Народная артыстка Беларусі Тамара Міронава азамі і сакрэтамі акцёрскай прафесіі авалодвала самазабыўна і, па сутнасці, самастойна, паколькі воляй лёсу вучыцца ў тэатральнай ВНУ ёй не давялося. Затое магла стаць настаўніцай, скончыўшы ў свой час педагагічны інстытут.
Педагогіка як талент
— Тамара Васільеўна, вы нарадзіліся ў Вільнюсе і вучыліся, верагодна, у рускамоўнай школе?
— Вядома. Гэта наогул быў у асноўным рускамоўны горад, дзе жылі літоўцы, рускія, беларусы, палякі. Мама мая трапіла туды з Расіі па размеркаванні. Яна пасля вайны скончыла тэхнікум па спецыяльнасці “Фельчар-акушэр” у Астрагожску, пад Варонежам, і ёй трэба было адпрацаваць гады два, напэўна.
Тады Літва толькі-толькі далучылася да Саюза, і спецыялісты з розных рэспублік паднімалі там прамысловасць, і медыцыну ў тым ліку, якая, паводле маміных слоў, была ў іх не вельмі высокага ўзроўню. Мама выйшла ў Вільнюсе замуж, потым нарадзілася я, падрасла і пайшла ў школу.
— А вы кагосьці са сваіх настаўнікаў памятаеце?
— Памятаю. Напрыклад, настаўніцу англійскай мовы, у нас быў канфлікт. Яна, лічу, не мела права працаваць у школе, бо не любіла дзяцей. Памятаю, на 8 Сакавіка ёй наш вучань падарыў бэз і пачуў фанабэрыстае: “Што ты за венік прынёс?”. Вось такі гора-педагог.
Мы адразу не знайшлі агульнай мовы, і я сказала: рабіце што хочаце, але адказваць вам не буду. На мой байкот раз за разам рэагавала двойкамі, пакуль не ўмяшаўся дырэктар і не прапанаваў адказваць яму напрамую… Дырэктара з удзячнасцю ўспамінаю і да гэтага часу. Вось ён аказаўся сапраўдным педагогам.
— Але не толькі ён, напэўна?
— Мы вельмі любілі выкладчыка літоўскай мовы. У яго ніхто не прапускаў заняткі. Ён усё паказваў, маляваў на дошцы, даваў нам заданні рабіць вершаваныя пераклады, напрыклад, з літоўскай мовы на рускую. І калі ў некага складна атрымлівалася, вочы закочваў, ахаў, войкаў і ўсклікваў: “Геніяльна! Цудоўна!” Гэта сапраўды быў талент ад
Бога.
З чыстага ліста
— Самае цікавае, што пасля заканчэння школы вы паступілі ў Вільнюскі педінстытут, прычым на спецыяльнасць “Руская мова і літаратура”. Так любілі гэтыя прадметы?
— Першапачаткова я марыла паступіць у тэатральны інстытут, паехала ў Маскву, але спазнілася з падачай дакументаў. У Мінску ж на праслухоўванні ў БДТМІ мяне папрасілі вымавіць “Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік” і паведамілі, маўляў, у вас свісцячае “с”, трэба ссунуць зубы, вось тады можна і прыязджаць у наступным годзе. У Вільнюсе ж стаматолаг сказаў: “Калі ты іх ссунеш, у цябе, праўда, засвісціць усё! Не чапай нічога!” (Смяецца.) І каб не траціць час, вырашыла паступаць у педінстытут. Я тады вельмі шмат чытала, але дрэнна пісала, думкі беглі паперадзе слоў. І падумала — а пайду я падвучуся ў педінстытут, сорамна ж быць такой непісьменнай. Паступіла.
Перайграўшы за сваё жыццё вялікае мноства тэатральных роляў, я не вельмі люблю, калі ў мяне пытаюцца пра самыя з іх любімыя. Як прафесіянал, кожную работу імкнуся рабіць прафесійна.
— І не пашкадавалі потым аб сваім рашэнні?
— Ну што вы, наадварот! Педагогі там аказаліся проста цудоўныя, у іх немагчыма было не ўлюбіцца. Я па-іншаму паглядзела на гэтую прафесію, захапілася ёй, стала нават думаць, як мяняць сістэму адукацыі. Выкладчыца рускай мовы займалася са мной дадаткова, і за паўтара года навучыла мяне таму, чаму школа не змагла за 10 гадоў. А які спіс для чытання нам давалі па літаратуры, і па праграме, і звыш яе! Я атрымала такія веды па літаратуры, якія ніколі не дала б мне ні адна тэатральная ВНУ.
Пасля 3 курса перавялася на завочнае і паехала ў Даўгаўпілс у гарадскую тэатральную студыю, якой кіраваў малады рэжысёр Ігар Нікалаеў. Так мой педагагічны дыплом застаўся незапатрабаваным… Затое да нас прыехаў на гастролі тэатр з Бабруйска і запрасіў да сябе трох чалавек. У выніку я затрымалася ў гэтым утульным горадзе на 15 гадоў, там нарадзілася мая дачка. А ў 1988 годзе пераехала ў Мінск. Запрасілі ў сталіцу рэжысёры Віталь Баркоўскі і Мікалай Трухан, якія вырашылі стварыць свой незалежны тэатр. Я кінула кватэру, работу і ў 40 гадоў з дзіцем на руках паехала пачынаць жыццё з чыстага ліста.
Двойчы Кучарыха
— Ваш тэатр атрымаў потым назву “Дзе-Я”?
— Так. Час быў вельмі цяжкі, праславутыя 90-я. Мы мянялі пляцоўкі, з кімсьці дамаўляліся, самі цягалі туды-сюды асвятляльную апаратуру, рабілі дэкарацыі, будавалі і шылі. Калі найгралі шмат спектакляў, атрымалі дазвол называцца тэатрам-студыяй, пачалі атрымліваць хоць нейкія грошы. Мікалай Трухан стварыў новы эксперыментальны тэатр “Дзе-Я?” з рэпертуарам на беларускай мове. Шмат выступалі за мяжой, тры гады запар ездзілі на міжнародны фестываль у Эдынбургу, на англійскай мове ігралі Шэкспіра і гогалеўскую “Жаніцьбу”, у якой я пераўвасаблялася ў жаніха Падкалёсіна.
Але Мікалай Мікалаевіч пайшоў з жыцця, і мне прыйшлося ўзяць на сябе абавязкі галоўнага рэжысёра. За год аднавіла ўсе яго спектаклі і… пайшла. Пасля працавала ў тэатры ў Аляксея Дударава пры СТД.
— Сёння вы вядучая актрыса тэатра імя Янкі Купалы, служыце ў ім ужо звыш 20 гадоў. Вас жа запрасіў сюды яшчэ Валерый Раеўскі?
— Так, ён ставіў спектакль “Трыбунал” Андрэя Макаёнка ў тэатры Дударава, пасля чаго запрасіў мяне ў Купалаўскі. З Дударавым мы сябруем да гэтага часу, і тут, у родным тэатры, я працягваю выходзіць на сцэну ў яго п’есе “Вечар”.
Наогул жа, перайграўшы за сваё жыццё вялікае мноства тэатральных роляў, я не вельмі люблю, калі ў мяне пытаюцца пра самыя з іх любімыя. Як прафесіянал, кожную работу імкнуся рабіць прафесійна. Ці заўсёды атрымліваецца, іншае пытанне.
— Менавіта таму не адмаўляецеся ад роляў у тэлесерыялах, з якіх часта невядома што атрымаецца ў выніку?
— Мне не даспадобы фільмы, дзе льецца кроў, так званыя стралялкі і страшылкі, ад удзелу ў іх адмаўляюся без ваганняў. А калі на экране паказваюць якія-небудзь жыццёвыя гісторыі, любоўныя і іншыя, чаму б не зняцца?.. Тэатральныя акцёры, будзем шчырыя, атрымліваюць даволі невялікія зарплаты, і ўжо таму маюць права, напэўна, паправіць сваё матэрыяльнае становішча. Да таго ж цікава папрацаваць і ў кіно, таму што гэта крыху іншы бок прафесіі.
— А калі яшчэ і рэжысёр класны, як любімы вамі Міхаіл Сегал…
— Так. Рэжысёр ён вельмі цікавы і чалавек рознабаковы. І аповесці, і вершы піша, і музыку выдатна ведае. Мне, вядома, першапачаткова пашанцавала, калі Міша запрасіў мяне ў свой фільм “Франц плюс Паліна”. Я яму бязмерна ўдзячна.
— Прычым гэтую ж гераіню Кучарыху вы яшчэ і на сцэне сыгралі?
— Тут была цэлая гісторыя. Я як бы прапанавала, пасля фільма, паставіць тую ж аповесць Алеся Адамовіча “Нямы” ў нашым тэатры. Мікалай Пінігін за ідэю ўхапіўся, але аддаў яе ажыццяўленне Аляксандру Гарцуеву. А той напісаў паводле твора зусім іншы сцэнарый і сам паставіў. Кожны рэжысёр выцягвае з гісторыі тое, што яму найбольш цікава і важна. А ў Сегала я яшчэ здымалася, у фільме “Апавяданні” мне добрая роля дасталася.
Ганаровы каскадзёр і безжурботная Агата
— У “Апавяданнях” вы пераўвасабляліся ў таямнічую жанчыну-бібліятэкара з паранармальнымі здольнасцямі, яна дапамагае паліцыі знайсці дзяўчынку, якая прапала…
— Так, жанчына сапраўды незвычайная. Да яе звяртаюцца па дапамогу, і яна чытае Пушкіна, праз кнігі нібы адчуваючы свет. Фільм, праўда, крыху не пра гэта, тэма ж аказалася злабадзённай і актуальнай і сёння. Здымацца было вельмі цікава і складана адначасова. І ў Бярэзінскім запаведніку, дзе мая гераіня хадзіла па балоце, і ў павільёне ў Мінску, калі мяне цэлую ноч “спальвалі” дзеля адной сцэны.
Сёння ў нашым рэпертуары ўжо 10 спектакляў, працуюць таленавітыя рэжысёры. Моладзь мужнее, ветэраны таксама не сказалі апошняга слова. У Нацыянальнага акадэмічнага тэатра багатая гісторыя і, упэўнена, наперадзе яшчэ шмат адкрыццяў. Пачынаецца новы, 103-і па ліку, сезон, і мы будзем рады зноў сустрэцца са сваімі адданымі і інтэлігентнымі гледачамі. Прыходзьце!
— Ого! Дык вам пагражала небяспека?
— Уласна кажучы, так. Мяне нават завочна прынялі ў клуб каскадзёраў за тую здымку. (Смяецца.) Вядома, мяне адзявалі ў спецыяльны касцюм, але галава ж заставалася неабароненай. І рука мая “самазагаралася”, і газавыя гарэлкі пада мной ставілі… Сёння я, напэўна, на такое не пайшла б, але гэта Сегал, сябру адмовіць вельмі цяжка… Калі ён прыязджае ў Мінск, заўсёды тэлефануе, і мы сустракаемся. Хаця Міша — малады чалавек у параўнанні са мной.
— А як вы пасябравалі са знакамітай Арынбасаравай?
— Яе дачка Каця Дзвігубская здымала ў нас адзін з жыццесцвярджальных серыялаў і запрасіла мяне. У іх наогул вельмі таленавітая сям’я, дзе правільна выхоўваюць дзяцей, заахвочваючы іх творчыя здольнасці. І той жа Ягор Канчалоўскі, сын Арынбасаравай, і яго 21-гадовая дачка-мастачка Маша, на выставе графікі якой мне нядаўна давялося пабываць у Маскве.
З Наталляй мы сапраўды сябруем. Вельмі інтэлігентная жанчына, вялікая разумніца, ну і актрыса, вядома, выдатная, вы самі ведаеце.
— У вас хутка пачнецца рэпетыцыя. Якога спектакля, дарэчы?
— Так, спяшаюся на рэпетыцыю “Паўлінкі”, уводзім маладога акцёра. Паралельна ідзе рэпетыцыя новага спектакля “Гарачае сэрца” паводле п’есы Астроўскага. Там занята наогул амаль адна моладзь.
— Моладзі зараз у вас многа?
— Большасць акцёраў, па сутнасці. Ёсць і выхаванцы нашай акадэміі, і некалькі выпускнікоў УДІКа з Масквы, цікавыя, фактурныя хлопцы і дзяўчаты, беларускай мовай з імі займаецца спецыяльны выкладчык. Калі каля двух гадоў назад трупа практычна распалася, нам з Вольгай Няфёдавай прыйшлося ствараць яе з нуля. І ўсё ж агульнымі намаганнямі ўдалося паставіць новую “Паўлінку”, дзе я і сёння іграю Агату. Убачыўшы абноўленую бессмяротную купалаўскую камедыю, даў дабро на падтрымку і фінансаванне тэатра кіраўнік дзяржавы.
Уладзімір ПІСАРАЎ.