Яшчэ крок да супрацоўніцтва

- 12:07Навіны рэгіёнаў

Рэспубліканскі двухдзённы семінар “Прафесійнае развіццё як адна з умоў якаснага адукацыйнага працэсу” сабраў у Віцебску дырэктараў і загадчыкаў дашкольных устаноў адукацыі.

У гімназіі № 8 калег па педагагічнай прафесіі і сяброў сардэчна віталі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Міхаіл Волкаў і старшыня праўлення грамадскага аб’яднання “Беларуская ліга бацькоў і педагогаў “Крок за крокам” Тамара Навасад. У семінары таксама прынялі ўдзел намеснік дэкана факультэта прафесійнага развіцця кіруючых работнікаў адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Наталля Васілевіч і галоўны спецыяліст аддзела агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Таццяна Ульянава. Аб традыцыях гімназіі гасцям расказала яе дырэктар Раіса Грабоўская. Яркім і запамінальным працягам выступлення-прэзентацыі стала экскурсія па музеі гісторыі ўстановы адукацыі, выдатна праведзеная экскурсаводамі-пачаткоўцамі з клуба “Музейная справа” пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі Галіны Яхнавец. Вынікі сумеснай працы настаўнікаў з бацькамі “Партнёрства ў імя дзіцяці” ў рамках адукацыйнай мадэлі “Крок за крокам” прадставіла настаўніца пачатковых класаў Вольга Пятрашка. Наступны сімвалічны крок цікавага і карыснага знаёмства госці зрабілі разам з намеснікам дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце Наталляй Ждановіч, настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры Аленай Карасевіч і Верай Судаковай, а таксама кіраўніком узорнай тэатральнай студыі “Дарослыя дзеці” Аляксандрай Раманавай. Дружная каманда педагогаў-энтузіястаў запрасіла наведаць навукова-даследчую лабараторыю “Тэорыя і практыка літаратурнага чытання”. Шчырае захапленне ўсіх удзельнікаў заняткаў выклікалі майстар-клас Аляксандры Раманавай “За кулісамі тэатра” і праект “Жыццё — лялечны тэатр” сямікласніцы Марыі Клімчук, які дзяўчынка прысвяціла дзядулю — заслужанаму дзеячу мастацтваў Рэспублікі Беларусь мастацкаму кіраўніку Беларускага тэатра “Лялька” Віктару Клімчуку. Дарослыя і дзеці з задавальненнем паўдзельнічалі ў рабоце над праектам намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяны Ляонавай “Зіма” і майстар-класе “Стылізацыя кветак у тэхніцы квілінг”, дзе кожны меў магчымасць навучыцца вырабляць эксклюзіўныя сувеніры ў папулярнай тэхніцы. Наступнай эстафету знаёмства прынялі ўстановы адукацыі з не менш слаўнымі дасягненнямі і традыцыямі — гімназія № 7 і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 Віцебска. З асноўнымі напрамкамі работы цэнтра пазнаёміла яго загадчыца Раіса Яроменак. Па яе запрашэнні ўдзельнікі семінара пабылі ў “Школе клапатлівых бацькоў” і на занятках гульнявой групы для дзяцей, якія не наведваюць дзіцячы сад, і іх маці.
Прадстаўляючы свой калектыў, дырэктар гімназіі № 7 Святлана Дарошчанка заклікала прысутных прыўнесці ўласны вопыт у скарбонку школы педагагічнага майстэрства, інтэрактыўнай інавацыйнай пляцоўкай якой на час семінара стала гімназія. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Лосева і настаўніца пачатковых класаў Таццяна Шушпанава правялі экскурсію па музеі сям’і, настаўнікі пачатковых класаў — займальныя майстар-класы, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ў пачатковай школе Марына Гунчыкава расказала аб рабоце над інавацыйным праектам “Укараненне мадэлі праектнай дзейнасці ў адукацыйны працэс на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. І, нарэшце, проста ашаламляльны поспех мелі альбом фестывалю сямейнай творчасці “Зараначка-2015” і шоу-праграма “Зорны феерверк”.
— Семінар арганізаваны на высокім узроўні, яго змястоўнае напаўненне выклікала станоўчыя водгукі ўсіх удзельнікаў, — падкрэсліла па выніках работы Тамара Навасад. — І, безумоўна, найвышэйшай ацэнкі заслугоўвае вопыт работы нашых партнёраў — устаноў адукацыі Першамайскага раёна Віцебска.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена гімназіяй № 8 Віцебска.