Ён сказаў: “Паехалі!”

- 11:58Нам пішуць

12 красавіка 1961 года на зямную арбіту быў выведзены першы ў свеце касмічны карабель-спадарожнік “Усход” з чалавекам на борце. Пускам першага ў свеце касмічнага пілатуемага карабля кіравалі Сяргей Каралёў, Анатоль Кірылаў, Леанід Васкрасенскі. Пілотам-касманаўтам карабля стаў грамадзянін СССР, лётчык, маёр Юрый Гагарын. 

У гонар святкавання Міжнароднага дня палёту чалавека ў космас у Курманаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе для навучэнцаў 5—8 класаў была арганізавана экскурсія “Падарожжа да планет Сонечнай сістэмы”. Удзельнікі пазнаёміліся з планетамі зямной групы, даведаліся, чым яны адрозніваюцца адна ад адной і чаму на іх немагчыма існаванне жыцця, убачылі самыя высокія горы і самыя глыбокія каньёны нашай Сонечнай сістэмы. Падарожжа скончылася на планеце Зямля, куды і зрабіў высадку наш умоўны касмічны карабель.

Для старшых класаў быў арганізаваны круглы стол “Наша дзівосная планета: глабальныя экалагічныя праблемы”, дзе абмяркоўвалася пытанне аб тым, што мацней уплывае на экалогію на планеце — яе ўласныя ўнутраныя працэсы ці чалавек.

Агульнашкольным мерапрыемствам стала гульня “Дзівосны свет космасу”. Напрыканцы мерапрыемстваў быў аформлены тэматычны стэнд “Касмічныя прасторы”.

Ганна СТРЫЖАКОВА,
настаўніца гісторыі Курманаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.