Якой павінна быць матэматычная адукацыя?

- 11:06Адукацыйная прастора

На гэтае пытанне паспрабавалі адказаць удзельнікі рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Матэматычная адукацыя: мэты, дасягненні і перспектывы” — выкладчыкі УВА, магістранты, аспіранты, госці з Рэспублікі Казахстан, якія праходзілі стажыроўку ў нашай краіне. Канферэнцыя стала ўжо традыцыйнай і праводзілася на фізіка-матэматычным факультэце БДПУ імя Максіма Танка трэці раз. Больш за 50 удзельнікаў выступілі з дакладамі па актуальных праблемах выкладання матэматыкі, інфарматыкі і фізікі як у агульнаадукацыйных навучальных установах, так і ў вышэйшых.

Адкрыў мерапрыемства прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ імя Максіма Танка доктар педагагічных навук Уладзімір Уладзіміравіч Шлыкаў. Па яго словах, сёння пытанне аб значэнні матэматычнай адукацыі па-ранейшаму з’яўляецца актуальным. У краіне назапашаны дастаткова вялікі вопыт, звязаны з вырашэннем праблем матэматычнай адукацыі, з удасканаленнем фактараў, якія ўплываюць на яе якасць (распрацоўка праграм, падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, метадычных канцэпцый і інш.).
На думку У.У.Шлыкава, зараз настаўніка хвалююць не мудрагелістыя разважанні навукоўцаў пра тое, якой павінна быць матэматычная адукацыя з пункту гледжання новых модных плыней, а што канкрэтна навуковая грамадскасць, методыка дасць педагогу, каб настаўнік і вучань аптымізавалі свае выдаткі (фізічныя, маральныя) на дасягненне мэт адукацыі. “Сёння неабходна патлумачыць бацькам, што разумовыя намаганні, якія дзіця прыкладае пры навучанні матэматыцы, — гэта перадумова развіцця яго інтэлекту і поспеху на ўсё жыццё”, — лічыць вучоны.Апошнім часам можна пачуць шматлікія нараканні на якасць вучэбных праграм, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, але, як вядома, ідэальнага падручніка не існуе. І тое, што будзе даспадобы адным, выкліча крытыку ў іншых, таму трэба знайсці шляхі ўдасканалення таго, што зроблена. На думку акадэміка У.Ціхамірава, адным з важных прынцыпаў пабудовы матэматычнай адукацыі павінен быць разумны кансерватызм, які прадугледжвае ўзважаны ўлік станоўчага вопыту, назапашанага айчыннай матэматычнай адукацыяй.
— У апошні час, дзякуючы некаторым людзям, ствараецца ілюзія, што матэматыку можна вывучыць за тыдзень, за 10 дзён, за месяц і г.д. Аднак яшчэ Эўклід сказаў, што ў матэматыцы няма царскіх шляхоў. Неабходна ўважліва адносіцца да таго, што мы выдаём і што заяўляем, — лічыць У.У.Шлыкаў.
Уладзімір Уладзіміравіч узняў праблему напісання рашэбнікаў да вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў. “На маю думку, гэтая сітуацыя амаральная, — адзначыў У.У.Шлыкаў. — Тыя, хто выдае рашэбнікі, і тыя, хто іх піша, штосьці страцілі ў сваім разуменні іх значнасці для грамадства. Сёння для гэтых людзей стала важна зарабіць грошы. Чалавек жа ўстроены так, што аптымізуе сваю работу і выкарыстоўвае гэтыя рашэбнікі. Мы ўжо звыкліся з гэтым, знаходзім апраўданні і не можам спыніцца. А пара б спыніцца і зразумець, што рашэбнікаў можна напісаць вельмі многа, але яны павінны быць не да падручнікаў, а па метадах рашэння, па розных матэматычных напрамках. Не варта закладваць у грамадстве адносіны падману паміж выкладчыкам і вучнем, бо мы такім чынам ствараем праблему для педагога. Фактычна добрасумленнага настаўніка мы напружваем яшчэ больш: калі ён хоча праверыць веды навучэнцаў, то яму самому даводзіцца распрацоўваць сістэмы заданняў. А ці заўсёды педагогі могуць зрабіць гэта якасна і ці будуць рабіць увогуле? Гэтая праблема цягне за сабой яшчэ шэраг праблем”.
Пра асаблівасці падрыхтоўкі студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей матэматычных факультэтаў расказала доктар педагагічных навук Белдзяржуніверсітэта, БДПУ імя Максіма Танка Наталля Уладзіміраўна Броўка.
— Калі я гавару са студэнтамі аб матэматыцы, то перш за ўсё гаворка ідзе аб такіх яе асаблівасцях, як абстрактны характар аб’ектаў, лагічнасць і доказнасць высноў, універсальнасць сімвальнай мовы, верагодная немагчымасць доследнай эмпірычнай праверкі праўдзівасці матэматычных сцвярджэнняў. Гэта тыя рысы, якія дазваляюць многім любіць матэматыку і ісці на матэматычны факультэт. З іншага боку, гэта тыя асаблівасці, дзякуючы якім многія вучні баяцца матэматыкі і не любяць яе, імкнуцца пазбягаць яе, у тым ліку шукаюць гатовыя рашэнні, якія не заўсёды аказваюцца правільнымі, — адзначыла Н.У.Броўка.
Адной з сучасных тэндэнцый адукацыйнай сістэмы з’яўляецца рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу. Такія яго характарыстыкі, як сістэмнасць, міждысцыплінарны характар, гуманістычная накіраванасць, узмацненне практыка-арыентаванага прадметна прафесійнага характару адукацыі і ацэнка матывацыйна-каштоўнаснага складніка, захоўваюць сваю актуальнасць і для ўніверсітэцкай, і для школьнай адукацыі. Асноўным інструментам адлюстравання гэтых характарыстык у працэсе матэматычнай падрыхтоўкі студэнтаў выступаюць міжпрадметныя сувязі.
Як адзначыла Наталля Уладзіміраўна, сёння змяненні, якія адбыліся ў сістэме адукацыі, — у мэтах навучання (ад засваення ведаў, уменняў і навыкаў да развіцця асобы і ўзбагачэння матывацыйна-каштоўнасных установак і фарміравання ўмення вучыцца); у змесце навучання (з ізаляванага вывучэння асобных паняццяў, якія падаюцца лінейна і складаюць змест кожнага вучэбнага прадмета, на ўключэнне зместу навучання ў кантэкст вырашэння жыццёва важных і прафесійна значных задач); у метадах навучання (ад стыхійнасці вучэбнай дзейнасці да яе мэтанакіраванай арганізацыі шляхам узмацнення аксіялагічнага складніка); у формах і сродках навучання (прызнання рашаючай ролі вучэбнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння на аснове рэфлексіі і стварэння магчымасці для індывідуальных адукацыйных траекторый) — цесна звязаны з праблемамі якасці матэматычнай адукацыі. У сферы вышэйшай адукацыі якасць — гэта мнагамерная катэгорыя, а для Беларусі, якая далучылася да Балонскага працэсу, становяцца важнымі патрабаванні адпаведнасці якасці адукацыі міжнародным параметрам: абмен адукацыйна-навуковымі дасягненнямі, мабільнасць выкладчыкаў і навучэнцаў, распрацоўка міжнародных навукова-даследчых адукацыйных праектаў і іх рэалізацыя з улікам нацыянальнай спецыфікі.
На думку Наталлі Уладзіміраўны, адным са шляхоў эфектыўнасці навучання студэнтаў матэматыцы з’яўляецца прафесіяналізацыя выкладання матэматычных дысцыплін. У чым яна можа выяўляцца? Па-першае, у актуалізацыі міжпрадметных сувязей матэматыкі, інфарматыкі, агульнапрафесійных і спецдысцыплін; у інфарматызацыі працэсаў матэматычнай падрыхтоўкі з пазіцый мэтазгоднасці і эфектыўнасці выкарыстання інфармацыйных тэхналогій.
Сёння ёсць шмат прадуктаў, якія пазіцыянуюць сябе як прадукты для дыстанцыйнага навучання. Разам з тым УВА, якія былі арыентаваны толькі на дыстанцыйнае навучанне, прыйшлі да таго, што эфектыўнасць такой адукацыі вельмі нізкая, бо ў сярэднім заканчваюць навучанне 5—8% навучэнцаў. Па меркаванні Наталлі Уладзіміраўны, дыстанцыйнае навучанне ў дачыненні да школьнікаў і студэнтаў можа быць толькі ў дапаўненне да ўзаемадзеяння з жывым чалавекам — выкладчыкам. У сувязі з гэтым выкарыстанне ІКТ набывае характар педагагічнай тэхналогіі ці эфектыўнай методыкі толькі тады, калі дакладна вызначаны і вывучаны ўмовы, патрабаванні, формы, метады і прыёмы, а таксама час іх выкарыстання ў вучэбным працэсе.
Сярод перспектыўных напрамкаў у галіне тэорыі і методыкі навучання матэматыцы — вызначэнне прынцыпаў структуравання і дапаўненне зместу навукова-метадычнага забеспячэння падрыхтоўкі студэнтаў па матэматыцы і інфарматыцы; распрацоўка і абгрунтаванне спосабаў мэтазгоднага і аптымальнага ўключэння інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў у працэс падрыхтоўкі студэнтаў; інавацыйныя спосабы рэалізацыі канцэпцыі нагляднага мадэлявання ў матэматычнай падрыхтоўцы студэнтаў і інш.
Доктар педагагічных навук прафесар Белдзяржуніверсітэта Віктар Уладзіміравіч Казачонак расказаў аб праблемах падрыхтоўкі адораных навучэнцаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
Адоранасць уключае ў сябе як значна перавышаючы сярэдні ўзровень здольнасцей высокі ўзровень інтэлекту, так і асаблівую матывацыйную структуру і асобасныя якасці. Матывацыя — адзін з фактараў, які можа стаць пускавым механізмам для рэалізацыі прыхаваных магчымасцей і дасягнення выдатных вынікаў і ў вучобе, і ў творчасці, і ў прафесійнай дзейнасці. Некаторыя замежныя і айчынныя псіхолагі лічаць, што менавіта матывацыя можа выступаць асноўнай характарыстыкай творчага чалавека. Даследаванні паказваюць, што дзеці, якія валодаюць высокім узроўнем здольнасцей у якой-небудзь галіне, звычайна дэманструюць высокі ўзровень унутранай матывацыі, яны праяўляюць настойлівасць і ўпартасць пры дасягненні пастаўленых мэт і невычарпальную цікавасць да дзейнасці. Адораным дзецям уласціва спаборніцкая канкурэнтная матывацыя. Пры гэтым індывідуальныя формы навучання не заўсёды аказваюцца эфектыўнымі для развіцця дзіцячай адоранасці. Пры індывідуальнай рабоце навучэнца з педагогам практычна адсутнічае ўзаемадзеянне дзяцей адно з адным і выключаецца магчымасць узаемнага навучання і зносін дзяцей.
У цяперашні час інфарматызацыя школы звязана з выкарыстаннем сродкаў ІКТ. Гэта цягне за сабой якаснае абнаўленне адукацыйнага працэсу, узнікненне новай мадэлі масавай школы, дзе класна-ўрочная сістэма становіцца толькі адным з элементаў адукацыйнай сістэмы.
— Традыцыйна вучэбнае асяроддзе разглядалася як фізічная прастора. Аднак сёння зацвердзілася яе новае разуменне. Уяўленне аб вучэбным асяроддзі як прасторы, дзе школьнікі вучацца, пашырылася да міждысцыплінарных суполак, удзельнікі якой узаемадзейнічаюць, супрацоўнічаюць. Вучэбная работа ў новай школе арыентуецца на выкарыстанне новых метадаў і арганізацыйных форм і ўключае індывідуальную і групавую работу з лічбавымі адукацыйнымі рэсурсамі, у тым ліку самакантроль і адпрацоўку навыкаў, сістэматычную работу навучэнцаў у малых групах, узаемную ацэнку, навучанне ў профільных сеткавых суполках, інтэрнэт-навучанне і г.д. Такім чынам, сёння хутка складваецца новае інфармацыйнае асяроддзе, адбываецца зрух ад цэнтралізаваных іерархічных мадэлей да сеткавых, — сказаў Віктар Уладзіміравіч.
Сярод адораных школьнікаў выдзяляюць дзве групы: навучэнцы, матываваныя да ўд зелу ў прадметных алімпіядах і конкурсах, і навучэнцы, схільныя да навукова-даследчай дзейнасці. У адносінах да першай групы дзяцей сусветная інтэрнэт-прастора дастаткова распрацавана. Так, напрыклад, у Вялікабрытаніі ў адным з універсітэтаў Кембрыджа створана інтэрнэт-сістэма па матэматыцы для адораных навучэнцаў, у межах якой арганізаваны матэматычны клуб анлайн. Вядучыя спецыялісты ва ўніверсітэце рэгулярна чытаюць лекцыі з уключэннем у абмеркаванне слухачоў. Інтэрнэт-прастора для другой групы дзяцей распрацавана значна менш. На думку В.У.Казачонка, неабходна такая мадэль інтэрнэт-прасторы, якая б аб’ядноўвала адораных вучняў і навуковых супрацоўнікаў, якія могуць забяспечыць суправаджэнне даследчага праекта школьнікаў.
— Пры ўсіх перавагах экстэнсіўная сістэма дзяржаўнай падтрымкі адоранасці, якая заключаецца ў пошуку адораных дзяцей, што дасягнулі пэўных вынікаў, мае мяжу эфектыўнасці, — падкрэсліў В.У.Казачонак. — Сёння больш развітыя дзяржавы пераходзяць да інтэнсіўнай сістэмы, якая прадугледжвае дзве ўмовы: выяўленне адоранасці не па дасягненнях, а па патэнцыяле, і работу з матывацыйна-патрэбнаснай сферай адоранай моладзі.
Што тычыцца Беларусі, то неабходна знаходзіць дзяцей, адоранасць якіх не праявілася, у тым ліку і з той прычыны, што адукацыйная прастора ўстаноў адукацыі не арыентавана ў поўнай меры на падтрымку такіх дзяцей і таксама пераходзіць ад экстэнсіўнай сістэмы да інтэнсіўнай.
Аб праекце канцэпцыі вучэбнага прадмета “Матэматыка” для ўзроўню агульнай сярэдняй адукацыі расказала доктар педагагічных навук БДУІР Людміла Іосіфаўна Майсеня. Праблемнае поле стварэння канцэпцыі заключаецца ў тым, што навукова-тэхнічны і сацыяльны прагрэс за апошнія дзесяць гадоў настолькі актывізаваўся і тэмпы яго настолькі паскорыліся, змяніліся тэхналогіі, базісныя змястоўныя лініі, што пакідаць на тых жа пазіцыях школьную адукацыю не ўяўляецца магчымым. Актуальнасць распрацоўкі канцэпцыі — гэта і пераход да прафілізацыі на старшай ступені.
Складанасць у стваральнікаў выклікае тое, што ў краіне не распрацавана канцэпцыя матэматычнай адукацыі.
Праектаванне зместу матэматычнай адукацыі ажыццяўляецца на аснове гарманізацыі культуралагічнага і кампетэнтнаснага падыходаў. У працэсе навучання матэматыцы на базавым узроўні плануецца сфарміраваць у навучэнцаў веданне асноў паняційнага апарату матэматыкі, на павышаным узроўні — увесці матэматычныя веды сістэмна ў кантэкст агульнай сярэдняй адукацыі і сфарміраваць у навучэнцаў адукацыйную матэматычную кампетэнтнасць, што патрабуе ўзмацнення накіраванасці навучання на фарміраванне ў школьнікаў абагульненых і ўніверсальных матэматычных ведаў, спосабаў дзейнасці і развіццё творчага мыслення.
Асноўныя тэматычныя модулі ў праекце канцэпцыі прапаноўваецца выдзеліць у адпаведнасці са структурай матэматычнай галіны, з улікам традыцый і навацый, міжнароднага вопыту, метадалагічных перадумоў. У канцэпцыі шырока прадстаўлена трыганаметрыя. Дарэчы, як самастойны модуль яна ў дзеючай зараз канцэпцыі не фігуруе. Новымі прапаноўваецца ўнесці матэматычнае мадэляванне рэальных аб’ектаў, камбінаторыку і тэорыю верагоднасцей, вярнуць каардынаты і вектары.
— Мадэрнізацыя матэматычнай адукацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу непазбежная, інакш наша сістэма адукацыі ператворыцца ў адстаючую, — лічыць Л.І.Майсеня. — У цяперашні час змест навучання матэматыцы ў школах Беларусі адстае ад іншых краін у сэнсе прадстаўлення элементаў дыскрэтнай матэматыкі — верагоднасных, камбінаторных метадаў, тэорыі мностваў.
Людміла Іосіфаўна ўнесла прапанову ўвядзення ў вучэбную праграму варыятыўнага кампанента (пад зорачкай). Такі варыятыўны кампанент змешчаны ў праграмах на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта рэзерв для стварэння матывацыі навучэнцаў.

***

Пасля пленарнага пасяджэння работа канферэнцыі была працягнута на секцыях “Вопыт і перспектывы развіцця матэматычнай адукацыі” (установы агульнай сярэдняй адукацыі, сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы), “Вопыт і перспектывы развіцця матэматычнай адукацыі” (установы вышэйшай адукацыі), “Дыдактычнае асяроддзе рэалізацыі сучасных адукацыйных тэхналогій у працэсе выкладання інфарматыкі ў сярэдняй школе: праблемы і шляхі іх вырашэння, абмен вопытам”, “Дыдактычныя сродкі рэалізацыі сучасных адукацыйных тэхналогій у працэсе выкладання фізікі ў сярэдняй і вышэйшай школе: праблемы і шляхі іх вырашэння, абмен вопытам”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.