымасць сацыялізацыі — тыя якасці асобы, якія могуць быць рэалізаваны ў найбольш паспяховым асяроддзі, якое адрозніваецца разнастайнасцю і ўлічвае патрэбы дзіцяці. Але пытанне рэалізацыі інклюзіўнай адукацыі ў адносінах да ўсіх дзяцей па-ранейшаму застаецца складаным для нас. Зрабіць такую адукацыю сапраўды для ўсіх без выключэнняў? Ці ўсё ж выключэнні могуць быць? А якія? Чым яны будуць абгрунтаваны? Адной з праблем інклюзіўнай адукацыі з’яўляецца яе фінансаванне. Навучанне ва ўмовах інклюзіі не стане больш танным, чым знаходжанне дзіцяці ў спецшколе. Таму што для асаблівага навучэнца павінны быць створаны ўсе неабходныя ўмовы ў залежнасці ад яго патрэб, пачынаючы ад педагагічнага суправаджэння і заканчваючы абсталяваннем памяшканняў. З фінансавай звязана і іншая праблема — адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя, якое павінна адпавядаць патрэбам кожнага навучэнца з АПФР. У нас жа толькі каля 3 працэнтаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі маюць безбар’ернае асяроддзе (у 2020 годзе па плане павінна стаць 10 працэнтаў). Размова ідзе аб поўным безбар’ерным асяроддзі, якое часцей за ўсё мы бачым у новых школах. Актуальнай з’яўляецца і кадравая праблема. Не кожны педагог можа працаваць ва ўмовах інклюзіі, многія яшчэ не авалодалі неабходнымі методыкамі і метадамі работы з дзецьмі з асаблівымі патрэбамі. Актуальным з’яўляецца для нас і пытанне адаптацыі вучэбных праграм і планаў да адукацыйнага працэсу ва ўмовах інклюзіі, распрацоўкі індывідуальных вучэбных планаў”.

“На базе факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка нядаўна быў створаны Інстытут інклюзіўнай адукацыі — установа, якая павінна стаць адукацыйна-навукова-вытворчым цэнтрам Рэспублікі Беларусь і зрабіць мэтай свайго функцыянавання распрацоўку канцэптуальных асноў новага кірунку адукацыі, ажыццяўляць навуковую, вучэбна-метадычную і практычную дзейнасць у сферы інклюзіі, — падкрэсліла дырэктар Інстытута Вера Валер’еўна Хітрук. — Вынікам такой дзейнасці павінна стаць змяненне прафесійнага мыслення і культуры кожнага настаўніка. Важным структурным звяном інстытута з’яўляецца вучэбная лабараторыя інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій “Адукацыя без межаў”, якая з’яўляецца ўнікальным адукацыйным рэсурсам, што забяспечвае якасць падрыхтоўкі будучых спецыялістаў і з’яўляецца базай для правядзення навучальных курсаў і семінараў для педагогаў, дзяцей з АПФР і іх бацькоў”.

Навуковы складнік дзейнасці інстытута прадстаўлены навукова-адукацыйнай лабараторыяй тэорыі і методыкі спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі. Выкладчыкі інстытута паспяхова супрацоўнічаюць пры рэалізацыі міжнародных праектаў, а таксама пры выкананні даследчых работ, што фінансуюцца Міністэрствам адукацыі нашай краіны. Па ініцыятыве і пры ўдзеле ЮНІСЕФ прынята рашэнне аб стварэнні на базе інстытута Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі, а ў перспектыве — сеткі яго філіялаў на базе ўстаноў адукацыі па ўсёй краіне.

Асноўныя праблемы інклюзіі, пра якія сказаў навуковы супрацоўнік Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ Валерый Леанідавіч Ананьеў, юрыдычныя, матэрыяльныя, педагагічныя і сацыяльныя. Ён, у прыватнасці, спыніўся на праблеме працаўладкавання людзей з інваліднасцю, заўважыў, што ў нашым грамадстве хутчэй акажуць дабрачынную дапамогу такім людзям, чым прымуць на работу. Дырэктар прадпрыемства знойдзе шмат прычын для таго, каб адмовіць такому чалавеку ў прыёме на работу. Іншы раз нават выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў, якія маюць інваліднасць (напрыклад, па зроку), вымушаны працаваць рабочымі. Сацыяльны заказ на інклюзію ў нашым грамадстве пакуль не сфарміраваны.

“Казахстан распрацаваў канцэпцыю ўваходжання краіны ў трыццатку самых развітых дзяржаў свету. Адзін з шасці прынцыпаў канцэпцыі — інклюзіўнасць, — паведаміла дырэктар Рэсурснага кансультатыўнага цэнтра па інклюзіўнай адукацыі для ВНУ Рэспублікі Казахстан і прэвентыўнай суіцыдалогіі прафесар Казахскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя Абая Зульфія Ахметваліеўна Маўкебаева. — Інклюзіўную адукацыю мы разглядаем не толькі як магчымасць прадастаўлення права ўсім дзецям з асаблівымі патрэбамі вучыцца ў агульнаадукацыйных школах. Мы бачым у такім навучанні будучыя вельмі важныя эканамічныя і сацыяльныя рэсурсы. Калі паразважаць аб эканамічным развіцці і стабільнасці грамадства, то прыйдзем да высновы, што ўсё залежыць ад яго грамадзян, ад таго, наколькі яны могуць прыносіць карысць сваёй дзяржаве. Нават прадстаўнікі ўразлівых слаёў насельніцтва павінны быць інтэграваны ў грамадства, знаходзіць сябе, сацыялізавацца. Развіццю інклюзіўнай адукацыі ў нашай краіне пасадзейнічала тое, што Казахстан у 2015 годзе ратыфікаваў Канвенцыю аб правах інвалідаў. Да канца 2019 года доля дашкольных арганізацый, якія прадаставяць дзецям і маладым людзям з абмежаванымі магчымасцямі ўсе ўмовы для навучання, у тым ліку безбар’ернае асяроддзе, псіхолага-педагагічнае суправаджэнне, складзе 30 працэнтаў; школ такіх будзе 70 працэнтаў, арганізацый прафтэхадукацыі — 40, вышэйшых навучальных устаноў — 100 працэнтаў”.

Украіна таксама выкарыстоўвае ў адукацыйнай сферы міжнародныя сацыяльныя стандарты, галоўны прынцып якіх — права кожнага на інтэграцыю ў грамадства. Аб гэтым расказала прафесар Усходнееўрапейскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі Ірына Барысаўна Кузава. Ва Украіне створана сур’ёзная нарматыўная прававая база па ўкараненні інклюзіўных працэсаў. Дзеючае заканадаўства ўяўляе своеасаблівы рухавік на шляху да інклюзіі. Прыярытэтныя кірункі дзяржаўнай палітыкі — максімальна ранняе выяўленне парушэнняў развіцця дзяцей, арганізацыя карэкцыйнай работы з імі, удасканаленне нарматыўнай прававой базы, якая з’яўляецца своеасаблівым падмуркам адукацыі, а таксама стварэнне адаптаванага асяроддзя, якое б забяспечыла паўнацэнную інтэграцыю і сацыялізацыю дзяцей.

Аб сацыяльнай інтэграцыі, новых тэхналогіях для навучання і развіцця расказала галоўны спецыяліст Інстытута ЮНЕСКА па інфармацыйных тэхналогіях у адукацыі (Расія) Наталля Георгіеўна Амеліна. Напрацоўкамі, якія ёсць у сферы інклюзіўнай адукацыі Італіі, падзялілася даследчык з Універсітэта Кальяры і дэлегат рэктара па пытаннях інваліднасці для ўніверсітэта Рыта Данатэла Петрэта. Вопытам фарміравання талерантнасці да асоб з аўтызмам у Польшчы падзялілася дырэктар Дыягностыка-тэрапеўтычнага цэнтра для дзяцей з аўтызмам Марта Лукоўска-Алмашы і дырэктар школы і дзіцячага сада для дзяцей з аўтызмам старшыня асацыяцыі “Агульны свет” Ганна Хвалек.

Практычныя дасягненні ў рабоце ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі прадставілі дырэктар сярэдняй школы № 18 Барысава Анжэла Яўгенаўна Мазуркевіч і намеснік дырэктара сярэдняй школы № 8 Наваполацка Таццяна Васільеўна Парадня. Аб фарміраванні талерантных адносін у грамадстве да дзяцей з АПФР і дзяцей-інвалідаў расказала дырэктар Гомельскага абласнога ЦКРНіР Таццяна Міхайлаўна Усава.

* * *

Падчас міжнароднай канферэнцыі ішла работа па секцыях

“Праблемы якасці інклюзіўнай адукацыі”,

“Інклюзіўная дашкольная адукацыя”,

“Інклюзіўная адукацыя ў школе”,

“Бесперапынная інклюзіўная адукацыя”,

“Адукацыйнае асяроддзе інклюзіўнай адукацыі”,

“Падрыхтоўка педагогаў да работы ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі”,

“Інклюзіўная адукацыя — тэрыторыя талерантнасці”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *