Ярка, весела, творча…

- 13:12Актуально, Апошнія запісы, Культура

Установы адукацыі Магілёўскай вобласці прынялі актыўны ўдзел у святочных мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства.

Педагагічнымі калектывамі навучальных устаноў рэгіёна былі арганізаваны свята моладзі і юных беларусаў “Ветразі натхнення”, дзе працавалі разнастайныя тэматычныя пляцоўкі, творчы праект “Спяваем разам на роднай мове”, выставачная экспазіцыя “Сугучча майстэрства і слова”, літаратурна-экалагічны праект “Кветкі беларускай паэзіі”, дзейнасць пляцовак “Вясёлая спартландыя”, “Падарожжа ў свет турызму і краязнаўства”, “Тэхнаград”.

Вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў выклікала свята моладзі і юных беларусаў “Ветразі натхнення”. Разнастайныя тэматычныя пляцоўкі нікога не пакідалі абыякавым. Так, на пляцоўцы “Творчая майстэрня” можна было не толькі азнаёміцца з тым, чым жывуць сёння ўстановы дадатковай адукацыі Магілёўшчыны, а і паўдзельнічаць у майстар-класах.

— Мы арганізавалі фотазоны ў выглядзе разнастайных буквароў, дзе кожны мог сфатаграфавацца з букваром, з якога, магчыма, пачынаў свой шлях у школьную навуку. Педагогі былі апрануты ў касцюмы літаратуных персанажаў знакамітых твораў беларускіх пісьменнікаў. Праводзіліся конкурсы, віктарыны для ўсіх жадаючых. Праходзілі і майстар-класы: “Цудоўны пераплёт”, дзе можна было зрабіць закладку з натуральнага льну з элементамі фларыстыкі; “Саламяная прыгажосць”, дзе выраблялі медальёны ў традыцыйнай беларускай тэхніцы саламянай аплікацыі; “Каляровы аловак”, дзе выконвалі закладкі для кніг у тэхніцы арыгамі, “Скураная бранзалетка”, “Вераснёвыя замалёўкі”, “Бодзі-арт”. Завяршала работу наша пляцоўка конкурсам малюнкаў на асфальце “Святло чароўных літар”. Наогул, свята вельмі ўразіла. Ярка, весела, творча… “Такія мерапрыемствы вельмі цікавыя і патрэбныя людзям”, — адзначыла загадчык аддзела мастацкай адукацыі абласнога цэнтра творчасці Ірына Кулікова.

Шмат наведвальнікаў было і на выставачнай экспазіцыі “Сугучча майстэрства і слова”, дзе былі прадстаўлены ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Магілёўскай вобласці. Цікавыя пляцоўкі разгарнулі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава, Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж, Бабруйскі дзяржаўны каледж імя Ларына, Бабруйскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, Магілёўскі дзяржаўны прафесійны агралесатэхнічны каледж імя К.П.Арлоўскага.

— Наш ліцэй мае будаўнічы профіль, але ўсе прафесіі — творчыя. У сваёй экспазіцыі мы імкнуліся паказаць працу з дрэвам, таму ўпор зрабілі на прэзентацыю спецыяльнасцей “Станочнік дрэваапрацоўваючых станкоў”, “Цясляр”. Арганізавалі выставу работ разьбы па дрэве. На ёй была прадстаўлена нават мадэль вядомага беларускага аўтамабіля МАЗ, выкананая з дрэва. Праходзілі майстар-класы. Нашы майстры вытворчага навучання паказвалі, як можна выразаць любы надпіс на загатоўцы з дрэва. Мы папулярызуем сярод моладзі гульню ў шахматы, таму і на экспазіцыі ў нас былі сталы з шашкамі і шахматамі. Яны былі вельмі папулярныя сярод наведвальнікаў. Дарэчы, свята ў Бялынічах атрымалася цудоўным. Вельмі змяніўся сам горад, ён стаў больш прыгожым і прывабным. А само свята аб’яднала шмат творчых людзей. Вельмі добра была арганізавана работа пляцовак. Такія святы трэба праводзіць часцей, бо яны вельмі кансалідуюць наша грамадства, — падзяліўся ўражаннямі дырэктар дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава Міхаіл Сасонка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановамі адукацыі.